Што ён зрабіў акрамя хіп-хопа

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Як Саныч сказаў усё, што мог і хацеў у рэпе, і занурыўся ў гісторыю як дырэктар музея
Чарговым героем інтэрв’ю-“серыяла”, у якім мы прадстаўляем вам людзей, што некалі змянілі адзін род заняткаў у беларускай культуры на іншы, сёння стане Аляксандр ГОСЦЕЎ — генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Кіраўнік з выгляду строгі, але ў асобе ды гаворцы яго не-не ды прамільгнуць рысы і інтанацыі таго самага Саныча — у канцы 1990-х — пачатку 2000-х лідара айчыннага рэп-гурта нумар адзін “Гарадская туга”. (Або нумар два: суперніцтва з мінскім калектывам “Нестандартны варыянт” за верхнюю прыступку рэп-п’едэстала калісьці месца мела.)

/i/content/pi/cult/596/13251/6-1.jpgФрыстайл

У кабінеце з крэсла ўзнімаецца ўладар дум рэп-пакалення стыку стагоддзяў. Мужчына ў касцюме, але без гальштука. Без яго быў і я. Значыць, гутарка прадугледжвала высокую ступень шчырасці. Так і адбылося...

— Пачну з пытання, якое, напэўна, вам даўно не задавалі: чаму гурт назвалі “Гарадская туга”?

— Паводле трэку 1996 года тады ўжо, напэўна, расійскага гурта “Bad Balance”. Гэтая кампазіцыя адлюстроўвала стан постсавецкага грамадства знакамітых, хутчэй, сумна, 1990-х, але ў ёй адчуваўся і дух свабоды. Яна і заахвоціла сур’ёзна заняцца хіп-хопам: стварыць свой пастаянны калектыў, выступаць, запісваць песні ды альбомы.

— А я чамусьці думаў, што назва мела дачыненне да вашага роднага Гомеля. Маўляў, тужлівым ён тады быў...

— Не, не. І цяпер у ім не сумна.

— А рэп?

— Гомельскі? Ці тужлівы ён сёння? Шчыра кажучы, я не адсочваю, што ў ім адбываецца. Што для мяне быў рэп у 1990-х — 2000-х? Я ім жыў. Усе сілы ды ўвесь свой час аддаваў яму. Але я займаўся не проста рэпам, а ўсёй хіп-хоп-культурай, маю на ўвазе яшчэ графіці ды брэйк-данс. “Гарадская туга”, па сутнасці, была стваральнікам хіп-хоп-арганізацыі, якая аб’ядноўвала асноўную масу гомельскіх хіп-хопераў стыку стагоддзяў. Яна праводзіла вечарыны, асобныя канцэрты беларускіх ды замежных выканаўцаў, штогадовыя рэп-, графiцi- ды брэйк-данс-фэсты — значэння і мясцовага, і міжнароднага. Нашы артысты выязджалі з выступамі за мяжу.

— З “металістамі”, натуральна, сутычкі ў хіп-хопераў былі. Гомель жа і да гэтага часу не склаў з сябе паўнамоцтвы сталіцы беларускай “цяжкой” музыкі...

— Спачатку даводзілася сапраўды няпроста. Вельмі ўжо жорсткіх канфліктаў не здаралася, але глядзелі яны на нас канкрэтна коса. Можа, рэўнасць нейкая была, што ў агульную нефармальную культуру горада ўліваецца новая плынь. Раздражненне прысутнічала, маўляў, вось яны такія ўсе з сябе сапраўдныя, усе ў скуры ды ланцугах, з доўгімі валасамі, а тут нейкія незразумелыя асобы ў шырокіх штанах, з бумбоксамi на плячах.

— Дык чаму ж з “Гарадской тугі” не выйшаў прафесійны калектыў?

— Жаданне такое, прынамсі, мелася. Чаму?.. На нейкім этапе існавання гурта мы зразумелі, што адной Беларусі нам ужо мала, і трэба рухацца са сваёй творчасцю за яе межы. Рыўкі былі, ды не было стабільнасці, усё неяк фрагментарна адбывалася. Грошы патрабаваліся, моцны менеджмент, “рука”, калі хочаце. А нічога гэтага не было, і не відаць было, як, адкуль усё гэта з’явіцца. А ўпірацца мы не сталі, тузацца не сталі. Вінаватыя самі — не хапіла сілы...

Раз — прыступка, два — прыступка...

— Якім вучнем быў у школе Саша Госцеў?

— Усё неяк у мяне хвалямі ішло. То перыяды, калі вучыўся добра, то — калі не вельмі, класа з сёмага. Як кажуць, трапіў пад уплыў дрэннай кампаніі, потым, пераехаўшы ў іншы раён горада, кампанія змянілася на больш пазітыўную. Людзі ў ёй імкнуліся да нечага асэнсаванага, важнага для іх, не імгненнага, нават творчага.

— Гэта значыць, калісьці хуліганіць усё ж даводзілася?

— Не, першая кампанія была не настолькі... крымінальнай, скажам так. Я сваю энергію выдаткоўваў на заняткі спортам — у якія толькі секцыі ні хадзіў: каратэ, футбол, хакей, лыжы, конны, водны спорт.

— Але схільнасці да гуманітарных прадметаў былі?

— Дарэчы, вось: адкуль ува мне ўсё ўзялося — здольнасць да напісання розных тэкстаў, уменне рыфмаваць, уяўленне. Памятаеце, раней у школах пісалі пераказ (не ведаю, як цяпер)? І я напісаў, як запомніў, тое, што нам прачытаў настаўнік, і яшчэ дадаў ад сябе — развіў тэму (прычым фінал у мяне выйшаў іншы). І вось так замест пераказу атрымалася сачыненне, за што мне, вядома, паставілі “тройку”, бо я парушыў фармат задання. Праўда, пры гэтым пахвалілі.

— Куды паступілі пасля школы?

— У 9-м класе (тады была 11-годка) да нас у школу сталі наведвацца прадстаўнікі розных навучальных устаноў, агітуючы паступаць да іх. Так я пайшоў у вучылішча машынабудавання. У адрозненне ад тэхнікума такога ж профілю, у вучылішчы экзамены здаваць не патрабавалася, там толькі праходзіла сумоўе. Але, адвучыўшыся 3 гады на “выдатна”, можна было перайсці ў тым жа вучылішчы на нешта кшталту гадавога курсу павышэння кваліфікацыі. І пасля ўжо 4 гадоў навучання я выйшаў быццам скончыўшы тэхнікум.

— Далейшая дылема — ісці працаваць па спецыяльнасці альбо атрымаць вышэйшую адукацыю?

— Усё дакладна. У годзе 1995 — 1996-м... я паступіў у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны інстытут імя Сухога (у 1998-м яго пераўтварылі ва ўніверсітэт) на тую ж, урэшце, спецыяльнасць — пасля вучылішча я стаў тэхнiкам-электрыкам, тут павінен быў вывучыцца на інжынера-электрыка, што праз 5 гадоў і адбылося. Вучобу сумяшчаў з творчасцю — спярша дзі-джэя на дыскатэках у ВНУ. Паступова пачалі на іх з сябрамі чытаць нешта сваё, што выклікала пэўны поспех у публікі, і ў 1997 годзе нарадзілася “Гарадская туга”. Бліжэй да канца навучання мы якраз і стварылі той самы хіп-хоп-гурток у Гарадскім цэнтры культуры. Мне неаднаразова прапаноўвалі пасля заканчэння ВНУ пайсці працаваць у ГЦК, што я, у рэшце рэшт, і зрабіў, стаўшы кіраўніком творчага калектыву, займаючыся арганізацый гомельскага хіп-хоп-руху. А праз нейкі час на мяне леглі абавязкі і галоўнага адміністратара цэнтра: за ўсе мерапрыемствы, якія праводзіў ён, адказваў я. Адказваў гадоў 7-8, паралельна завочна вучачыся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “менеджмент сацыякультурнай сферы”. (Між іншым, у пару маёй дзейнасці ў ГЦК яго дырэктарам быў Алег Рыжкоў, цяпер дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.) І, шчыра кажучы, у нейкі момант “наеўся”. А тут паступіла новая прапанова — пасада намесніка дырэктара Гомельскай абласной філармоніі. Такі “рост” мне здаўся цікавым і я пагадзіўся. І вось там спецыяльнасць “інжынер-электрык” мне спатрэбілася, бо я займаўся ўсімі тэхнічнымі нюансамі. Недзе гады праз тры, у 2011-м, — новы выклік: трэба было “ўзнімаць” перададзены “Гомельдрэвам” гораду Дом культуры, які пасля рэарганізацыі стаў Палацам ды атрымаў назву “Беліцкі”. І ў якасці дырэктара я яго і “ўзнімаў”.

