Парадокс у сакваяжы

№ 32 (1262) 06.08.2016 - 12.08.2016 г

Заўсёды прыемна згадваць работу калегі па цэху, калі зроблена яна прафесійна і дасканала. Спектакль “Чыё дзіця ў сакваяжы?” у нашым бабруйскім тэатры прыйшоўся даспадобы гледачам і стаў, можна сказаць, хітом сезона.

/i/content/pi/cult/598/13288/8-3.jpg

Сцэна са спектакля “Чыё дзіця ў сакваяжы?” / Фота Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Пакладзеная ў яго аснову п’еса “Як важна быць сур’ёзным” Аскара Уайльда — вельмі складаная для пастаноўкі. Не кожны рэжысёр здольны “ўскрыць” яе ўнутраныя канфлікты. Але запрошаны да нас Сяргей Кавальчык — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага — правёў не толькі творчую, але і вялікую педагагічную працу з маладымі акцёрамі, падрыхтаваўшы некалькі складаў.

Кожны з выканаўцаў здольны прыцягнуць гледача. Малады артыст Уладзіслаў Санаценка гратэскна грае лгуна Алджэрнона. Быць вольным на сцэне яму дапамагае заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Парфяновіч, папраўдзе віртуозны ў ролі лёкая Лэйна. Не шкадуе сатырычных фарбаў для свайго Уордзінга, яшчэ аднаго авантурыста, Павел Мікулік. Вольга Гурына малюе сваю Гвэндален сапраўднай драпежніцай. У выкананні ж Юліі Еўтушэнка тая ўвесь час знаходзіцца пад уціскам маці і не мае права на сваё меркаванне. Адпаведна, вельмі рознымі аказаліся, на мой погляд, і дзве лэдзі Брэкнэл. Гераіня Алы Грахавай гатовая прыйсці на дапамогу Уордзінгу, каб толькі яе дачка не засталася ў дзеўках. Брэкнэл жа Алены Сафронавай трымае марку халоднай, чапурыстай, разважлівай віктарыянскай асобы. Пераканаўчымі атрымаліся абедзве маладыя артысткі ў ролі Сэсілі. Марыя Агейкіна дакладна вядзе свае сцэны, добра кантактуе з партнёрамі, часам імправізуе ў рамках рэжысёрскай задачы і агульнага малюнка. Дар’і Шаршынай, якая першы год працуе ў тэатры, існаваць на сцэне больш складана, бо яшчэ не хапае вопыту, акцёрскай раскаванасці, калі прапанаванае пастаноўшчыкам робіцца сваім асабістым. Але ўсё наперадзе. Галоўнае, што ў любым выпадку дуэт Сэсілі і Алджэрнона прыцягвае прыгажосцю маладосці і юначым максімалізмам. Лёгка і гратэскна вядзе ролю гувернанткі міс Прызм Наталля Кашпур. Галіна Агейкіна, наадварот, паказвае Летыцыю рамантычнай і ранімай. Канонік Чэзюбл Анатоля Двараннікава паўстае інтэлектуалам, які вельмі пераканаўча хавае свае пачуцці да міс Прызм.

Каб праблемы герояў былі гледачу бліжэйшымі, рэжысёр асучасніў класічны сюжэт. Дзякуючы дакладным рэжысёрскім акцэнтам артысты добра даносяць да гледача своеасаблівы англійскі гумар. Асаблівай падзякі заслугоўваюць сцэнаграфія і шыкоўныя касцюмы Алы Сарокінай, галоўнага мастака згаданага сталічнага тэатра. У выніку праз гэту “легкадумную камедыю для сур’ёзных людзей”, як вызначыў сваю п’есу аўтар, даносіцца наступны філасофскі парадокс: думаючы, што хлусіць, чалавек насамрэч усё жыццё гаворыць праўду. Так што верыць ці не словам сваіх родных і блізкіх — кожны вырашае для сябе сам.

Сяргей КАРБОЎСКІ, рэжысёр-пастаноўшчык Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча