Нястрашны гендар: дырэктарка і дывергентка

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Пішучы пра сферу культуры, не раз сутыкнешся з назвамі пасад: мастацкі кіраўнік гурта, дырэктар сельскага клуба, загадчык аддзела, намеснік загадчыка… А між іншым, большую частку гэтых пасад займаюць жанчыны. І, падавалася б, у такіх выпадках больш рацыянальна пісаць кіраўніца, дырэктарка, загадчыца, намесніца. Але не ўсё так проста.

/i/content/pi/cult/597/13272/5-1.jpgПа правілах літаратурнай беларускай мовы афіцыйныя пасады называюцца ў мужчынскім родзе. Ужываюцца фемінітывы, ці фемінізмы (розныя навукоўцы кажуць па-рознаму; у любым выпадку гэта словы жаночага роду, якія з’яўляюцца парнымі да аналагічных “мужчынскіх” паняткаў), калі размова ідзе аб асобе, што займае пасаду, у неафіцыйных дакументах і калі пасада не называецца цалкам. Гэта значыць, што трэба напісаць “дырэктар Ёцавіцкага Дома культуры Марыя Іванаўна Лукашэвіч”, але можна “дырэктарка прыйшла на працу”.

Такая сітуацыя паказвае кансерватызм мовы афіцыйных дакументаў: ужо даўно жанчыны засвоілі кіруючыя пасады, але ў моўнай практыцы гэта не заўсёды адлюстроўваецца. Між тым, па ўсім свеце дзякуючы заваёвам фемінісцкага руху ў грамадскім жыцці адзначаецца і фемінізацыя мовы — тэндэнцыя перадаваць назвы пасад, прафесій, нацыянальнасцей і іншых найменняў назоўнікамі жаночага роду, калі размова ідзе аб жанчынах. Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што паралельна ідзе пошук мужчынскіх адпаведнікаў (маскулінізмаў) для назваў “жаночых” прафесій. У беларуска- і рускамоўнай прасторы такія спробы ўспрымаюцца часта са смехам: ну, што такое “доктарка”? У нас на вёсцы казалі “дактарыха”, дык што, цяпер і так можна? Тады як: “таварыш дактарыха”? “Спадарыня доктарка”? А “медбрат”? А няня-мужчына — ён хто, “нянь”? Карыстальнік “Фэйсбука” Юра Сідун неяк пажартаваў: “Калі дзяўчына — фея, то яе хлопец — усяго толькі фейк. Але і маленькія феі — таксама ўсяго толькі фейкі”. І такіх анекдотаў утвараецца безліч.

Што думаюць сацыялінгвісты і філолагі

На Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне сацыялінгвіст Уладзіслаў Іваноў пракаментаваў сітуацыю так: “Ужыванне фемінізмаў і маскулінізмаў — гэта справа звычкі, грамадскіх традыцый. Спачатку можа быць смешна, нязвыкла. Але ж нас не засмучае, напрыклад, што беларуска — такая ж грамадзянка Беларусі, як беларус. З падвышэннем гендарнай адчувальнасці ў грамадстве яна падвышаецца і ў мове. Напрыклад, назву фільма “Дывергент” пераклалі ў мужчынскім родзе ў Расіі і следам за ёй у Беларусі. Там жа галоўная гераіня — дзяўчына! То мусіла быць “Дывергентка”, як шмат дзе ў Еўропе, у жаночай форме. І гэта ж не адзіны выпадак, сістэмна так робіцца!”

Ад розных даследчыкаў даводзілася чуць, што гнуткасць у справе “фемінізаванага” і “маскулінізаванага” словаўтварэння характэрная для беларускай мовы нашмат больш, чым для рускай. Працэсы працягваюцца нават у рускамоўным гарадскім асяродку: не завуць у Расіі школьных настаўніц ні “русіца”, ні “трудавіца”, ні “матэматыца” — гэта чыста беларуская з’ява. “Часта фемінізмы і маскулінізмы фіксуюцца даваеннымі слоўнікамі, — кажа Уладзіслаў Іваноў, — а ў пасляваенны час… кудысьці знікаюць. Напрыклад, цудоўнае слова “рукадзельнік”. Цалкам сабе жывая форма ў 1920-х. А потым нейкі навуковец падумаў, мабыць, што непрыгожа гучыць, ці што рукадзеллем у нас толькі жанчыны займаюцца — і цяпер у літаратурнай беларускай засталася толькі “рукадзельніца”.

Філолаг Аляксандр Пяршай казаў аб “уладзе аўтарытэту акадэмічных ведаў на постсавецкай прасторы”. У нашым выпадку — быццам бы тое, што зафіксавана ў слоўніках, — і ёсць адзіна правільны варыянт мовы. Але ж і праўда, чаму не назваць майстра рукадзельнікам? Хіба пляценне кошыкаў ці кавальства — менш рукадзелле за ткацтва і вышыўку? Тым больш слова дасюль бытуе ў дыялектнай мове; давялося пачуць ад бабулі ў Талачынскім раёне літаральна некалькі месяцаў таму: “Ай і рукадзельнік жа быў мой хазяін! Усё ўмеў. Хоць характар паганы-паганы…”

Каго пакрыўдзілі дзяячка з мастачкай

Калі казаць аб практыцы словаўтварэння, то неяк склалася, што фемінітыўныя суфіксы ўспрымаюцца з пэўнай перасцярогай і нават варожасцю, нават нейтральнае “-ка”. Падавалася б, што крыўднага можа быць у “мастачцы” ці “дзяячцы”? Але гендарныя актывісткі, спрабуючы даследаваць беларускі арт-рынак, сутыкаліся з тым, што мастачкі прасілі, каб іх звалі “мастакамі”. А Уладзіслаў Іваноў распавядаў пра выпадкі, калі беларускі абражаліся тым, што іх у эмігранцкай беларускамоўнай прэсе назвалі “грамадскімі дзяячкамі”, і хацелі быць “дзеячамі”. На жаль, калі стагоддзямі ўсе заўважныя, істотныя і добра аплочвальныя месцы ў грамадстве займалі мужчыны, жанчына, трапіўшы на такую пасаду, не хоча, каб яе дасягненні былі “зніжаныя” фемінітыўнай формай. Хаця зноў жа — дзе “зніжэнне”? Хіба ў канатацыях ды галовах.

Такі гендар — справа тонкая. Пісьменніца Святлана Курс (раней Ева Вежнавец, аўтарка ў тым ліку кнігі “Шлях дробнай сволачы”, зборніка аповедаў пра жыццё сучаснай беларускай жанчыны, зробленых у феміністычным ключы) адкаментавала ў “Фэйсбуку”: “Я за фэмінітывы і за наваствораныя таксама, але “крытыкесу” не люблю”. З ёй пагаджаецца паэтка Наста Захарэвіч: “А я ўвогуле створаныя праз суфікс ”ес” не надта люблю”. Літаратуразнаўца Ганна Кісліцына, вядомая сваімі фемінісцкімі поглядамі, падцвільвае: “А сама кім хочаш называцца — празаесай, празайкай ці празайчыхай?”

Што рабіць з прадавачкай і медбратам

У цяперашняй моўнай сітуацыі можна і трэба шукаць фемінізмы ды маскулінізмы: у старых слоўніках, дыялектнай мове, выданнях беларусаў замежжа. Не грэх і прыдумаць неалагізм, калі ён не пярэчыць правілам беларускага словаўтварэння. Варта толькі памятаць, што некаторыя фемінітыўныя суфіксы могуць пазначаць не жанчыну пэўнай прафесіі ці пасады, а жонку мужчыны з такой прафесіяй. А вось пытанне мілагучнасці, мабыць, павінны вырашаць моўныя камісіі, бо тое, што слова не падабаецца аднаму чалавеку, — не нагода выключаць яго з ужытку. З вядомых нам прыкладаў: такія камісіі дзейнічаюць у Літве, Францыі, Швецыі. У Францыі, праўда, найбольш чуваць пра змаганне з англіцызмамі. У Швецыі камісія сама выдумляе неалагізмы і зацвярджае прапанаваныя насельніцтвам. Выходзіць адмысловы часопіс “Sprak” (“Мова”). У Літве “моўная інспекцыя” сочыць у тым ліку за тым, каб у публічнай прасторы выкарыстоўваліся формы адпаведнага роду. У літоўскай мове словы фемінізуюцца і маскулінізуюцца аўтаматычна. Парадокс, але адзінае слова, для якога няма формы жаночага роду — “modelis” (“мадэль”).

Ужываючы словы жаночага роду, калі кажам аб жанчынах, і мужчынскага, калі аб мужчынах, нават калі формы спачатку здаюцца дзіўнаватымі, мы спрыяем замацаванню такога словаўжывання. Такім чынам узбагачаецца мова і робіцца маленькі крок у бок гендарнай роўнасці, калі фемінітывы перастаюць успрымацца як крыўдныя.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"