Выява на крэсле ў стылі Рэнесанс

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

У экспазіцыі “Сталовая хата” музея “Замкавы комплекс “Мір” прадстаўлена арыгінальнае крэсла XVII стагоддзя ў стылі Рэнесанс, на спінцы якога знаходзіцца медальён з выявай Георгія Пераможцы, які забівае змея.

/i/content/pi/cult/598/13307/12-1.jpgГэты велікамучанік — адзін з самых шанаваных хрысціянскіх святых у свеце. З мноства цудаў, створаных ім, самым знакамітым з’яўляецца яго перамога над велічэзным змеем, убачыўшы які, цар і гараджане паверылі ў Хрыста, прыняўшы святое хрышчэнне. На месцы, дзе паводле падання святы забіў змея, была пабудаваная царква ў памяць Георгія Пераможцы. Пры асвячэнні храма малітвамі святога Георгія здарыўся новы цуд — каля царквы забіла крыніца. На падставе старажытнага падання велікамучаніка ўвасабляюць на белым кані, пад нагамі яго ляжыць страшны змей, што глядзіць на святога вершніка, які мужна б’е пачвару дзідай у пашчу. Дарэчы, Георгій Пераможца — заступнік коннікаў і пехацінцаў, лучнікаў, алебардыстаў, збройнікаў, шаломнікаў і сядзельнікаў. А паколькі яго імя ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “земляроб”, ён лічыцца асаблівым апекуном пастухоў і статкаў.

Юлія БЯЗНОСІК, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”