Конкурс: якім курсам рухацца?

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Выканальніцкі конкурс быў пакладзены ў аснову “Славянскага базару ў Віцебску” яшчэ пры самім нараджэнні гэтага Міжнароднага фестывалю мастацтваў. На цяпершнім 25-м форуме арганізатары зрабілі ўсё, каб менавіта конкурс апынуўся ў цэнтры ўвагі не толькі музыкантаў і журналістаў, але і шырокай грамадскасці.

/i/content/pi/cult/596/13250/8-3.jpgПіяр як рухавік увагі

У тэлеэфір патрапілі не толькі абодва дні фіналу, як гэта было і раней, але і паўфінал, пасля якога частка канкурсантаў выбывае з барацьбы. Узнагароджванне пераможцаў не толькі прайшло на заключным гала-канцэрце, як гэта склалася цягам апошніх гадоў, але і стала яго галоўнай падзеяй, вельмі ярка вызначыўшы саму канцэпцыю фестывальнага фіналу: маўляў, глядзіце, якія маладыя выканаўцы (не толькі канкурсанты, але і запрошаныя на фестываль артысты) з’явіліся на эстрадным Алімпе, каб скласці канкурэнцыю вядомым спевакам.

Але больш за ўсё паспрыяла “раскрутцы” конкурсных баталій каманда Аляксея Гроса, які стаў уладальнікам Гран-пры. Увогуле, піяр-кампанія, разгорнутая сёлета вакол нашага канкурсанта, заслугоўвае не проста асобнай размовы, а вывучэння і пераймання вопыту — як прыклад, годны ўвайсці ў падручнікі па менеджменту (пра гэта і калонка дзяжурнага па нумары на старонцы 5). Яшчэ да пачатку фестывалю ледзь не ва ўсіх СМІ прайшла інфармацыя, што Грос уручыць Але Пугачовай яе генеалагічнае дрэва, складзенае адным з яе сваякоў і прыгожа аформленае беларускай камандай. Як жа не зацікавіцца? Праўда, расійская прымадонна не пажадала, каб гэта адбылося непасрэдна на сцэне Летняга Амфітэатра, пасля аднаго з яе выхадаў у час бенефісу Максіма Галкіна, таму падарунак уручалі за кулісамі. У выніку інтрыга, закручаная вакол самога імя Аляксея Гроса, як быццам не вырашылася, а толькі больш узмацнілася. Тым, хто раней не ведаў гэтага выканаўцу (бо ўсіх, хто ўдзельнічаў у адборах на “Еўрабачанне”, можна і не згадаць), стала яшчэ больш цікава паглядзець на яго: ці ж варты малады спявак таго, каб проста стаяць побач з Алай Барысаўнай? Гэта, як ні дзіўна, яшчэ больш паспрыяла ўвазе непасрэдна да конкурсу — нават з боку тых, хто ніколі ім не цікавіўся.

Эх, пытанні…

Застаецца спадзявацца, што “далучаныя ўпершыню” не расчаруюцца. Хаця падставы для разваг ёсць. Дарослы конкурс, у адрозненне ад дзіцячага, так і не набыў відовішчнасці, прыцягальнай для масавага гледача. Да таго ж, агульны ўзровень сёлетняга спаборніцтва аказаўся, на маю думку, не самым высокім за мінулыя 24 гады. Так, у канкурсантаў былі добрыя і вельмі добрыя галасы. Узрасла агульная навучанасць. Пашырыўся рэпертуар. Замацавалася ўпэўненасць пачування сябе на вялізнай “стадыённай” сцэне. Але, прызнаемся шчыра, такога безумоўнага лідара, які зацьміў бы ўсіх (а так сапраўды здаралася на некаторых віцебскіх спаборніцтвах), сёлета не аказалася. Гэта відавочна нават па колькасці балаў: пры ўсёй іх умоўнасці, ва ўладальніка Гран-пры — 157, у Адама з Казахстана (1-я прэмія) — 155. Паводле ж конкурснага Палажэння, розніца павінна быць не менш за тры. Таму пры ўсёй радасці за тое, што грошы, і немалыя (20 тысяч долараў, як ніяк), засталіся ў краіне, пытанні да конкурсных вынікаў і іх “аўтараў” — засталіся таксама.

Справа не толькі ў тым, каго журы адзначыла, а каго — не. Наяўнасць дадатковых прызоў заўсёды дазваляе ў той ці іншай меры “скарэктаваць” спіс пераможцаў, уключыўшы ў яго практычна ўсіх, каго варта адзначыць (так, дарэчы, атрымалася і сёлета). Але рашэнне, прынятае журы, заўсёды ўплывае на фарміраванне складу будучых канкурсантаў. Калі высока ацэньваюцца колькасць дэцыбелаў і шырыня вакальнага дыяпазону, дык наступны конкурс збярэ пераважна такіх выканаўцаў. Бо астатнія — пашукаюць іншыя творчыя спаборніцтвы. Калі ж лепш праходзяць крэатыў, творчая індывідуальнасць, нешараговы падыход да інтэрпрэтацыі, нейкая “разыначка” ў тэмбры голасу, а не толькі прабіўная моц вакалу, дык і ехаць будуць адпаведныя ўдзельнікі. А ўсе астатнія — арыентавацца на іх. Хочам мы ці не, але кожны конкурс, такім чынам, фарміруе найбольш перспектыўныя кірункі развіцця той галіны, у якой ён праводзіцца.

Дык што ж са “Славянскім базарам…”? Там неяк адразу ўзнікла імкненне да складаных кампазіцый баладнага тыпу з абавязковай наяўнасцю вакальных кадэнцый. Калі ўзроставы цэнз узнялі да 31 года, сталі прыязджаць артысты з багатым сцэнічным вопытам, у тым ліку ўдзельнікі мюзіклаў. Але спіс тых, хто прайшлі з паўфіналу ў фінал, а потым сталі пераможцамі, у нейкай ступені залежалі ад геапалітычнага раскладу (прывітанне, “Еўрабачанне”). Стылёвы ж (і, шырэй, мастацкі) складнік станавіўся ўсё больш непрадказальным. Гэта яскрава выявілася на сёлетнім фестывальным канцэрце “25 імгненняў лета”, дзе лаўрэаты мінулых гадоў спявалі з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга.

Постконкурсны сіндром

На жаль, выпрабаванне на трываласць творчых дасягненняў вытрымалі не ўсе. У гэтым “хіт-парадзе” пераможцаў былі не толькі непаўторныя спевакі з прыцягальнай харызмай, але і даволі “сярэднестатыстычныя” выканаўцы, відавочна выпадковыя ў такім асяродку. Хтосьці выходзіў з той песняй, з якой у свой час перамог. Хтосьці — з новым рэпертуарам. Але галоўнае было не столькі ў “даце вытворчасці” абранага для выступлення нумара, колькі — у яго стылёвай скіраванасці. Бо сустракаліся і быццам бы новыя песні, абсалютна трывіяльныя па мелодыцы і гармоніі, але — цалкам адпаведныя густу лаўрэата і яго творчаму крэда. Так што стылёва-жанравы разгорт гэтага канцэрта быў надзвычай размаітым, дэманструючы не столькі розныя творчыя індывідуальнасці, колькі — рознае разуменне таго, што трэба сёння на эстрадзе і чым можна скарыць публіку.

Рафаэль (Ізраіль), як і ў 1998-м, праспяваў “Зачарованую” Ігара Лучанка на верш Генадзя Бураўкіна, але па-новаму, з яшчэ большай вакальнай разняволенасцю. Радрыга (Мексіка), як і два гады таму, — “Калінку”, уплёўшы ў яе крыху лацінаамерыканскіх рытмаў. “Малайчына!” — сказаў Міхаіл Фінберг на адрас свайго саліста Дзмітрыя Качароўскага, калі той сарваў апладысменты за “Вочы чорныя”. Па-еўрапейску стыльна выступілі Бобан Майсоўскі (Македонія), Давід Дэйл (Чэхія), Яўген Андрыянаў (Малдова) і многія іншыя.

Але нават на такім фоне сапраўдным выбухам эмоцый і неверагодным творчым узлётам глядзеўся выхад нашага Пятра Елфімава. Кранальнай “ціхай кульмінацыяй” — выступленне Макса Лоранса (Максіма Сапацькова, які першым з беларусаў атрымаў Гран-пры ў 2003-м) з уласнай песняй, поўнай цудоўнага “меліравання” гуку, афарбовак яго ў розныя адценні. Працягваючы працу ў Расіі, гэты таленавіты музыкант пачаў некалькі праектаў у родным Гомелі. З тамтэйшым эстрадна-сімфанічным аркестрам ён яшчэ ў чэрвені правёў свой аўтарскі вечар. І цяпер плануе з гэтай новай праграмай зрабіць тур па Беларусі. А з восені адкрыць на сваёй радзіме вакальную студыю (кастынг у яе адбудзецца ў жніўні) і весці там навучанне па ўласнай методыцы.

Ды ўсё ж галоўным адкрыццём канцэрта лаўрэатаў стала… Наталля Тамела — салістка аркестра Міхаіла Фінберга. Ніякая не “гран-прыстка” віцебскага конкурсу, яна выступіла на ўзроўні яго лепшых пераможцаў і пераўзышла ўсіх астатніх, у адно імгненне скарыўшы ўжо самім сваім голасам — яркім, “сонечным”, поўным станоўчай энергіі. І гэта, пэўна, можа лічыцца адказам тым, хто вяртаўся з конкурсу без узнагарод ці з меншай прэміяй, чым заслугоўваў.

Пераўзысці дарослых

Сярод удзельнікаў апісанага “парада пераможцаў” было некалькі членаў журы сёлетняга дзіцячага конкурсу. Але замест узнёслых слоў пра пераемнасць традыцый і раўненне на старэйшых калег хочацца сказаць пра іншае — што дзеці ў чарговы раз пераўзышлі дарослых. Агульны ўзровень дзіцячага конкурсу не ўпершыню быў вышэйшы за дарослы. Але сёлета дзяўчынкі (так атрымалася, што хлопчыкаў не было: усе краіны, не дамаўляючыся, выставілі на конкурс прынцэс) прадэманстравалі такі прафесіяналізм, які некаторым дарослым канкурсантам і не сніўся.

Конкурс відавочна пасталеў, што было заўважна ўжо па ягоным афармленні. З прыгод Алісы, поўных залюстэрачных цудаў, былі абраны шахматы — гульня не для самых маленькіх, што адпавядала і ўзросту, і інтэлектуальнаму напаўненню праграмы. Змяніўся і дзіцячы рэпертуар: ён стаў больш разнастайным, рознастылёвым, звароты дзяцей да эстраднай класікі былі не замілаваным капіраваннем дарослай манеры, а пошукам уласнага прачытання. А колькі цудоўных новых песень прагучала! Дзіцячых, ды не на тры ноты — стыльных, сучасных, з яркай вобразнасцю, новай тэматыкай, цікавым драматургічным разгортам.

А вось вядзенне конкурсных выступленняў на гэты раз расчаравала. Ну, нельга ўвесь час так крычаць у мікрафоны! Бо атрымлівалася крыўлянне, найгранасць, пры вельмі натуральных артыстычных манерах юных спевакоў.

Спеўныя “вышыванкі”

Сёлетнія конкурсы ўвойдуць у гісторыю “Славянскага базару ў Віцебску” перамогамі абодвух нашых канкурсантаў: да згаданага Гран-пры Аляксея Гроса, які ўсім сваім канкурэнтам падарыў беларускія вышыванкі, далучылася першая прэмія 10-гадовай Настассі Жабко (дададзім, што Гран-пры сярод дзяцей атрымала 11-гадовая расіянка Настасся Гладзіліна). Але асабіста я раставіла б вынікі крыху іначай. На мой погляд, лепшай сярод дзяцей была менавіта наша дзяўчынка. Патлумачу, чаму. У абодва дні яна выступіла папраўдзе бездакорна — ва ўсіх сэнсах чысцютка, упэўнена, з добрым пасылам станоўчай энергетыкі, разуменнем усяго, пра што спявае. Відавочна, што за ёй стаялі выдатныя настаўнікі, але і сама Настасся, як было заўважна нават збоку, вельмі адораная, прычым не толькі ўласна на голас, багаты тэмбравымі фарбамі. На сцэне яна не паўтарала добра завучанае, а жыла музыкай і ў музыцы, вольна пачувала сябе ў джазавай стылістыцы, сярод выкшталцоных рытмічных фігур таго ж Дзюка Элінгтона. Асаблівых слоў заслугоўвае і яе праграма, выкананая з асаблівай іскрынкай: “It don`t mean a thing” з рэпертуару Элы Фіцджэральд у другі дзень і, у першы, “Я малюю” з нечаканай драматургіяй, дзе кампазітарам і аранжыроўшчыкам выступіў Генадзь Сыракваш, аўтарам слоў — Яніна Жабко, бабуля спявачкі.

Свае “дзясяткі”, выстаўленыя нашаму Аляксею Гросу на дарослым конкурсе, старшыня журы Валерый Лявонцьеў па маёй просьбе пракаментаваў наступным чынам: “Аляксей, бадай, больш за іншых удзельнікаў быў у правільным рэчышчы. Гэта было добрае поп-выступленне, узор класнага выступлення эстраднага спевака. У ім не было “дешёвки”, вульгарнасці, залішняй акадэмічнасці, таму ён зрабіў уражанне як на прафесіяналаў, так і на публіку”. На маю ж думку, атрыманая ім высокая ўзнагарода пакуль больш нагадвае аванс. Так, за апошні час гэты выканаўца зрабіў неверагодны крок наперад, але ягоны шлях да сапраўдных вяршынь яшчэ толькі ў пачатку. З трох яго конкурсных выхадаў мне запомніліся… сціснутыя кулакі, адчуванне нават агрэсіі, што сыходзіць ад спевака замест культа мужнасці, якога ён, пэўна, жадаў дасягнуць, і нейкае “паглынанне” артыстам не толькі слоў і дыкцыі, але і самога сэнсу песень. Так што працаваць ёсць над чым! А пакуль — следам за Гросам яшчэ раз падзякуем камандзе, якая з ім працавала.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст