Пачынаецца ўсё з дэбюту

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Выпускныя, яны ж часцей за ўсё дэбютныя, фільмы часта аказваюцца цікавейшыя за наступныя работы маладых аўтараў. Што добра зразумела — менавіта дэбюты максімальна раскрываюць асобу рэжысёра-пачаткоўца, яго жаданне распавесці свету як мага больш.

/i/content/pi/cult/596/13253/7-2.jpgАкрамя таго, дыпломныя работы, як правіла, ствараюцца яшчэ ў сценах навучальнай установы, дзе без пяці хвілін рэжысёр — сам сабе гаспадар і не адчувае самага моцнага ціску, які можа быць у кіно — прадзюсара і рэдактара. Асабліва, калі далей большасці выпускнікоў давядзецца займацца не чыстай творчасцю, а камерцыйнымі замовамі на патрэбу дня.

Дыпломныя работы завочнай майстэрні рэжысуры кіно і тэлебачання факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў(кіраўнік курса Сяргей Кацьер) паказальныя ў сэнсе выражэння асобы аўтараў-пачаткоўцаў. Маладыя рэжысёры (большасць — відавочна не дэбютанты ў прафесіі) прадставілі на суд камісіі розныя і па стылі, і па якасці выканання работы. Што радуе, практычна ўсе працы адрозніваюцца пэўным узроўнем прафесіяналізму: несумненна, без кавалка хлеба іх аўтары не застануцца. Як і па-за ўвагай гледачоў — сёлетнія выпускнікі ў большасці не грэбуюць такой уласцівасцю кіно, як відовішчнасць.

Роўна як і дэманструюць сваю дасведчанасць у сучасным кінапрацэсе. Дакументальная праца Юліі Ралко ў востраактуальным стылі неанатуралізму “Орша... Мінск... Орша...” распавядае пра некалькі дзён з жыцця правінцыйнай моладзі. Узятая буйным планам гісторыя аршанца, які прыязджае са сталіцы наведаць сваіх бацькоў і пакантактаваць з сябрамі, без перабольшання, шакіруе. Прынамсі, для беларускай дакументалістыкі такі вугал погляду і ступень шчырасці практычна ў навінку. Знятая метадам назірання, ручной камерай, карціна практычна раствараецца ў правінцыйным асяроддзі, дэманструючы яго не самыя лепшыя бакі. Наўрад ці аўтар і яго герой выбіралі ракурс, пад якім пададзена існаванне людзей у спальным раёне шараговага індустрыяльнага цэнтра, — усё тое, што адбываецца ў кадры, выглядае максімальна праўдзівым, а таму і максімальна пужае. Пачынаючы з вобраза прасторы, у якой існуюць персанажы, заканчваючы абсцэнтнай лексікай, якую апошнія актыўна выкарыстоўваюць. Менавіта гэта акалічнасць можа наймацней збянтэжыць пераборлівага і выхаванага на ўзорах “высокага” мастацтва гледача. Але да рэжысёра карціны не прычапіцца: знятая з максімальнай ступенню адхілення праца Юліі Ралко менш за ўсё закліканая шакаваць. Хутчэй — перадаць адчуванні ад глабальнага тупіка, у якім знаходзяцца як персанажы фільма, так і яго гледачы.

Нават відавочная арыентацыя дэбюту Юліі Ралко на фільмы вострапапулярнай школы сацыяльнага кіно маскоўскага рэжысёра і педагога Марыны Разбежкінай і іншых аўтараў з новага пакалення расійскай дакументалістыкі толькі дадае балаў беларускай карціне. На фоне найноўшых работ дакументалістаў рускамоўнай прасторы яна выглядае цалкам годна і, несумненна, павінна быць адпаведна прадстаўлена ў міжнародным фестывальным асяродку.

Карціна “Апошняя дата” Аляксандры Маркавай выглядае спачатку гэтаксама максімальна простай. Яна цалкам складаецца з фрагментаў сінхронных інтэрв’ю, на першы погляд, абсалютна розных людзей: народнага мастака Беларусі, скульптара Івана Міско, святара Беларускай праваслаўнай царквы, а таксама рабочага, які ўсталёўвае надмагільныя помнікі. Паступова ў фільме не толькі падымаецца важная для ўсіх тэма — сыход з жыцця блізкага чалавека, але і раскрываюцца персанальныя драмы кожнага з герояў. Зусім нечакана кароткая, 28 хвілін, заснаваная выключна на інтэрв’ю стужка набывае эмацыйную глыбіню і філасофскае гучанне. Можна толькі захапіцца талентам і адвагай маладога аўтара, якая ўзялася за вельмі цяжкі і адказны аповед, забяспечыўшы яго цітрамі “Усім, хто смуткуе, прысвячаецца”.

Няпростыя ў эмацыйным плане тэмы — адметная рыса фільмаў выпускнікоў БДАМ гэтага года. Аўтары-дэбютанты бяруцца за складаныя рэчы і часцяком вырашаюць іх больш удала за вопытных кінематаграфістаў. Адзіны ігравы сярод дыпломаў сёлета — фільм “Акно” Алены Ясінскай — распавядае гісторыю пра сілу чалавечага спачування. Кароткаметражная карціна, у якой здымаліся прафесійныя акцёры, мае ўсе прыкметы паспяховага кіно — атмасферу, драматургію, выразна акрэсленую ідэю. У аўтараў (над сцэнарыем працавалі Вікторыя Федарынчык, Алена Ясінская, Улад Кахановіч) атрымалася падабраць цікавы акцёрскі ансамбль, удалай можна назваць аператарскую працу Улада Пыхціна. Пасля прагляду “Акна” само сабой адпадае пытанне, адкуль нацыянальнаму кіно шукаць кадры для стварэння мастацкіх стужак.

Традыцыйнай папулярнасцю ў рэжысёраў-выпускнікоў карыстаюцца фільмы-партрэты. У замалёўцы Кацярыны Трыфанавай-Вішнеўскай распавядаецца пра чалавека з так званым “моцным характарам”. Герой фільма калісьці атрымаў сур’ёзную траўму, але здолеў вярнуцца да паўнацэннага жыцця, завесці сям’ю. Менш удалай атрымалася замалёўка пра калектыў сучаснай харэаграфіі, якую зрабіў Петр Смірноў. “Прыгажосць берагоў тваіх” цікавая вельмі якаснай аператарскай работай і мантажом самога аўтара, але для 28 хвілін у фільма слабаватая драматургія, мала дынамікі, што выглядае парадаксальна ў аповедзе пра танцавальны калектыў.

Занадта простым і немудрагелістым на фоне астатніх карцін выглядае партрэт-падарожжа ў мінулае сваёй сям’і Ільі Мрочкі. Сам прыём, калі аўтар публікуе на экране прыватныя моманты свайго жыцця, зусім не новы і актыўна выкарыстоўваецца ў дакументалістыцы, але ў дадзеным выпадку рэжысёр-выпускнік надаў асноўную ўвагу ўласнаму закадраваму маналогу, што пазбавіла яго працу львінай долі відовішчнасці. Куды больш удалым атрымаўся тэлевізійны нарыс Аляксандры Шапаравай пра беларускую праграму вядомага тэатральнага фестывалю “ТэАрт”. Аўтар здолела сумясціць інтэрв’ю ўдзельнікаў і арганізатараў фестывалю, кадры з яго пляцовак, дзякуючы чаму яе праца атрымалася пазнавальнай, ды займальнай адначасова.

У цэлым, узроўню работ выпускнікоў варта пазайздросціць — ён відавочна вышэйшы, чым у мінулыя гады. Несумненна, з таго часу, як у кіно прыйшлі лічбавыя тэхналогіі, мяжа паміж прафесійнымі выпускнікамі кінашколаў і непрафесіяналамі-самавукамі стала куды менш заўважнай. Прафесіяналізм у выпускніках курса Сяргея Кацьера відавочна дваістай прыроды — і самастойны, і набыты ў выніку акадэмічных заняткаў. Яшчэ адна добра заўважная ў апошні час тэндэнцыя — у рэжысуру ідзе шмат жанчын, якія стартуюць у гэтай няпростай прафесіі нават лепш, чым іх калегі-мужчыны. Будзем спадзявацца, усе выпускнікі дадзенага курсу ў прафесіі не згубяцца, а лепшыя з іх дыпломных работ атрымаюць магчымасць быць паказанымі перад шырокай аўдыторыяй. Пачынаецца ўсё з дэбюту.