Экспрэс-тур з V.I.P.-земляком/ Творчае і... натура

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

За кошт чаго "культурны ландшафт" сталіцы металургаў змяніўся да лепшага, і чым яго развіццю варта паспрыяць
Акцёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, рэжысёр Алег Чэчанеў добра знаёмы не толькі прыхільнікам мастацтва Мельпамены, але і чытачам “К”, на старонках якой перыядычна публікуецца. Ён, апроч таго, грае ды ставіць спектаклі ў Мінскім абласным драматычным тэатры (Маладзечна), здымаецца ў кіно, а яшчэ ў сезонны перыяд вядзе жыццё ўзорнага раслінавода ў родным Жлобіне, дапамагаючы з’явіцца на свет, да прыкладу, во-о-ось такому часнаку.

За чым-небудзь вастрэйшым я і выправіўся ў госці да нашага героя, каб ён правёў мяне па любімым горадзе па культурным маршруце. І блукалі мы з ім павольна ў 30-градусную спёку па паўпустых вулачках, зазіраючы ва ўстановы культуры, у якія ён хадзіў, быўшы дзіцем і чалавекам, ужо ладна далучаным да “творчага катла”. V.I.P.-зямляк настальгіраваў, параўноўваў, аналізаваў, а кіраўнікі ўстаноў насцеж распахвалі перад намі дзверы ды ўласныя душы, дзелячыся актуальна-патаемным...

/i/content/pi/cult/599/13319/11-1.jpg

Алег Чэчанеў у парку свайго дзяцінства і юнацтва.

У пошуках “разыначкі”

Першы свой самы яркi ўспамін з Раённым домам культуры (пазней — Гарадскі дом культуры, цяпер Гарадскі цэнтр культуры) Алег Чэчанеў звязвае з гісторыяй “крымінальнай”. На нейкае мерапрыемства, якое праходзіла ў ім, дзесяцігадовае дзіця прыйшло ў трусінай шапцы, якую насіла па вялікіх святах. І з гардэроба яе скралі. Мама ўчыніла разнос, пагасіць які работнікі РДК узяліся зборам грошай на новы галаўны ўбор. Драма гэтая не спыніла падлетка ад таго, каб гады праз два, дзесьці ў 1980-м, ён паддаўся на ўгаворы аднакласніц і прыйшоў сюды ў тэатральную студыю. У ёй ён і займаўся ў яе кіраўніка Тамары Кісялёвай да 10-га класа. Пачынаў з тэатральных трэнінгаў, практыкаванняў, эцюдаў, потым былі дзіцячыя казкі, падлеткавы матэрыял.

— За многае хацелася б сказаць “дзякуй” Тамары Паўлаўне, — прызнаецца Алег Віктаравіч. — Напрыклад, за тое, што прышчапіла нам пачуццё студыйнасцi — шчыльнага кола аднадумцаў. Хтосьці сыходзіў, зразумеўшы, што гэта не яго, але дзесяць чалавек, у тым ліку я, як беглі ў студыю, пакідаўшы ўсе свае справы, так і пражылі ў ёй да заканчэння школы.

Чэчанеў да службы ў войску і сам паспеў пакіраваць тэатральнай студыяй у РДК, набранай з малодшакласнікаў ды з падачы Кісялёвай адмыслова пад таленавітага юнака.

…Падыходзім да Гарадскога цэнтра культуры — будынка, напэўна, сярэдзіны мінулага стагоддзя, якi акуратна выглядае звонку (знутры, як высветлілася пазней, — таксама; аб кампактнасці ж яго Алег Віктаравіч выказаўся так: “Малагабарытны”).

— Тут акцёрства ў вас і "зарадзілася"? — выказваю здагадку я.

/i/content/pi/cult/599/13319/11-2.jpg

Жлобінскі ГЦК.

— Раней. Жылі мы ў прыватным сектары, і сярод нашых суседзяў аднагодкаў маіх амаль не было, карацей, дзіцем-дамаседам я рос. Глядзеў па тэлевізары фільмы, спектаклі, канцэрты. І вось гэтыя ўражанні недзе ўнутры адкладваліся.

