Рэалізм камусьці надакучыў?

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

У галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная V арт-пленэру “Лета ў правінцыі”, што праходзіў у Смалявічах. Удзельнікі пленэру — педагогі мастацкіх школ, студый, вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Казахстана, Расіі.

/i/content/pi/cult/598/13289/8-4.jpgКалісьці фармат пленэру быў рухам наперад, а зараз часам чуеш думкі пра тое, каб ён не знік. Я ж мяркую, што пленэр — паказчык прафесіяналізму мастака: уменне перадаць атмасферу прыроды, яе стан, валоданне палітрай. Разам з тым, можна налічыць пэўную колькасць мастакоў ( і немалую), якія ўжо даўно не пішуць на прыродзе. Перад іх вачыма не духмяны лес, возера, у якім плёскаецца рыба, а вокны майстэрні ды фотаздымкі… І вось гэта мяне пужае.

Вядома, карціны розных мастакоў не могуць быць аднолькавымі, нават калі напісаны яны з адной натуры: тэхніка і стыль заўсёды будуць “маркерамі”. І калі звярнуцца да імпрэсіяністаў, — першых пленэршчыкаў, то ў кожнага з мастакоў, згадаем, напрыклад, Клода Манэ, Агюста Рэнуара, Каміля Пісаро, была свая манера і пазнавальны стыль. Вось і на выставе “Лета ў правінцыі” амаль што няма аднатыпных работ. Некаторыя з прадстаўленых запомніліся ў большай ступені, некаторыя — у меншай. На што звяртала ўвагу? На стыль мастака ды на розныя колеравыя спалучэнні. На адчуванне адценняў і ўменне перадаць няўлоўнае, зменлівае.

Прадстаўленыя эцюды збольшага напісаныя алеем, але ёсць некалькі акварэльных работ, сярод якіх хочацца адзначыць Івана Цяраева. У работах Наталлі Шапавалавай і Наталлі Камінскай добра перададзены агульны стан, абраны ўдалыя ракурсы ды тэхніка. Пленэрныя работы Леаніда Гоманава і Людмілы Храмцовай — у мяккай колеравай гаме. Запомніліся шырокія гарызантальныя мазкі Леаніда, дзякуючы якім карціны набываюць гучанне, ёсць у гэтых адценнях ціхая мелодыя. Адразу пазнала па стылі работы Дзяніса Барсукова, у якіх ёсць штосьці недаказанае, непрамоўленае. Выявы ў творах Дзяніса не столькі зафіксаваныя, колькі адрэфлексаваныя. Адразу згадала ягоную выставу “Праспект”, прысвечаную Мінску. Думаю, мастаку варта нават пашырыць кантэкст серыяй выяў з разнастайнымі будынкамі гарадоў краіны, не пазнавальнымі архітэктурнымі помнікамі, а старымі дамамі, скверыкамі з ратондамі, драўлянай архітэктурай з разнымі рамамі, двухпавярховымі дамамі, разбуранымі будынкамі.

Зразумела, зараз пленэрнымі работамі асабліва не здзівіш: настаў час канцэптуальных праектаў. І, з аднаго боку, рэалізм, магчыма, камусьці і надакучыў. З іншага, менавіта такім чынам можна ўбачыць сапраўдную школу. Рэалізм — база, без якой мастак не можа тварыць паўнавартасна. На маю думку, гэта і ёсць стрыжань.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст