Art-reboot занядбанай вёскі

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Дыпламаваны скульптар Канстанцін Мужаў падчас сваіх перформансаў і сам падобны на антычную статую. Шпацыр пафарбаванага ў белы колер тулава па вуліцы беларускай вёскі пакідае папраўдзе незабыўныя ўражанні. Але можа здарыцца, што неўзабаве падобныя дзеі там стануць такой самай завядзёнкай, як прыезд аўталаўкі. Фестываль і кіналагер “Хранатопь. Абнуленне”, пра які “К” пісала ў адным з мінулых нумароў, пазначыў на культурнай карце Беларусі новы тапонім — Каптаруны. Яшчэ месяц таму пра яго не ведаў ніхто. Ужо ведаюць. Неўзабаве паселішча са скандынаўскай назвай можа спазнаць сапраўдную рэінкарнацыю — у якасці ўжо не простай вёскі, але “арт-“. Што гэта такое — інтэлігенцкая забаўка або сур’ёзны сацыяльны праект з вялікай будучыняй? Адказ на дадзенае пытанне ведае хіба час. Аднак, вядома, хацелася б верыць у другі варыянт.

/i/content/pi/cult/597/13281/4-1.jpg“Шпакоўня” як эрмітаж

Гэтая вёска ў Пастаўскім раёне — тыповы прыклад “уходящей натуры”. Пераважная большасць дамоў даўно закінута, гароды зараслі пустазеллем, мясцовых жыхароў можна пералічыць па пальцах адной рукі… Здавалася б, яшчэ якое дзесяцігоддзе — і тут будзе “цуд некранутай прыроды”. Але ў цёплы ліпеньскі ўік-энд у Каптарунах было як ніколі шматлюдна: фэст “Хранатопь” сабраў у “мядзвежым кутку” немалую частку сталічнай багемы.

— Думаю, сёння цэнтр беларускага арт-жыцця знаходзіцца не ў Мінску, а менавіта тут, у Каптарунах, — саманадзейна запэўнівае мастак Артур Клінаў перад тым, як у чарговы раз акунуцца ў тамтэйшае возера.

Менавіта ён стаў ініцыятарам “рэканструкцыі” вёскі ды будуе на гэты конт неверагодныя планы: спачатку правесці фэст з удзелам замежных літаратараў (“Хай яны ўбачаць зусім іншую, неўрбанізаваную Беларусь”), потым стварыць парк скульптуры і арт-рэзідэнцыю, рэгулярна ладзіць пленэры і опэн-эйры, а з цягам часу дарасці і да міжнароднага кінафестывалю. І па тым, з якім імпэтам Артур пра гэта распавядае, становіцца зразумелым, што новай задумай ён папраўдзе апантаны. Не меней, чым папярэдняй — рэбрэндынгам цэнтра Мінска, які з яго лёгкай рукі цяпер многія называюць не іначай, як “Горад СОНца”.

…А пачалося ўсё, як звычайна, выпадкова. Гады тры таму здымачная група трылера Андрэя Кудзіненкі “Хард рэбут” (камп’ютарны тэрмін, які азначае поўную перазагрузку) шукала лакацыі для ўвасаблення яго сюжэта. Кіно пра тое, як папулярны гурт (у дадзеным выпадку, “Noise MC”) вырываецца з абдымкаў цывілізацыі на прыроду, каб там “перазагрузіцца”. Аб’ехалі паў-Беларусі, але належную аўру адчулі толькі ў Каптарунах. Уласна, фільм містычным чынам і стаў пачаткам “перазагрузкі” вёскі.

— Патрапіўшы сюды, я зразумеў, што гэта сапраўдны рай, — кажа Артур Клінаў, які быў мастаком стужкі. — І адразу стаў рабіць захады, каб набыць тут дом.

Знайсці спусцелую хату аказалася няцяжка, ды і каштавала яна як сярэдні веласіпед. Што праўда, з дарогі яе было не відаць — гароды ператварыліся ў джунглі. Каб прывесці ўсё ў больш-менш чалавечы выгляд, спатрэбіўся не адзін месяц.

— Дом я набываў для сябе, але з часам з’явілася жаданне падзяліцца гэтай прыгажосцю з іншымі, — працягвае Артур Клінаў. — Узнікла ідэя даць вёсцы новае жыццё, стварыўшы тут зону свабоднага крэатыву ў розных сферах мастацтва. Я адразу зразумеў, што рэалізаваць такую задуму самастойна немагчыма, ды пачаў шукаць аднадумцаў.

Мастак стаў запрашаць гасцей. Некаторыя з іх і самі купілі дамы ў Каптарунах. Так утварылася невялічкае пакуль “кам’юніці” аднадумцаў, якое мае перспектыву пашырэння.

