Дзе гэта ўсё?

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Паважаная рэдакцыя, дзякуй вам за публікацыю “Спальваў у попел свае сэрца і душу” (№ 12) пра цікавага нашага мастака Леаніда Лапчынскага. Неяк на пачатку 1970-х я сустракаў яго на беразе ракі Свіслач у раёне вуліцы Аранская, калі ён там рабіў свае замалёўкі… Было цікава назіраць, як мастак малюе, як з-пад яго пэндзля раптоўна ўзнікае карціна краявіду берага ракі Свіслач і драўляных хатак, якія стаялі сярод садочкаў і кветак. Такія людзі сапраўды нясуць у сэрца і душу нешта добрае і светлае, і за гэта яму доўгая і светлая памяць… Хто ведае, можа, у гонар Лапчынскага з’явіцца і вуліца ў сталіцы.

Дарэчы, ёсць у нас паміж праспектамі Партызанскім і Ракасоўскага цэлы квартал з назвамі вуліц у гонар рускіх мастакоў: Айвазоўскага, Сярова, Грэкава, Васняцова, Шышкіна. Як аматар мастацтва я паважаю творчасць гэтых асобаў, і няхай назвы гэтых вуліц і надалей захоўваюцца. Але ці ёсць у нас вуліца ў гонар, скажам, народнага мастака Івана Ахрэмчыка? А вуліца народнага мастака, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага? Відаць, нездарма ў свой час апошні так хваляваўся пра культуру адносін паміж людзьмі і эстэтычнае выхаванне маладога пакалення. Дзе гэта ўсё? Можа, у Год культуры мы неяк інакш паспрабуем адносіцца да нашай роднай Беларусі? Бо жыццё чалавечае — адно маленькае імгненне!

Уладзімір ГОЛУБЕЎ, пенсіянер