Новыя таямніцы "Скарыны"

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Спектакль “Скарына” па п’есе Мікалая Рудкоўскага і Саўлюса Варнаса (ён жа і рэжысёр-пастаноўшчык) пра беларускага першадрукара рыхтуецца ў Магілёве да 500-годдзя выхаду першай друкаванай усходнеславянскай кнігі — “Псалтыра”. Прэм’ера адбудзецца ў Абласным драматычным тэатры ўвосень, але рэпетыцыі ідуць з сакавіка.

Мікалай Рудкоўскі захацеў напісаць сучасную п’есу пра Францыска Скарыну, і гэта супала з рэжысёрскім бачаннем. Варнас акрэсліў канцэпцыю і дапамог расставіць акцэнты, затым унёс свае праўкі і працягвае працаваць над пастаноўкай, выкрышталізоўваючы новыя сэнсы і вобразы.

Рэжысёра перадусім займаюць таямніцы душы беларускага асветніка, яго духоўныя пошукі і зямная місія. Скарына для Саўлюса Варнаса — найменей як беларускі Фаўст. “Францыск Скарына — асоба для мяне надзвычай прывабная, бо неадназначная, нават загадкавая, — зазначае галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. — Нават хочацца параўнаць п’есу Рудкоўскага з “Фаўстам” Гётэ. Але ж Скарына, як мне здаецца, пайшоў далей за Фаўста: ён не заключаў дамовы з д’яблам, выбраўшы шлях служэння Боскім сілам. Зрабіць такі выбар няпроста як тады, так і цяпер. Выданне Скарынам кніг Святога Пісання на народнай мове было, смелым крокам, гэта дало магутны штуршок развіццю беларускага грамадства”.

/i/content/pi/cult/598/13305/14-1.jpg

Падчас адной з рэпетыцый спектакля “Скарына”. / Фота Юліі ПЕПЛЕР

Мікалай Рудкоўскі ўпэўнены: жыццё і ўчынкі Скарыны могуць па-сапраўднаму натхняць сучаснікаў, асабліва моладзь — Францыск Скарына быў чалавекам ідэі, чалавекам руху, з неверагодна моцнай энергетыкай і смелымі поглядамі, які апярэдзіў свой час і выйшаў за рамкі традыцый. На думку аўтара п’есы, наяўнасць такой постаці ў беларускай гісторыі даказвае: наша краіна ў эпоху Адраджэння была высокакультурнай, жыла еўрапейскімі каштоўнасцямі. І калі ўдумацца, паміж мінулым і сучаснасцю шмат агульнага.

“Калі я пачаў падрабязна вывучаць матэрыялы пра эпоху Скарыны, здзівіўся, наколькі нашы часы падобныя, — разважае драматург. — А мінула ж 500 гадоў! Ды мы нібыта знаходзімся ў тым жа часавым вымярэнні… Я быў здзіўлены невыпадковымі супадзеннямі. Тады — войны, і зараз ідуць ваенныя дзеянні, тады ўцекачы — зараз уцекачы, тады ўсялякую ініцыятыву падаўляла немагчымасць ажыццяўлення задуманага ў сваёй краіне — сёння часам таксама. Тады бушавалі ўспышкі чумы і сіфілісу, зараз — Эбола, вірус Зіка і СНІД… Трэба вырывацца з гэтага Новага Сярэднявечча да Новага Адраджэння”.

У пастаноўцы занята большая частка трупы. Знайшліся цікавыя працы і для моладзі, і для знаных майстроў сцэны — сярод іх Рыгор Белацаркоўскі, Васіль Галец, Галіна Лабанок, Уладзімір Пятровіч, Дзмітрый Дудкевіч, Аляксандр Куляшоў. Ролю галоўнага героя выканаюць адначасова два акцёры: славуты артыст Аляксандр Палкін сыграе Скарыну ў сталым узросце, а “навабранец” тэатра Іван Трус — у маладосці. На ролю Маргарыты, жонкі Скарыны, запрошана актрыса Магілёўскага абласнога тэатра лялек Наталля Слашчова.

Па словах рэжысёра, дзея не будзе прывязаная да канкрэтнай эпохі. Эскізы дэкарацый і касцюмаў стварыла галоўны мастак тэатра Ірына Камісарава, а рэжысёр сам падбірае музыку да пастаноўкі. У яго новай працы знойдзецца месца і класіцы, і сучасным кампазіцыям, а мо — і народным матывам. Музыка, касцюмы, дэкарацыі — усё гэта будзе па-за часам. І ўсё падпарадкавана асноўнай ідэі — звязаць мінуўшчыну ды наш час, зірнуць на падзеі XVI стагоддзя праз прызму светапогляду сучаснага чалавека. Невыпадкова дзеянне пачынаецца са спрэчкі нашых сучаснікаў пра перавагі модных гаджэтаў над папяровай кнігай. Але спектакль — не пра гэта, падкрэслівае Варнас: “Мяне цікавіць рух душы Скарыны, яго пошук свайго жыццёвага шляху і зямной місіі”.

Вольга СЕМЧАНКА, літаратурны рэдактар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра