Прывітанне, Міёры

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

Мы ехалі ў гэты старадаўні гарадок красавіцкім сонечным днём, праз дваццаць гадоў пасля апошняй сустрэчы. Наталля Красоўская — адміністратар тэатра па выязных спектаклях, якая напярэдадні ўжо наведала Міёры, — распавяла нам, што акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа тут сапраўды чакаюць…

Калі перад пачаткам спектакля я выйшла на сцэну, у цэнтры глядзельнай залы на прыстаўным крэсле (сама зала была паўнюткая) убачыла загадчыка аддзела культуры Міёрскага райвыканкама Чэслава Кашкура, які наведаў спектакль коласаўцаў.
Ігралі “Старамодную камедыю” А.Арбузава. Выканаўцы галоўных роляў — заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шашкіна і Віктар Дашкевіч пасля спектакля засведчылі, што цеплыня і шчырая зацікаўленасць кожнага, нават самага маленькага, гледача не магла не выклікаць удзячнасці з боку акцёраў!
А пасля спектакля загадчык аддзела культуры, у сваю чаргу, выказаў падзяку артыстам за цудоўны спектакль. І яшчэ адной актрысе тэатра, члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлане Акружной — менавіта яна, пад час сваёй восеньскай сустрэчы з выбаршчыкамі ў Міёрах, паабяцала ім арганізаваць сустрэчу з Нацыянальным тэатрам імя Якуба Коласа. І сустрэча гэтая не прымусіла сябе чакаць, бо і сама Святлана Арцёмаўна, і кіраўніцтва тэатра перакананы, што тэатр мусіць выязджаць са сваімі спектаклямі не толькі на буйныя фестывалі ў вялікія гарады, але з не меншым імпэтам — і ў самыя аддаленыя населеныя пункты Віцебскай вобласці.
Міёры ад Віцебска знаходзяцца больш чым за дзвесце кіламетраў, і калі браць выключна фінансавы аспект, дык на падобных паездках тэатр не “зарабляе”. Але ж дастаткова было ўбачыць, колькі добрых, шчырых эмоцый падарыла міёрцам сустрэча з тэатральным мастацтвам, колькі добрых эмоцый і ўдзячных слоў было сказана ўзаемна мясцовымі жыхарамі і акцёрамі, каб зразумець: падобная практыка выязных спектакляў не проста станоўчая, а — неабходная не толькі для людзей, але таксама і для самога тэатра.

Святлана ДАШКЕВІЧ,
загадчык літаратурнай часткі
Нацыянальнага
акадэмічнага
драматычнага тэатра імя Якуба Коласа