Праца шукае харэографаў. І не толькі. Ці ва ўсіх размеркаванне — за 60 секунд?

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

Некалькі дзён запар у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў ішло размеркаванне выпускнікоў. Падаецца, штогод “К” піша пра падрыхтоўку да гэтай падзеі і яе вынікі. І сёлета мы ўжо распавядалі пра размеркаванне ў Акадэміі музыкі. Але ж колькі ВНУ — столькі і варыянтаў развіцця падзей. Гэтак у БДУКіМ узнікла сапраўдная канкурэнцыя паміж працадаўцамі! Дык што ж такое размеркаванне ў агульнадзяржаўным аспекце і ў лёсе асобнага выпускніка?

Двухразовы дэфіцыт
Пасля папярэдняга размеркавання ў БДУКіМ высветлілася, што заявак з раёнаў на маладых спецыялістаў паступіла, паводле даных універсітэцкай камісіі, агулам — 658, а cтатус маладых спецыялістаў атрымалі толькі толькі 323 пяцікурснікі бюджэтнай формы навучання гэтай установы. Відавочны дэфіцыт маладых спецыялістаў амаль у два разы.
Натуральна, узнікла канкурэнцыя. Многія начальнікі аддзелаў культуры з аддаленых куткоў Беларусі паехалі ў БДУКіМ наперахоп маладым кадрам, некаторыя і наогул зрабілі патрэбныя захады загадзя.
Між іншым, у камісію па размеркаванні, поруч з выкладчыкамі універсітэта, увайшлі прадстаўнікі з месцаў, а таксама супрацоўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь — начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Наталя Шмакава і начальнік юрыдычнага аддзела Алена Вештарт. Іх задача — каб патрэбы дзяржавы супадалі з жаданнямі маладых спецыялістаў.
Як кажа сакратар камісіі па размеркаванні Мікалай Чміль, у гэтым годзе вялікая праблема з харэографамі: іх усяго 38 чалавек (пры колькасці заявак — 73). Высокая запатрабаванасць менавіта гэтай спецыяльнасці палягае ў наяўнасці вялікіх клубаў у аграгарадках. “Там узнікае патрэба займець не па адным харэографе рознага профілю”, — кажа Мікалай Андрэевіч. Урэшце, дастаткова згадаць пастаянную рубрыку “К” “Культасветработа: ракурс адказнасці”, дзе работнікі галіны культуры ў многіх раёнах якраз і ўказваюць на недахоп харэаграфічных кадраў.
Хаця драматызаваць сітуацыю на самім размеркаванні ніхто і не збіраўся.
— Бібліятэкараў з вышэйшай адукацыяй таксама не хапае. Гэткая ж сітуацыя — і з рэжысёрамі масавых святаў, — распавядае сакратар камісіі. — Аднак сёння інтэлігенцыя сферы культуры на вёсцы, асабліва моладзь, значна пасталела, “паднялася”. Тут спраўджваюцца вынікі падрыхтоўкі. Ад нас выпускаецца і выязджае па размеркаванні ў сельскі клуб ці бібліятэку не “кот у мяшку”, але — асоба. Як правіла, такі выпускнік ужо ведае тых людзей і тое месца, куды паедзе, ведае стан спраў. Адпаведна, і мясцовае кіраўніцтва, і жыхары спадзяюцца на яго.
Сапраўды, гэта ініцыятыўныя студэнты, якіяледзь не з першых курсаў трымаюць сувязь са “сваім” будучым аддзелам культуры. Сярод іх, вядома, і мэтавікі, што маюць накіраванні ад гаспадарак ці райвыканкамаў. Пра іх паклапаціліся загадзя, нават плацілі некаторым стыпендыі за навучанне — грошы пойдуць на падрыхтоўку свайго спецыяліста для свайго ж краю. Як кажа Мікалай Чміль, менавіта з гэтай групай выпускнікоў і не ўзнікае ніякіх праблем на размеркаванні.
Скажам, Вольга Батура, выпускніца факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва, з задавальненнем падпісвае сваё размеркаванне ў Ліду. “Дамоў паеду!” — кажа дзяўчына. І такіх выпадкаў, калі размеркаванне працягваецца менш за хвіліну, таксама нямала.
Але ёсць і тыя, хто наогул не прыйшоў на папярэдняе размеркаванне. Праўда, тут справа не ў сабатажы гэтага абавязковага мерапрыемства. Такія выпускнікі, у асноўным, упэўнены ўжо на першым этапе з месцам будучай працы, а не з’явіліся на размеркаванне з прычыны непрадбачаных абставін ці хваробы.
Размеркавалі ў... “Швейцарыю”
У тыя “гарачыя” дні карэспандэнт “К” пабываў і на выніковым размеркаванні ў БДУКіМ. Яшчэ раз давялося пераканацца, што жыццё — непрадказальнае. Тут і радасць, і слёзы ў самых нечаканых сітуацыях.
Люба Новікава заканчвае факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва па спецыяльнасці “Літаратурны работнік”. На размеркаванне прынесла два імянныя запыты. Адзін з іх, між іншым, у групу, якая арганізуе фестываль “Лістапад”. Здавалася б, тут не павінна ўзнікаць пытання выбару, бо Люба працуе ў камандзе кінафэсту некалькі гадоў запар. Але камісія не задавальняе гэтую заяўку, паколькі ў першую чаргу забяспечваюцца запыты рэгіянальных дзяржаўных устаноў. Таму замест “Лістапада” Любу размяркоўваюць у Мінскі абласны метадычны цэнтр. Дзяўчына падпісвае сваё размеркаванне. “А “Лістапад” застанецца на вольны час!” — крыху сумна кажа яна.
Толькі што падпісала сваё размеркаванне Аліса Сілецкая. “Ніколі не была ў Цімкавічах Вілейскага раёна, але што з таго? Там ёсць народны тэатр, дзе буду працаваць!” Мусіць, ужо ведае дзяўчына, як распачаць працу ў клубнай установе.
Адметна, што ў заяўках на выпускнікоў з розных месцаў ёсць прапановы жылля. Найбольш — у аграгарадках ды райцэнтраўскіх інтэрнатах.
Гэты клопат ужо з боку кіраўнікоў гаспадарак, якія даюць магчымасць атрымаць маладым спецыялістам сферы культуры такі значны падмурак для пачатку працоўнай дзейнасці. Такім чынам кіраўнікі са стратэгічным мысленнем забяспечваюць сябе кадрамі не толькі на два абавязковыя гады, але і на больш доўгі тэрмін.
Але ўзнікалі на размеркаванні і канфліктныя сітуацыі. Адна з лепшых студэнтак — Ірына Мішкевіч, у якой нават грамата міністра культуры за навуковую працу, просіць размеркаваць яе ў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж декаратыўна-ўжытковага мастацтва імя М.Кедышкі, дзе яе ўжо ведаюць. У гэтай установе Ірына хацела б навучаць дзяцей-інвалідаў. Падаецца, праблем не павінна быць.
Аднак старшыня камісіі па размеркаванні студэнтаў, першы прарэктар БДУКіМ Мікалай Кузьмініч, нагадаўшы, што найперш улічваюцца заяўкі ўстаноў, падведамасных Міністэрству культуры, прапаноўвае Ірыне паехаць у Лагойск, дзе патрэбен дырэктар Дома рамёстваў, ці вакантнае месца на Ашмяншчыне або Касцюковіччыне.
— Я ведаю свае правы і закон, — кідае катэгарычную фразу дзяўчына і адмаўляецца падпісваць размеркаванне.
Так, Ірына адна з лепшых студэнтак, але яна не з’яўляецца прэзідэнцкім стыпендыятам, не замужам, не сірата. Ва ўсіх гэтых катэгорый выпускнікоў маюцца пэўныя льготы па размеркаванні. Урэшце, пачуўшы рэзкаваты тон дзяўчыны, адмаўляецца запрашаць яе на працу і начальнік аддзела культуры Лагойскага райвыканкама Ніна Пятроўская. А на адмову падпісваць размеркаванне начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена Вештарт рэзюмуе для выпускніцы:
— Гэта ваша права, і вы можаце даводзіць сваю пазіцыю праз суд. Мы ж маем права размеркаваць вас і валявым рашэннем камісіі.Іра плача каля акна, кажа, што цяпер шкадуе: “Трэба было падпісваць прапанаванае размеркаванне ў Лагойск...”
А далей падзеі разгортваюцца і наогул нечакана ў лёсе яшчэ адной мінчанкі — Юліі Новікавай. У яе заяўка з фаніпальскага Цэнтра дзіцячай творчасці. Яна спецыяліст па батыку. І, быццам бы, ніякіх штормаў
не чакалася, як...
— Юля! А паехалі да нас, у Лагойск, — дырэктарам Дома рамёстваў. Будзеш на сваёй машыне ездзіць, — прапанавала начальнік аддзела культуры Лагойскага райвыканкама.
Юля... імгненна пагадзілася і падпісала размеркаванне.
— Чаму перадумала з Фаніпалем? — пытаюся ў дзяўчыны.— Сама яшчэ не асэнсавала. Нічога ж не збіралася мяняць, але ж відавочна адно: лёс...
Следам за новаспечаным дырэктарам Дома рамёстваў выйшлі спецыялісты з Лагойска, далі каардынаты, распавялі, якой маршруткай дабірацца да месца працы.
— Гэта ж беларуская Швейцарыя! — з гонарам казалі ёй.
— А я там яшчэ ніколі не была!..
Геаграфія — уся Беларусь
Падаецца, збольшага вынікамі размеркавання засталіся задаволены і камісія БДУКіМ, і студэнты-пяцікурснікі, і прадстаўнікі раённых аддзелаў культуры.
— Хацеў паклікаць у Любань чалавек пяць, а то і восем. Знайшоў жа пакуль толькі траіх. Ды і за тое шчыры дзякуй! — сказаў карэспандэнту “К” начальнік аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. — Сёння не хапае нам і харэографаў, і музыкантаў.
Сапраўды, не заўжды выпадае так, як жадаецца. Асабліва на размеркаванні, калі “пакуль яшчэ студэнту” трэба не разгубіцца, прыняць правільнае рашэнне. І 323 маладыя спецыялісты — учарашнія студэнты бюджэтнай формы навучання БДУКіМ — паедуць сёлета па сваіх накіраваннях, геаграфія якіх, бадай, уся Беларусь.
Размеркаванне дапамагло і самому БДУКіМ набыць новы вопыт. Будзе развівацца універсітэт (мяркуецца пабудаваць новы корпус у Мінску) — з’явяцца новыя магчымасці для пашырэння спецыяльнасцей, так бы мовіць, “дэфіцытных” у рэгіёнах харэографаў і бібліятэкараў. Таму і вокліч адзіны: наперад! 

Вынікі размеркавання студэнтаў-выпускнікоў БДУКіМ 2008 года (бюджэт):
Брэсцкая вобласць — 31 чалавек (29 — ва ўстановы культуры, 2 — у іншыя ўстановы), што складае 9,6% ад агульнага ліку размеркаваных.
Віцебская вобласць — 32 чалавекі (усе — ва ўстановы культуры), 9,9%.
Гомельская вобласць — 23 чалавекі (усе — ва ўстановы культуры), 7,1%.
Гродзенская вобласць — 27 чалавек (усе — ва ўстановы культуры), 8,4%.
Магілёўская вобласць — 35 чалавек (усе — ва ўстановы культуры), 10,5%.
Мінская вобласць — 96 чалавек (86 — ва ўстановы культуры, 10 — у іншыя ўстановы), 29,7%.
Мінск — 79 чалавек (41 — ва ўстановы культуры, 38 — у іншыя ўстановы), 24,5%.

 Вольга ЯГОРАВА