Ландшафтнага архітэктара Андрэя Каравянскага заспець у Каптарунах не давялося — ён цяпер шчыруе над ці не самымі знакавымі аб’ектамі Масквы. Затое яго сусед Ігар Логвінаў бывае тут рэгулярна. Прывітаўшы мяне, ён ахвотна праводзіць экскурсію па ўласным маёнтку. Інтэр’ер выглядае як узор дызайну, недасяжны для “новых беларусаў”. Пасля змены ўласніка дом захаваў сваю непаўторную аўру вясковай хаты — ніякага еўрарамонту! Толькі на сценах вісяць шляхецкія партрэты ды карціны знаёмых мастакоў. А на падворку ўжо вырасла веранда, прызначаная адмыслова для правядзення там розных імпрэзаў.

Мінаючы пару закінутых хатаў, трапляю да Артура Клінава і неўзабаве ўпэўніваюся, што ён нават у побыце рэалізуе свае мастацкія погляды. Звычайная “шпакоўня” ў яго постмадэрнісцкай інтэрпрэтацыі пераўтварылася ў класіцыстычны павільён з тэатральнымі кулісамі — нешта накшталт тых эрмітажаў (“месцаў для адасаблення”), што з’яўляліся ў магнацкіх сядзібах XVIII стагоддзя.

Неўзабаве такіх арт-аб’ектаў у Каптарунах паболее. Напрыканцы ліпеня пяцёра даволі вядомых аўтараў атрымалі магчымасць выпраменіць сваю творчую энергію ў даволі ўтылітарным рэчышчы. Вынікі пленэру, без сумневу, будуць запатрабаваныя публікай — нават незалежна ад іх мастацкай вартасці.

Агратурызм для багемы?

У рэчышчы глабальных сацыяльных і дэмаграфічных працэсаў усё гэта выглядае поўным “разрывам шаблону”. Працэс урбанізацыі на Беларусі яшчэ зусім нядаўна падаваўся незваротным: у гарады, здавалася, ад’язджалі ўсе, хто ўвогуле ў стане рухацца. Урэшце, урбанізавацца сталі і самі вёскі, актыўна засвойваючы гарадскую культуру не ў самых лепшых яе праявах.

А тут раптам такі паварот сюжэта… Дзеячы “малаўцямнага” паспалітаму люду мастацтва, якія ведаюць Кройцберг значна лепей, чым Шабаны, раптам выпраўляюцца куды Макар цялят не ганяў — на самы ўскраек Беларусі, дзе нават айчынныя мабільныя аператары “не дабіваюць”. Раней такія мастакі імкнуліся ў Парыж або хаця б у які Дзюсельдорф.

— Бегчы на захад няма сэнсу, там такія самыя гарады, як і ў нас, — з веданнем справы тлумачыць Артур Клінаў. — Толькі ў вёсцы ты можаш па-сапраўднаму адчуць жыццё, перажываць літаральна кожны яго момант, штохвіліны вяртацца да самой ягонай сутнасці. Што такое світанне ў мегаполісе? Ды нічога, ты яго нават не заўважаеш, бо паглыблены ў свае надзённыя механістычныя працэсы. Іншая справа — тут, у Каптарунах.

Варта адзначыць, што гэты дэмарш мае гістарычныя прэцэдэнты. Толькі ў суседняй Польшчы іх было некалькі. Найстарэйшы і найвядомы — тэатральны цэнтр у Гардзеніцах — распачаўся амаль сорак гадоў таму. Расчараваўшыся ў ідэях свайго легендарнага настаўніка Ежы Гратоўскага, акцёр і рэжысёр Уладзімеж Станеўскі (на той час — самы пік авангарда) з купкай аднадумцаў выправіўся ў глухую вёску ды атабарыўся ў занядбанай шляхецкай сядзібе. Праз нейкі час (што праўда, ён вымяраўся дзесяцігоддзямі) Гардзеніцы сталі Мекай для аматараў тэатра з усёй Еўропы. Заадно і сядзібу прывялі да ладу.

Важная дэталь: і ў гэтым выпадку, і ў выпадку з ініцыятывай яшчэ аднаго тэатрала Кшыштафа Чыжэўскага (пра створаны ім “Сейненскі феномен” — у № 51 “К” за 2014 г.) ініцыятыва гарадскіх культуртрэгераў ад пачатку была разлічана найперш на мясцовае насельніцтва — простых вяскоўцаў. Ці будзе настолькі ж інклюзіўнай і дзейнасць у Каптарунах — альбо арт-вёска стане аб’ектам агратурызму для сталічнай багемы?