Гледзячы на тэлевыступленні ансамбля народнага танца пад кіраўніцтвам Ігара Маісеева ды ансамбля “Харошкі”, хлапчук аблачаўся ў нейкія хусткі ды круціўся па пакоі. І ладзіў у двары канцэрты з цацкамі ды лялькамі, спяваў “Вочы чорныя”: роў так, што людзі выходзілі на балконы пяціпавярховіка, які знаходзіўся за трыста метраў ад дома. Яшчэ іх культурнае жыццё складалі пляж, парк культуры, “клетка” — танцавальная пляцоўка ў ім, рэстаран “Днепр” ды дом культуры. Плюс заезджыя артысты.

Тым часам дырэктар ГЦК Ганна Жырко запрашае нас у свой кабінет.

— На шчасце, у рамонце вы не маеце патрэбу?.. — звяртаюся да яе.

— Не. На матэрыяльна-тэхнічную базу не скардзімся: мэбля не развальваецца, камп’ютарамі забяспечаны.

— Але нешта ж павінна быць не так? — не супакайваюся я.

І, аказваецца, з самакрытыкай у Ганны Мікалаеўны усё у парадку. Самай вялікай праблемай, з якой сутыкаецца Гарадскі цэнтр культуры, дырэктар лічыць праславутую наведвальнасць: “цяжка” ідзе народ на мерапрыемствы. Але калі ўжо людзі прыходзяць, то падзяка іх арганізатарам межаў не мае — настолькі застаюцца яны ўражанымі ад убачанага, што даходзіла аж да цалавання рук! Для павелічэння прытоку гледачоў выкарыстоўваецца рэклама ў СМІ, афішы, флаеры, якія раздаюць на вуліцах горада. Са знаходак адзначу такую: калі да буйнога мерапрыемства як бы “прышпільваюцца” наступныя “менш значныя падзеі”, што праходзяць у ГЦК некалькі дзён запар пасля галоўнага — публіка на эмоцыях, па інэрцыі (і па жаданні, натуральна) працягвае наведваць і іх. Расійскія гастралёры, дарэчы, Цэнтр наведваюць не часта (з-за малой умяшчальнасці залы). І цэннік на іх выступленні не зашкальвае, ён адносна параўнальны з, дапусцім, коштам білетаў на канцэрт Іны Афанасьевай (12 рублёў).

Тым не менш, план установа выконвае: парадку 680 мільёнаў недэнамінаваных рублёў яна зарабіла летась (білетныя канцэрты (усяго ў 2015-м тут прайшло каля 350 мерапрыемстваў), сацыяльна-творчыя заказы для насельніцтва, аплата гурткоў). Сёлета ў I паўгоддзі ён перавыкананы адносна таго ж перыяду 2015 года на 21% (у асноўным за кошт росту колькасці мерапрыемстваў).

Другая праблема — кадры: ёсць патрэба ў дасведчаных, з вышэйшай адукацыяй кіраўніках гурткоў. Маладыя ж спецыялісты, не з мясцовых, як правіла, адпрацаваўшы размеркаванне, не застаюцца. Функцыянуюць жа пры ГЦК 17 дарослых і дзіцячых аб’яднанняў ды калектываў (вакальныя, харэаграфічныя, тэатральныя, аматарскае аб’яднанне для дзяцей “Казка”, агітбрыгада...), 5 з іх носяць званне “ўзорны”. Большая частка гурткоў — бясплатная (“платнікам” у месяц трэба плаціць 8 рублёў).

— Быццам бы і з колькасцю тых, хто займаецца ў гуртках, усё нармальна, і напрамкі ў нас самыя розныя, але ёсць адчуванне, што чагосьці не хапае ў нашай дзейнасці, хочацца новага, — паведамляе спадарыня Жырко. — Не так даўно збіралі свае творчыя сілы, думалі над тым, чым можна яшчэ больш разнастаiць працу цэнтра. Шукаем, карацей, “разыначкі”! І прапановы цікавыя ёсць, але пакуль не буду вам нічога казаць канкрэтнага, каб не сурочыць, каб усё атрымалася...

Але адну таямніцу мы ўсё ж выведалі. У Цэнтры выношваюць ідэю правядзення штогадовага гарадскога фальклорнага свята, у якім не апошняе месца займалі б, само сабой, спрадвечныя беларускія традыцыі ды абрады. І ініцыятыва такая разуменне ды падтрымку “ў вярхах” знайшла, засталося ўвасобіць яе ў жыццё.

— Я з’ехаў са Жлобіна ў 1988 годзе, паступіўшы на факультэт культасветработы Мінскага інстытута культуры, і не памятаю, каб у “саўковыя” гады народныя святы ў горадзе адзначаліся больш-менш шырока, — дзеліцца спадар Чэчанеў. — Гэта я да таго, што сёння можна іх крытыкаваць за шаблоннасць, аднолькавасць, але ж яны ёсць, развіваюцца хоць неяк!

“Пускаць стрэлы” ў альма-матар акцёр ды рэжысёр не хоча. У кожны прыезд у Жлобін ён у першую чаргу заходзіць у ГЦК. “Цягне”, “абавязаны” — такія словы Алег Віктаравіч выкарыстоўвае, каб растлумачыць свае візіты: “Тут мяне выхоўвалі, тут мне ніколі не адмовяць у парадзе, уважліва выслухаюць. Я бачыў, як цэнтр разбураўся, бачыў боль супрацоўнікаў, слёзы ў іх вачах. Бачыў, як яго аднаўлялі. Людзі ў ім мяняюцца, сыходзяць, сыходзяць, на жаль, назаўжды, але атмасфера роднага дома застаецца...”

Культурна адпачываць умеем

Чакаючы дырэктара Гарадскога парку культуры і адпачынку “Прыдняпроўскі” Людмілу Фралову, мы з Алегам Чэчаневым пускаемся ў філасофскія, як нам здаецца, развагі на тэму, якое дачыненне да культуры маюць такія ўстановы наогул. У выніку дыскусіі плаўна рухаемся да высновы, што ў такіх месцах чалавек працягвае вучыцца жыць культурна, яшчэ больш шчыльна кантактуючы з сабе падобнымі; тут ён павінен атрымліваць эстэтычнае задавальненне ад убачанага — ад прыроды натуральнай ды чаго-небудзь штучна арганізаванага, і, тым самым, у яшчэ большай ступені ўзбагачаць свой унутраны свет. Нарэшце далучаем да гутаркі Людмілу Міхайлаўну. “Чалавек павінен адпачываць культурна, а не... неяк там, — расстаўляе яна ўсё кропкі над “і”. — Мы і даём яму такую магчымасць. Дзеткі набіраюцца новых уражанняў, пазнаюць нешта дагэтуль імі нязведанае”. Ну і зусім усё становіцца зразумела, калі дырэктар гаворку заводзіць аб культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў ГПКiА, калі паралельна могуць ісці iмпрэзы танцавальныя, вакальныя, цыркавыя, драматургічныя, праходзяць фотавыставы, выставы жывёл, вырабаў майстроў ручной працы.

/i/content/pi/cult/599/13319/11-3.jpg

...Размешчаны на ўскраіне горада, непадалёк ад ракі, гэтым часам дня парк нешматлюдны. Па невялікай пляцоўцы ездзіць маленькі паравозік, поўзае па батуце з цацкамі дзіця, праводзіцца розыгрыш латарэі, шпацыруюць мамы з каляскамі.

— Апошні раз як карыстальнік я быў тут гадоў 30 таму, — згадвае Чэчанеў. — Тады парк уяўляў з сябе стандартную ланцуговую карусель, карусель з бегаючымі па крузе конікамі, падабенства нейкіх амерыканскіх горак, нешта яшчэ.

Па словах Алега Віктаравіча, змены з тых часоў адбыліся грандыёзныя, пачынаючы з уваходу, да якога ў яго дзіцячыя ды юнацкія гады трэба было прадзірацца скрозь зараснік з крапівы ды лапухоў, і заканчваючы колькасцю атракцыёнаў, якіх у парку цяпер 26. Сёння за травой ды дрэвамі на васьмі гектарах сочыць адзін садоўнік, які працуе на паўстаўкі. Усяго ж за культуру ды адпачынак у парку адказваюць 33 чалавекі, а аптымізацыя праходзіць тут у “адваротны” бок: у гэтым годзе на працу прыняты 4 служачыя — дазволілі заробленыя сродкі.

— Цяжкая ў вас праца? — выклікаю я на шчырасць спадарыню Фралову.

— Жаданне зрабіць яшчэ лепш ёсць, а магчымасцяў дамагчыся гэтага не так шмат. Хацелася б пракласці асфальтаваныя дарожкі, добраўпарадкаваць пляж, хоць ён да нас і не адносіцца, адкрыць кафэ, зрабіць аўтастаянку. Колькі можа, столькі сродкаў горад на нашу дзейнасць вылучае, на тыя ж рамонт, добраўпарадкаванне, абрэзку дрэў, а вось інвестарам мы не цікавыя. А ПМК-71 падзякаваць хачу за тое, што гэтая перасоўная механізаваная калона для аўтадрома выдзеліла цэмент, дрот. Але што казаць пра магчымых прыватных бізнесменаў, калі сёння тыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія раней часам днём на некалькі гадзін “здымалі” парк, робячы яго бясплатным для наведвання людзьмі, такое сабе дазволіць ужо не могуць.

За два з палавінай гады, што Людміла Міхайлаўна дырэктарствуе ў парку, наведвальнасць яго павялічылася, расце колькасць атракцыёнаў. Яны абнаўляюцца кожны год: спадарыня Фралова дзе толькі ні вышуквае іх — і “ўжывую”, і праз прэсу з інтэрнэтам, вывучае паказчыкі рэнтабельнасці, і калі ўсё задавальняе, то робіцца чарговае набыццё. Звычайна акупляецца яно за месяц эксплуатацыі. Сёлета парк разлічваў зарабіць 80 тысяч рублёў, але паколькі першае паўгоддзе прынесла ўжо больш за 50 тысяч прыбытку, то, хутчэй за ўсё, план будзе перавыкананы працэнты на 22. ГПКiА практыкуе і выезды, абслугоўваючы бліжэйшыя населеныя пункты хутка/легкамантаванымi і не занадта складанымі ды грувасткімі атракцыёнамі. Між іншым, нават зімой у горадзе яны часам працуюць.

— Сезон адкрываем, як толькі пачынае раставаць снег ды прыпякаць сонца, — дзеліцца сакрэтам паспяховай працы ўстановы яе дырэктар, — а заканчваем з сапраўдным першым снегам. Вельмі шмат сябе рэкламуем, выкарыстоўваючы любыя магчымасці...

— Спадабалася, — сцісласць Чэчанева была зманлівая. — Парку патрэбен прыгожы, кідкі ўваход, хай гэта будуць не металічнае ліццё або цагляныя вароты, але, магчыма, нейкія фігуры драўляныя альбо жывая агароджа з дэкаратыўных кустоў з яркімі ўказальнікамі. Зараз жа незразумела, куды вядзе цэнтральная дарожка, у нейкую лесапаласу, ці што? І некаторым атракцыёнам неабходныя навесы ад сонца ды на выпадак дажджу.

У заапарку ўсiм усяго дакладваюць

На ўскраіне горада знаходзіцца і жлобінскі заапарк.

— Якія ўспаміны пра заапарк, у ім жа вы таксама даўно не былі? — пытаюся я Алега Віктаравіча.

— Не вельмі добрыя. Я да звяроў стаўлюся спакойна, але ўмовы, у якіх жывёлы ўтрымліваліся, выклікалі да іх шчыры жаль. Як яны выжывалі ў цесных клетках?..

Уздыхаючы, мы чамусьці зноў задумваем разумную гутарку, прадмет якой — культура ды заапарк. Кансэнсус гэтым разам дасягаецца хутчэй: заапарк у нейкай меры дае людзям адпаведныя веды, зноў-такі ўзбагачае іх унутраны свет, паказвае, як ім можна існаваць у гармоніі ды кантакце з не падобнымі да сябе ў прынцыпе (пра клеткі не кажам) i гэтак далей. З намі згаджаецца заатэхнік Святлана Максіменка, якая праводзіць для нас экскурсію, адначасова дзелячыся праблемамі ды поспехамі ўстановы (дарэчы, першыя наведвальнікі трапілі ў яе 25 гадоў таму). Праўда, яна хутка заапарк пакідае: адпрацаваўшы 8 гадоў, прыкіпеўшы да яго ўсёй душой, далей гэта жанчына будзе рэалізоўвацца ў іншым месцы. Як нам шчыра прызналася Святлана Анатольеўна, новы выклік — праца цікавая, але змяніць поле дзейнасці яна вырашыла і з прычыны банальнай — фінансавай.

— Вас увогуле жывёлы цікавяць? — спадарыня Максіменка — гэта сама шчырасць. — Ці вы сюды прыйшлі за чымсьці іншым?

— Цікавяць, — мы гэтак жа сумленныя, — але прыйшлі і за чымсьці іншым.

І шпацыруючы паміж клеткамі, разглядаючы пітона, усміхаючыся янотам, упадаючы ў дзяцінства пры выглядзе таго, як мядзведзь прымае душ (усяго ў заапарку змяшчаецца каля ста відаў жывёл), пра іншае, але, натуральна, якое мае дачыненне да ўстановы, мы і пазнавалі.За апошнія 2 гады ў заапарку стала горш з фінансамі, што звязана і з яго слабым зімовым наведваннем (агулам за год сюды прыходзіць каля 30 тысяч людзей). З-за гэтага, здараецца, змяняецца рацыён жывёл: прадукты для іх купляюцца больш танныя, замест адных набываюцца іншыя (напрыклад, на змену ялавічыны прыходзіць кураціна). Але такога, каб звяр’ё галадала, тут не дапускаюць ні ў якім разе! І, нягледзячы ні на што, з кадрамi ўсё тут ідзе ладна.

За наведванне змагаюцца: набываючы новыя віды жывёл (з апошніх — муфлон, лама (яна была набытая ў гродзенскам заапарку за 30 мільёнаў недэнамінаваных)), абменьваючыся імі з калегамі, праводзячы на тэрыторыі заапарка экскурсіі, мерапрыемствы забаўляльнага кшталту з гульнямі ды конкурсамі, ладзячы выставы дзіцячага малюнка.

Папярэдні візіт у заапарк спадар Чэчанеў нанёс гадоў сем таму. З відавочных змен ён адзначыў павелічэлую плошчу клетак, вальераў ды азярца, з’яўленне кантактнай пляцоўкі (дзе звяркоў можна палашчыць ды пакарміць), зялёных насаджэнняў (што стварае якую-ніякую ілюзію прыроднай атмасферы), новых памяшканняў ды дадатковых рашотак, вядома, узрослы лік жывёл. Наогул, на яго думку, стала больш чыста, камфортна ды... весела.

— Хацелася б яшчэ больш звяроў, — марыць Святлана Анатольеўна, на імгненне забыўшыся, што яе растанне з заапаркам ужо не за гарамі, — а гэта патрабуе большых плошчаў. Пытанне гэтае ўзнімалася, як варыянт абмяркоўваўся пераезд, але...

— Прасторы заапарку, безумоўна, не стае, — падтрымлівае Чэчанеў. — Калі не пераезд, то і налева можна было б пашырыцца, і направа. Як я разумею, нічога гэтаму не замінае, справа за прыняццем рашэння ўладамі.

Ну а пакуль яно, спадзяемся, спее, мы развітваемся і жадаем спадарыні Максіменка поспехаў на новай працы.

І зноў пра энтузіястаў

— Чаго сёння не стае культуры Жлобіна?.. — Алег Чэчанеў праводзіць мяне ў гасцініцу. — Гусараў — гастралёраў. З імі — артыстамі эстрады, тэатраў, нейкіх іншых творчых калектываў — не так і густа, як мне здаецца. Я не так часта бываю ў Жлобіне, як хацелася б, але адчуванне ненасычанасці яго вось гэтай “крывёю” ёсць. Мы зараз ідзем па горадзе, вы шмат бачылі афіш з анонсамі выстаў мастакоў, графіці-акцый ды наогул мерапрыемстваў у галіне культуры, акрамя плаката з выявай Іны Афанасьевай? Не. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што ў Жлобіне нічога такога не адбываецца? Не веру. Што гэтага не так шмат? Можа быць. Але творчыя людзі эканомяць на рэкламе... “Культурны Жлобін” змяняецца, у лепшы бок, натуральна, але прагрэс гэты, на мой погляд, мінімальны. Але максімальная праца людзей у сферы культуры, з якімі мы сёння сустракаліся, радуе ды надае аптымізму!

 Фота аўтара

Мінск—Жлобін—Мінск

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"