Ах, вішня-вішанька…

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Смачная “візітоўка” з перспектывай маркетынгу?
З 18 па 23 ліпеня ў Глыбокім адбылося раённае свята “Вішнёвы фестываль”. Чым парадавала мерапрыемства жыхароў і гасцей горада? Карэспандэнт “К” вызначыла самыя яркія моманты апошняга дня свята вішні.

/i/content/pi/cult/597/13264/12-1.jpgНа мінулым тыдні рэдакцыя “К” абмяркоўвала пытанне, якімі павінны быць фестывалі. Канешне, пэўная “фішка” ў любым выпадку патрэбна для кожнага з іх. Але ў той момант у рэдакцыі я не змагла знайсці дакладны адказ. Усё стала на свае месцы, калі прыехала на “Вішнёвы фестываль”.

Пазнавальнасць імпрэзаў залежыць, вядома, ад лагатыпа, створанага брэнду ( згадаем “Славянскі базар у Віцебску”, фестываль вулічнай музыкі “Месца пад сонцам”, “Тэарт”…). Так, лагатып у выглядзе вішні можна было ўбачыць на сувенірнай прадукцыі, у тым ліку на разнастайных кубачках, кепках, гадзінніках ды іншых рэчах. З водарам гэтай смачнай ягады зрабілі і вараную згушчонку… Я ўжо не кажу пра печыва ды розныя смачныя вырабы. А свежую вішаньку можна было набыць у прыватным сектары і на калгасным рынку. Як бачым, ягада была ў цэнтры ўвагі. Добра, што горад знайшоў сваю “візітоўку”. Аднак ці ёсць “прывязка” да гісторыі горада? Так, на афіцыйным сайце “Вішнёвага фестывалю” прачытала, з чаго ён пачынаўся. Высветлілася, што калісьці аграном Баляслаў Лапыр прывозіў з Польшчы ў Глыбокае саджанцы вішняў, устойлівыя да халадоў. А калі перанесціся ў ХХІ стагоддзе, то арганізацыі раённага свята паспрыяла наступнае. У 2012 годзе ў Мінску адбыўся трэці Міжнародны форум “Імідж Беларусі: час дзейнічаць” па брэндзінгу рэгіёнаў рэспублікі. Праект Глыбоцкага раёна “Вішнёвы фэстываль у Глыбокім” атрымаў на ім другое месца. А ў 2013 годзе згаданы горад стаў вішнёвай сталіцай — пры ўездзе ў яго (з боку Полацка) заклалі вішнёвы сад з 1414 дрэваў вішні (дата першага ўпамінання горада ў гістарычных дакументах). Як бачым, сама гісторыя падказала жыхарам ідэю.

Зараз хочацца адзначыць найбольш цікавыя моманты апошняга дня свята. Што ўразіла? Зацікаўленасць жыхароў Глыбокага ў мерапрыемстве. На працягу дня на Цэнтральнай плошчы знаходзіліся людзі. У асноўным на свята прыходзілі сем’ямі. Хочацца адзначыць і тое, што фестываль удала “размясціўся”: амаль усе мерапрыемствы праводзіліся на плошчы. Можна было зайсці ў крамы, пасядзець у кафэ альбо правесці час каля возера Кагальнае… Яшчэ адзін станоўчы бок: дзесьці сем — дзесяць хвілін пешшу да аўтавакзала. Чым не радасць для турыстаў? Адзінае, як мне здаецца, не хапае рэкламы свята. Фестываль якасны, і хочацца, каб паболей жыхароў з іншых гарадоў пра яго ведалі.

Адпраўной кропкай гэтага святочнага дня можна лічыць прыезд на карэце Каралевы вішнёвага фестывалю. Пасля прывітальнага слова адбылося ўрачыстае шэсце — “У гасцях у Вішні”, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Германіі… Спынілася шэсце каля скульптуры “Сям’я” Івана Козака і Ігара Шостака. Пасля ўрачыстага адкрыцця скульптуры спыталася ў аўтараў пра асаблівасці твора. — “Сям’я” зроблена не з бронзы, а з новага матэрыялу — кампазіту, з якога зараз вырабляюць ваенныя караблі. Гэты матэрыял не схільны да карозіі і разбурэння, — растлумачыў Ігар Шостак.

А Іван Козак паведаміў, што гэта не першая яго скульптура на тэму сям’і: адна з серыі ўсталявана ў Расіі некалькі гадоў таму. У Глыбокім “Сям’я” камерная, здаецца, быццам бы перад намі стаяць звычайныя насельнікі Глыбоччыны — добрыя, шчырыя і шчаслівыя. Скульптура спадабалася мясцовым жыхарам: адразу пасля ўрачыстага адкрыцця людзі пачалі фатаграфавацца каля твора.

Як мне падалося, “Вішнёвы фестываль” — свята сям’і. Вялікая ўвага гэтаму інстытуту грамадства надаецца ў горадзе, пра што сведчыць не толькі лагатып (вішня — ягада “парная”) ды новая скульптура. У гэты дзень ад арганізатараў, у прыватнасці, ад старшыні Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алега Морхата, прынялі віншаванні маладая сям’я Эдуарда і Святланы Пырэйкаў і сям’я Віктара і Дзіны Валынец, якая адзначала сярэбранае вяселле.

Што яшчэ спадабалася? Канешне, майстар-класы. Так, ганчар Сяргей Шчэрба на вачах усіх рабіў гліняны гаршчок і свістульку. Ёсць у гэтым асаблівая энергетыка… Падчас размовы з Сяргеем даведалася, што разам з жонкай ён прыехаў у аграгарадок Навасёлкі, калі настаўнічаў. Аказваецца, на тым месцы дзесьці 5 — 6 стагоддзяў таму жыў ганчар. Ды і ў зямлі сям’я знаходзіла кавалкі гліны. З таго часу і пачаўся “ганчарны” перыяд у жыцці Сяргея.

— У апошні час заняліся прапагандай беларускага мастацтва, — кажа майстар і адначасова робіць свістульку ў выглядзе птушкі. — Да нас у ганчарную сядзібу “Акарына” прыязджаюць не толькі пабавіць час. Ёсць спецыяльная праграма. Абавязкова гасцям трэба зрабіць на памяць гаршчок з гліны. А маладыя, напрыклад, могуць прыняць удзел у вясельным абрадзе. Дорым падарункі і немаўляткам… Апошнім часам прыязджаюць у “Акарыну” ў асноўным на выхадныя.

Наша размова скончылася спевам глінянай птушкі-цацкі, і я пайшла далей шукаць цікавых рамеснікаў. Убачыла, як пляце каляровыя стужкі з нітак літоўская сям’я — Раса Брэйдаконе і Альгердас Брэйдокас. Сапраўдны цуд! Яны і мне прапанавалі зрабіць “касічку”. І я з зацікаўленасцю прыступіла да працы. Як даведалася, сям’я ўжо 20 гадоў займаецца гэтай справай.

— Самая старая стужка, — пачынае гаворку Альгердас, — круглая. Потым пачалі рабіць плоскія паясы, сплеценыя “пад ялінку”: спачатку — нітка праз нітку, потым тэхналогія крыху ўскладнілася — нітка праз дзве ніткі. Пасля “ялінкі” пачалі плесці крыжыкам…

Я крыху перапыняю майстра і пытаюся, ці зроблена тое па ўласнай тэхналогіі?

— Што зараз прыдумаеш? Чалавек толькі кола вынайшаў. Мы спрабуем аднавіць традыцыйныя ўзоры. Каларыт фарбаў — літоўскі. У вас, напрыклад, больш блакітнага і ярка-чырвонага, а літоўскі чырвоны набліжаны да барвовага. Самая “літоўская” стужка, скажам, мае пастэльную, “ціхую” афарбоўку. Мая стужка, напрыклад, выкарыстана ў якасці пояса (паказвае пояс на сабе) — трымае і штаны, і кашулю. Раней іх насілі звычайна як падвязкі — у буднія дні абыходзіліся стужкамі з больш простым узорам і іншай якасці нітак. Выкарыстоўвалі і ў абрадах нараджэння дзіцяці, шлюбных абрадах… У апошніх, напрыклад, на стужцы ромбы — колазварот сонца, што азначае абарону ад непрыемнасцей.

Ці лічыць літоўскі майстар гэтую дзейнасць хобі? Не зусім. Як ён выславіўся: “З гэтай справы мы крыху “намазваем масла на хлеб”, але “на хлеб” зарабляем іншым спосабам”. Тры метры стужкі можна зрабіць за два працоўныя дні, але ўсё залежыць ад структуры нітак, узору, шырыні… У сярэднім пояс каштуе 50 — 60 еўра. Але мэта Альгердаса і ягонай жонкі не столькі прадаць, колькі паказаць, як гэта робіцца, зацікавіць людзей... На стале ўбачыла два сертыфікаты — сведчанне таго, што майстры могуць займацца адукацыяй. Яны ездзяць па школах, іх запрашаюць у летнія лагеры… І паслядоўнікі ўжо ёсць.

На працягу ўсяго дня адбываліся канцэртныя праграмы — “Вішнёвы калейдаскоп”, “Музыка зноў гучыць”… Так, у конкурсе баяністаў “А гармонік грае-грае” перамог самы маленькі ўдзельнік — Арцемій Казачук. У якасці падарунка пераможца з Латвіі атрымаў баян і, канешне, ягады. Затым адбылася прэзентацыя калекцый ільнянога адзення “Каляровы лён-2” Алены Гужонак. Калекцыя падалася мне элегантнай і практычнай.

Прыемнае адчуванне засталося ад фестывалю, але наперадзе (ужо ў аўтобусе) мяне чакала знаёмства са спадаром Пятром, які запомніўся мне яшчэ на свяце па саламяным капялюшыку і льняной кашулі з арнаментамі. За некалькі хвілін ён паспеў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад свята вішні, паказаў набытыя на фестывалі рэчы. Для ўнучкі ён узяў цёплыя ваўняныя рукавіцы, а для праўнука, якому дзесяць месяцаў, набыў белую вязаную шапачку.

У дарозе ўспомніла размову ў рэдакцыі наконт фестываляў. Якімі яны павінны быць? Рознабаковымі, распрацаванымі і ўдала арганізаванымі. Чаго зараз многім і не хапае… Што да свята вішні, мне не хапіла вырабаў рамеснікаў з замежжа. Хочацца даведацца пра разнастайныя тэхналогіі і асаблівасці ў традыцыйнай культуры розных краін. І яшчэ адзіны момант: хочацца, каб у наступным годзе быў арганізаваны маштабны кірмаш для ўсёй рэспублікі, дзе кожны ахвотны зможа набыць ягады, прычым танней, чым у іншых мясцінах. Ці конкурс на самую смачную вішню… Каб жыхары горада ды турысты выбіралі. А яшчэ правесці майстар-класы па тым, як варыць з вішні джэмы, варэнне, або ставіць смачную вішнёўку, зразумела, з мясцовымі сакрэтамі і “разыначкамі”.

Мінск — Глыбокае — Мінск 

Фота аўтара

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст