Творчыя авансы?

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

На што просіць культурны краўдфандынг
Мы ўсё часцей становімся сведкамі дапамогі творцам з боку сістэмы краўдфандынгу. Пераклад-калька тлумачыць: гэта не што іншае, як масавае фінансаванне, грашовае донарства, дабрачыннасць. Пра тое, як ім карыстаюцца айчынныя музыканты і прадзюсары, “К” пісала ў №20. Цяпер зробім агляд культурных і калякультурных праектаў на адпаведных вэб-рэсурсах.

Не кожны культурны праект апрыёры зацікавіць Міністэрства культуры, банкіра ці бізнесмена з тугой кішэняй. Вышэйназваныя структуры ідуць насустрач ініцыятывам ці загадзя паспяховым, ці маштабным, а яшчэ ў некаторай ступені пафасным, гучным. Краўдфандынг пра іншае. Нездарма гісторыя калектыўнага супрацоўніцтва пачалася ў канцы 1990-х са збору сродкаў на тур аднаго мала каму ўжо зараз вядомага брытанскага гурта па Злучаных Штатах Амерыкі. У “нулявыя” на Захадзе краўдфандынгавыя платформы раслі як грыбы, а пакідалі пасля сябе суквецці ўвасобленых праектаў. У 2011 годзе з'ява прыйшла і ў Беларусь. Сёння ў нашай краіне можна назваць тры галоўныя пляцоўкі па ажыццяўленні і творчых планаў супольнасц.

“Вулей” зараз — гэта 177 праектаў, яшчэ нерэалізаваных і ўжо запушчаных у масы. З найбольш нашумелага: менавіта дзякуючы гэтаму краўндфандынгу месяц таму ў вёсцы Каптаруны адбыўся дэбютны кінафэст “Хранатопь. Абнуленне”. Дарога, пражыванне, майстар-класы і лекцыі, творчыя сустрэчы — куратары “Хранатопа” ўсведамлялі, што ўласнымі сіламі падзею наўрад ці запусцяць. А дзякуючы 44 спонсарам каманда сабрала каля 5 тысяч беларускіх рублёў (прыблізна 2,5 тысячы долараў) і правяла фестываль. Сістэма ўкладання грошаў у такія праекты празрыстая. Аўтары падрабязна распісваюць сваё бачанне, свае патрэбы, адказваюць на пытанні і, што важна, рыхтуюць падзякі. У выпадку з “Хранатопам” гэта былі і запрашэнні на сам фестываль, і нумары часопісаў “рARTisan”, і прадастаўленне на пракат відэатэхнікі. Кожны праект мае на мэце свае ўласныя формы падзякі. Балазе, падтрымку аказваюць часцей за ўсё не зусім выпадковыя людзі, а аматары дадзенага віду мастацтва, пэўных асобаў, жанраў. Карацей, зацікаўленыя ў паспяховай рэалізацыі персоны.

/i/content/pi/cult/598/13308/13-1.jpg

Такім жа чынам у хуткія тэрміны былі сабраны грошы на выданне скандальнай кнігі “Асцярожна, Марцаў!” Сашы Раманавай пра мінскія 1990-я. 420 спонсараў залічылі на кошт праекта суму, якая на 20 працэнтаў перавышала неабходную. (Дарэчы, у такім выпадку "лішнія" грошы вяртаюцца да ахвярадаўцаў, апроч адмыслова пазначаных выпадкаў). На іншыя кніжныя выданні сродкі на “Вуллі” збіраюцца больш павольна: на “Баль у падвале” Ніка Наско, “паэму пра геніяў, якія стварылі гэты свет, а ён іх адпрэчыў”, на кнігу “1813” Уладзіміра Садоўскага, напісаную ў жанры зомбі-апакаліпсіс пра барацьбу Міхала Клеафаса Агінскага з пачварамі і гэтак далей.

Пакуль што не асабліва ахвотна збіраюцца грошы на новае кіно Андрэя Курэйчыка “Party-zan=фільм”, заяўленае як “першая беларуская маладзёжная прыгодніцкая камедыя пра тое, як хутка зарабіць шмат грошай у гэтай краіне”. Ёсць нават нешта сімвалічнае ў тым, што адбываецца. Курэйчыку патрэбны 15000 беларускіх рублёў (7,5 тысячы долараў), за 8 дзён аўтар павінны сабраць амаль 80% ад гэтай сумы. Затое праект акцёра Аляксандра Ждановіча (вядомага многім як тэлевізійны персанаж Маляваныч) больш сціплы па бюджэце, але глыбокі па змесце: акцёр паспяхова сабраў 50 старых беларускіх мільёнаў на тэхнічнае забеспячэнне для свайго інклюзіўнага спектакля “Маленькі прынц”. Абсалютна няма сумневу, што знойдзе неабыякавых і новы, чацвёрты, альбом гурта “Akute”, якому патрабуецца 5 тысяч беларускіх рублёў (палова з іх ужо сабрана).

На краўдфандынгавай платформе “Talaka” таксама кіпіць дзейнасць. Грошы збіраюцца і на выставу “Кандэнсат” фатографа Сяргея Гудзіліна ў прасторы “ЦЭХ” (яна стане першай у шэрагу фотапраектаў). Кінапраект нацыянальнага маштаба “Неруш” Паўла Герасімовіча — гэта задуманае поўнаметражнае фэнтазі на аснове беларускіх паданняў. Пра фільм як прадукт пакуль што нічога не вядома: хто стаў аўтарам сцэнарыя, хто выканае ролі, выступіць кампазітарам і г.д. Але платформа запэўнівае, што работа над карцінай актыўна вядзецца. Прыблізны бюджэт праекта — 12 тысяч долараў.

Прыгожая задума па наладжванні вытворчасці навагодніх лялек мае на гэты момант толькі 11% ад патрэбнага: тым часам аўтары стаяць за захаванне традыцый у гэтай святочнай сферы праз стварэнне спецыяльнай фабрыкі, якая ўжо мае назву “Снежань”. 8 з 43 падзадач выканана ў праекце стварэння копіі Крэўскага замка ў маштабе 1:10. Амаль па ўсіх пунктах патрабуюцца валанцёры ды матэрыяльная падтрымка, пачынаючы з распаўсюджвання рэкламы і заканчваючы набыццём будаўнічых матэрыялаў, планіроўкай і, непасрэдна, самім будаўніцтвам. Агульную суму нават цяжка сабе ўявіць, але 18% работ ужо выканана. Самы папулярны праект “Talaka” на гэты момант — беларускамоўны фільм па апавяданні Васіля Быкава “Народныя мсціўцы” фатографа Аляксандра Меліхаўца: але шум у інтэрнэце прынцыпова будучай кінастужцы не дапамагае, пакуль што сабрана толькі 25% сумы, што складае 12 тысяч беларускіх рублёў.

“MaeSens” — гэта краўдфандынгавая платформа, якая працуе не толькі праз налічэнне грошай, але і праз сустрэчы, якія выстаўляюцца на аўкцыён. Такія спатканні, упэўнены стваральнікі “MaeSens”, нясуць у сабе не менш карысці, чым матэрыяльная дапамога. З актуальнага на платформе: зборы на запіс музычных альбомаў гуртоў “Nizkiz” і “Мутнаевока”. Першыя просяць дапамогу ў 14 тысяч рублёў, другія — 8. Справа лепш ідзе ў значна больш папулярнага “Мутнаевока” — 40% “ад касы”. 25-хвіліннае кіно пра вікінгаў “На грані смерці”, сцэнарый да якога напісаў выпускнік Акадэміі мастацтваў, каскадзёр са стажам Аляксандр Гялейша, чакае ад аматараў гістарычнага жанру 5 тысяч долараў. Барысаўская івэнт-супольнасць просіць прадаставіць ім лёгкую аўтаномную аўдыякалонку і зручныя радыёмікрафоны для таго, каб на вуліцах свайго горада яны маглі праводзіць адкрытыя ўрокі гістарычнага танца. Каштаваць гэта ўсё будзе не больш за 400 долараў — для краўдфандынга, думаецца, не праблема.

Як бачна, карыстацца паслугамі краўдфандынгавай сістэмы не грэбуюць розныя людзі: і дастаткова вядомыя, і зусім яшчэ піянеры вялікага мастацтва. Але ўсіх іх аб’ядноўвае энтузіязм і сумленныя адносіны да народных ахвяраванняў (сама тэхналогія краўндфандынга не дазволіць штосьці прыкрыць, схаваць, выдадкаваць марна). Стварылася ўражанне, што менавіта дзякуючы гэтай сусветна вядомай сістэме беларусаў чакае шэраг дэбютаў у літаратурнай сферы, кінематографе, музыцы, фатаграфіі, бізнесе. Трэба быць гатовымі і да правалу з боку творцаў, але яны не павінны расплачвацца за гэта крывёй і галовамі, бо ў нашай краіне нават спробы нешта зрабіць многага каштуюць. Сама тэндэнцыя змяніць, прыўнесці новае, быць авантурыстам — ухвальная. Тым больш краўдфандынг не патрабуе вялікіх укладанняў, а працуе па прынцыпе творчых авансаў.

Дарэчы

У фінале сёлетняга, сёмага па ліку, конкурсу сацыяльных праектаў "Social weekend" быў падтрыманы праект "Сцежкамi Мiколы Тарасюка", які ініцыявала загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко. Дзякуючы падтрымцы будзе працягвацца захаванне і папулярызацыя спадчыны знакамітага народнага майстра краіны з вёскі Стойлы на Пружаншчыне. Праект атрымаў на конкурсе прыз глядацкіх сімпатый і 24,5 мільёны недэнамінаваных рублёў у намінацыі рэгіянальных праектаў.

Тым часам

Калі рыхтаваўся нумар, з'явілася абвестка пра збор 8 тысяч рублёў на ўсталяванне ў сталіцы мемарыяльнай шыльды народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну на доме па адрасе Мележа, 4, дзе ён жыў доўгі час.

 

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст