Своечасова перазагрузіцца

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Ёсць у кіраўнікоў сферы культуры на месцах адна рыса: казаць пра адэкватную ацэнку канструктыўнай крытыкі, але не прымаць яе па факце, асабліва пасля публікацый, дзе тая выказана. Асабліва балюча ўспрымаюцца артыкулы па фестывальным руху. Яно і зразумела: сіл укладзена нямала. Крыўдуюць на прэсу, у прыватнасці на "К", і калі не прыязджаем (“Вы нас ігнаруеце!”), і калі прыязджаем, але не пахвалім у чаканай ступені ці выявім стрыманыя пачуцці (“І што ім не спадабалася?”).

/i/content/pi/cult/596/13245/12-1.jpgУ практыцы журналістаў “К”, на жаль, ставала выпадкаў, калі гаворку варта было весці ў рэзкім тоне па развіцці фестывальнага руху. Але адносіны супрацоўніцтва з работнікамі культуры ў рэгіёнах, хто, як сказаў адзін з практыкаў сферы, чакаюць “ласкавага слова” ад журналістаў, вымушаў калі не да адкрытай кампліментарнасці і заплюшчвання вачэй на відавочныя недахопы, дык да “ласкавага” на іх указання. Мо таму падобнае і не заўважалася, не бралося да ўвагі. Ну, ды кожны сабе гаспадар адносна таго, прымаць ці не прымаць парады. Урэшце, гэтым прынцыпам мы скарыстаемся і сёння. Але гэтым разам пакінем суб’ектыўныя аўтарскія выказванні, заснаваныя на шматгадовым камандзіровачным досведзе, без канкрэтных адсылак да месцаў дзеі. Але ж тэндэнцыі… Тэндэнцыі навідавоку!

Дык вось, хто паспрачаецца, што той ці іншы фестываль, пэўнае свята ледзь не найлепшыя ў галактыцы? Вядома, у межах раёна ніхто не рызыкне. У рамках вобласці ўжо знойдуцца канкурэнты, а ў маштабах краіны фестываль можа выглядаць не больш як чарговым аднастайным мерапрыемствам. (“Не паеду, бо не ведаю, чаго чакаць! Фота паглядзець я і ў “Фэйсбуку” магу. Урэшце, у іх жа, напэўна, і старонак у сацыяльных сетках няма?” — сказаў мне пра адзін з айчынных раённых (па месцы правядзення) міжнародных (па статусе) фэстаў цікаўны да культуры знаёмец.) А газета наша разглядае сітуацыю якраз у маштабах краіны. І калі мы наведваем не па адным фэсце альбо свяце цягам сезона, іх плынь выяўляе рысы агульнасці, прычым з кожным новым выездам тая агульнасць забівае ўнікальныя па сваёй культурнай і сацыяльнай вартасці ідэі, што ляжалі ля вытокаў задумкі. Сапраўды, а які працэнт адпачатковага пасылу захаваўся ў фэсце пасля дзясятка — другога гадоў яго правядзення? І ці кожны кіраўнік праекта тую задуму прыгадае, калі дзе-нідзе і па некалькі складаў арганізатараў змянілася?

Занурваючыся ў такія моманты, мы пачынаем разважаць, у тым ліку калегіяльна на рэдакцыйных планёрках, шукаць прычыны падабенства, выводзіць хаця б абагульненыя формулы выйсця, адзначаючы ў тэкстах максімум станоўчых рысаў. Магчыма, на месцах нашы журналісцкія ўніверсаліі пра “знайдзіце мясцовы брэнд і раскручвайце яго” падаюцца адчэпнымі. Але і нам сцэнарны парадак з шэсця ўдзельнікаў, афіцыйных прамоў і гала-канцэрта мясцовых калектываў не са столі ж падаецца “абавязалаўкай”. Урэшце, падазраём, што сталыя гледачы фестываляў мяркуюць так і пагатоў. Для журналістаў сітуацыя, паўтаруся, ускладняецца пасля памнажэння ўражання на дзясятак раёнаў.

