Адваротная эвалюцыя Версаля пад Мінскам

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Антыкрызісны план для неаднойчы занядбанага маёнтка
Пра колішні маёнтак Хмараў у Сёмкаве, што непадалёк ад Мінска, гады тры таму мы ўжо пісалі, з радасцю дзелячыся планамі яго аднаўлення, а таксама і першымі захадамі па іх рэалізацыі. У тое, што неўзабаве тут можна будзе пракаціцца на брычцы, прайсціся дагледжаным англійскім паркам і пакаштаваць шляхецкай кухні, верылася тады ахвотна. Ды, як высветлілася, спадзевы аказаліся заўчаснымі: сёлета не толькі ваколіцы, але і самі руіны палаца зараслі вялізным хмыззём, якое ніхто тут ізноў не выкошвае. Лік колішніх шляхецкіх сядзібаў, якія перайшлі ў прыватную ўласнасць, ідзе ўжо на дзясяткі. Лік тых з іх, дзе за прамінулыя з таго часу гады адбыліся хоць нейкія станоўчыя зрухі, — пакуль хіба на адзінкі. Новыя гаспадары альбо проста забываюць пра свае абавязкі (а яны нязменна ідуць у нагрузку да гэтай зазвычай вельмі таннай нерухомасці), альбо заняхайваюць набытыя маёнткі пад ціскам неспрыяльных для сябе абставін. Сёмкава — акурат другі выпадак.

Нібы пасля артабстрэлу

У другой палове XVIII стагоддзя тут быў шыкоўны палацава-паркавы комплекс, які сучаснікі параўноўвалі з Версалем. Паэт Міхал Дудзінскі ў 1770 годзе нават напісаў панегірычную паэму, прысвечаную велічы сядзібы. Да пачатку ХХІ стагоддзя гэты Версаль эвалюцыянаваў у сціплую школу-інтэрнат. Неўзабаве і яе закрылі. Закрылі і забылі. Наступны этап у гісторыі палаца — пажаранебяспечны “бамжатнік”, а затым, што заканамерна, вартыя жалю руіны. Выглядаюць яны непрыветна і нават зусім нерамантычна — як быццам пасля артабстрэлу./i/content/pi/cult/598/13296/4-1.jpg

Палац у Сёмкаве і наступствы яго чарговага занядбання. / Фота аўтара

Але калі ўсё хараство ўжо здавалася безнадзейна страчаным — у мірны час і літаральна на нашых вачах — лёс сядзібы зрабіў яшчэ адзін піруэт. Яна перайшла ва ўласнасць міжнароднага дабрачыннага фонду, блізкага да Беларускай праваслаўнай царквы, якая планавала зрабіць там дом адпачынку для сем’яў з нізкім дастаткам, а таксама цэнтр рэабілітацыі людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю.

Сёння грамадскі імідж прадстаўнікоў духавенства гэтай канфесіі ў справе аховы спадчыны, шчыра кажучы, не вельмі станоўчы. Дадзены выпадак мог бы спарадзіць здаровы кагнітыўны дысананс, яшчэ раз пацвердзіўшы, што ўсё залежыць ад канкрэтных асобаў. Прадстаўнік фонда Сяргей Собалеў, які выконваў ролю своеасаблівага “аканома” сядзібы, запэўніваў у сваім памкненні не толькі аднавіць яе максімальна блізка да арыгінала, але і дбайна захаваць памяць пра ўсе звязаныя з гэтым месцам гістарычныя падзеі: і пра Адама Хмару, да якога, кажуць, наведваўся сам кароль Панятоўскі, і пра маладзенькага Янку Купалу, які працаваў тут на панскім бровары, і пра нечаканы эпізод у савецкім жыцці Якуба Коласа, калі ўжо прызнаны пісьменнік мусіў пэўны час рабіць звычайным бухгалтарам на тамтэйшай вопытнай базе, і пра трагічныя падзеі вайны, калі ў палацы засталіся пакінутыя на волю лёсу дзетдомаўцы, і пра тое, як яны былі выратаваныя ад знішчэння дзякуючы адважнай партызанскай аперацыі…

Але самае важнае, што добрыя намеры аднымі намерамі не засталіся — у адрозненне ад многіх іншых падобных выпадкаў. Літаральна за пару гадоў было зроблена папраўдзе багата. Па-першае, гэта элементарныя захады, якія найперш і зробіць кожны дбайны гаспадар для захавання сваёй маёмасці: абгарадзіць тэрыторыю і наняць вартаўніка, каб засцерагчыся ад “людзей лёзных”. Па-другое, пачалося стварэнне праектнай дакументацыі па аднаўленні палаца — і, між іншым, эскізны праект ужо быў выкананы. Па-трэцяе, не чакаючы завяршэння гэтага складанага працэсу, валанцёры зрабілі прэвентыўную кансервацыю руін, збудаваўшы па-над імі часовыя “дашкі”. Па-чацвёртае, была ўсталяваная мемарыяльная шыльда ў гонар партызанскай аперацыі па выратаванні дзяцей.

Між іншым, валанцёрскія летнікі ў Сёмкаве збіралі моладзь не раўнуючы з усёй Еўропы, у тым ліку і Заходняй. Пад часовае жытло для яе быў прыстасаваны размешчаны на тэрыторыі комплексу двухпавярховы савецкі будынак інтэрната, на якім спецыяльна перакрылі дах.

— Мы вычысцілі ад зараснікаў англійскі ландшафтны і французскі рэгулярны паркі, раскапалі падвалы флігеля і палаца, што было патрэбна для правядзення замераў, — распавядае краязнаўца Павел Каралёў, які непасрэдна арганізоўваў гэтую дзейнасць. — Саматугам вывезлі вялізарныя аб’ёмы зямлі. Затое, знайшліся сотні артэфактаў для музейнай экспазіцыі.

І музейчык быў створаны ў ацалелым будынку савецкай пары, пераўтвораным у свайго кшталту “штаб” і адначасова сталоўку. Госці, што прыязджалі на экскурсіі ды размаітыя мерапрыемствы (а ў Сёмкаве яны сталі ладзіцца рэгулярна), маглі не толькі наведаць экспазіцыю, але і схавацца ад дажджу ды папіць гарбаты.

Адпаведна, за некалькі гадоў, па сутнасці, быў падрыхтаваны плацдарм для таго, каб прыступіцца да асноўнага і найбольш складанага аб’екта — палаца. Ды і само месца ўдалося хоць трохі “абжыць”. Дык чаму ж яно сёння зноў выглядае спусцелым, а шыбаў у “штабе” амаль не засталося?

На апераджэнне са злодзеямі

Калі сцісла, справа ў тым, што ў стваральніка фонду ўзніклі сур’ёзныя праблемы з заканадаўствам (зусім па іншай прычыне), і ён быў адхілены ад справаў. Адразу пасля гэтага была распушчана і нешматлікая каманда, якая плённа займалася адраджэннем сядзібы на прафесійных пачатках. Урэшце, нават вартаўніку перасталі плаціць…

/i/content/pi/cult/598/13296/4-2.jpg

Мясцовыя прайдзісветы адразу адчулі змены. Са “штабу” ды іншых будынкаў сталі выносіць усё, што толькі можна вынесці: мэблю, батарэі, сякое-такое начынне… У бліжэйшым пункце прыёму металалому не перастаюць здзіўляцца як колькасці, так і якасці паступленняў.

— Пабываў там з раніцы, а ўжо апоўдні тэлефануе мясцовая жыхарка ды кажа, што прыехалі на трактары грузіць лядоўні… — апавядае Павел Каралёў. — І так амаль кожны дзень.

Музейную экспазіцыю збольшага ўдалося ўратаваць. Адразу пасля першага “заходу”, калі злодзеі знеслі з сабою ўсяго пару манет ды адзін манекен, неабыякавыя людзі, што спрычыніліся да яе стварэння, вывезлі ўсё астатняе ў бяспечнае месца. І вельмі своечасова: непажаданыя госці неўзабаве вярнуліся…

Тыя ж неабыякавыя людзі звярнуліся ў міліцыю. Але паколькі яны не з’яўляюцца ўласнікамі аб’екта, крымінальная справа не была ўзбуджана. Уласнік, у сваю чаргу, ініцыятывы не праяўляе. А ў агароджы і ў вокнах будынкаў з’яўляюцца ўсё новыя і новыя прарэхі. Як ні дзіўна, найбольш рупіць гэта не прадстаўнікоў уласніка, а, па сутнасці, простых аматараў гісторыі.

— Я даўно ўжо тут не працую, але назіраць за тым, як марнуецца плён нашых высілкаў, вельмі сумна, — кажа Павел Каралёў. — Тым больш, гэта істотна зніжае шансы на адраджэнне каштоўнага і вельмі важнага для нашай гісторыі помніка спадчыны.

Па яго ініцыятыве ў Сёмкаве сталі ладзіцца экскурсіі, спалучаныя з суботнікамі. Забітыя дошкамі вокны маюць збольшага сімвалічны характар — аддзерці іх не так і складана. Але галоўнае — паказаць, што сядзібу зусім ужо не пакінулі на волю лёсу.

Надзея — на валанцёраў

Зразумела, усе гэтыя “паліятыўныя” захады энтузіястаў могуць прынесці хіба адносны плён. Галоўнае пытанне — як надалей складзецца лёс помніка спадчыны? Адрасаваць яго найперш варта арганізацыі, якая і па сёння з’яўляецца ўласнікам сядзібы.

Зрэшты, як патлумачыла прадстаўніца дабрачыннага фонду Настасся Марко, гэты статус-кво неўзабаве зменіцца: ужо прынятае рашэнне аб перадачы комплексу на баланс Мінскага раёна, прычым ініцыятарам гэтага кроку былі менавіта мясцовыя ўлады. Аднак неабходныя паводле заканадаўства фармальнасці яшчэ толькі ў працэсе выканання. І, як сведчыць беларускі досвед, справа гэтая можа зацягнуцца.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінрайвыканкама Таццяна Гур’ева ніякіх планаў адносна будучыні комплексу мне не агучыла. Ясна пакуль толькі адно: яе “епархія” такі вялізны аб’ект не пацягне. Таму, хутчэй за ўсё, ён будзе часова перададзены на баланс мясцовай ЖКГ. Зразумела, што менавіта часова, бо… навошта камунальнікам шляхецкая сядзіба? А далей, трэба меркаваць, будуць пошукі новага інвестара.

/i/content/pi/cult/598/13296/4-3.jpg

Не трэба хадзіць да варажбіта, каб спрагназаваць, што нават пры самым спрыяльным ходзе падзей сапраўдны гаспадар у помніка спадчыны з’явіцца яшчэ вельмі няхутка, і цяжка сказаць, што ад яго застанецца. Адпаведна, і сёння і ў найбліжэйшай перспектыве спадзявацца выпадае перадусім на неабыякавых людзей.

Прыехаўшы ў Сёмкава, я набраў нумар колішняга “аканома”. Як высветлілася, з Сяргеем Собалевым мы размінуліся літаральна на гадзіну. Дачуўшыся пра тое, што адбываецца з плёнам яго працы, ён выправіўся ў маёнтак, каб вынайсці нейкі антыкрызісны план.

Тое, што помнікі спадчыны становяцца закладнікамі чалавечых драмаў — як прыватных, так і камерцыйных — сумна, але заканамерна. Апісаная вышэй сітуацыя — не адзінкавая. Прыкладам, уласнік яшчэ аднаго “правіслага” беларускага маёнтку адмовіўся ад сваіх намераў праз крызіс, у другім выпадку памёр той дырэктар фірмы, які ўзяўся за гэты праект, а ягонаму наступніку ён не надта цікавы, і таму паціху сабе дагнівае…

Жыццёвыя калізіі могуць быць рознымі. Але ў кожным разе надзвычай важна забяспечыць помнікі спадчыны пэўнай “падушкай бяспекі”. Каб беручы ва ўласнасць гісторыка-культурную каштоўнасць (а ансамбль у Сёмкаве — нацынальнага, між іншым, значэння, бо ён мае ў Дзяржспісе другую катэгорыю!), новы гаспадар прадастаўляў не толькі маляўнічы інвестпраект а-ля “тут будзе горад-сад”, але і план канкрэтных, неадкладных — і танных — захадаў па захаванні аб’екта: вартаўнік, забітыя вокны і дзверы, вычышчанае хмыззё… А таксама і алгарытм дзеянняў у крызіснай сітуацыі.

Як паказвае наша практыка, антыкрызісныя планы не пашкодзяць нават нястрымным аптымістам. Але паколькі адказнасць зазвычай выхоўваюць найперш санкцыі за невыкананне сваіх абавязкаў, а лагічная сувязь паміж парушэннем і пакараннем у сферы аховы спадчыны ў нас дасюль не адладжана… У гэтым выпадку і сапраўды даводзіцца спадзявацца найперш на сумленных і неабыякавых людзей.