Беларуская мова і чартапалох

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Даю цытату (амаль): “Ужо многа гадоў нас папікаюць за тое, што мы па-беларуску не чытаем і што большасць з нас не ўмее выказвацца і гаварыць на роднай мове. Справа ў тым, што мы і рады чытаць па-беларуску, але славеснасць наша вельмі абмежавана. Яна, зразумела, прадстаўлена некалькімі цудоўнымі паэтамі, але нельга патрабаваць ад чытачоў выключнай заахвочанасці паэзіяй. У прозе мы маем некалькі найцікавых раманаў, між тым як у той жа ... кнігі адна цікавейшая за другую выходзяць у свет. Мы не надта бачым і добрыя пераклады, але многія аддаюць перавагу арыгіналу. Часопісы нашы цікавыя больш за ўсё літаратарам. Чытачы і наогул ўвесь народ паведамленні і навіны, простыя чалавечныя паняцці чэрпаюць з кніг чужаземных, такім чынам і думаем (мыслім) мы на мове іншаземнай (ва ўсялякім разе тыя, якія сочаць за думкамі чалавечага роду)...”

Гэты абзац не я прыдумала. Тыя думкі выказаныя амаль 190 гадоў таму Аляксандрам Пушкіным у аповесці “Рослаўлеў” пра становішча на той час рускай мовы і літаратуры. Канечне, я гэты абзац пераклала на беларускую мову, падправіўшы “па-беларуску” замест “па-руску” і дадаўшы шматкроп’е замест “Францыі”. Але як жа сугучна напісанае класікам калісьці са становішчам мовы і літаратуры ў нашай краіне. Цяпер усе скрозь гавораць па-руску і не верыцца, што ў XIX стагоддзі дваране ад мала да вяліка гаварылі толькі па-французску, што сам паэт мала калі пераходзіў на рускую мову, што пісьмы пісаў і жонцы і сябрам у асноўным па-французску. Ужо даўно мусіруюць (больш за ўсё інтэлігенцыя) слова “трасянка”, не задумваючыся, што гэта проста неразумна. Класікі рускай літаратуры Пушкін, Леў Талстой і іншыя, атрымліваецца, таксама пісалі на руска-французскай трасянцы.

Ды горшае становішча было сорак гадоў таму, калі я была студэнткай. Тады студэнты былі ў большасці з перыферыі, беларуская мова — іх родная, і яны яе саромеліся. Стараліся перавучыцца, “рюсили”, падладжваючыся пад гарадскіх, баючыся ўчуць ад іх пра сябе абразлівае: “калхоз”, “дзярэўня”. Праз некалькі гадоў навучання прыезджыя па-руску ўжо гаварылі не горай за гарадскіх. Ды нават і не ў мове справа. Я неяк аналізавала, хто дзе апынуўся праз гады з тых, з кім я вучылася. Найбольш выбітныя аказаліся якраз выхадцы з вёсак, якія з дзяцінства прывыклі да цяжкай сялянскай працы і мелі прагу да навучання, да ведаў — якраз яны цяпер займаюць высокія пасады па прафесіі.

У цяперашні час становішча, канечне, змянілася, і, я магу сцвярджаць, да лепшага. На калідорах Нацыянальнай бібліятэкі я чую беларускую гаворку ад маладых людзей, студэнтаў. Калі супрацоўнік гаворыць па-беларуску, у адказ амаль заўсёды гэтак жа адказваюць і яму. Мала таго, у калідорах бібліятэкі, дзе акустыка як каля Нёмана, гавораць па мабільных тэлефонах на беларускай мове, і адчуваецца ў гэтай гаворцы гонар за мову. У рваных джынсах, з пірсінгамі, з дрэдамі на галаве — і вось на табе, беларуская мова. У гэтым праяўляецца нейкі свайго роду кіч, але кіч усё ж культурна-інтэлектуальны. Гэта паказчык, ды яшчэ які станоўчы, у пад’ёме нацыянальнай свядомасці выбітнай моладзі Беларусі.

