Сядзь, пачытай!

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Невядома, калі новы старшыня Бярозаўскага райвыканкама Леанід Мартынюк патрапіў бы ў райбібліятэку, каб не заўважыў у Камсамольскім скверы летнюю чытальню. Школьнікі-валанцёры, якія сталі на час вакацый памочнікамі бібліятэкараў, не далі прайсці кіраўніку раёна міма. У выніку ўстанова займела яшчэ аднаго афіцыйна аформленага чытача.

Старшыня, які заступіў на пасаду лічаныя месяцы таму, забыўся на кароткі час пра жніво і надоі, прагледзеў часопісы і перыёдыку, потым даведаўся, дзе знаходзіцца цэнтральная бібліятэка. Так што адзін з дзелавых візітаў у Леаніда Мартынюка адбыўся ў гэту ўстанову культуры. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Макарэвіч паабяцала неўзабаве раскрыць “сакрэты” чытацкіх прыхільнасцяў старшыні райвыканкама. Дык хто цяпер скажа, што Ірына Макарэвіч — не стратэг? Так, ідэя летняй чытальні цалкам апраўдала сябе, бо за няпоўны месяц яе штодзённай дзейнасці агульнае чытацкае кола раённай і дзіцячай бібліятэк (праект чытальні — сумесны) павялічылася на сто чалавек, а наведванняў было ўтрая больш.

Камсамольскі сквер знаходзіцца ў цэнтры Бярозы, побач з бібліятэкамі. На ўладкаванне чытальні не было выкарыстана ні капейкі. Функцыю сталоў і крэслаў выканалі звычайныя паркавыя лавы. Не, сапраўды, зручна: прысесці ў цяньку, выбраць літаратуру, разгарнуць твор на пачатку — і з першага абзаца зразумець, твая гэта кніжка ці не.

Выкарыстанне валанцёраў з ліку школьнікаў — таксама з усіх бакоў апраўданы крок. Па-першае, практыка адбываецца на свежым паветры. Па-другое, яна дае навыкі зносін з людзьмі, а такі досвед для далейшага жыцця — заўжды неацэнны. І па-трэцяе, такая дзейнасць — досыць эфектыўная форма прафесійнай арыентацыі: і ў бібліятэкары можна потым ісці, і ў рэкламшчыкі. Справа ў тым, што сярод абавязкаў валанцёраў — не толькі кнігавыдача ды запіс новых чытачоў, але і піяр бібліятэк, кніг, чытання. Таму бярозаўскія валанцёры раздаюць мінакам бібліятэчную выдавецкую прадукцыю: улёткі, закладкі, буклеты з адрасам ЦРБ і дзіцячай бібліятэкі. Усё правільна: чалавек павінен ведаць дарогу ў бібліятэку — рана ці позна ён сюды прыйдзе.

У вас яшчэ няма летняй чытальні? Дарэмна!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"