Аспекты на 2017-ы

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Культурная сталіца наступнага года вынікуе і праектуе
Налета Бабруйск займее статус Культурнай сталіцы Беларусі-2017. Пра гэта і многае іншае ў кантэксце адметнага для сферы культуры Рэспублікі Беларусь, распавядае намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына РОСКАЧ.

Лічбы і прозвішчы

— У нас на сёння 73 самадзейныя калектывы, якія маюць званні “заслужаны”, “народны”, “узорны”. На Магілёўшчыне — 14 заслужаных калектываў, 7 з іх — бабруйскія. Пагадзіцеся, не кожны горад можа пахваліцца такой статыстыкай.

За апошнія пяць гадоў колькасць навучэнцаў ДШМ павялічылася больш чым на 300 чалавек. З 850 выпускнікоў музычных школ 24 працэнты паступілі ў профільныя навучальныя ўстановы.

Больш за 15 гадоў працую ў камандзе аднадумцаў. Гэта Вольга Піліпенка, Клаўдзія Лукашэвіч, Святлана Байшава, Віктар Балаханаў, Таццяна Белагурава, Ісак Вальфсон…

/i/content/pi/cult/599/13316/6-2.jpg

Падзеі і праекты

— Менавіта камандай абмяркоўваем кожнае творчае мерапрыемства. Таму любая дзея пераўтвараецца ў падзею. Большая іх частка ладзіцца без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Гэты год праходзіць пад эгідай 220-годдзя герба горада Бабруйска. Ушаноўваем землякоў, родную мову. Вядучыя калектывы горада пастаянна выступаюць на сяле: праекты “Слаўным працаўнікам вёскі мы дорым творчы плён”, “Землякі — землякам”. У рамках праекта “Мой родны горад — натхнення крыніца“ прайшло 25 справаздачных канцэртаў калектываў і ўстаноў. Кожны канцэрт быў на платнай аснове і прайшоў з аншлагам.

Спадзяюся, што адкрыты рэгіянальны конкурс юных піяністаў імя Уладзіміра Алоўнікава стане такой жа творчай візітоўкай Бабруйска, як і міжнародны фестываль “Вянок дружбы”. Тое ж тычыцца і адкрытага конкурсу выканаўцаў на класічнай гітары “Віват, гітара!”, удзел у якім узялі 120 юных выканаўцаў з Беларусі, Украіны, Расіі.

2017-ы

— Станем не толькі Культурнай сталіцай краіны, але і адзначым 630-годдзе горада. Плануем адкрыццё Маладзёжнага парку ў раёне Палаца мастацтваў. Натуральна, што рыхтуемся да гэтага ўжо сёлета. Сярод устаноў адукацыі аб’яўлены конкурс “Нашы знакамітыя землякі” па зборы матэрыялаў для выдання буклетаў. Вынікі падвядзём у 2017-м. Будзе адзначана 90-годдзе музычнай школы імя Яўгена Цікоцкага, паўвекавы юбілей бібліятэкі імя Барыса Мікуліча.

Стаўка робіцца, безумоўна, і на “Вянок дружбы”. За 13-гадовую гісторыю фестывалю мы аб’ядналі 38 краін пяці кантынентаў. Запросім на наступнае лета таленавітых землякоў, якія жывуць за мяжой. Усё новае на “Вянку…” будзе звязана з новымі калектывамі і новымі краінамі. Ужо сёння працуем над спісам тых, хто будзе ўдзельнічаць у будучым фестывалі. Падкрэслю, “Вянок дружбы” — яскравы прыклад народнай дыпламатыі: культура робіць тое, што іншы раз палітыка не ў стане зрабіць і вырашыць.

Ад маладых да сталых

— У нас вельмі таленавітая моладзь. За апошнія 10 гадоў Ірына Сытнік, Наталля Зінавенка, Рэната Каладзінская, Ірына Рублеўская, Алена Канойка здолелі стварыць самабытныя творчыя калектывы, якія сталі гонарам нашай культуры. Для падтрымкі творчай і таленавітай моладзі ў Бабруйску будзе зацверджана прэмія гарвыканкама.

Па-за кадрам культурнага жыцця не застаюцца і людзі сталага веку. У нас вельмі запатрабаваныя народныя хоры ветэранаў пад кіраўніцтвам Вольгі Бакуравай і Яўгена Галавацкага, акадэмічны хор пад кіраўніцтвам Таццяны Мальчаўскене. Папулярнасцю карыстаюцца фальклорныя калектывы “Бярэзінскі карагод” і “Бабруйскія зоркі”.

Алена БЕГУНОВІЧ

Фота Сяргея ПАДАЛЯКА