Чалавек з фотакамерай

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Міхась Міцкевіч — пра сваё захапленне
“Амаль усе мае даваенныя здымкі не захаваліся”, — і тым не менш наш суразмоўца прыносіць дзве торбы з вялікага фармату адбіткамі. Вось так і захоўваюцца часам унікальныя сведчанні гісторыі — у партфелях, куфрах, скрынках, у пакетах… А адкрыеш архівы — і не пазнаеш у кадрах знаёмых постацяў. Вось на імпрэзе Іван Шамякін, Максім Лужанін, Заір Азгур, вось Янка Маўр — у прыватнай абстаноўцы, а вось — Якуб Колас у форме палкоўніка… Гаворка — пра сямейны архіў Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча — малодшага сына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Наш герой — доктар тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, які захапіўся фатаграфіяй у школьныя гады і здымаў на працягу ўсяго жыцця. Сёння ў Міхася Канстанцінавіча, бадай, адзін з найцікавых сямейных альбомаў краіны, які дае магчымасць пазнаёміцца з жыццём беларускай інтэлігенцыі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

Фотаўніверсітэты

— Першая мая камера — гэта "Цайс-ікон", якую набыў бацька для старэйшых братоў. Другая — “ФЭД” з аб’ектывам “двойка”, фокусная адлегласць — 50 міліметраў, — Міхась Канстанцінавіч дакладна ўзнаўляе першыя апараты. — Далей была нямецкая "Экзакта", трохі не “ад’юсціраваная”, потым ужо іншыя… Мне давялося многа займацца фатаграфіяй і па працы. Пераздымалі чарцяжы да справаздачы. Досыць складана было. Асвятляльнікаў не мелі, і мы іх зрабілі самі — два высокія парабалічныя з алюмінію, з чатырма лямпамі па 150 Вт… На гэтым і вучыліся. Потым узяўся за стэрэаздымкі, мікрафатаграфіі,  — і набываў ужо адпаведную апаратуру.

/i/content/pi/cult/598/13304/15-1.jpg

Міхась Міцкевіч са зробленым ім партрэтам бацькі, на якім Колас бліжэй да свайго натуральнага стану. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Перад намі — вялізныя чорна-белыя фатаграфіі фармату А3. Добра надрукаваныя, якасныя: партрэты, замалёўкі, рэпартажы, пейзажы… Чарцяжоў не трапляецца. “А стэрэаздымкі?”— “Пра гэта — трошкі пазней”, — абяцае наш субяседнік.

Як распавёў Міхась Канстанцінавіч, яго настаўнікам фатаграфіі можна лічыць таленавітага фізіка-оптыка Барыса Бойку, які ў свой час праходзіў пераддыпломную практыку ў лабараторыі электрафізтэха, дзе пачынаў працу і спадар Міхась. Веды тэорыі фатаграфавання, апрацоўкі плёнак ад будучага акадэміка пайшлі на карысць і будучаму доктару навук. “А так — вучыўся збольшага на практыцы”, — кажа ён.

Ніколі не прасіў пазіраваць

Вось тут самае цікавае і распачынаецца, бо тая практыка — гэта фатаграфіі сям’і, сяброў і калег, бліжэйшага атачэння Міхася Канстанцінавіча. А гэта і асобы, вядомыя большасці па школьных падручніках. І захаваныя выявы тых людзей ва ўласным доме, на працы, на прыродзе — у нязмушанай абстаноўцы, карацей. Тым фотаздымкі фатографа Міцкевіча і адметныя, што заўважны позірк чалавека, які глядзіць на блізкіх. І такі позірк дэманструе іх чалавечнасць, натуральнасць, прыгажосць, а часам нават слабасць.

/i/content/pi/cult/598/13304/15-4.jpg

Акадэмік Фёдар Фёдараў: партрэт у духу Родчанкі.

— Вось гэта партрэт нашага акадэміка Фёдара Фёдарава, сына Янкі Маўра, — Міхась Канстанцінавіч паказвае нам шыкоўны фотаздымак брата сваёй жонкі Наталлі Іванаўны, дачкі Маўра. Іх шлюб — гэта асобная гісторыя, але зараз спадар Міхась канцэнтруецца на фатаграфіі, якая зроблена амаль у манеры Аляксандра Родчанкі — фокус трошкі зверху.

— Не натхняліся Родчакам? — цікавімся.

— Не. Сам. Інтуітыўна. Я вам прызнаюся, што ў мяне 30 альбомаў фатаграфій. Ёсць здымкі тых часоў, калі я ездзіў на Алімпійскія гульні ў Італію ў 1960-м, на канферэнцыі ў Аўстрыю, Румынію, а таксама ў Югаславію, і па Беларусі нямала назапасілася добрых кадраў… Неяк у 1950-х мастак Яўген Ціхановіч, які працаваў у “Вожыку”, паглядзеў мае фота і кажа: “Як у вас правільна скадрыравана”. А я нават не задумваўся над гэтым.