Асабіста для мяне матэрыяльным сімвалам акрэсленай аднастайнасці з’яўляюцца шыльдачкі на дрэўках з назвамі краін-удзельніц дзеі. Шыльдачкі тыя, мяркуючы па здымках розных гадоў з архіваў нашых карэспандэнтаў, па маіх уласных уражаннях, ні дызайн свой не змянялі даўным-даўно, ні самі, верагодна, не абнаўляліся чыста фізічна. А яшчэ не даюць спакою мажарэткі, пра якіх, як і два гады таму, калі даводзілася пісаць падобнага кшталту тэкст, гавораць: “Такое ёсць толькі ў нас!” У 2008-м асабіста я быў гатовы ў гэта паверыць. Цяпер жа, падаецца, немагчыма адшукаць раёны, дзе такога “эксклюзіву” падчас святочнай дзеі няма…

А ведаеце, эксклюзіву хочацца (сапраўднага, канешне ж), як і пэўнай меры ўнутранага развіцця імпрэзы. Пра тое, паўтараючы рэдакцыйны тэкст у № 29, сказаў на прыкладзе фестываляў “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) і “Славянскі базар у Віцебску” Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка: “Нам трэба паклапаціцца, каб кожны год […] фестываль напаўняўся чымсьці новым. Тады будзе дынаміка росту”. Кіраўнік дзяржавы звярнуў на тое ўвагу адносна гігантаў фестывальнага руху, але зусім не значыць, што выказванне гэта не тычыцца іншых яго суб’ектаў. Разам з тым, мяркую, атрымаю ў адказ, хаця б віртуальны, пералік новых дзей, якія штогод уводзяцца ў праграмы (праўда, без указання старых, што адтуль не выводзяцца, бо наўрад ці хто рызыкне “зламаць традыцыю”, — вось і нагрувашчванне), гаворка ж не пра колькасць, а пра якасць. Для мяне яна ў грамадскім інтарэсе да фестываляў ці святаў, што пазіцыянуюць сябе ў рэспубліканскім маштабе. Гэта як дадатковыя цягнікі на “Славянскі базар у Віцебск”. Значыць, едуць. А ці шмат тых, хто едзе на якія іншыя фестываль альбо свята як турыст? На адным з сёлетніх я папрасіў карэспандэнтаў пашукаць такіх. Не знайшлі: мясцовыя ёсць, спецыялісты ёсць у той галіне народнага мастацтва, што разглядалася на “ўнікальным фестывалі”, а турыстаў “чыстай вады” — не. Урэшце, маглі і не заўважыць: іх жа няшмат. Але пра маштабнасць адносна колькасці гледачоў “звонку” ў нас гаворка зазвычай вядзецца ў тэорыі: ёсць ратацыі ў складзе журы, пачэсных гасцей, калектываў і салістаў, але не турыстаў, тым больш заўсёднікаў.

Вяртаючыся да развіцця фестывальна-святочнага руху, зазначу: няблага нават у некаторым сэнсе адпусціць лейцы ўжо ў час фестывалю (не ў перыяд яго падрыхтоўкі!) культурна-ідэалагічным кіраўнікам. Чаму б прыватным чыннікам не паўплываць на якасць усёй дзеі. Далібог, ад таго, ці ўсе прамовяць са сцэны абавязковыя словы, ад таго, наколькі адораць спецыяльных гасцей пакетамі з сувернірнай прадукцыяй, сутнасць, "цымус" дзеі не зменіцца, а вось сцэнарый, які падпарадкоўваецца выключна “афіцыялцы”, за ёй і следуе. А вось бы пабольш прыцягальнай імправізацыйнасці ў творчым сэнсе. Я не пра парадак выступленняў, які, вядома, варта распланаваць пасекундна, а пра нязмушанасць атмасферы. Першае ёсць, часам нават рэжысёр ці адказны адміністратар ледзь не за руку артыстаў на сцэну выводзяць у парыве перфекцыянізму, уласцівага апантаным творцам. З другім часам стае напружанасці: усе чакаюць прыходу начальніка, кантралёра, дэлегацыі.

Вядома, да нязмушанасці, імправізацыйнасці (чытай: творчасці) варта прыходзіць толькі ў звязку з інфраструктурнай і арганізацыйнай дасканаласцю. Скажам, расклад аўтобуснага і чыгуначнага транспарту, схемы руху па тэрыторыі фэсту ў Александрыі размясцілі на партале БелТА. А хіба няма рэгіянальных парталаў і сайтаў райвыканкамаў, каб даць максімум інфармацыі такога ж кшталту. Поўнай, насычанай, грунтоўнай, з адказамі на ўсе часта задаваныя пытанні. Калі ёсць магчымасць, варта і пра раздрукоўкі з карыснымі звесткамі парупіцца, а ўжо пра аркушы з QR-кодамі, спасылкі якіх адкрываюць самыя важныя матэрыялы, у заўважных прахадных месцах, я нават не кажу. Сумяшчэнне ўсяго гэтага — як тактоўная прысутнасць міліцыі на культурных імпрэзах: супрацоўнікі ёсць, гатовыя да дзеяння, але непрыкметныя.

Традыцыя сучасных айчынных святаў, як ты да каранёў не дашуквайся, вырасла з мерапрыемстваў, звязаных з савецкай сістэмай. А гэта і грамадскае харчаванне "на вездзе", дзе некалькі разоў на год можна было з розных нагод адпачыць на адкрытым паветры пад вогненныя кроплі і моцны водар шашлыку. Ну якая там культура? Нехта на сцэне спявае, і калі нешта вядомае — ногі самі просяцца ў скокі. А гэта ж культурнае баўленне часу, плён працы работнікаў культуры. Культура, культура, культура — яна побач, яна атачае, занурвае ў сябе. Але ці вынікова ў такім кантэксце? Для мяне, да прыкладу, відавочна, што час разумення фестывалю і свята ў фармаце “выпіць — закусіць на траўцы” сышоў у мінулае, праўда, яшчэ незваротна праз кансерватыўнасць і неадчувальнасць з боку арганізатарскага “цэху” да відавочных зменаў.

А тых, каму “дзень шашлыку” абыякавы, большае. І сёлета я на свае вочы бачыў культурныя пляцоўкі ў Мінску, дзе пад згаданы фармат, але пад шапкай маладзёжнага мерапрыемства было зусім мала гледачоў, асабліва калі адмыслова запрошаныя класы школьнікаў разбегліся пасля дамоўленага з імі часу. І ўзімку такое было, і ўлетку. Мінск — не паказчык, скажаце? Добра, але Мінск сведчыць пра тэндэнцыю, з якой сутыкнуцца раённыя і абласныя святы вось-вось.

Новай патэнцыйнай публіцы культурнай дзеі хочацца культурнага свята, аднадумцаў навокал, якаснай выверанай праграмы, а не па завядзёнцы — што ёсць, тых і прадставім. Гэта як на музычных фестывалях: едуць на пэўных артыстаў, таму іх арганізатары і заманьваюць. Карацей, прыспеў час задумацца пра мэтавыя аўдыторыі мерапрыемстваў, больш дакладную арыентацыю на прыцягненне невыпадковых турыстаў, што патэнцыйна прыедуць канкрэтна на гэту дзею, пад гэта маюць аказацца і захады ў працы з тураператарамі. Не проста на свята народнай песні запрашаем, а якой менавіта — аўтэнтычнай, той ці іншай традыцыі, аднаго жанру. Не проста свята рамёстваў ладзім, а з акцэнтам на што ці каго — на пэўны матэрыял, выраб, саміх майстроў. Звужэнне аўдыторыі, скажаце? Але ж большасць нашых фестываляў праводзяцца так далёка ад месцаў жыхарства іх патэнцыйнай аўдыторыі, што яны даўно ператварыліся ў падзею “для сваіх” — вялікае шматдзённае свята горада/мястэчка і адмыслоўцаў. Няшмат я ведаю тых, хто паедзе за шэсць гадзін у адзін бок “спажываць” нават самы аўтэнтычны фальклор ці каштаваць ласыя каўбасы. Памятаеце пра агучанае вышэй меркаванне “пагляджу фота ў “Фэйсбуку”? Дык вось, такой пасіўнай, цяжкай на пад'ём публікі адносна традыцыйных формаў святочных дзей , дзе няма "зорных" удзельнікаў, непазбежна становіцца ўсё больш, і да яе прыходу ў частку актыўных спажыўцоў культуры і непрыходу на культурныя імпрэзы трэба быць падрыхтаванымі.

Да ўсяго, вынікі, інфармацыя пра пераможцаў тых фестываляў, пра іх унікальныя таленты шырока не распаўсюджваецца. Ну адкуль “паспалітаму” будаўніку ці бухгалтару арыентавацца ў манеры спеваў ці майстэрстве, перададзеным ад бацькі да сына — і гэтак не адно пакаленне працягваецца? Толькі з медыя, з сеціва, прычым — каб прывабна было, з красамоўнымі фотарэпартажамі, тэлесюжэтамі, з вірусным відэа, з выкарыстаннем сацыяльных сетак. А тут прагал, адсюль — адчуванне непаўнавартаснасці адносна свайго, нацыянальнага, перад замежным, што з тэлеэкранаў не сыходзіць. (І калі на цэнтральных святах і ў цэнтральных СМІ тэматыка таго ж Дня вышыванкі і іншых нацыянальных адметнасцей Беларусі апошнім часам справядліва не сыходзіць “з першых палос”, дык у якім-кольвечы раёне пра тое нацыянальна-культурнае спажывец скажа: “Яго ж нідзе няма!”) А яшчэ і інфармацыі напярэдадні дзеі вобмаль ці проста “нуль”. Карацей, яма, вырытая сваімі рукамі, ласкава запрашае!

Гэта я да чаго? А да таго, што быць універсальным, гнуткім, “з шырокай праграмай” сёння цалкам натуральна, але не бачыць тэндэнцый, што сведчаць зусім не на карысць усёабдымнасці, — недаравальная раскоша. І нулявы эфект адносна перспектыўнага развіцця. Мэта любой падзеі фестывальна-святочнага кшталту — стаць падзеяй. Як на маю думку, варта адзін раз выкласціся, ўсе намаганні скіраваць да максімальнага разгорту, да шырокага асвятлення ў сродках масавай інфармацыі, сеціве, каб паспяхова змяніць каляіну і рушыць яшчэ некалькі гадоў па добра накатанай наноў дарозе. І на пэўны час такая наезджанасць натуральная, але галоўнае ў свой час зрабіць перазагрузку. Каб пасля, трымаючы нос па ветры, зноў падысці да змены курсу на аснове першапачатковай ідэі і, не страчваючы, набываць. У культуры мудры той кіраўнік, што адчувальны да запытаў наведвальніка, гледача, слухача імпрэз ды акцый. Неабыякавасцю адказваюць на неабыякавасць.

Сяргей ТРАФІЛАЎ


Як (не) зрабіць... дрэнна? Інструкцыя з 10 пунктаў і парадаў

Як прыдумаць імпрэзу, на якую завітаюць толькі ўдзельнікі і нешматлікія госці? Як зрабіць са свята пакуту для наведвальнікаў? Як ператварыць весялосць выхадных у працоўныя будні? Журналістам, якія часта бываюць на фэстах рознага кшталту цягам некалькіх гадоў, бачны і тыповыя памылкі арганізатараў, і “заезджаныя” схемы, і тыя праблемы, што ўзнікаюць на “роўным месцы”. Каб прыкрых непрыемнасцяў было менш, а добрых і цікавых ды арыгінальных фестываляў — больш, прэзентуем 10 надзейных прыёмаў, якія павінен мець у запасе дрэнны фэст у раёне. Зразумела, у спадзяванні, што гэтую “дзясятачку” ніколі не возьмуць на ўзбраенне арганізатары фэстаў.

Нікому не паведамляць пра будучую імпрэзу.

Журналісты павінны самі пра ўсё даведвацца за месяц ці нават два, трымаць у галаве будучую дату фестывалю (праўда, яна можа змяніцца з-за нейкай неспадзяванкі лакальнага маштабу) і абрываць тэлефоны арганізатараў, здзіўленых, што адкараскацца ад лішняй увагі не ўдалося. Максімум, што можна, дык гэта даць невялікую рэкламу ў мясцовых СМІ і развесіць пару плакатаў каля раённага Дома культуры. Таксама нельга паведамляць пра будучую імпрэзу ў турфірмы. А калі і паведаміць, дык не за год ці хаця б паўгода да свята, а за пару тыдняў да пачатку.

Праезд на фестываль павінен быць як мага больш складаным.

Не трэба замаўляць дадатковы транспарт, які будзе забіраць гасцей з чыгуначнага ці аўтавакзала, не трэба дамаўляцца з турфірмамі пра падвоз тых, хто хоча завітаць на фестываль з Мінска ці з абласных гарадоў Беларусі. Асабліва важна не тлумачыць у адзінкавых паведамленнях пра тое, як дабрацца да горада, дзе лепш прыпаркаваць аўтамабіль ці аўтобус, калі і адкуль прыходзіць і адыходзіць рэйсавы транспарт. Самі пра ўсё даведаюцца, так бы мовіць, на практыцы і на месцы.

Не тлумачыць, што і калі адбудзецца падчас фэсту.

Хай для турыстаў усё будзе складана! Таму не трэба рабіць дастатковы тыраж бясплатных буклетаў, не трэба амаль ніякай інфармацыі пра тое, дзе і што будзе праходзіць. А калі і з’явіцца нейкае паведамленне, хай яно будзе не зусім слушным. Напрыклад, канцэрты можна пачынаць на паўгадзіны пазней, начную дыскатэку — пазней увогуле на цэлую гадзіну, а некаторыя імпрэзы — увогуле не пазначаць у праграме. Іначай на яе могуць завітаць цікаўныя і асабліва тыя самыя журналісты, што арганізатарам не патрэбна.

Харчаванне гасцей — не праблема арганізатараў.

На фэсце павінны быць толькі пару кропак харчавання, каб у іх заўсёды стаялі чэргі. Прычым думаць пра разнастайнасць і выбар у іх не трэба: госці з’ядуць усё, што будзе ім прапанавана. Паболей дарагіх прадуктаў — трэба ж выканаць план і атрымаць прыбытак! Менш звычайнай таннай вады і бутэрбродаў. Лепш за ўсё на любым фэсце ідуць шашлыкі, шаўрма, замарожаная піца, салодкая вата і папкорн з салодкай газіроўкай. Нават калі на дварэ больш за трыццаць градусаў у ценю.

Забыцца на WC.

Турысты — людзі не зусім звычайныя. Яны могуць знаходзіцца на спякоце гадзінамі, піць ваду літрамі — і не захацець зайсці ў кабінкі з надпісамі “WC”. Таму ставіць такія кабінкі на тэрыторыі фэсту або тлумачыць, дзе знаходзяцца бліжэйшыя гандлёвыя кропкі з прыбіральнямі, не трэба.

Адкрываць фэст варта шэсцем удзельнікаў ці выступленнем барабаншчыц у чырвонай гусарскай форме.

Гэта ўмова абавязковая і адступленне ад яе, відаць, жорстка кімсьці караецца. Пры гэтым вельмі важна нахіліцца да вуха заезджага (невядома, якім чынам) журналіста і прашаптаць: “Зараз вы ўбачыце эксклюзіў! Гэта толькі ў нас робяць!” І пасля задаволена, з веданнем справы, пасміхнуцца.

На фэсце павінен працаваць “Горад майстроў”.

І не важна, што горад прымае музычныя рок-каманды або турнір ці фестываль рыцараў. Наведвальнік проста абавязаны набыць які-небудзь сувенір, пажадана з фабрычнай кітайскай керамікі або з надпісам “З Сібіры — з любоўю”. Аўтэнтычныя сувеніры, з мясцовай сімволікай і на дзяржаўнай беларускай мове не пажаданыя.

Заплюшчыць вочы на жыллёвыя праблемы.

Пра жыллё павінны клапаціцца самі госці, бо вольных месцаў у гатэлі зазвычай няма. Хочуць — няхай у іншы горад едуць у гасцініцу, хочуць — няхай у палатках на вуліцы жывуць. Людзі ў нас моцныя, загартаваныя, могуць спаць і пад зорамі, і пад дажджом. А калі яны ўсё-такі патрапяць у мясцовую гасцініцу, дык у ёй не павінна быць гарачай вады (хай скажуць дзякуй, што ёсць халодная!), Wi-Fi (што гэта?), а таксама тэрміналаў для аплаты пражывання банкаўскімі карткамі (гэта вам не Мінск!).

У імпрэзах фэсту павінны ўдзельнічаць выключна запрошаныя калектывы.

Нельга, каб у запланаваных конкурсах ці імпрэзах бралі ўдзел турысты, прышлыя госці і нават мясцовыя жыхары. Калі ідзе конкурс на лепшы танец — дык сярод удзельнікаў, калі водзіцца купальскі карагод — дык толькі тымі, хто ўмее гэта рабіць. "Чужаніцы" могуць парушыць лагічнасць дзеяння, сапсаваць “карцінку” непрафесійнымі танцавальнымі “па” ці ўвогуле не патрапіць у танцавальны рытм. Гэта, відаць, недаравальна.

Прадугледзець правядзенне фэсту ў розных кропках горада.

Хай турысты на злом галавы бегаюць па ўсім горадзе і пытаюць, як патрапіць на той ці іншы завулак. Хаця пра тыя месцы могуць не ведаць і самі тутэйшыя жыхары. А яшчэ лепш — зладзіць у рамках фэсту імпрэзу падалей ад райцэнтра. Цэнтралізавана прывезці туды запрошаных гасцей, а пра турыстаў увогуле не думаць: хай самі дабіраюцца, калі хочуць. Фэст жа адбудзецца пры любой умове, і нават без турыстаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

 

“План Б” на выпадак дажджу з метэарытаў 

Да гэтых часоў стаіць моцны боль у грудзях пасля аднаго з летніх фэстаў. Боль як метафарычны, так і фізічны, бо даўно я так не хварэла.

Калі збіралася ў дарогу, старэйшыя калегі ўпэўнівалі: мне вельмі спадабаюцца і мясціны, і сама задума мерапрыемства. На тое і спадзявалася. Надвор’е стаяла нетыповае не тое што для чэрвеня — нават для красавіка. Яно і стала лакмусавай паперкай для фэсту — пад дажджом і пры тэмпературы ніжэй за 10 градусаў ярка праявіліся ўсе арганізацыйныя недапрацоўкі.

Першае, што падалося мне немэтазгодным, — расцягнутасць фестывалю па часе. Хоць арганізатары і сцвярджалі, што ён займае два дні, насамрэч пятніца таксама была ўключана ў праграму. Праграму, якую аб’ектыўна можна сціснуць, бо палова мерапрыемстваў не мела ніякага дачынення да “спецыялізацыі” імпрэзы. Ва ўмовах крызісу з фінансамі можна было б зрабіць адзін ці паўтары канцэнтраваныя святочныя дні і тым самым сэканоміць бюджэтныя грошы. (Хаця на старонках “К” эксперты з такім маім меркаваннем не пагаджаліся з тых ці іншых прычын.) Ці выдаткаваць іх на што-небудзь іншае. Напрыклад, на некалькі лішніх аўтобусаў, якія б курсіравалі па пляцоўках горада ў першую чаргу для сваіх жа, мясцовых. Як у гіпермаркеты за Мінскай кальцавой дарогай, толькі мэта — спажыва не матэрыяльная, а духоўная. Урэшце, наведаны населены пункт не такі і малы, а дрэннае надвор’е не дужа спрыяе пешым прагулкам. Неаднойчы ў час камандзіроўкі чула, як людзі засталіся з дзецьмі сядзець дома, бо спужаліся беларускага лета.

Большасць мерапрыемстваў гэтага фэсту праходзіла якраз на вуліцы. Традыцыйна. Але, як мне падаецца, заўсёды трэба мець “план Б” на выпадак непагадзі. А яго не было. Таму ўсе артысты, дзеці, маладыя ды дарослыя, а з імі гледачы, прыстойна памерзлі і вымаклі ў дні фестывалю. Бачыла, як цяклі слёзы ў адной пятнаццацігадовай танцоркі рэгіянальнага калектыву. "Што здарылася?" — "Халодна стаяць". Падавалася, што каб пачаўся метэарытны дождж, нават ён не здолеў бы змяніць сцэнарый, які “адшліфаваўся” за многія гады. Імправізацыя ў дадзеным выпадку была б дарэчнай. Спадзяюся, што фэст нічога не каштаваў здароўю мужных артыстаў.

Засмуціў мяне “Горад майстроў”, неад’емная частка амаль кожнага фестывалю Беларусі. Сорам гандляваць масавай кітайскай прадукцыяй пры наяўнасці таленавітых рамеснікаў у краіне! Няўжо нельга было запрасіць хаця б тройку-пяцёрку ганчароў, разьбяроў, выцінаншчыц, ткачых? Той жа “Вясновы букет” сабраў у маі ў Мінску іх сотні. Усе яны з візітоўкамі, гатовыя абмяняцца кантактамі, адкрыць для сябе новыя магчымасці. Дык у чым праблема?

Магчыма, гэты тэкст падаецца камусьці выпадам у адрас паважаных, разумных людзей. Але пісаўся ён з вялікім сумам. Рэгіянальныя фэсты павінны быць калі не для турыстаў (пакуль пра гэта гаворкі няма амаль нідзе), дык для мясцовых людзей, нераспешчаных відовішчамі і разнастайнымі забавамі, сапраўдным святам. Ды нешта радасці на іх тварах я так і не ўбачыла. Магчыма, ад распешчанасці ўласнай.

Аліна САЎЧАНКА


Час фестывалю фестываляў

Я — не адвакат, ды і не прысуды мы тут выносім. Я чалавек з райцэнтраўскім менталітэтам. Большую палову жыцця (веткаўскага) хадзіў на працу пешкі (у нас не казалі “пешшу”, толькі “пешкі”). Таму любіў, люблю і буду любіць местачковыя святы. А нязбыўнай марай з дзяцінства засталіся шыкоўныя наваксаваныя, але недасягальныя боты на вяршыні гладка абгабляванага слупа на Масленку. Ну ды ладна, гаворка не пра боты, а пра фестывалі.

Уся праблема, падаецца, у тым, што мы, сённяшнія, не ўмеем радавацца, ствараць сабе свята. Неяк перад РДК, дзе неўзабаве павінна была распачацца фестывальная дзея, запытаўся ў латыша: “Чым здзіўляць будзеш?” Ён імгненна пачаў стукаць па зямлі кійком і рытмічна напяваць штосьці кшталту “О-о-а-а-а”. Вакол яго сабраліся ў карагод сын, дачка і жонка. Вочы кожнага свяціліся ад шчасця. Свята для іх стартавала. Потым яны паўтарылі яго ўжо на сцэне і заваявалі прыз за непасрэднасць выканання. “Свята, якое заўжды са мной”. Мо беларускай самадзейнасці не трэба высокага, ледзь не прафесійнага ўзроўню, бо ён вымагае пастаянна несці нейкі цяжар адказнасці? Адсюль — пэўная доля афіцыёзу, рэгламенту, магчымага папроку “мы на вас ускладалі, а вы не пабаяліся не апраўдаць”. Я для сябе даўно падзяляю (умоўна) нашу самадзейнасць на прафесійную і аматарскую. Вось паслухаць бы з фестывальнай сцэны і самадзейнасць аматарскую, з вуліцы і без пафаснага “акадэмізму”.

У мамінай вёсцы фэст (агульнае свята) пачынаўся так. На мурагу ля пыльнай вуліцы дзядзька Піліп на ўслончыку браў першы акорд на гітары. Рабіў ён гэта артыстычна: заплюшчваў вочы, адкідваў, як конь грыву, чупрыну, напружваўся — і выдаваў. Потым, у адпаведнасці з драматургіяй самапальнай рэжысуры, да Піліпа далучаліся мандаліна і скрыпка (не памятаю, як звалі музыкаў). А мы, саплівыя, заграбалі босымі нагамі вясковы пыл у нязмушаным разняволеным танцы. Потым неяк спакваля нашы месцы займалі дарослыя. Нам толькі і заставалася, што навыперадкі займаць партэр — бліжэйшыя прызбы. Наколькі памятаю, сцэнарый шчасця не мяняўся. І мы пілі яго нагбом. І не было тут журналістаў, прадстаўнікоў міністэрстваў, рай- і аблвыканкамаў. Было свята вясковай традыцыі.

Натуральна, нашы сённяшнія фестывалі (асабліва ў райцэнтрах) павінны развівацца. Галоўнае пытанне: “Як?” Мяняць сцэнарый, пакідаючы галоўную брэндавую канву? Мабыць. Тут важна, каб мясцовыя жыхары на фоне запрошаных удзельнікаў не адчувалі сябе “чужымі на гэтым свяце жыцця”. Ды не. Падаецца, скаргаў на гэты конт я не чуў. Падчас фестывалю “абарыгены” апранаюцца як на свята, сябе паказваюць, на іншых глядзяць. Бацькі купляюць жонкам “фанту”, а дзецям — марожанае. Хлопцы ўюцца вакол дзяўчат. Пенсіянеры чакаюць канцэрта. Ды і ў крамах ці на гандлёвых латках выстаўляецца лепшае, не надта дарагое, мабыць, і спецыяльна прыхаванае на свята. Праўда, сувеніры ў рамеснікаў падскокваюць у цане. Але не бяда, на тое і фэст: хлопцам для дзяўчат нічога не шкада. А на сцэне (у амфітэатры, пад паветкай, проста на плошчы) пачынаюць спяваць, танчыць, жартаваць. І хто ў выйгрышы? Падаецца, усе. Выканаўцы паказалі сваё майстэрства, пабачылі калег-канкурэнтаў, усіх накармілі і завезлі дахаты. Мясцовыя захавалі на ўвесь год яркія ўспаміны, яшчэ больш зацвердзіліся ў перакананні, што яны не горшыя за сталічных. Маўляў, і ў нас культурнае жыццё буяе. Прынамсі, фестывальныя выхадныя былі непадобнымі на шэры будзень.

Не штогод праводзіць фэст, а раз у два-тры гады, каб не прыядаўся? Я ведаю меркаванне на гэты конт многіх кіраўнікоў раёна. А яно такое: мы свята прыдумалі, нарадзілі ў свой час. І ці ж маем права пазбаўляць людзей такога шчасця? На яго і апошніх грошай не шкада. А грошы сапраўды ці не апошнія. Дык мо варта ў сённяшніх рэаліях маніторыць сітуацыю: ці чаканае для людзей свята, ці па кішэні яно арганізатару?

Мы, журналісты, — людзі крытычнага падыходу да справы. Не “жукоў” шукаем, а факты для аналітыкі. У краіне фестывальны крызіс? Праблемы з рэжысурай і сцэнарыем? Дык няўжо гэты факт заўважны толькі для газетчыкаў, якія ўсё лета прысутнічаюць на айчынных фестывалях, заўважаючы міжраённыя ды міжабласныя паўторы, што мяжуюць з творчым плагіятам? Вось каб кожны арыгінальны рэжысёрскі ход можна было запатэнтаваць! Але аўтарскія правы на фэст — справа далёкая.

