Знесла дах, але мастакі займелі “глебу”

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

У Гродна, акрамя цудоўна захаваных хрысціянскіх храмаў, акрамя замкавых муроў, нямала помнікаў архітэктуры грамадзянскай і прамысловай. Старыя воданапорныя вежы, што на мяжы гістарычнага цэнтра і сучаснай забудовы, у сваім класе рэч не менш каштоўная, чым згаданыя вышэй сакральныя і абарончыя аб’екты. Добрай захаванасці вежаў спрыяла тое, што напрыканцы 1980-х іх перадалі абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў пад творчыя майстэрні. Ведаючы, якія людзі ў тых вежах працавалі і працуюць, упэўнены: з часам для Гродна гэта будзе такая ж адметнасць, як для Парыжа так званы “Вулей” (комплекс мастацкіх майстэрань на паўднёвым захадзе горада ў пачатку мінулага стагоддзя).

Перадача гістарычных будынкаў мастакам была цудоўным падарункам творчаму саюзу, але, на жаль, у юрыдычным сэнсе справа не была даведзена да ладу. Бо факт змены ўласніка не быў зафіксаваны ў Дзяржаўным кадастры. Чаму — сёння ўжо і не высветліш. Але атрымалася так, што рэальны ўласнік у аб’екта ёсць, але яго правы юрыдычна належным чынам не абароненыя. Калі ж надышлі 1990-я, гэта неакрэсленасць магла абярнуцца для Саюза мастакоў стратаю згаданых майстэрань. Мяркую, што ніхто з тагачасных аматараў агрэсіўнай методыкі накаплення першапачатковага капіталу не паклаў вока на воданапорныя вежы толькі таму, што прыстасаваць іх пад камерцыйны аб’ект не надта лёгка. Значна больш цікава было змагацца за будынкі цэнтральных вуліц горада — Ажэшка і Савецкай.

Кіраўніцтва абласной філіі Саюза мастакоў, разумеючы, чым можа скончыцца такая юрыдычная неакрэсленасць, не аднойчы спрабавала правесці згаданую маёмасць праз Дзяржаўны кадастр. Але не атрымлівалася. Складвалася ўражанне, што чыноўнікі, да якіх звярталіся мастакі, свядома зацягваюць час і прамаруджваюць справу. Мастакам тлумачылі, што сёння ў справаводстве іншыя правілы і стандарты, чым у савецкі час. Адпаведна, афіцыйныя паперы савецкай пары нельга лічыць паўнавартаснымі дакументамі: недзе, на сённяшні лад, не стае подпісу ці пячаткі, а тут ёсць толькі ксеракопія, а трэба арыгінал, і гэтак далей.

Невядома, колькі гэта магло доўжыцца, каб не ўраган, які знёс дах адной з вежаў. У выпадках, калі страта адбываецца праз буйства стыхіі, палову выдаткаў на рамонт ці адбудову бярэ на сябе дзяржава. Другую палову грошай уносіць уласнік. І тут высветлілася, што будынкі ў юрыдычным сэнсе з’яўляюцца нічыйнымі…'

На шчасце, праблема была вырашана цывілізавана: дзяржава поўнасцю ўзяла на сябе фінансаванне рамонту папсаванага даху (сто працэнтаў замест магчымых у такой сітуацыі паловы), а будынкі нарэшце афіцыйна перайшлі на баланс Саюза мастакоў.

Па словах старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення творчага саюза Мікалая Бандарчука, калі прадстаўнікі мастакоў прыйшлі ў тое кадастравае ведамства разам з прадстаўніком аблвыканкама, усе пытанні, што раней лічыліся невырашальнымі, імгненна займелі акрэсленасць. На чарзе страхаванне будынкаў. Да таго ж творчы саюз і ўладныя структуры абмяркоўваюць перспектывы комплекснай рэстаўрацыі воданапорных вежаў — гэта ўсё ж такі помнікі гісторыі і культуры.

Спадзяемся, станоўчае завяршэнне прэцэдэнту дапаможа ў вырашэнні іншых юрыдычных казусаў, звязаных з маёмасцю творчых саюзаў і статусам арандаваных імі памяшканняў. Вось у Мінску на праспекце Незалежнасці жыллёва-эксплуатацыйныя службы пачалі рамонт даху будынка, апошні паверх якога займаюць творчыя майстэрні мастакоў. Без узгаднення з саюзам. Знялі дах, а тут дождж з ураганам. Страты панеслі не толькі творцы, але, глядзі шырэй, — культура. Зараз высвятляецца, хто вінаваты, за чый кошт кампенсаваць страты.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"