/i/content/pi/cult/598/13304/15-7.jpg

Іван Шамякін, Максім Лужанін і Заір Азгур. Прыкладна 1978 год.

Спадар Міхась дастае новы твор.

— А вось гэта, як кажуць, “соображают на троих” Шамякін, Лужанін і Азгур, — прадстаўляе прысутных у кадры на мерапрыемстве.

— Міхась Канстанцінавіч, гэта пастаноўка? — пытаемся.

— Ніколі не прасіў людзей пазіраваць, — адказвае фатограф. — Хадзіў, назіраў, і, калі бачыў, што не звяртаюць увагі на мяне,  — здымаў. А калі фатаграфуеш і цябе заўважаюць — напружана глядзяць тады. Здымкі ж атрымліваюцца нецікавымі.

/i/content/pi/cult/598/13304/15-6.jpg

Пасля адкрыцця філіяла музея ў Смольні: стаяць Даніла Міцкевіч і Пятрусь Броўка.

— А гэта ўжо вечарына пасля таго, як адкрывалі філіял музея на Стаўбцоўшчыне, — працягвае паказваць сваю калекцыю сын беларускага класіка, — Броўка, мой брат Даніла, Глебка, Слесарэнка, і галава Лужаніна відаць…

Задуменны

— А ваш бацька любіў фатаграфавацца?

— Не, не любіў. Для яго фотакарэспандэнты былі як мухі-назолы. Але, калі я здымаў, то “даваўся”. Вось гэта, дарэчы, рэдкі здымак. Прыязджаў сябра брата Віталь Філіповіч, ваенны, я зняў з яго “скуру” палкоўніцкую, адзеў бацьку: “Давай цябе сфатаграфую!” Вось тут здымаў, ля ўваходу ў цяперашні музей — тады наш дом… — на фатаграфіі нечаканы Колас у ваенным./i/content/pi/cult/598/13304/15-2.jpg

“Ваенны” Колас: маршал літаратуры ў форме палкоўніка. Прыкладна 1953 год.

— І як ставіўся да вашага захаплення Канстанцін Міхайлавіч?

— Спакойна. Ён быў заняты сваімі справамі. Можа, я так прывык. Памятаю, што калі жылі ў Ташкенце, то ў інтэрнаце размясціліся побач са слыннымі акадэмікамі: Струвэ, першы рэктар БДУ Пічэта, філолаг Шышмароў,  — багата цікавых людзей… Я глядзеў і думаў тады: якое ж нецікавае ў іх жыццё! Увесь час сядзяць і працуюць! Тады 16 — 17-гадоваму мне так падавалася. У той жа час я бачыў, што гэта такая веліч, што дасягнуць такой вышыні нельга. Па-сутнасці, напэўна, і не дасягаеш. Але калі працаваць усё жыццё ў адным кірунку, усё ж такі чагосьці дабіваешся, — кажа нам спадар Міхась, які сам з’яўляецца аўтарам 20 вынаходніцтваў у галіне апрацоўкі металаў.

/i/content/pi/cult/598/13304/15-3.jpg

Дзядзькі Міхася Міцкевіча: Міхась і Іван. Прыкладна 1956 год.

— А гэта дзядзькі, — дэманструе чарговы твор фатограф. — Дзядзька Міша, матчын брат, скажам, жыў пад Масквой. Вельмі цікавы чалавек. Можна сказаць, у яго я вучыўся адносінам да людзей. Ён кожнаму ўмеў сказаць штосьці прыемнае, пажартаваць, хоць жарты яго не заўсёды былі выдатнымі, адзначу, але людзі заставаліся задаволенымі. Падчас вайны ён арганізаваў на калектыўных правах млын, і малолі ўсё, што было: віку, авёс... Ад памолу яму пакідалі працэнт. З таго працэнта ён завёў кур — сто штук. І з яек, што птушкі неслі, сям’я і жыла. Дзяўчат абулі-адзелі. А вось адукацыі ён не меў. Другі яго брат, Іван, усё жыццё правёў у Вільні. У радзіне, дарэчы, толькі адзін дзядзька — Аляксандр Каменскі — скончыў Казанскі ўніверсітэт, але яго арыштавалі ў 1938-м. Гэта быў чалавек неверагодна цудоўны! Дырэктар архіва Патанін пісаў, што яго арыштавалі, каб выбіць паказанні супраць “нацыянал-фашыста” Коласа. Пяць гадоў далі. Выслалі на лесапавал, дзе ён у 1941 годзе адмарозіў нагу. А інваліды дзяржаве былі непатрэбныя...

— На якім партрэце ваш бацька бліжэй, як кажуць, да натуральнага для яго стану?

— Вось на гэтым, — дастае Міхась Канстанцінавіч фотаздымак з выявай Якуба Коласа. — Такі задуменны...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"