Хіба ты фанабэрысты пакемон?

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Аляксандр ВЕРГУНОЎ, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага
Вось гавораць: “Рэжысёры! Яны дакладна ведаюць, што патрэбна гледачу”. Хе! А Рэмарк неяк зазначыў, што “… галоўнае — глядач сам не ведае, што ён любіць”. Класік мае рацыю! Дык чаго ж выхваляюцца сабой акцёры? Чаго ж так носяцца з сабой рэжысёры? У адпачынку адольваюць развагі розныя. У тым ліку і пра прафесію…

/i/content/pi/cult/598/13297/5-1.jpg“Што значыць павольна трымацца на сцэне? Гэта азначае, трымацца так, як табе самому хочацца. І як хочацца аўтару. І як хочацца рэжысёру. А галоўнае — як хочацца публіцы, якой сёння хочацца адно, а заўтра — зусім іншае”… Так казаў савецкі пісьменнік Фелікс Крывін, і прамаўляў ён тое не беспадстаўна. Камусьці пашчасціла з фактурай — дык падзякуй бацькам за гэта, але не задавайся, быццам менавіта тваё дасягненне прамы нос, блакітныя вочы, чаканны профіль і прыемны торс. Да гэтага яшчэ дадаваць і дадаваць патрэбна шмат чаго! Акцёры, як бы ні надзімаліся — усяго толькі прадметы ў руках рэжысёраў. А рэжысёры — у руках публікі і ўлады. А публіка… сама не ведае, чаго хоча, і слепа пераймае моду. І на мастацтва ў тым ліку. Вось такое замкнёнае кола атрымліваецца.

Таму і трэба памятаць, што мы — такія ж, як дактары, інжынеры, машыністы, юрысты і іншыя, што “строіць з сябе” немаведама каго ў жыцці, а не на сцэне, — апошняя справа! Наглядзеўся я на гэта і ў тэатрах, і на здымках… Добра, калі ты робіш сваю справу якасна, але дрэнна, калі ставіш сябе вышэй за астатніх, нават за сваіх калег. Некаторыя імкнуцца атрымаць, напрыклад, званне, каб потым паблажліва паглядваць на навакольных і прыкрыкваць іншым разам. Цягнуцца да чаго заўгодна, каб хоць чым-небудзь падкрэсліць сваю выключнасць… Мне падаецца, што гэта захворванне, якое французы называюць эксгібіцыянізмам… Хто сапраўды заслугоўвае звання, той не выседжвае, не выпрошвае і не працуе толькі дзеля льгот.

Няўжо нельга проста атрымліваць задавальненне ад работы? Мяркую, калі добра прайшла аперацыя, то ўрач радуецца, што чалавека выратаваў, а не таму, што пад гэта можна нешта для сябе папрасіць, што выйдзе ён зараз на паклон — з аперацыйнай, значыцца, — а тут яму кветкі, авацыі. А многія артысты гавораць: які кайф, калі апладысменты. Вось праблема якая — фанабэрыя! Памятаю, мяне вельмі забаўлялі паклоны за савецкім часам, калі шмат было спектакляў пра вайну, і напрыканцы, дружна ўзяўшыся за рукі, радасна кланяліся публіцы замучаныя чырвонаармейцы і іх мучыцелі-гітлераўцы, паліцаі і падпольшчыкі… І разумееш, што ўсё гэта несур’ёзна і не трэба, як той казаў, браць да галавы. Я б адмяніў паклоны, забараніў бы іх катэгарычна! Тут да месца ўзгадаць тэатр з Панявежыса, дзе няма паклонаў, дзе гледачу дазваляюць пабыць сам-насам з убачаным, са сваімі разважаннямі…

Гледачы прымаюць пыхлівасць за чыстую манету. Таму і ходзяць на таго ж “Дзядзьку Ваню” не для таго, каб параўнаць яго перажыванні са сваімі, не для таго, каб выкарыстаць жывую карцінку для канструктыўных крокаў унутры сябе, а каб паглядзець, як той ці іншы артыст сёння выглядае, даведацца, хто яго жонка, дзе яны адпачываюць… Іншымі словамі, ствараюць сабе цацку, ловяць сцэнічнага пакемона. А артысты надзімаюцца ад гонару, не разумеючы, што яны — тыя самыя пакемоны, забава…

Мне падаецца, творчыя сустрэчы, абмеркаванні пасля спектакля, пасля выхаду з вобраза — вось той дзейсны дыялог, правільны для фарміравання рэпертуарнай палітыкі. Зразумела, што Тэатр павінен быць вышэй за публіку, каб апошняй было да чаго імкнуцца. Адно пытанне: наколькі вышэй? Не адарвацца б толькі… А вось “самавыяўленне” некаторых творцаў у безапеляцыйнай заяве “я так бачу” (што падразумявае “а начхаць мне на астатніх, бо я вышэй за ўсіх”) з’яўляецца чыстай вады пыхай.

Іншымі словамі, думаецца мне, што куміраў усё ж не варта ствараць, і перш-наперш — у сабе… І хопіць ужо “змагацца за месца пад сонцам”. Калі ты сапраўдны, месца табе заўсёды знойдзецца. Дарэчы, вяртаючыся да Крывіна: “Нават першая скрыпка, калі яна слухае толькі сябе, можа сапсаваць любую музыку”.

Фота Юрыя ІВАНОВА