Масавая фатаграфія: інфляцыя мастацтва?

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Аляксей Ільін, фатограф, выкладчык
З набыццём шалёнай папулярнасці фатаграфія не перастала быць відам мастацтва ў паўнавартасным сэнсе гэтага слова. Але адначасова яна стала аб’ектам масавага захаплення.

/i/content/pi/cult/599/13314/5-3.jpgСправа ў тым, што тэхнічны прагрэс дазволіў камерам прыйсці амаль да кожнага, хаця б праз мабільныя тэлефоны. Па сутнасці, кожны з нас мае фотарэгіструючую прыладу. Натуральна, калі кожны мае доступ да простага атрымання выявы, ствараецца рынак абмену карцінкамі.

Мы не заўважылі адной цікавай і адначасова дзіўнай рэчы: у людзей з’явілася новая мова зносін — мова абмену выявамі. Мы моўчкі дасылаем адно аднаму малюнкі, здымкі, дэматыватары і разумеем адзін аднаго. Хочам мы гэтага ці не, такая з’ява існуе. Таму, калі новая мова існуе, трэба вучыцца размаўляць на ёй прыгожа. Гэта і ёсць мастацтва фатаграфіі.

І ў фатаграфіі ёсць тыя, хто не можа звязаць двух словаў, тыя, хто размаўляе на жаргоне, ёсць свае празаікі і нават паэты. А тое “любаванне” сабой, якое мы зараз назіраем за масамі, было заўсёды, але зараз гэта праяўляецца менавіта праз сэлфі, да прыкладу. То бок змянілася толькі структура, форма падачы, але ўсё засталося на сваіх месцах. Гэта можна параўнаць з напісаннем музыкі: некалі гэтым займаліся выключна кампазітары, бо людзям трэба было дасканала валодаць інструментам. Як толькі з’явіўся магнітафон, а разам з ім і магчымасць абменьвацца запісамі, пайшла розная музыка ў вялікай колькасці: з аднаго боку, гэта развязала рукі многім выканаўцам, з іншага — дало магчымасць людзям з нізкім музычным густам і з сумнеўным талентам “самавыяўляцца”.

Новыя тэндэнцыі ў фатаграфіі, відавочна, прывядуць і да адкрыцця новых імёнаў, і да мастацкай інфляцыі ў некаторай ступені. Але дакладна не трэба камплексаваць, што з фатаграфіяй усё дрэнна.

Раней да мастацкай фатаграфіі прыходзілі праз пераадоленне тэхналагічных бар’ераў. Для таго, каб займацца гэтым рамяством, трэба было набыць камеру, разабрацца, як яна працуе, навучыцца праяўляць стужку, апрацоўваць матэрыялы. Гэта падуладна далёка не кожнаму. Але і зараз складаныя новыя камеры скараюцца не ўсім. Яны таксама патрабуюць пераадолення, выводзяць на шлях да ўдасканалення. І той, хто хоча нечага дасягнуць, павінен рабіць наступны крок і не зацыклівацца на здыманні, напрыклад, адных толькі сямейных партрэтаў. Хаця і ў даўнія часы былі сямейныя фатографы, сямейныя альбомы і побытавая фатаграфія. Гэта ж таксама канвеер, хаця зараз мы з захапленнем глядзім на такія здымкі. Мастацтва фатаграфіі дакладна не памрэ, аднак прыме новыя формы і акрэсліць іншыя межы.

Што да шматлікіх курсаў фатаграфіі, падчас сумнеўных, канешне, за паўтары гадзіны здымаць, як абяцаюць, не навучышся. Але ёсць тыя, хто ў гэта вераць, больш за тое, яны прыходзяць заматываваныя. Для многіх гэтага дастаткова, магчыма, для першага разу. Яны дасягаюць таго ўзроўню, які ім патрэбны. Я лічу, што для сваёй нішы такія выкладчыкі таксама робяць нармальную справу. Бо ёсць аўдыторыя, якой таго хапае. Яшчэ такія штампованыя курсы патрэбны для таго, каб людзі “наеліся” і пайшлі далей. Як толькі з’явіцца жаданне ўбачыць нешта яшчэ, а зараз бясплатна даступны цэлыя архівы фатаграфій розных гістарычных перыядаў, жанраў, аўтараў, малады фатограф зробіць наступны крок. Але для гэтага трэба “саспець” знутры, нахлябаўшыся напачатку “папсы”. А адразу прывіваць высокае не заўсёды атрымаецца, бо чалавек не павінен праскокваць нейкія ступені, бо тады ён аўтаматычна нешта страчвае.

Усе этапы заканамерныя. Тым больш што адбываецца адсеў. Проста наступіць момант, калі пэўныя асобы зразумеюць, што хочуць нечага большага.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст