Рукачыннасць і высокія тэхналогіі

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

У сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” праходзіла выстава “Дыплом-Лета2016”. На ёй экспанаваліся ўзоры дэкаратыўнай керамікі, мастацкага ткацтва, вышыўкі, роспісу па тканіне і шкле. Гэта лепшыя дыпломы сёлетняй абароны студэнтаў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

/i/content/pi/cult/596/13248/8-1.jpgКаб галерэя “Універсітэт культуры” засяродзілася выключна на адлюстраванні дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, творчасці выкладчыкаў і студэнтаў гэтай ВНУ, асаблівасцях навучальнага працэсу, дык на працягу ўсяго года галерэя была, што называецца, пад завязку загружана працай. І праца тая займела б прыхільнасць глядацкай аўдыторыі. Я мяркую па тым поспеху, які маюць у гледачоў выставы дыпломных работ згаданага ўніверсітэта. Выстава, што адбывалася ў галерэі гэтым летам, не павінна была расчараваць ні прафесіяналаў мастацтва, ні аматараў. А для маладых людзей, якія абралі творчасць як справу жыцця, але яшчэ не вызначыліся, у якой ВНУ культурнай сферы вучыцца, магчыма, стала дадатковым аргументам, каб паспытаць поспеху ў якасці абітурыента Універсітэта культуры.

Кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мае вялікі досвед адаптацыі нацыянальнай традыцыі да культурных рэалій сучаснасці. Студэнты кафедры за час вучобы засвойваюць асновы народнай творчасці і ўжо на гэтым грунце будуюць уласную мадэль Сусвету. Народная культура для творцы — гэта прышчэпка супраць адмоўнага ўплыву глабалізацыі, здольнага пры адпаведным збегу абставін звесці да нуля нашу тоеснасць. На прыкладзе работ, прадстаўленых у экспазіцыі, відаць, што паміж эстэтыкай, якая трактуецца як сучасная, і нашым народным мастацтвам няма непераадольнай мяжы. Больш за тое, калі ўважліва ўгледзецца, дык відаць, што стагоддзі таму жыццёвая, побытавая логіка нарадзіла тую функцыянальную прыгажосць, тэарэтычнае абгрунтаванне якой з’явілася толькі ў блізкія нам дзесяцігоддзі праз тлумачэнне творчасці мэтраў нефігуратыўнага мастацтва.

У экспазіцыі дамінавалі творы, чый вобразны лад пазбаўлены побытавай канкрэтыкі і часавай прывязкі. Гэта ўжо не прадметнасць, але яшчэ і не знакі-сімвалы кшталту тых, што прысутнічаюць у народным арнаменце. Яшчэ не абстракцыя, але ўжо не рэчаіснасць. Якасная адаптацыя нацыянальнай традыцыі да сучаснай стылістыкі адчуваецца найперш у ткацтве і кераміцы. У значнай ступені дзякуючы кваліфікацыі выкладчыкаў, якія самі ўдала інтэрпрэтуюць народныя традыцыі ў сваіх сучаснага альбо пазачасовага зместу творах. Дарэчы, кераміка і ткацтва — гэта тыя спецыялізацыі, дзе Універсітэт культуры і мастацтва фактычна не саступае нашай акадэміі мастацтваў. Што ж датычыць прадстаўленай тут функцыянальнай керамікі, дык яна цалкам адпавядае стандартам эталоннага ўзору для прамысловага тыражавання. І можна быць упэўненым, што такой прадукцыі не выпадае залежвацца ў крамах і на кірмашах.

Разам з тым, спробы студэнтаў сумясціць у сваіх работах прынцыпы дэкаратывізму і блізкай да натуралізму прадметнасці далёка не заўжды бываюць удалымі. Мяркую, што ўвогуле класічны малюнак і жывапіс не з’яўляюцца моцным чыннікам студэнцкай творчасці. З іншага боку, студэнтам універсітэта культуры, можа, не патрэбна маляваць як выхаванцам акадэміі мастацтваў. Здараецца, што засвоеныя прафесіяналам каноны класічнай школы прыходзяць у сутыкненне з сутнаснай асновай і канкрэтнымі задачамі дэкаратыўнага мастацтва, якое паводле вызначэння візуальна бліжэй да абстракцыянізму, а на функцыянальным узроўні мяжуе з дызайнам.

Калі кафедра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Універсітэта культуры і мастацтва з часам будзе вымушана пад уплывам вонкавых абставін (развіццё тэхналогій, рост папулярнасці тых ці іншых прафесій, патрэба павышэння прывабнасці ўніверсітэта ў вачах абітурыентаў…) пашырыць колькасць спецыялізацый, дадаўшы сюды некаторыя адгалінаванні дызайну, яна можа стаць падобнай на адзін з факультэтаў той жа Акадэміі мастацтваў. Ужо сёння склалася сітуацыя, калі толькі спецыяліст зможа адрозніць дыпломную работа згаданага ўніверсітэта ад дыпломнай работы акадэміі. У любым выпадку захоўваць сваё непаўторнае аблічча і імідж захавальніка традыцый універсітэту з часам будзе ўсё цяжэй. Асабліва пасля таго, як сярод выкладчыкаў адбудзецца змена пакаленняў, і ад актыўнай працы з моладдзю адыдуць тыя, хто з Міхасём Раманюком у этнаграфічныя экспедыцыі ездзіў. Вось тады і паўстане рубам пытанне: дзе мяжа паміж народным і сучасным, ці трэба ўпарта трымацца за рукачыннасць у час панавання высокіх тэхналогій?

Гэта здарыцца заўтра. Пакуль што яно толькі намецілася…

P.S. Наш карэспандэнт наведаў выставу ў дзень вернісажу. Шыльдачак з назвамі твораў і імёнамі аўтараў побач з работамі не было. Таму і мы друкуем рэпрадукцыі работ “без шыльдачак”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"