Мяне калісьці вучылі: пастаў сябе на месца таго, пра каго пішаш. Дык вось, я цудоўна разумею, чаго гэта варта: прыдумаць фэст, давесці яго да гатунковага ўзроўню і гадамі старацца, каб узровень той не падаў. Начальніку аддзела даводзіцца дбаць пра тое, куды пасяліць і як пракарміць гасцей, дзе для гэтага сродкі адшукаць. А яшчэ — як зрабіць такую трыбунку, каб яна была зручнай для старшыні райвыканкама, які будзе той фэст урачыста адкрываць. А ёсць яшчэ творчы складнік. Кожны работнік аддзела працуе цягам месяцаў толькі на фестываль, яго сцэнарый, на спіс удзельнікаў, сваіх і запрошаных, на рэпертуар, на сцэнічныя касцюмы і падарункі для гасцей. Шараговыя мерапрыемствы адыходзяць у цень. А ў выніку атрымліваецца фэст, які “К” крытыкуе за падабенства на іншыя. Такіх дзясяткі, і хто іх бачыў, апрача маіх калег? І гэта не віна, а бяда.

Фестываляў шмат. Безумоўна, пэўныя з іх былі калісьці арыгінальнымі ды непаўторнымі. Не выклікае сумнення і тое, што фестывальны рух спыніўся ў развіцці. Ад дабра дабра не шукаюць. Але час — бязлітасны цэнзар. Штосьці абавязкова і беззваротна старэе. Так, ідэалу дасягнуць нельга. Аднак варта да гэтага імкнуцца. Таму, па маім меркаванні, надышоў час стварыць фестываль фестываляў. З той простай прычыны, што гэтаму неўтаймоўнаму руху не стае крытычнага аналізу, не хапае конкурснага абагульнення. З’явіцца магчымасць выбраць эталонны, без прыкмет плагіяту, адзначыць горшы, скіраваць працэс “фестывалеўтварэння” ў спрыяльнае рэчышча. Справа натуральная, дыялектычная. Тут не так крытыкаваць трэба, колькі дапамагаць усебакова.

І я не стаў бы абвінавачваць толькі раёны. На мой погляд, праблема фестывальнай аднастайнасці — праблема неразваротлівасці метадычных цэнтраў (ад раённых да абласных). Неразваротлівасць — ад адасобленасці. Пра інфармацыйную замкнёнасць рэгіёнаў мы пішам. Ролю фестывальнага каардынатара Інстытут культуры Беларусі не разглядае як першаступенную. Наша газета па прычыне яе не самага высокага накладу з дадзенай функцыяй не спраўляецца. Вось у гэтым кірунку абагульніць бы намаганні.

Каб ад мяне што залежала, я адмовіўся б ад фестывальнай пафаснасці: шэсцяў, парадаў і гэтак далей. Вярнуўся б да згаданай вясковай традыцыі. Тут у мяне ўвогуле мара ёсць. Пераўтварыць бы безаблічныя і аднолькавыя па ўсіх раёнах святы вёсак у адмысловую акцыю пад умоўнай назвай “фестывальная вёска”. Як я яе ўяўляю? У пэўны, узгоднены з усімі і разрэкламаваны дзень я мог бы прыехаць сюды ў ліку іншых ахвотных. А нас бы ўжо чакалі. У адной хаце праспявалі б. У другой — з печы накармілі. У наступных — прапанавалі, скажам, ткацтва, парадавалі паданнямі, паказалі лес, раку і сенажаць, распавялі пра конскую вупраж і далі коніка напракат… І ўсё за грошы. Магчымы і бартэр. Я за яешню насек бы нейкай бабулі дроваў. А потым сядзеў бы на лаве і слухаў вясковыя прыпеўкі. А ўвечары можна і ў клубе сабрацца. Без пафасу, з агульнай карысцю.

Інакш кажучы, каб тваё свята было з табой, яго трэба самастойна прыдумаць і нікому не аддаваць. Інакш развучымся думаць. І напрыканцы зусім не “адвакацкае”. Дык крытыкаваць нам фэсты (калі яны таго заслугоўваюць) ці не? Адкажыце на гэтае пытанне самі. А я толькі адзін дарэчны прыклад прывяду. Калі замежнаму рэстараннаму крытыку (як правіла, кулінарнай адукацыі ён не мае) не спадабаецца страва, можна шынок зачыняць: людзі сюды больш не прыйдуць.

Яўген РАГІН

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"