Месца, дзе лунае сакральнасць

№ 31 (1261) 30.07.2016 - 05.08.2016 г

Капліца-пахавальня князёў Паскевічаў у Гомелі: стварэнне і аднаўленне
Сёлетняй вясной скончыўся чарговы этап рэстаўрацыйных работ у капліцы-пахавальні князёў Паскевічаў, у выніку якога адноўлена падземная частка мемарыяльна-культавага помніка — пахавальня. Зараз у гамяльчан і гасцей горада ёсць магчымасць агледзець абноўлены склеп з яго захаванымі і адноўленымі элементамі.

/i/content/pi/cult/597/13260/15-2.jpgКапліца-пахавальня ўваходзіць у комплекс архітэктурных аб’ектаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Яна пабудавана ў 1870 — 1889 гадах у так званым “рускім стылі” з выкарыстаннем матываў маскоўскай архітэктуры XVII стагоддзя. У яе ўбранні выкарыстаны характэрныя для старажытнарускага дойлідства разны камень і мастацкі метал, чырвоная неглазураваная тэракота і шматколерная маёліка, смальтавая мазаіка і насценны роспіс. Некаторыя віды дэкаратыўна-аздабленчых работ выконваліся паралельна з мастацкім афармленнем такіх значных помнікаў культавага мастацтва “рускага стылю”, як Уладзімірскі сабор у Кіеве і храм Спаса на Крыві ў Пецярбургу.

Гомельская капліца-пахавальня ўяўляе з сябе складаную архітэктурную пабудову, наземная частка якой складаецца з квадратнай у плане капліцы, накрытай высокім васьмігранным шатром з цыбульнай глаўкай. Аналагічныя глаўкі ўвенчваюць яе вуглы і склеп для пахаванняў, які аформлены невялікім наземным аб’ёмам-уваходам, адкуль лесвіца вядзе ў падземныя скляпенні.

Узвядзенне фамільнага помніка было ажыццёўлена па ініцыятыве і на сродкі князя Фёдара Іванавіча Паскевіча, які валодаў Гомельскім маёнткам з 1856 па 1903 гады. Перад пачаткам будаўнічых работ яму давялося вырашыць шэраг юрыдычных пытанняў. Яны былі звязаны з атрыманнем дазволу на будаўніцтва радавога склепа на гарадской зямлі побач з Петрапаўлаўскім саборам і сядзібай і перавозку ў Гомель бацькоў з польскага маёнтка ў Іванаўскім сяле (Дэмблін) Люблінскага ваяводства, а таксама бабулі і дзядулі з маёнтка Шчэгліцы на Магілёўшчыне.

Першапачатковы праект фасада капліцы і план, распрацаваны акадэмікам архітэктуры Яўгенам Чарвінскім, датуецца 1866 годам. У Магілёўскую губернскую будаўнічую камісію былі прадастаўлены чарцяжы архітэктара Ж. Майблюма, дасланыя ў 1869 годзе з Пецярбурга ў Гомельскі маёнтак. Канчатковы праект быў зацверджаны архітэктарам імператарскага двара Іпалітам Манігеці 21 снежня 1869 года.

Афармленчымі работамі, якія праводзіліся на працягу апошніх 10 гадоў будаўніцтва, кіравалі два архітэктары з Пецярбурга: акадэмік архітэктуры Максіміліян Месмахер і Аскар Вегенэр. Месмахер 18 гадоў быў дырэктарам Цэнтральнага вучылішча тэхнічнага малявання барона Штыгліца. У Пецярбургу дойлідам быў пабудаваны музей гэтага вучылішча, Архіў Дзяржаўнага савета (цяпер Архіў ВМФ) і мноства іншых пабудоў. Выпускнік Імператарскай акадэміі мастацтваў, мастак-дэкаратар Сяргей Садзікаў выконваў у капліцы арнаментальныя роспісы ў выглядзе кампазіцый з пераплеценых кветак, лістоў, парасткаў і прарослага васьміканцовага крыжа, змешчаныя ў арачныя маляўнічыя зводы, элементы якіх паўтараюцца з бардзюрамі расліннага характару па баках. Садзікаў таксама кіраваў пазалотай купалоў з крыжамі і падзораў. Гэтыя работы ажыццяўляла пецярбургская майстэрня Паўла Абросімава.

Прыгажосць знешняму абліччу капліцы надаюць рознакаляровыя кафлі са старажытнарускай арнаментыкай. Яны, хутчэй за ўсё, выраблены на керамічным заводзе М. В. Харламава ў Пецярбургу. А метлахская кафля для падлогі ў пахавальні была прывезена з Германіі фірмай “Е. Левянштэйн з сынамі” з найвядомага керамічнага прадпрыемства “Вілеруа і Бох”.

Захаваную на бакавой сцяне пахавальні мазаіку з выявамі анёлаў, зробленую на аснове роспісаў Віктара Васняцова ва Уладзімірскім саборы ў Кіеве, выконвала знакамітая ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя мазаічная майстэрня Уладзіміра Фралова, што таксама прымала ўдзел у афармленні смальтавым дэкорам царквы Спаса на Крыві ў Пецярбургу.

Ва ўбранстве помніка выкарыстаны камень, які сваім доўгім захаваннем асацыюецца з вечнасцю і падкрэслівае манументальнасць збудавання. Пастаўкамі гэтага матэрыяла ў Гомель займалася кіеўская крама мармуровых, гранітных і лабрадорных вырабаў “Тузіні і Росі” (па прозвішчах уладальнікаў). Тут быў выкананы заказ на выраб гранітных прыступак і цокаля для знешняга аздаблення капліцы з пахавальняй. Па праектных чарцяжах Вегенэра ў інтэр’еры капліцы былі зроблены з лабрадарыту алтарны стол і цокаль, а таксама мармуровая падлога ў выглядзе чорных і белых квадратных кафляў з фрызам па перыметры. Запазычаная ў мастацтве XVII стагоддзя белакаменная разьба па-майстэрску выканана невядомым майстрам на ківоце алтарнага абраза на ўсходняй сцяне капліцы, які да нашага часу не захаваўся. Мы можам параўнаць яе з мармуровым дэкорам у Кірылаўскай царкве і Уладзімірскім саборы ў Кіеве, куды таксама пастаўлялі свае вырабы Тузіні і Росі. Разны мармур выкарыстаны і для імітацыі Залатой брамы, якую можна бачыць на бакавой сцяне ў пахавальні. Тонкія арнаментальныя карункі ўпрыгожваюць іх зводы, а цэнтр займае выява ліліі, выкананая ў стылістычнай манеры мадэрна.

Абліцоўка ўнутраных скляпенняў пахавальні выканана керамічным матэрыялам з палівай і глазурай са шклянога завода, які ў той час змяшчаўся ля месца сучаснай вёскі Наспа Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці; з выгляду ён нагадвае колаты камень. Акрамя Зімовага сада, грота і склепаў-леднікоў у сядзібе Паскевічаў, такі выгляд унутранага афармлення не мае аналогій. У будаўніцтве капліцы-пахавальні таксама ўдзельнічалі мясцовыя майстры: прараб Алерт, муляр Красніцкі, сталяр Зудзіцкі.

Вакол мемарыяльнага комплексу была ўсталявана металічная агароджа з цаглянымі слупамі, да капліцы з боку палаца вяла алея пірамідальных таполяў.

У пахавальні знаходзяцца рэшткі 8 прадстаўнікоў сям’і Паскевічаў, у тым ліку генерала-фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча, яго жонкі Лізаветы Аляксееўны Паскевіч, народжанай Грыбаедавай, бацькі фельдмаршала Фёдара Рыгоравіча Паскевіча і яго маці Ганны Восіпаўны Паскевіч, дачкі Настассі Іванаўны Лабановай-Растоўскай і Ганны Іванаўны Валконскай, праўнучкі Аляксандры Мікалаеўны Балашавай і сына Фёдара Іванавіча Паскевіча.

Інтэр’ер падземнага склепа аздаблялі шматлікія абразы, а таксама панікадзіла, падсвечнікі і лампады з пазалочанай бронзы і серабра, ліхтары, сярэбраныя і фарфоравая вянкі на надмагіллях, мармуровыя вазы ў выглядзе пахавальных урн, якія да нашых дзён не захаваліся.

Сур’ёзную шкоду пацярпеў помнік падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1945 — 1949 гадах былі зроблены абмеры і фотафіксацыя з мэтай вызначэння нанесеных страт. У 1953 годзе Пастанаўленнем Савета Міністраў БССР капліца-пахавальня была ўзята пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. У 1969 — 1976 гадах Спецыяльнымі навукова-рэстаўрацыйнымі вытворчымі майстэрнямі (г. Мінск) была праведзена яго рэстаўрацыя, пасля чаго аб’ект паступіў на баланс музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У 1980-я спецыялістамі БСНРПО “Белрэстаўрацыя” былі пазалочаныя купалы, крыжы і элементы, імітуючыя жгуты, на шатровым даху капліцы. З 2008 года па праектна-каштарыснай дакументацыі ПРУП “Праектрэстаўрацыя” і інстытута “Гомельграмадзянпраект” пачаўся новы этап рэстаўрацыйных работ, якія працягваюцца і цяпер.

Будучы цудоўным кампазіцыйным завяршэннем гістарычнай тэрыторыі парка с паўночнага боку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля і яскравым узорам архітэктуры “рускага стылю”, капліца-пахавальня князёў Паскевічаў з’яўляецца месцам апошняга прытулку членаў гэтай сям’і, а таксама красамоўным помнікам тым, хто на працягу 19 гадоў будаваў і аздабляў гэта найскладанае сакральна-культавае збудаванне.

Таццяна ЛІТВІНАВА, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык мастацкага аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля