Зямля “аблюбаваная” і мядовы цар

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Прыемна, што сярод аўтараў сённяшняй аглядавай падборкі лістоў — і начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Калі да камп’ютарнай клавіятуры кіраўнік раённай культуры садзіцца не толькі для таго, каб падрыхтаваць справаздачу ў вобласць, значыць справы нашы не такія і кепскія. Задавальненне ад якасна праведзенага мерапрыемства нараджае натхненне пахваліцца здзейсненым на ўсю краіну. Вельмі натуральная справа, дарэчы.

У пяты раз на Любаншчыне прайшло свята паэзіі і песні “Я словам слаўлю родны край”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец піша: “Слова мастацкае, душэўнае, чалавечае заўсёды было магутным сродкам выхавання дзяцей і моладзі, яднання творчай інтэлігенцыі. Сёлета свята было прысвечана паэту, журналісту, летапісцу роднага краю Івану Муравейку, які адзначае 95-годдзе. У рамках урачыстасцяў з нагоды 450-годдзя Любані мерапрыемства стала апірышчам духоўнага жыцця зямлі ”аблюбаванай”. Свята прайшло на радзіме Муравейкі, у вёсцы Таль. Гучалі вершы, песні. Іван Андрэевіч уручаў дыпломы свята і свае кнігі з аўтографам. Работнікі раённай бібліятэкі выдалі ў гонар падзеі зборнік твораў самадзейных паэтаў Любаншчыны, а работнікі раённага Цэнтра культуры — дыск з вершамі землякоў і песнямі на іх словы”.

/i/content/pi/cult/599/13320/33kultur11.jpg

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома паведамляе, што “20 жніўня распачнецца абласны “Яблычны Спас”, які сёлета пры падтрымцы віцебскіх турфірм уключаны ў інтэрнацыянальны фестываль “Беларускае лета-2016”. Значыць, гарантавана прыедуць не толькі творчыя калектывы з 15 раёнаў Віцебшчыны, але і турысты, у тым ліку — замежныя. “Яблычны Спас” традыцыйна распачаты ў вёсцы Алашкі — на радзіме селекцыянера Івана Сікоры. Гасцей чакае насычаная канцэртна-кулінарная праграма. Можна будзе наведаць Мемарыяльны музей і Дом-музей знакамітага садавода, размешчаныя побач з унікальным садам”.

5 жніўня сорак турыстаў з Латвійскай Рэспублікі наведалі аграгарадок Мазалава, што ў Віцебскім раёне. Узначаліла групу акадэмік Латвійскай акадэміі навук, доктар філалогіі і прафесар Латвійскага ўніверсітэта Яніна Курсітэ-Пакуле. “Мазалава, — піша вядучы метадыст Віцебскага абласнога цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка, — адзін з пунктаў маршруту, куды ўвайшлі Віцебск, Здраўнёва, Друя, Полацк, вёска Парыж… У Мазалаве турысты наведалі краязнаўчы музей мясцовай школы, колішнюю сядзібу Ігната Манькоўскага, сельскі Дом культуры”.

“Сёлета, — працягвае Андрэй Струнчанка, — спаўняецца 205 гадоў з дня нараджэння паэта, фалькларыста, кнігавыдаўца ХІХ стагоддзя Аляксандра Рыпінскага. Бібліятэкары Віцебскага і Лёзненскага раёнаў падрыхтавалі з гэтай нагоды шэраг мерапрыемстваў на радзіме Рыпінскага — у вёсцы Кукавячына (Віцебскі раён)”. Пазней аўтар кнігі-даследавання ”Беларусь” жыў у маёнтку Страганы (Лёзненскі раён), дзе цяпер усталяваны памятны камень. У бібліятэцы-музеі аграгарадка Кавалі Лёзненскага раёна праведзена краязнаўчая вандроўка “Шляхамі Рыпінскага”, а бібліятэкар Віцебскай раённай бібліятэчнай сістэмы Лідзія Каробкіна падрыхтавала інфармацыйны бюлетэнь, прысвечаны жыццю і творчасці Аляксандра Феліксавіча.