Але чытаючы творы беларускіх пісьменнікаў (асабліва маладых, хаця і не толькі), я прыходжу да высновы, што многія з іх не спрыяюць развіццю беларускай мовы, а нават шкодзяць ёй, уводзячы ў свае творы проста абсурдныя выразы і словы. Гэта выдуманая, штучная мова. Напрыклад, “замовіць білет на самалёт”. Чаму не заказаць білет? Замовіць можна рожу, замовіць слоўца за каго-небудзь (у сэнсе заступіцца). Ці слова “распавесці”, якое як чартапалох прыляпілася амаль у кожнай сучаснай публікацыі. Яшчэ Янка Брыль абураўся, пішучы ў кнізе і мне асабіста кажучы, як гэта не натуральна для беларускай мовы. Потым шырока скарыстоўваюць яшчэ і слова “лядоўня” — халадзільнік. Здаўна лядоўня была амаль у кожнага ў вёсцы. Выкопвалі яму, зімой рэзалі на рацэ лёд. Трамбавалі яго ў гэтую яму, рабілі будан і цэлае лета клалі туды харчы. І калі было, напрыклад, холадна ў хаце, казалі: “У хаце проста лядоўня”. Мову ператварылі ў тую, якую немагчыма чытаць: “раўналеткі” — аднагодкі, “вылекаваўся” — вылечыўся, “марозіва” — марожанае, “лазенка” — ванная, “варыльня” — кухня, “іспыты” — экзамены, “вучэльня” — інстытут ці акадэмія, “пераляк” — перапалох, “гаўбец” — балкон, “асадка” — ручка, “ангельская мова” — дзе тыя ангелы, што гавораць на гэтай мове?

І яшчэ. Пра Таварыства беларускай мовы. Чытаю ў інтэрнэце: “За гады сваёй дзейнасці ТБМ дасягнула значных поспехаў у пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве”. Узнікае пытанне, як можна дасягнуць пашырэння ўжывання мовы? Выходзіць, трэба сабрацца і разважаць, як гэта прыгожа, культурна і прыстойна — размаўляць на беларускай мове. Пасля гэтага прыйдзе чалавек дадому і адразу загаворыць па-беларуску. Як пісаў Леў Талстой пра таварыства ананімных алкаголікаў, каб не піць, не трэба збірацца ў суполкі, трэба проста паасобку не піць. Так і тут — нашто мяне і кожнага агітаваць, калі я і так размаўляю і пішу па-беларуску. А калі да мяне звяртаюцца на рускай мове — я на гэтай мове і буду адказваць. Так патрабуе этыкет. І не буду дэманстраваць веданне беларускай мовы і ставіць у няёмкае становішча суразмоўцу.

Калі ж зачытваць вершы членаў таварыства, то толькі даб’ешся адваротнага. Зразумела, не ўсіх паэтаў. “...адзін натоўп, а не народ, не нацыя...” — гэта пра сучасны беларускі народ. “І думала напэўна прадавачка: “Няйначай, зноўку горад захапілі беларусы...” (З кнігі “Аднойчы вечарам: вершы тэбээмаўскіх паэтаў”). Такі абсурд, што нават разважаць не хочацца.

Дарэчы, колькі жыву ў сталіцы, дзе б што ні купляла — за маю беларускую мову на базары яшчэ і скідку даюць. У народзе жыве настальгічная памяць мовы, і, як я казала вышэй, праяўляецца гэта цяпер у дзецях і ўнуках. На маю думку, “дасягаць поспехаў у пашырэнні ўжывання беларускай мовы” трэба не перакананнямі, а справай. Ведаю банкіраў, прадпрымальнікаў, палітыкаў, дыпламатаў, якія цудоўна валодаюць мовай. З такіх людзей моладзь бярэ прыклад.

Таiса СУПРАНОВIЧ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі