Той дзень і 22 гады...

№ 17 (835) 26.04.2008 - 02.05.2008 г

23 красавіка ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыста прайшлі фінальныя мерапрыемствы 22-ой творчай і сацыяльнай акцыі “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця”.

 /i/content/pi/cult/159/1327/Toj-dzenj1.jpg

Народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок,

кіраўнік праграмы “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця” Кацярына Копелева і начальнік Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Чэрнікаў.
Поруч з прафесійнымі артыстамі (Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, ансамблі “Купалінка”, “Свята” і многія іншыя) сваё майстэрства прадэманстравалі юныя таленты з пацярпелых ад радыяцыйнай навалы раёнаў.

Ігар Лучанок нават адклаў адзін са сваіх канцэртаў, каб павітаць чарнобыльскіх дзяцей на філарманічнай сцэне...

Катастрофа на ЧАЭС не зламіла духоўнай сілы нашай нацыі. Бяда згуртавала народ. У пацярпелыя раёны накіраваліся самыя яркія айчынныя выканаўцы і творчыя калектывы. Мінуў час. Зарунела новае пакаленне моладзі, якую далучыла да нацыянальнага мастацтва шчырая дабрачыннасць “Дарогі жыцця” пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях краіны...

Пра зараджэнне гэтага унікальнага праекта, ягонае развіццё і сённяшнюю яву распавядае “К” загадчыца залы “Прэм’ера” ЦК БРСМ і кіраўнік праграмы “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця” Кацярына КОПЕЛЕВА.

— Кацярына Іванаўна, як 22 гады таму першая сцежка “Шляху” ператварылася ў сапраўдную “Дарогу жыцця”?

— Напэўна, нашы чарнобыльскія раёны і мая, ужо адселеная, вёска Ушакі на Чэрыкаўшчыне былі б надта абдзеленымі лёсам і Богам, калі б у студзені 1987 года ў асяродку нашых музыкаў і артыстаў не нарадзілася ідэя аб правядзенні канцэртаў у забруджаных зонах Беларусі... Часта пытаюцца, хто аўтар назвы — “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця”. Ігар Лучанок, што стаяў ля вытокаў акцыі, кажа, што прыдумала яе я. Не памятаю. Відаць, па сціпласці Ігар Міхайлавіч адмаўляецца ад аўтарства. А хутчэй за ўсё, назва з’явілася сама па сабе менавіта ў тых раёнах Гомельшчыны, Магілёўшчыны, якія адчулі гаючую сілу беларускага мастацтва. Нездарма калісьці было заўважана, што прыгажосць уратуе свет. Сапраўды, у тую цяжкую часіну адсялення жыхароў з забруджаных радыяцыяй вёсак удзельнікі акцыі сваімі канцэртамі дапамагалі пераносіць надзвычай няпростае выпрабаванне, а ў далейшыя гады — адшуквалі і падтрымлівалі таленавітых дзяцей з беларускіх мястэчак. Не спыняецца гэтая работа і цяпер.

“Дарога жыцця” стартавала ў студзені 1987 года з галоўнай плошчы Гомеля. Тады ў зону скіравалася 60 артыстаў: ансамбль “Церніца”, у складзе якога былі дзеці з выселеных вёсак, ансамблі “Купалінка”, “Свята”, Уладзімір Васільеў, Святлана і Уладзімір Салодкія (дарэчы, Валодзя сам родам з Краснапольшчыны, якая таксама пацярпела ад Чарнобыля), Анатоль Длускі... Мы раз’ехаліся па Гомельшчыне і Магілёўшчыне. А потым Лучанок зазначыў, што адной праграмы ў год — замала. Таму за год мы давалі да 500 дабрачынных канцэртаў у Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях. Нярэдка і так атрымлівалася: сёння ладзім канцэрт, а заўтра жыхары вёскі адсяляюцца ў чыстыя зоны... Таму, карыстаючыся такой нагодай, не магу не выказаць словы ўдзячнасці і “Святу”, і “Церніцы”, і “Купалінцы”, і Стэле, якая, дарэчы, 10 гадоў бярэ ўдзел у нашай акцыі, і Анатолю Длускаму, і Паліне Смолавай, і Якаву Навуменку, і многім іншым майстрам, дзякуючы якім нашы намаганні пачалі называць “Дарогай жыцця”... Схіляю галаву і перад раёнамі, дзе нас ведаюць і прыязна сустракаюць. Адсюль і нязменная фраза на ўсіх плакатах акцыі: “Дзякуй усім, хто чакае і любіць нас!”.

— Але не толькі канцэртнымі выступленнямі славіцца “Шлях”?
 /i/content/pi/cult/159/1327/Toj-dzenj2.jpg
Спявае Алена Драган з Нароўлі.

— Так, другі кірунак дзейнасці — пошук таленавітых дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў. Нашы артысты вырашылі выходзіць на сцэну разам з гэтай адоранай моладдзю. Такім чынам 15 гадоў таму нарадзілася праграма “У будучыню — з надзеяй”. І цяпер на чарнобыльскіх маршрутах нас сустракае штогод да 500 юных талентаў, у кожным раёне, на сваёй роднай сцэне. Па рашэнні тады яшчэ Чарнобыльскага камітэта (цяпер гэта Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС) штогод да 1 чэрвеня мы збіраем гэтых дзяцей у Мінску, дзе для іх ладзяцца майстар-класы, а яны самі выступаюць на лепшых сцэнах. Уявіце, колькі дзяцей за 15 гадоў убачылі вялікія сцэны краіны, паспрабавалі свае творчыя магчымасці...

А летась таленавітую моладзь прымала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Быў зоркавы канцэрт, было адчуванне еднасці, аднадумства, непарыўнасці нашых традыцый... Больш за тое, “Дарога жыцця” спарадзіла яшчэ адну акцыю — “Калядная ёлка”. Штогод пры падтрымцы Гомельскага і Мінскага цыркаў тысячы дзяцей 8 студзеня з райцэнтраў і вёсак прыязджаюць у Мінск і Гомель на Калядную ёлку. Іх бласлаўляюць святары, кожны з маленькіх гасцей атрымлівае падарунак...

Сустрэлася нядаўна з чалавекам з Брагіна, які быў на такой ёлцы 15 гадоў таму ў 16-гадовым узросце: “Кацярына Іванаўна, уражанні ад прыёму ва Уладыкі Філарэта і ад свята ў цырку — на ўсё жыццё!” “Шлях” аб’ядноўвае: у кожнага артыста — свой падшэфны ў рэгіёне, і ўсе мы — як адна вялікая сям’я. Уяўляеце, “Дарога жыцця” паспрыяла сямейнаму згуртаванню ў асяродку артыстаў: ажаніліся Сяргей Мінскі і Таццяна Багдзевіч са “Свята”, Анжаліка Ют і Уладзімір Станкевіч... Нашы артысты не з чужых слоў ведаюць, што такое зона, радыяцыйныя могілкі, адселеныя і зніклыя вёскі. І гэтая бяда не можа не аб’ядноўваць неабыякавыя сэрцы.

— Наколькі ведаю, Кацярына Іванаўна, маршруты “Дарогі жыцця” пралягаюць і па памежных раёнах Расіі і Украіны. Якое там становішча?

— Беларуская глыбінка — квітнеючая, яркая. А па Расіі шматпавярховікі з выламанымі шыбамі так і па сёння стаяць. Дый вёскі, такое ўражанне, закінутыя.

Нашы канцэрты для ўкраінскіх і расійскіх сяльчан, бадай, адзінае духоўнае збавенне.

 Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Любові МУХА