“Студня”, якая не абмялее

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Лагістыка брэнда
За сваю журналісцкую практыку я меў шчаслівую магчымасць пабачыць культурныя імпрэзы ў розных мясцінах Беларусі. Віцебскі фестываль “Славянскі базар”, бабруйскі “Вянок сяброўства”, пастаўскі “Звіняць цымбалы і гармонік”, дубровенскі “Дняпроўскія галасы”, а яшчэ святкаванні Дня пісьменства, урачыстасці ў гонар надання гарадам статусу Культурнай сталіцы, Дні горада, кірмашы з канцэртнай праграмай і іншыя, часам нават не ведаю, як дакладна іх вызначыць і правільна назваць.

/i/content/pi/cult/597/13274/4-28.jpgАкрэдытаваны журналіст на такіх імпрэзах — асоба прывілеяваная. Ён можа быць упэўненым, што яго накормяць-напояць; калі будзе патрэба, паселяць у гасцініцы, прадаставяць транспарт; у зале, дзе адбываецца відовішча, пасадзяць так, каб усё было відаць; забяспечаць патрэбнай інфармацыяй, прыставяць памагатага, адораць сувенірамі. Прасцей кажучы, створаць максімальна камфортныя ўмовы для працы.

Іншая рэч — прыехаць на фестываль у якасці звычайнага, незаангажаванага, госця… Першая праблема, з якой сутыкнешся: дзе размясціцца? Будаваць вялікія гасцініцы ў малых гарадах нерэнтабельна: большую частку года яны будуць стаяць незапоўненыя. А ў дні фестывалю выразна адчуваецца дэфіцыт здымнага жытла. Выйсце з гэтай сітуацыі я бачу ў задзейнічанні для размяшчэння гасцей на час фестываляў прыватнага жытла, аграсядзіб. Колькасць наведвальнікаў фэсту можна павялічыць за кошт тых, хто адпачывае ў навакольных санаторыях і пансіянатах. Дзеля гэтага арганізатарам фестывалю трэба правільна выбудоўваць лагістыку, загадзя дамаўляцца з турыстычнымі фірмамі і ўвогуле сур’ёзна падвысіць якасць планавання ўсяго комплексу фестывальных мерапрыемстваў. Па магчымасці мінімізаваць неспадзяванкі. Можа, дзе такое ўжо і робіцца, але асабіста я не бачыў.

Арганізацыя — справа важная, але галоўнае ўсё-такі ідэя, дзеля рэалізацыі якой выдаткоўваюцца сродкі і рупяцца людзі. Варта калі-нікалі ставіць пытанне, навошта ўвогуле патрэбны той ці іншы фестываль, для каго ён ладзіцца? Лінію на тое, каб кожная мясцовасць выяўляла сваю адметнасць, мела свой брэнд, ніхто не адмяняў, і яна абсалютна правільная. Хай будзе шмат фэстаў — раённых, местачковых, вясковых. Бо ў Беларусі ў культурнай сферы не павінна быць падзелу на сталіцу і правінцыю. Людзі, незалежна ад месца жыхарства, маюць права на псіхалагічны камфорт, абавязковым чыннікам якога з’яўляюцца святочныя імпрэзы. Вось толькі варта акрэсліцца адносна статусу ўсіх гэтых фестываляў і відовішчаў. Відавочна, што не кожная мясцовая адметнасць пацягне на рэгіянальны ўзровень, не кожны рэгіянальны брэнд спрацуе ў маштабе краіны. Жадаеш мець прыстойнае дзяржаўнае фінансаванне імпрэзы і прыватныя інвестыцыі ў яе — прапануй нешта крэатыўнае. Нешта такое, што відавочна будзе мець шырокі розгалас у краіне, будзе спрыяць прэстыжу Беларусі ў вачах свету.

Абсалютная большасць нашых раскручаных фэстаў канцэптуальнай асновай маюць народнае мастацтва і этнаграфію. Тое, што памятаем свае карані — фактар станоўчы, але каб сцвердзіцца ў сучасным свеце, гэтага недастаткова. Зрэшты, трэба разумець, што Беларусь — не скансэн нейкі, не этнаграфічны музей памерам з краіну, не рэзервацыя “абарыгенаў”, што самаізаляваліся ад уплыву цывілізацыі. Беларусь — сучасная, дынамічная краіна. Да таго ж, нямала нашых суайчыннікаў сцвердзіліся за межамі Бацькаўшчыны рознай вагі ўнёскам у сусветную цывілізацыю. Гэта палітыкі, людзі навукі і культуры. На сёння, бадай, самы вядомы ў свеце ўраджэнец Беларусі — Марк Шагал. Пры тым, што і зараз шмат ахвочых ігнараваць беларускія грунт і сутнасць творчасці гэтага класіка ХХ стагоддзя, выкрэсліць яго з беларускага кантэксту і залічыць у іншы.

Ва ўсім свеце прынята ганарыцца сваімі землякамі, якія зрабілі нешта значнае, патрэбнае ўсяму чалавецтву. Нават калі гэтыя асобы працавалі не на роднай зямлі, дома іх усё адно шануюць. Нагадаю некаторых ураджэнцаў нашага краю, якія рэалізоўвалі свой талент у іншых краінах.

З Беларусі родам славуты аўтакуцюр’е, чалавек, якога называюць “Ле Карбюз’е аўтапрома” Жак (Якаў) Саўчык. Нарадзіўся напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Койданаве, у яўрэйскай сям’і. Меў прафесію чырвонадрэўшчыка. Лёс занёс Якава Саўчыка ў Францыю. Перабраўшы шэраг заняткаў, стаў працаваць з аўтамабілямі. Першыя з іх ўяўлялі з сябе механізм, кузаў-апранаху для якога кожны ўладальнік рабіў на свой густ. Саўчык здолеў зразумець, што за аўтамабілем будучыня. Ён адкрыў майстэрню, дзе рабіліся кузавы і салоны аўтамабіляў. Справы хутка пайшлі ўгору. Саўчыку сталі замаўляць VIP-асобы. Сёння ягоныя працы лічацца шэдэўрамі дызайну.

Іда Розэнталь — вынаходца сучаснага бюстгальтара, нарадзілася ў Ракаве. Вынаходніцтва, якому хутка сто гадоў і якое навечна замацавала за ёй месца ў гісторыі матэрыяльнай культуры, здзейсніла ў Злучаных Штатах. Яна распрацавала эрганамічна дасканалую канструкцыю, сегменты якой можна вар’іраваць у залежнасці ад анатамічных асаблівасцей. Зноў такі, шэдэўр дызайну.

Родам з Талочына Ірвінг Берлін (Ізраіль Бейлін), славуты амерыканскі кампазітар, аўтар неафіцыйнага гімна Злучаных Штатаў Амерыкі “Божа, блаславі Амерыку!” (гэта штосьці накшталт “Широка страна моя родная…”).

Калі б згаданыя райцэнтры — Койданава (Дзяржынск), Ракаў, Талочын — здолелі зладзіць фэсты ў гонар сваіх славутых землякоў, яны, безумоўна маглі б разлічваць на сур’ёзную спонсарскую падтрымку. Да ўдзелу ў фэсце ў гонар Якава Саўчыка мог бы прычыніцца ўвесь беларускі аўтапром. Постаць Іды Розэнталь магла б зацікавіць у якасці гістарычнага брэнда “Мілавіцу”. Ды і Талочын можа прыдбаць турыстычную прывабнасць праз імя стваральніка амерыканскага народнага гімна.

Калі пільна ўгледзецца ў навакольны свет, дык высветліцца, што ніводная вартая справа ў свеце не абыходзілася без беларусаў. Сама ж Беларусь у такім кантэксце становіцца падобнай на студню, з якой колькі ні бяры вады, а яна не мялее. Гэта добры брэнд для краіны.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"