— Многія нашы задумы разлічаны перадусім на мясцовых жыхароў, прычым мы хацелі б бачыць іх не толькі ў пасіўнай ролі гледачоў, — запэўнівае Артур Клінаў. — У прыватнасці, у нашых планах — тэатральныя майстар-класы для дзетак Пастаўшчыны, у выніку якіх павінен з’явіцца спектакль.

Без сумневу, спадзявацца на поўнае і безумоўнае паразуменне паміж прадстаўнікамі сучаснага мастацтва і вясковай культуры ў яе цяперашнім варыянце можа толькі ідэаліст. У тых жа Гардзеніцах на гэтай глебе паўстала плойма анекдатычных сітуацый. Але ў Каптарунах пакуль што праблем паміж мясцовымі ды “прыбышамі” не ўзнікае.

— Калі людзі бачаць, што ты ўсё ў сваёй хаце робіш уласнымі рукамі, яны ставяцца да цябе не як да сталічнага пана, а як да “свайго хлопца”, — кажа Артур Клінаў. — Дзякуючы гэтаму наша мінская калонія набывае аўтарытэт і пэўныя пазіцыі, інтэгруючыся ў вясковую супольнасць.

Яшчэ адно немалаважнае пытанне: якімі будуць стасункі гэтай культурнай інстытуцыі “прынцыпова новага тыпу” з мясцовымі ўладамі? Артур Клінаў запэўнівае, што сёння яны складаюцца найлепшым чынам, і арт-вёска будзе імкнуцца, каб паразуменне перарасло ў партнёрства.

— У гэтым праекце павінны быць зацікаўлены ўсе, — кажа мастак. — Ён важны для краіны ў цэлым, бо працуе на яе імідж, адкрываючы для замежных турыстаў новыя вымярэнні Беларусі, што важна для Пастаўскага раёна, бо спрыяе паляпшэнню яго культурнага клімату, важна, урэшце, для мясцовых жыхароў, бо стварае для іх новыя рабочыя месцы.

Альтэрнатыва спіртзаводу

З імі пакуль што вельмі складана, не толькі ў Каптарунах, але і ў бліжэйшым цэнтры цывілізацыі — мястэчку Лынтупы. Мясцовыя жыхары з настальгіяй згадваюць той час, калі працавала адзінае “горадаўтваральнае” прадпрыемства — спіртзавод. Без яго стала зусім цяжка. Адсюль і згаданае вышэй памкненне ўрбанізавацца.

Між тым, край гэты надзвычай цікавы — ужо хаця б таму, што памежны. Кажуць, некаторыя людзі тут гавораць на чатырох мовах — беларускай, літоўскай, польскай і рускай. А старажылы могуць і на ідыш пару словаў прамовіць.

Дарэчы, і Гардзеніцы, і Сейны таксама размешчаны ў зоне этнічнага ўзаемаўплыву — між іншым, з пэўным беларускім складнікам. У Каптарунах мяркуюць рабіць на гэты памежны фактар асаблівы акцэнт, справядліва разлічваючы, што ён будзе надзвычай прывабным для стомленых ад уніфікаванай культуры турыстаў.

Аднаўляць спіртзавод інвестары пакуль не спяшаюцца. Панацэя з’явілася з самага нечаканага боку: звычайныя гараджане ўжо далёка не ў першым пакаленні актыўна скупляюць занядбаныя вясковыя дамы ды наноў засвойваць забытыя яшчэ іх далёкімі продкамі навыкі гаспадарання.

— Гэта вытлумачальна, бо ўласная зямля для кожнага беларуса — паняцце бадай анталагічнае, — разважае Артур Клінаў. — Згадайма хаця б лецішчы, якія і дасюль маюць характар нацыянальнай хваробы. Але ў савецкія часы чалавек большага сабе не мог дазволіць, а калі з’явілася магчымасць вяртання да хутарскога жыцця…

У ваколіцах Лынтупаў такіх “панаехаўшых”, здаецца, ужо ці не болей, чым мясцовых жыхароў, і завітаўшы ў мясцовае “сяльпо”, ты лёгка можаш сустрэць там вядомую персону.

— А тут няма нічога дзіўнага, калі ўлічыць, што і ў міжваенны час у гэтых мясцінах збіралася багема з усёй Другой Рэчы Паспалітай, — кажа архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік, заспеты акурат у такой сітуацыі.

І добра, каб гэтыя людзі былі проста “дачнікамі”! Але ж за кубкам кавы яны няспынна абмяркоўваюць ідэі па рэвіталізацыі ўсяго Лынтупскага краю ды пераўтварэнні яго ў сапраўдную цукерку для аматараў культурнага турызму. Ды і не толькі абмяркоўваюць… Адпаведна, Каптаруны павінны стаць адным са складнікаў маштабнага, прынцыпова новага і надзвычай перспектыўнага праекта. Які, зрэшты, вымагае асобнай гутаркі.