Што робіце? Фестывалім!

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Юбілейны ХХV “Славянскі базар у Віцебску” адплыў у гісторыю. Якія ўражанні ён пакінуў? Чым запомніўся? Ці ўзніклі на ім якія новыя дэталі, перспектыўныя для далейшага разгорту гэтага Міжнароднага фестывалю мастацтваў і ўвогуле фестывальнага руху ў краіне?

/i/content/pi/cult/597/13267/8-1.jpgФормула адпачынку

Віцебскі фэст дае падставу для роздумаў не толькі дзеячам мастацтва, але і сацыёлагам. Каму, як не ім, даследаваць прыроду святкаванняў беларусаў і магчымыя змены на гэтай ніве. Памятаю, як у сярэдзіне 1990-х народ падцягваўся да амфітэатра і чакаў “халявы”: пасля таго, як рассядуцца гледачы па квітках, на канцэрты, што не сабралі дастаткова публікі, пачынаўся вольны ўваход. Найбольш прадпрымальныя рабілі яшчэ больш хітра: прыходзілі са сваім “зсабойчыкам” і рассаджваліся на траўцы паабапал амфітэатра — вядома, да яго рэканструкцыі. Дый на экран, усталяваны перад уваходам, ішлі прамыя трансляцыі. Народ адпачываў так, што пасля начных канцэртаў у цэнтры горада няма было дзе ступіць: усё было завалена смеццем, пустымі бутэлькамі.

Пазней, асабліва калі праз кожныя некалькі метраў на ўсіх подступах да амфітэатра ставілі кантрольна-прапускныя пункты і не дазвалялі праносіць у цэнтр горада нават ваду для дзіцяці, колькасць мінакоў значна знізілася. Але ўжо другі год запар — узрастае. І не толькі таму, што акрамя Горада майстроў, які перасунуўся ў Задзвінне, па ўсіх вулачках цэнтра разгарнуліся з фантазіяй упрыгожаныя падворкі рэгіёнаў ды гандлёвыя палаткі беларускіх прадпрыемстваў. Да ўсяго гэтага летась дадаліся вулічныя выступленні — і сёлета традыцыя была працягнута: фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” сабраў шматлікіх паэтаў, музыкантаў, перформераў з “жывымі скульптурамі”, тэатральныя і танцавальныя калектывы. На “круглым стале” “Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцей. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў” з вуснаў мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра “Лялька”, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Віктара Клімчука ўвогуле прагучала думка, што фестываль па-сапраўднаму пачаўся толькі са з’яўленнем шырока разгорнутага вулічнага складніка, які і стварае ў горадзе асаблівую атмасферу ўсенародных святочных гулянняў.

Сёлета хадзьбу на хадулях засвоілі і маладыя артысты тэатра “Лялька”, далучыўшыся да вулічных прадстаўленняў і падрыхтаваўшы спектакль “Шагал. Зыход” (рэжысёр — Дар’я Зімніцкая). У тым, што вулічныя спектаклі могуць быць не толькі шырокамаштабнымі, але і камернымі, пераканаў Палтаўскі абласны тэатр лялек (Украіна), паказаўшы сваё “Дрэва казак”. На дрэве гойсаліся некалькі вяровачных арэляў з казачнымі персанажамі, вырабленымі з саломы ды абвязанымі шпагатам для большай захаванасці. Казачніца сядзела на лесвіцы, прыстаўленай да дрэва. Дзед і Баба з’яўляліся праз вельмі простыя прылады — такія ж саламяныя вусы на гумцы ды ўзнятыя ўгару рагі хусткі. “І былі ў іх” знятыя з арэляў то Калабок, то Каза-дзераза, то Курачка Раба. Кожная з трох казак заканчвалася інтэрактывам з дзецьмі, развучваннем з імі найбольш простых рухаў народных танцаў. Тонкая фонасфера спектакля стваралася не толькі з народных мелодый, але і з асобных уздыхаў-перазоваў-бразганняў разнастайных “падручных” інструментаў. І хаця ёй моцна перашкаджалі дынамікі з жудаснай папсой, ад якой няма было куды падзецца, дзеці і бацькі радасна адгукаліся на кожную прапанову артыстаў.

Я павяду цябе ў музей!

Сёлетняй адметнасцю фестывалю стала багатая выставачная праграма. Супрацоўнікі мастацкага і краязнаўчага музеяў разам са сталічнымі калегамі падрыхтавалі суцэльны шэраг экспазіцый, праз якія можна было б лепей далучыцца да культуры і гісторыі Віцебшчыны і ўсёй Беларусі. На тое, каб наведвальнікі прайшліся не па адной выстаўцы, а па ўсіх залах таго ж мастацкага музея, настройваў “комплексны” квіток за 5 рублёў. У краязнаўчым, каб прыцягнуць увагу тых жа журналістаў, сумясцілі ўрачыстае адкрыццё адразу трох выставак. Але расійскія “акулы пяра”, на жаль, выказвалі цікавасць найперш да сваіх зорак, нават кідаючы фразы накшталт: “Дык гэта ж вашае — навошта яно нам?” Затое прадстаўнікі іншых славянскіх краін — наадварот, прагнулі паглядзець штосьці менавіта беларускае.

Французскі куцюр’е, беларус па паходжанні Юрый Кот прывёз у Віцебск сваю модную калекцыю з ільну. Паказ мадэляў дэманстраваўся ў час прэзентацыі арт-праекта “Зачараванне”: фотамастачка Ірэна Гудзіеўская здымала прыгажунь студыі “Тамара” ва ўлонні непаўторных беларускіх краявідаў — і цяпер яны “ажывалі”, быццам выходзячы з развешаных фота ўжо ў выбітных ільняных строях, па-еўрапейску стыльных, вытанчаных. Не адна я лавіла сябе на думцы: вось каб такія сукенкі — ды ў нашы крамы! Бо льняныя вырабы могуць быць не толькі грубай радзюгай, але і шыкоўным адзеннем не адно ў фальклорным стылі. Каб мары сталі явай, на тую імпрэзу, як паведамілі супрацоўнікі краязнаўчага музея, былі пакліканы прадстаўнікі некалькіх швейных прадпрыемстваў. Але… ніводны штосьці не дайшоў. Мабыць, у іх свае “музеі”? З састарэлых мадэляў, што не карыстаюцца попытам. Але заўважым: адзення з фестывальнай і нацыянальнай сімволікай, а таксама з беларускімі вышыванкамі стала сёлета ў разы болей — у вулічным продажы. Чаму не на мінаках-пакупніках — іншая справа: патрэбны больш прывабныя, сучасныя мадэлі і, прабачце, адпаведная коштавая палітыка.

Як лайнер назавеш…

Здаецца, мінулі тыя часы, калі галоўнай адметнасцю гала-канцэрта закрыцця былі працяглыя салютаванні. Сёлета салют, дый тое вельмі кароткі, вянчаў толькі афіцыйнае адкрыццё фестывалю. Затое згаданы канцэрт закрыцця набыў, нарэшце, амаль цалкам вытрыманую канцэпцыю скіраванасці на моладзь — на сцэне і, адпаведна, у зале. Старэйшыя пакаленні таксама не былі пакрыўджаны: яны ўбачылі Аляксандра Буйнова, Міхаіла Шуфуцінскага, Аляксандра Разэнбаўма, Валерыя Лявонцьева (дарэчы, пасля яго сольніка адна маладзенькая журналістка са здзіўленнем прызналася, што гэты, на яе думку, “даўно пенсіянер” дасць фору многім навамодным спевакам: ярка, таленавіта, відовішчна, сучасна — проста супер!). Але ледзь не ўпершыню ў час закрыцця на сцэну натоўпамі беглі з букетамі не адно дамы бальзакаўскага ўзросту, а суцэльныя чароды падлеткаў і нават маленькіх дзяўчынак: выступалі Аляксандр Рыбак, “MBand”, Юльяна Каравулава, Джыган, Ягор Крыд і многія іншыя ўлюбёнцы маладзёжных тусовак. Гэты “позірк у будучыню”, спалучыўшыся з папраўдзе бліскучым, напоўненым усмешкамі ды сюрпрызамі вядзеннем канцэрта, надалі закрыццю даволі энергічны (за выключэннем асобных “прасяданняў”) тэмпарытм. А яшчэ — скіраванасць не толькі на ўсход (у выглядзе расійскай папсы, зразумела), але і на захад, бо ўдзельнічалі папраўдзе добрыя эстрадныя спевакі з Германіі, Францыі, ЗША.

А тое, што дзеянне канцэрта адбывалася быццам бы на караблі, выклікала ў памяці “Славянскі базар-1993”: тады на сцэне і сапраўды быў збудаваны гэткі караблік. Пераемнасць? Напамін пра тое, што новае — гэта добра забытае старое? Можа, і так. Але ў параўнанні з тагачаснай лодачкай цяперашняе судна — вялізны лайнер, паходжанне якога, калі верыць харэаграфічнаму пралогу канцэрта закрыцця, арганізатары вядуць ад… Старажытнай Грэцыі з яе арганаўтамі і пошукамі залатога руна.

Што ж, фестываль не аднойчы рабіў спробы спалучыць масавую культуру і выкшталцонае элітнае мастацтва, быць цікавым для шырокай публікі і знаўцаў. Не заўсёды, праўда, атрымлівалася. Але некаторыя апошнія зрухі ў гэтым напрамку, імкненне весці фестываль не толькі па забаўляльным і палітычным шляхам (яднанне народаў, міралюбства — вельмі правільная палітыка дзяржавы), а яшчэ і ўласна па асветніцкіх, мастацкіх сцяжынках-дарожках, у тым ліку авангардна-эксперыментальных, не можа не прыцягваць. Што ні кажыце, а фестываль як выхаванне нацыі — гучыць годна. І словы, падслуханыя ў фестывальным віры і вынесеныя ў назву артыкула, набываюць новы сэнс: не проста святкуем, спяваем, “гудзім”, а менавіта фестывалім.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"