Тры сямёркі? Да аншлагаў!

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Сяргей Лагуценка, мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога драматычнага тэатра
У апошні дзень ліпеня завяршыўся 77-ы сезон нашага тэатра. Спалучэнне дзвюх сямёрак прыцягнула трэцюю: цягам сезона афіша папоўнілася на сем цікавых рознастылёвых спектакляў, разлічаных не толькі на гледачоў сталага веку, а таксама дзяцей, але і на моладзь, у тым ліку падлеткаў.

/i/content/pi/cult/599/13312/5-2.jpgНагадаю, летась увосень мы ладзілі своеасаблівы тыдзень прэм’ер, на які запрашалі тэатральных крытыкаў для абмеркавання спектакляў. Штосьці падобнае плануем і сёлета — балазе з’явіліся, на маю думку, цікавыя працы.

“Ці спяваюць эльфы?” — дэбют маладога беларускага рэжысёра Дар’і Марчанка. Пакладзеная ў аснову п’еса “Як я стаў…” расійскага драматурга Яраславы Пуліновіч некаторы час таму была ўвасоблена ў Мінску, у Новым драматычным тэатры. Але ў нас яна вельмі змянілася, стала менш жорсткай, з яе сышлі рэзкія выразы — усё крыху “памякчэла”. Адрэдагаваны варыянт мы выслалі аўтару, і тая пагадзілася на наша прачытанне. Спектакль паказваўся не толькі на нашай сцэне, але і ў Бранску, на Міжнародным фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы”.

Свая гісторыя атрымалася з “Рамэа і Джульетай”. З прапановай паставіць гэты спектакль у наш тэатр звярнуўся 28-гадовы рэжысёр Алег Малітвін з Санкт-Пецярбурга. Даслаў рэзюмэ, відэазапісы іншых сваіх работ. Мы крыху здзівіліся, чаму ён раптам Гомель абраў. Высветлілася, што ён сам раней у Беларусі ніколі не быў, але ж ягоныя сваякі жывуць на Магілёўшчыне — яны яму і параілі. Спектакль атрымаўся нязвыклым, неардынарным, адразу прыцягнуў увагу моладзі. Спрацавала “сарафаннае радыё” — і на Шэкспіра ў яго сучаснай інтэрпрэтацыі імкнуцца патрапіць нават тыя, хто ніколі ў тэатр не хадзіў.

Лідзія Манакова, якая ў свой час была галоўным рэжысёрам нашага тэатра, а цяпер загадвае кафедрай майстэрства акцёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, паставіла “Чароўны сон” паводле аповесці Дастаеўскага “Дзядечкаў сон”. Рэжысёр Таццяна Аксёнкіна, таксама з Мінска,  — казку “Пунсовая кветачка”. Андрэя Гузія, які працаваў з нашай трупай і раней (нагадаю, у мінулым сезоне ён ставіў “На ўсялякага мудраца даволі прастаты”), мы запрасілі зноў — і была ўвасоблена п’еса Бернарда Слэйда “Там жа, тады ж”.

Яшчэ два спектаклі склалі гэткае камедыйнае абрамленне сезона. Пачынаўся ён камедыяй “Маю жонку клічуць Марыс”, дзе рэжысёрам выступіў Вадзім Пінскі з Украіны. А завяршыўся — “Незамужняй жанчынай” паводле п’есы Рацэра і Канстанцінава “Стыхійнае бедства”. Паставіў яе запрошаны намі галоўны рэжысёр Бранскага ТЮГа, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Міхаіл Мамедаў. Неверагодна, але ў ліпені, пры жудаснай летняй спякоце, у разгар дачнага сезона і сельскагаспадарчых прац, на гэты спектакль — такія аншлагі, што даводзіцца прыстаўляць дадатковыя крэслы. І хаця асноўная публіка гэтага спектакля (як і ўсяго нашага тэатра, а таксама іншых падобных калектываў) — жанчыны сярэдняга і старэйшага ўзросту, такога ў нас даўно не было.

Да згаданых сямі спектакляў дадаўся і восьмы — прадстаўленне “Тэатр пачынаецца”, падрыхтаванае да Дня тэатра. Яно выклікала такую цікавасць, што мы паўторым яго ў якасці адкрыцця 78-га сезона — 23 верасня. Увогуле, да наступнага сезона мы рыхтаваліся ўжо ў гэтым. Апошнія дні перад сыходам трупы ў адпачынак ішлі рэпетыцыі “Безназоўнай зоркі”, якую ставіць Павел Харланчук-Южакоў. Дарэчы, яго леташні спектакль “Ён. Яна. Вайна” паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава быў паказаны ў гэтым сезоне не толькі на V Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску, але і ў Чарнігаве, на Міжнародным фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы”.

Удзел тэатра ў трох фестывалях за сезон — таксама добры паказчык. А запрашэнне розных рэжысёраў — цудоўная школа для акцёраў, якія атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з разнастайнасцю тэатральных школ і кірункаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"