— “Узнялі”?

— Зайдзіце сёння ў яго ды паглядзіце.

— Мне няма з чым будзе параўнаць, я ж у ранейшым ДК не быў...

— Сам замаўляў пячатку, афармляў пасведчанне, адкрываў рахунак у банку, набіраў адміністрацыю, запрашаў ды ствараў новыя творчыя калектывы. Да таго ж, трэба было захаваць старыя, базавыя, каб яны не разбегліся. Абнаўляліся абсталяванне, апаратура, матэрыяльна-тэхнічная база ў цэлым. Як вынік — прыйшлі новыя поспехі, іх заўважылі, чаму пацвярджэннем сталі і атрыманыя нашымі калектывамі званні, і істотнае падвышэнне заработнай платы работнікаў Палаца.

— Зразумела. І, нарэшце...

— Палацава-паркавы, так. Атрымалася, што ў 2013 годзе ў ансамбля, напэўна, з паўгода не было дырэктара. Усё шукалі, шукалі. І знайшлі. Пагадзіўся адразу, хоць маштабаў новай працы не ўяўляў, разлічваў на тое, што вопыт адміністрацыйнай, гаспадарчай, арганізацыйнай дзейнасці ў мяне вялікі, чаму б і не, у рэшце рэшт?

— А вопыт знаўцы беларускай гісторыі, краязнаўцы быў?

— Вы ў самую кропку патрапілі. Не было! Ведаючы, што мяне, хутчэй за ўсё, на пасадзе зацвердзяць, я і заняўся ліквідацыяй белых плямаў у сваёй адукацыі, звязаных з гісторыяй Беларусі, канкрэтна Гомельшчыны, дакладней — з усім тым, што мела дачыненне да Румянцавых і Паскевічаў. Зараз ва ўсім гэтым адчуваю сябе дастаткова ўпэўнена, больш за тое, пайшоў яшчэ далей у глыб стагоддзяў, што тычыцца самога палаца ды персанажаў, завязаных на ім, — у нейкія пабочныя напрамкі ды адгалінаванні.

Зваротнай дарогі... няма?

— Даўно ў руках трымалі мікрафон, як рэп-выканаўца?

— Як сольны выканаўца — не так даўно: запісаў спартыўную песню свайго аўтарства разам з Максам Лорэнсам ды Сяргеем Старасценкам, вядомым па праекце “Матрыкс”.

— А ў складзе “Гарадской тугі”?

— Гурт ужо гады тры не рэпеціруе і, адпаведна, не выступае. Пакуль нам няма чаго прапанаваць слухачу, мы ж не папса, з якой перыядычна “змагаліся” ў сваіх тэкстах, якая можа вагонамі выдаваць песні ні пра што. Мы ж чыталі пра тое, што, як нам здавалася, па-сапраўднаму хвалявала людзей, закраналі нейкія праблемы, неслі, калі хочаце, нейкія непустыя ідэі. Напэўна, гурт сказаў усё, што хацеў і мог.

— Ваша прызначэнне на пасаду генеральнага дырэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ў свой час выклікала неадназначную рэакцыю ў горадзе, ды нават у краіне, хоць бы ў асяроддзі спецыялістаў...

— Так. Былі артыкулы ў газетах. Былі каментарыі ў інтэрнэце. Хто гэта, што гэта? О, жах, былы рэпер у шырокіх штанах... І працоўны калектыў ансамбля прыняў мяне з насцярожанасцю, гэта дакладна.

— Кранала тое?

— Перажываў, хлусіць не буду. Трэба было даказаць, што я прыйшоў на сваё месца.

— Даказалі, як лічыце?

— Пакуль так. Што будзе далей — паглядзім...

— Так, жыццё — штука... дзіўная... Ці не выключаеце зваротны шлях?

— У рэп-музыканты?.. Заракацца ні ад чаго не буду... Так, жыццё — штука дзіўная...

Мінск — Гомель — Мінск

Фота аўтара і з архіва героя артыкула

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"