Сіндром бібліятэкара, які не чытае

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Профільны каледж vs. пашыраная праблема
Магілёўскаму дзяржаўнаму бібіліятэчнаму каледжу імя Аляксандра Пушкіна сёлета спаўняецца 70 гадоў. Больш за 20 тысяч выпускнікоў працуюць у бібліятэках былога СССР. Пра ўчарашняе, сённяшняе і заўтрашняе ўстановы мы пагаварылі з яе дырэктарам Святланай КАЗЛОВАЙ.

— Бібліятэчны тэхнікум адкрыўся ў 1946 годзе, калі ў БССР панавала пасляваенная разруха. Мне падаецца, сённяшняя сітуацыя ў нечым нагадвае тую, сямідзесяцігадовай даўніны. Толькі замест нішчымніцы матэрыяльнай — спрэс духоўныя страты: тыя ж школьнікі чытаюць ці не пад прымусам… Інакш кажучы, актуальнасць бібліятэчнай навучальнай установы з часам не страчваецца?

— Кваліфікаваныя кадры — заўжды запатрабаваныя. 70 гадоў таму ўстанова нават будынка свайго не мела, але 1 кастрычніка 1946-га распачала заняткі ў Магілёўскім культурна-асветным вучылішчы імя Надзеі Крупскай. Праз два гады тэхнікум стаў рэспубліканскім і быў пераведзены ў Мінск. Першы выпуск адбыўся ў 1949 годзе. Па Беларусі было размеркавана 55 спецыялістаў. З 1961-га ў тэхнікума зноў магілёўская прапіска. Неўзабаве ён і свой будынак займеў… Так, за чытача трэба змагацца. І здольны гэта зрабіць прафесіянал. Наша спецыяльнасць — запатрабаваная. Кантрольныя паказчыкі набору штогод выконваем. І конкурс на ўсе формы навучання — даволі прыстойны. У выпускнікоў ёсць перавагі пры набыцці вышэйшай адукацыі пры скарочаным тэрміне навучання ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. І па другой нашай спецыяльнасці — дакументацыйнае забеспячэнне кіравання — выпускнікі таксама маюць такую магчымасць, прычым — бясплатна.

— Аптымізацыя не паўплывала на маштабы прыёму, выпуску?

— Практычна не. Праблемы з размеркаваннем. Мы не змаглі задаволіць усе заяўкі на выпускнікоў. Я магу з упэўненасцю сказаць, што ў рэгіёнах не манітораць сітуацыю з кадрамі: не ведаюць, колькі спецыялістаў ім спатрэбіцца праз, скажам, два гады. А ўсё ж укладаецца ў элементарную арыфметыку: у аддзелах і ўпраўленнях, прынамсі, павінны ведаць колькасць бібліятэкараў пенсійнага ўзросту і канкрэтную патрэбу ў маладых спецыялістах. Павінны, але часцяком не ведаюць. Патрэба, як правіла, узнікае ў апошні момант…/i/content/pi/cult/599/13315/6-2.jpg

— Мы з вамі не першы год і не першы раз кажам пра гэту праблему, а сітуацыя на месцах чамусьці не мяняецца…

— Як не вельмі вырашаецца і пытанне з жыллём для маладых спецыялістаў. І гаворка тут не пра кватэры, а пра месцы ў інтэрнатах. А працадаўцы скардзяцца: маўляў, мы ж не першы год дасылаем заяўкі. Я заўжды пытаюся ў адказ: а як вы самі папрацавалі, колькі мэтавікоў ці завочнікаў да нас накіравалі, якое жыллё падрыхтавалі, як наладзілі прафарыентацыю сярод чытачоў-школьнікаў.

— Мяне заўжды непакоіць праблема бібліятэкара, які не чытае. Скажыце, калі ласка, ці ёсць пры паступленні ў каледж нейкі творчы конкурс, які ставіў бы заслону такім спецыялістам?

— Няма такога адсеву. Ёсць толькі конкурс атэстатаў. І трэба сказаць, што атэстаты — вельмі неблагія для сярэдняй спецыяльнай установы. Сярэдні бал — ад 8 да 10. Але ўсё роўна адсочваем, чым жывуць нашы выхаванцы, да чаго імкнуцца.

— Цікава, і як студэнт за апошнія гады змяніўся? У які бок?

— Так, менш стаў чытаць. І ў нас, лічу, усе сілы кінуты на тое, каб кампенсаваць згаданы прабел. Гурткі, калектывы, аб’яднанні — менавіта гэтай накіраванасці. Навучэнцы не толькі пачынаюць актыўна чытаць, але і спрабуюць самі пісаць. Лепшыя работы мы друкуем, у тым ліку і на старонках абласных СМІ. Нормай стаў і ўдзел у літаратурных конкурсах. А бібліятэка каледжа стала правобразам першага працоўнага месца нашых выхаванцаў. Прынамсі, усе літаратурныя мерапрыемствы адбываюцца менавіта тут. Калі яны належным чынам адпрацаваны, спрабуем выводзіць студэнтаў на абласны ўзровень. Яны часта выступаюць з літаратурнымі прэзентацыямі ў Палацы культуры вобласці. Выкарыстоўваем любую магчымасць, каб да нас прыязджалі знаныя пісьменнікі не толькі Беларусі, але і з Расіі, Украіны. Сапраўдны бібліятэкар павінен жыць літаратурным працэсам. Так што сіндром спецыяліста, які не чытае, імкнёмся ліквідаваць.

— Вы адсочваеце далейшыя лёсы выпускнікоў? І ці сапраўды да вас паступаюць толькі дзяўчаты?

— Хлопцы ёсць, але іх — адзінкі. Летась цудоўна скончыў і цяпер старанна працуе на Шклоўшчыне Арцём Братачкін. На размеркаванні ён вельмі хацеў паехаць у родны Слаўгарад, а мы яму прапанавалі аграгарадок з шыкоўнымі палацам культуры і бібліятэкай. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама Галіна Валозіна ледзь не цяплічныя ўмовы жыцця і працы хлопцу паабяцала. І нічога — асвоіўся наш Арцём, на павышэнне пайшоў: стаў дырэктарам. Збіраецца жаніцца, пра Слаўгарад не згадвае… З ахвотай працуюць Ганна Рапусава — у Чавусах, Ірына Аджыгалава — у Магілёўскім раёне, Кацярына Навасёлава — у Чачэрскай цэнтральнай бібліятэцы, Марыя Случыч — на Мазыршчыне...

— Самы час у эпоху паўсюднай аптымізацыі і клубнікам брацца за азы бібліятэчнай справы… Якой вы бачыце сваю ўстанову ў перспектыве? Што хацелі б змяніць у навучальным працэсе?

— Нашы бібліятэкары знаёмяцца з клубнай дзейнасцю з 1995-га. Ды трэба ўводзіць новыя спецыяльнасці. Каледжу неабходна развівацца далей. База для гэтага ёсць. Установе, на мой погляд, варта займацца больш паглыблена бібліятэчна-інфармацыйнымі тэхналогіямі і камунікацыямі.

— Якую канкрэтна базу маеце на ўвазе?

— Некалькі гадоў таму паспелі зрабіць сур’ёзны рамонт будынка. Гэта дазволіла стварыць у памяшканнях каледжа спакойную зацішную атмасферу. Але камп’ютарны парк патрабуе пастаяннага абнаўлення. Фінансавання на гэта пакуль не стае. Дзяржаўных сродкаў хапае толькі на выплату стыпендыі і зарплаты педагогам. Але не адны мы такія — вытрымаем... А напрыканцы гаворкі хачу павіншаваць студэнтаў, выпускнікоў, педагогаў каледжа з юбілеем нашай установы.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"