Гэтымі выхаднымі днямі праходзіць і фэст у гонар Тадэвуша Рэйтана. У вёсцы Грушаўка, што ў Ляхавіцкім раёне, ля старой сядзібы пачынаецца свята традыцыйнай культуры ”З крыніц спрадвечных” (будуць прэзентаваны лепшыя ўзоры нацыянальнай традыцыі раёна), запланаваны таксама і фестываль ДАХ-ХХХІ “Рэйтан”. Пра гэта расказвае кіраўнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і даўні сябра нашай рэдакцыі Зміцер Юркевіч. Мяркуюцца рыцарскі і шляхецкія танцы ды двубоі ад праектаў “Полацкі звяз”, “Эпоха Міхала Клеафаса”, майстар-класы па лінагравюры, курсы “Мова нанова”, кінапаказы… На мастацкай выставе прэзентуюцца работы Алеся Родзіна, Анатоля Лабкоўскага, Святланы Бадак, Зміцера Шапавалава, а таксама — сяброў суполкі “Абуджэнне”. Будзе шмат традыцыйнай і эксперыментальнай музыкі.

Інфармацыя з Лідскага раёна. На летняй танцавальнай пляцоўцы Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра прайшоў штогадовы раённы фестываль гумару. Удзельнічала больш за трыццаць чалавек з сямі ўстаноў культуры Лідчыны. Самыя гучныя апладысменты заслужылі “Бердаўскія весялухі”. А прыз глядацкіх сімпатый заслужыў Мажэйкаўскі ЦДК. Спонсарамі мерапрыемства выступілі Лідскі хлебазавод і СВК “Бердаўка-Агра”.

Сяргей Чыгрын піша пра тое, што “ў Дзятлаўскім цэнтры культуры працуе выстава кераміста, жывапісца, скульптара Мікалая Несцярэўскага”. Пасля апошняй вайны сям’я Несцярэўскіх пераехала з Беласточчыны ў Дзятлава. Мастак стварыў шэраг цікавых дэкаратыўных твораў для грамадскіх будынкаў Мінска, Валгаграда, Светлагорска, Салігорска, Гродна, Дзятлава. Фонды Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея налічваюць больш за 200 ягоных работ, сярод якіх — і керамічныя партрэты дзеячаў беларускага Адраджэння.

Загадчык філіяла “Археалагічны музей “Бярэсце” Святлана Шчэрба расказвае пра новы праект. “Штогод летам у музеі, — піша яна, — будзе праходзіць выстава “Экспанат лета”. Перад наведвальнікамі паўстане адзін музейны прадмет з археалагічнай калекцыі, які ніколі не выстаўляўся ў музеі. Сёлета такім экспанатам стала нажная ступа ХІІІ стагоддзя. (Абдзірка зерня адбывалася таўкачом на рычагу, які рухаўся пад ціскам нагі.) Унікальнасць прадмета ў тым, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі такія ступы выяўлены толькі падчас археалагічных раскопак у Мінску і Брэсце. На артэфакт музея “Бярэсце” маглі паглядзець каля 30 тысяч наведвальнікаў.

Прэс-служба Полацкага райвыканкама паведамляе, што Полаччына з’яўляецца ў краіне лідарам па колькасці пчоласем’яў і гаспадарак, што займаюцца вытворчасцю мёду. Таму 14 жніўня ў Полацку пройдзе раённае свята “Полацк — мядовая сталіца”. На тэрыторыі горада і сельскіх саветаў прайшоў адбор лепшых пчаляроў, з якіх і будзе абраны мядовы цар. На праспекце Францыска Скарыны будуць працаваць мядовыя падворкі. Адбудзецца інтэлектуальны “Мядовы брэйн-рынг”. Адкрыецца Акадэмія пчалярскага майстэрства, дзе збяруцца пчаляры з Верхнядзвінскага, Ушацкага, Глыбоцкага, Мёрскага, Шаркаўшчынскага, Расонскага, Гарадоцкага раёнаў, каб даць майстар-класы ахвотным.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Маляўка расказвае пра музычна-спартыўны злёт бардаў і караванераў “Жураўліны край-2016”. Прыхільнікі бардаўскай песні прыехалі з Беларусі і Расіі. Бібліятэкары падрыхтавалі для гасцей выставу “Ганцавіччына літаратурная”. Тут былі сабраны выданні, якія распавядаюць пра легенды і паданні, сакральныя мясціны раёна, бабуліны кулінарныя рэцэпты. Адным з герояў свята стала бабка Мар’я — персанаж аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”. Аніматар у яе ролі і бульбачкі наварыла для гасцей, і мудрасцю народнай падзялілася, і гарбатай усіх частавала.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"