“Размовы…” ў тэкстылі

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

З 2012 года аўтарская некамерцыйная канцэптуальная галерэя “Брама” ладзіць пленэры тэкстыльнай скульптуры. Летась IV Міжнародны пленэр адбыўся ў Славакіі, а вынікам яго стала экспазіцыя “Размовы ў зялёным”. Тэкстыльныя скульптуры ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Славакіі вандравалі па мастацкіх музеях нашай краіны, а ў ліпені спыніліся ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

/i/content/pi/cult/597/13269/9-1.jpg

Вольга Конева. “Мезальянс”.

Творы ўдзельнікаў пазначаны як “скульптуры”, але, на маю думку, скульптурай у літаральным сэнсе вырабы з тэкстылю назваць цяжка. Гэтыя работы можна аднесці да арт-аб’ектаў. Зроблены яны з карункаў, лямцу, стужак, шэрсці, лёну… Вырабы ўвогуле добра ўзаемадзейнічаюць з прасторай. Яны ўдала ўпісаліся б у экстэр’ер і змаглі надаць яму адпаведны каларыт. Магчыма, вырабам такога кшталту знайшлося б месца, напрыклад, каля дачнага доміка: аб’екты і настрой узнімуць і эстэтычна парадуюць. Адзінае, што выклікае хваляванне, — ападкі. Вырабы вельмі “далікатныя”, таму нават невялічкі дождж, падаецца, зможа нанесці ім шкоду.

Зялёны колер у аўтарскіх творах мае сімвалічны сэнс. Яго можна трактаваць як сімвал свабоды, жыцця, нараджэння… Удзельнікаў не абмяжоўвалі ў тэматыцы, і мяккія арт-аб’екты атрымаліся ў большасці з лірычным настроем. Увогуле, яны “ўтульныя”, спакойныя і гарманічныя. І што цікава: іх можна разглядаць з розных ракурсаў.

Аўтары далі сваім творам паэтычныя назвы, часам з інтрыгай: “Размова з ценем”, “Пра зялёнае з Гарсія Лорка”, “Падлашчванне паветра да травы”, “Упаду да тваіх ног”, “Неканструктыўная размова”, “Шэпт адкрытых вокнаў”… Кожны з аўтараў у пластычнай форме паказаў стан, эмоцыі, з’явы… Галоўнае тое, што ва ўдзельнікаў атрымалася паказаць абстрактна, не дэталізуючы аб’ект, у матэрыяльным нематэрыяльнае.

“Песня дажджу” Аляксандра Захарава нагадала мне па сваёй ідэі адзін з твораў Анатоля і Ірыны Кузняцовых: яны зрабілі фантан са шкляных выцягнутых дэталяў. “Песня дажджу” таксама мела выцягнутую форму. Уразіў на экспазіцыі твор “Падлашчванне паветра да травы”. У чым яго асаблівасць? Ліліяна Гудава і Таццяна Ласка змаглі перадаць рух травы, на якую падзьмула паветра. У гэтым майстрам дапамог каркас і штучны шоўк. Звярнула ўвагу на “Неканструктыўную размову”, зробленую з шоўку, паралону, нітак. Спадабаліся выгіны, гарманічнае ўзаемадзеянне формаў. У “Размове з ценем” Марыя Барысенка паказала дзве розныя фігуры. Цень аўтар зрабіла цёмнай і вялізнай, здаецца, яна вось-вось праглыне танклявую светлую фігурку. Працягвае тэму камунікацыі выраб Алы Кірылавай “Ёсць кантакт”. Нягледзячы на такую “суровую” назву, твор падаўся мне казачным, узнёслым.

Вырабы з тэкстылю ўдзельнікаў Міжнароднага пленэру атрымаліся цікавымі і разнастайнымі. Толькі для мяне ўсё яшчэ “адкрытым” застаецца пытанне: дык ці магчыма іх назваць скульптурамі?..

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст