Што дае нам Кодэкс?

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Як у старадаўнія часы на нашых землях калісьці нарадзілася першая на еўрапейскай прасторы Канстытуцыя — Статут ВКЛ — так і сёння краіна Беларусь стала першай у свеце, дзе з’явіўся яшчэ адзін унікальны гістарычны дакумент, які не мае аналагаў. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў прыняты Палатай Прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры. Выпуск грандыёзнага выдання будзе ажыццяўляць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі краіны. Падпісанне беспрэцэдэнтнага дакумента выклікала шмат водгукаў найперш дзеячаў нацыянальнай культуры. Адзін з іх мы сёння і друкуем.

/i/content/pi/cult/597/13276/2-1.jpgПа-першае, больш сістэмнасці ў заканадаўстве. Нормы большасці законаў і падзаконных нарматыўна-прававых актаў, якімі кіраваліся бібліятэкі, уключаныя ў склад Кодэкса, структураваныя, сістэмна скампанаваныя. Дзесьці выключанае дубляванне, дзесьці закрытыя лакуны ў заканадаўстве.

Па-другое, зручнасць. Цяпер замест вялікай колькасці розных нарматыўна-прававых актаў, зацверджаных Прэзідэнтам, Палатай прадстаўнікоў, Міністэрствам культуры ці іншым дзяржаўным органам — замест усяго гэтага мы маем адзін Кодэкс, у якім па магчымасці сабрана ўсё разам.

Па-трэцяе, стабільнасць заканадаўства. У 1990 — 2000-я заканадаўства змянялася досыць часта, некаторыя акты перапісваліся ледзь не штогод. Сёння ж мы нарэшце выпрацавалі не скажу дасканалую, але досыць якасную сістэму заканадаўчага рэгулявання сферы культуры. Усе разумеюць, што мяняць Кодэкс кожны год ужо не атрымаецца і гэты дакумент надоўга. Таму дадзены фактар улічваўся пры яго распрацоўцы.

Па-чацвёртае, самадастатковасць і магчымасць пахваліцца, што мы першыя. Гэта таксама важна. Распрацоўкай Кодэкса аб культуры Беларусь паказала, што не ідзе следам за кімсьці і не паўтарае ўсе заканатворчыя ініцыятывы іншай краіны, а мае ўласную палітыку ў гэтым кірунку.

Калі ж казаць пра канкрэтыку блізкай мне бібліятэчнай справы, то ў Кодэксе даволі шмат розных дэталек і важных рашэнняў: пачынаючы ад тэрмінасістэмы і заканчваючы канкрэтнымі механізмамі кіравання асобнымі напрамкамі работы.

Алесь СУША, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

 

Дзвесце семдзесят дзве законныя старонкі

Друкарскае аблічча Кодэкса аб культуры

Неўзабаве Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь пачне выпуск Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры. Мы пацікавіліся ў начальніка ўпраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ згаданай установы Наталлі СУДЗІЛОЎСКАЙ пра адметнасці гэтага вытворчага працэсу.

— Асаблівых складанасцяў у рабоце з тэкстам Кодэкса пры падрыхтоўцы яго да выдання не ўзнікала, — паведаміла Наталля Валер’еўна. — Па той простай прычыне, што гэтаму папярэднічалі сур’ёзныя шчыраванні спецыялістаў Міністэрства культуры, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі. У выніку дакумент аб’яднаў ужо дзеючыя нарматыўныя прававыя акты рознай юрыдычнай сілы, якія рэгулююць сферу культуры. У прыватнасці, гэта нормы законаў “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь”, “Аб бібліятэчнай справе”, “Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах)”, “Аб творчых саюзах і творчых работніках”, “Аб кінематаграфіі”, “Аб музеях і Музейным фондзе”, “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Пасля ўступлення Кодэксу ў жыццё будзе прызнана, што яны страцілі сілу.

— Колькі слоў пра шлях выдання да чытачоў.

— Кодэкс — гэта перш за ўсё прававая інфармацыя. Перад тым як ён трапіць у рукі чытача, патрэбна ягоная рэгістрацыя ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і афіцыйная публікацыя на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь. Кодэкс зарэгістраваны ў рэестры 27 ліпеня. Афіцыйная публікацыя плануецца на www.pravo.by 2 жніўня бягучага года. А ўступае ў сілу Кодэкс, як вядома, 3 лютага наступнага года. Дарэчы, гэта першы Кодэкс на беларускай мове.

— Ахарактарызуйце, калі ласка, будучае выданне.

— Гэта 272 старонкі, у тым ліку і алфавітна-прадметны ўказальнік, які дапаможа чытачу хутка знайсці той ці іншы тэрмін у Кодэксе. Указальнік распрацаваны спецыялістамі нашага Цэнтра. Кнігка такога аб’ёму будзе важыць прыкладна 350 грамаў. Выданне будзе выканана на паперы добрай якасці. Пераплёт — цвёрды з залатым цісненнем на вокладцы. Такі дызайн — традыцыйны для НЦПІ. Колер бумвінілу (пераплётнага матэрыялу для вокладкі) выбраны белым. Чаму? Таму, што наша беларуская культура — гэта заўжды асацыяцыі са светлым, чыстым, святочным.

— Якім будзе наклад?

— Плануецца, што пяць тысяч экземпляраў. Чытацкая аўдыторыя выдання — аддзелы і ўпраўленні выканкамаў, што займаюцца культурай; натуральна — бібліятэкі, клубы, музеі, тэатры, школы мастацтваў. Інакш кажучы — арганізацыі адпаведнай сферы.

— А хто канкрэтна з вашых работнікаў уцягнуты ў вытворчы працэс?

— Вельмі многія спецыялісты. Не толькі вярстальшчыкі, рэдактары, карэктары, але нават і маркетолагі, прадстаўнікі бухгалтэрыі, нашых рэгіянальных цэнтраў прававой інфармацыі, на якія ўскладзена вырашэнне пытанняў распаўсюджвання друкаванай прадукцыі…

— І ў якой стадыі знаходзяцца работы?

— Зараз рыхтуецца арыгінал-макет выдання. Ён будзе здадзены ў друкарню пасля афіцыйнай публікацыі Кодэксу аб культуры.

— Калі можна будзе набыць кнігу?

— У другой палове жніўня выданне можна будзе прыдбаць у кніжнай гандлёвай сетцы, у НЦПІ, у рэгіянальных цэнтрах прававой інфармацыі (яны ёсць у кожным абласным горадзе), а таксама — у інтэрнэт-краме pravo.reshop.by.

Яўген РАГІН

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"