Захаваць цяжка здабытае

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Далейшы тэкст пачатку 2000-х, школьнае сачыненне майго сына на тэму “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям’і”, я выпадкова знайшоў, разбіраючы старыя паперы. Не ведаю, што пісалі яго аднакласнікі, але ўпэўнены: нешта падобнае. Хіба што сэнсавыя акцэнты маглі быць расстаўлены крыху інакш. Сямейная хроніка, сцісла пераказаная, пры ўсёй канкрэтыцы даволі тыповая. Пра кожную беларускую сям’ю, якую закранула Вялікая Айчынная вайна, можна напісаць літаратурную эпапею і зняць шматсерыйны фільм. Таму перад тым, як прывесці свае рэфлексіі, прапаную ўвазе чытачоў падставу для маіх разваг.

/i/content/pi/cult/596/13244/4-4.jpg

 

Уладзімір Ісачэнка. "Будзем памятаць".

“Паводле аповедаў маіх бацькоў у савецкі час Дзень Перамогі быў, бадай, адзіным святам, якое, маючы афіцыйны, дзяржаўны статус, адначасова было сапраўды народным. Яно ў літаральным сэнсе было заваявана крывёю, і словы са знакамітага марша пра тое, што “гэта свята са слязамі на вачах” не столькі мастацкі вобраз, як дакладнае вызначэнне. Вялікая Айчынная вайна так ці інакш закранула ці ні кожную сям’ю ў нашай краіне. Сем’і маіх бацькоў не выключэнне. Абодва мае дзядулі, Аляксандр Давыдавіч Касенка і Пётр Савельевіч Васілеўскі, ваявалі. Адной бабулі, Наталлі Арсенцьеўне Касенка, давялося стаць бежанкай. Некалькі ваенных гадоў яна правяла ў эвакуацыі ў Чувашыі. Другая, Галіна Ануфрыеўна Васілеўская, трапіла пад акупацыю. Загінуў пры вызваленні Польшчы старэйшы брат Галіны Ануфрыеўны Віталь.

Аляксандр Давыдавіч родам з Кубані. Вайскоўцам ён быць не збіраўся, марыў стаць доктарам. Нават скончыў у Краснадары адзін курс медыцынскага інстытута. Але незадоўга да вайны ён быў вымушаны спыніць вучобу, бо быў прызваны ў войска. Майго дзядулю адразу накіравалі на камандзірскія курсы. У чэрвені 1941 года ён лейтэнант-памежнік, які служыць у раёне Брэста. Дзядуля распавядаў, што многае з таго, што трапляла ў поле зроку памежнікаў, відавочна сведчыла, што рыхтуецца напад. Больш за тое, у памежнікаў меліся дакладныя звесткі пра дзень і час нямецкай атакі. Але быў загад “не рэагаваць на дэзінфармацыю, не паддавацца на правакацыі”.

Застава, дзе служыў дзядуля, была разгромлена ў першыя гадзіны нямецкага наступу. Памежнікі, якія засталіся жывымі, ратаваліся як маглі. Самае страшнае было адчуваць у гэтай сітуацыі сваё бяссілле. Дзядуля распавядаў, што ён, малады хлопец, пасівеў, калі пабачыў, як немцы масцілі жывымі людзьмі, якіх прыгналі з бліжэйшай вёскі, дарогу праз балота для сваіх танкаў.

Прабіцца да сваіх праз лінію фронту дзядулю не ўдалося. У тыле захопнікаў, якія наступалі, аказалася шмат такіх як ён, акружэнцаў. Многія станавіліся партызанамі. Думалі, на кароткі час: аказалася, на доўгія тры гады. Так было і ў майго дзядулі, які партызаніў да самага вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Аляксандр Давыдавіч быў некалькі разоў паранены. Яму нават хацелі нагу ампутаваць, але ён не даў. Нагу захаваў, але да скону крыху кульгаў. Увогуле дзядуля пра вайну рапавядаў мала. Толькі калі моцна папрасіць, ды і тое нейкімі ўрыўкамі. Ён лічыў, што калі пра вайну ведаць усю праўду, дык згубіш веру і ў людзей, і ў Бога. Таму не абцяжарваў чужы розум сваім адмоўным досведам. Аляксандр Давыдавіч быў узнагароджаны некалькімі медалямі і ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, якім вельмі ганарыўся.

Пасля вайны дзядуля хацеў вярнуцца ў Краснадар, дзе яго чакала дзяўчына. Але мусіў застацца ў Беларусі, падпарадкоўваючыся партыйнай дысцыпліне. З часам ён стаў журналістам, працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, сябраваў з Васілём Уладзіміравічам Быкавым, які таксама быў супрацоўнікам гэтай газеты.

Бабуля Наталля Арсенцьеўна кажа, што ў эвакуацыі было голадна і холадна. Каб выжыць, давялося прадаць усе рэчы, якія здолелі з сабою ўзяць. Распрадалі нават фотаздымкі з сямейнага альбома. А па вяртанні давялося адбудоўвацца на папялішчах, усё пачынаць з нуля.

Другі мой дзед, Пётр Савельевіч, прайшоў вайну радавым. Ваяваў у Запаляр’і. Ён таксама пра вайну казаў мала. Мне запомніўся толькі ягоны аповед пра першую перажытую ім бамбёжку ды яшчэ пра тое, як у Мурманску сустракалі арктычныя канвоі саюзнікаў. У першы год вайны ён быў цяжка паранены. Пасля шпіталю быў прызнаны непрыгодным да страявой службы і далей быў журналістам франтавой газеты. За вайну у Пятра Савельвіча медалі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”. Ужо пасля вайны ў адну з гадавін Перамогі як ветэран ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны.

Бабуля Галіна Ануфрыеўна згадвае акупаваны Мінск. Да самага з’яўлення немцаў у горадзе з рэпрадуктараў жыхароў угаворвалі не панікаваць, захоўваць спакой; запэўнівалі, што вораг будзе разбіты і адкінуты. Але людзі, адчуваючы нешта няладнае, збіралі рэчы, што маглі несці і рухаліся на ўсход. Немцы бамбілі калоны бежанцаў. Але “акуратна”, па збочынах. Дарогі ім самім былі патрэбныя для далейшага наступу. Недзе ў раёне сённяшняй акружной дарогі бежанцаў, сярод якіх была і сям’я маёй бабулі, сустракалі салдаты ў форме Чырвонай Арміі і разварочвалі іх назад. Потым стала вядома, што гэта былі нямецкія дыверсанты. Бабуля кажа, як страшна было бачыць разбураную нямецкімі бомбамі цэнтральную вуліцу горада — Савецкую (цяпер — праспект Францыска Скарыны [Сачыненне, нагадаю, з пачатку 2000-х. — П.В.]). Яна глядзела на руіны, згадвала колішнюю прыгажосць і плакала. Чалавек да ўсяго прызвычайваецца. Давялося прызвычаіцца жыць сярод руін. Потым — да акупантаў на вуліцах горада, потым — да шыбеніц.

Бабуля расказвае, што ў ваеннае ліхалецце ў людзях рэзка праяўляліся якасці, якія ў мірны час не надта кідаліся ў вочы. Гэта датычыць як станоўчых якасцяў, так і адмоўных. Хтосьці, каго да вайны лічылі прыстойным, сумленным чалавекам, нечакана добраахвотна ішоў на службу да акупантаў. А нехта, у каго, нібыта, не было схільнасці да гераізму, выратоўваў іншых, рызыкуючы жыццём.

Брат Галіны Ануфрыеўны Віталь адразу пасля вызвалення Беларусі быў прызваны ў Чырвоную Армію і пасля кароткачасовай падрыхтоўкі (усяго два тыдні) аказаўся на фронце. Акалічнасцяў яго смерці сям’я не ведае. У “пахаронцы” напісана, што загінуў у баі і пахаваны з адданнем воінскіх ушанаванняў. Маці Віталя, мая прабабуля Марыя Адамаўна многія гады марыла з’ездзіць у Польшчу на магілу сына. Але здзейсніць гэтага не атрымалася.

У жыцці Галіны Ануфрыеўны вайна доўга давалася ў знакі не толькі балючымі ўспамінамі, але і мноствам праблем. Доўгія гады да людзей, што перажылі акупацыю, ставіліся насцярожана. Афіцыйна ім не адмаўлялі ў праве лічыцца савецкімі людзьмі. Але рэальна яны былі людзьмі “другога гатунку”. “Быў пад акупацыяй” — гэта як таўро. Амаль тое ж самае, як і “быў у палоне”. Так, пры ўступленні ў камсамол Галіне Ануфрыеўне задавалі пытанне: “Чаму вы засталіся жывой?”. Гэта гучыць абсурдна, асабліва калі браць да ўвагі, што ў 1941 годзе ёй было чатырнаццаць год. Але пыталіся абсалютна сур’ёзна. І ў адказ чакалі тлумачэння і пакаяння.

Пасля вайны людзі жылі бедна. Але многія, каму сёння за семдзесят, згадваюць гэты час як шчаслівы. Найперш, мабыць, таму, што яны былі маладымі. Ды яшчэ з той прычыны, што для шчасця хапала ўсведамлення, што ты жывы, хоць шматкроць мог загінуць. А яшчэ было пачуццё, што выжылі не паасобку, а ўсе разам. Калектывізм той пары быў рэальным, натуральным, за яго не трэба было агітаваць. У першыя пасляваенныя гады лічылася нармальным, што ўсёй камунальнай кватэрай альбо ўсім дваром адзначалі дні нараджэння, вяселлі, іншыя святы, праводзілі ў апошні шлях. Асобна ў гэтым шэрагу вылучаўся Дзень Перамогі.

Гэта свята і сёння яднае людзей, што выжылі і перамаглі. Толькі раней іх яднала радасць, а цяпер настальгія”.

А цяпер скажу ад свайго імя. Я ведаю, што майго дзядулю вайна застала ў Беластоку, і ён пехатою дабіраўся да Мінска, да сям’і, збіўшы да крыві ногі. Маю бабулю па бацькавай лініі немцы ледзь не расстралялі за адну толькі знешнасць, угледзеўшы ў ёй рысы, якія падаліся ім семіцкімі. А мая бабуля па лініі маці ў часе акупацыі магла б мець прывілеі “фольксдойчэ” (так у Рэйху называлі людзей з нямецкай крывёю за межамі Германіі), бо яе бацька, мой прадзед, быў родам з Германіі — з Усходняй Прусіі. Але ёй нават у галаву не прыходзіла думка чагосьці прасіць у акупантаў. Рабіць гэта не дазвалялі ёй сумленне, чалавечая годнасць і пачуццё салідарнасці па бядзе са сваім асяроддзем — сваякамі і суседзямі. Дарэчы, у сям’і бабулі пад выглядам яе дачкі ўсю вайну жыла суседская дзяўчынка, чые бацькі загінулі ў Трасцянцы.

Згаданае — не падборка канцэптуальных фактаў, а ўрыўкі з аповедаў старэйшых, якія мне чамусьці запомніліся. Маім дзецям, мяркую, гэта яшчэ цікава, як сямейная хроніка і штрыхі да гісторыі краіны, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца, а вось ці будзе яно патрэбна маім унукам, я не ўпэўнены. І справа не толькі ў часе ад згаданых падзей і што сыходзяць з жыцця іх удзельнікі і сведкі — а значыць, паводле логікі, памяць пра Вялікую Айчынную ўжо не будзе мець такога моцнага ўплыву на свядомасць беларусаў, як зараз. Праўда, памяць пра лёсавызначальныя для краіны падзеі цалкам знікнуць не можа. Нездарма ж французы дагэтуль ганарацца перамогай пад Аўстэрліцам, брытанцы — Трафальгарам і Ватэрлоо, а сербы дагэтуль смуткуюць з нагоды паражэння ад туркаў у Косаўскай бітве. Мы ж памятаем Грунвальдскую перамогу 1410-га і 3 ліпеня 1944 года.

Я мяркую, што памяць пра Вялікую Айчынную будзе трансфармавацца і, магчыма, сыходзіць на перыферыю нашай свядомасці ў выніку… далейшага паляпшэння жыцця беларускага народа, набліжэння нашага жыццёвага ўзроўню да стандартаў самых развітых краін свету. Справа ў тым, што ў Савецкім Саюзе, з якога ўсе мы выйшлі, гонар за Перамогу, усведамленне вялікай гістарычнай місіі савецкага народа мусілі сярод іншых ідэалагічных мэтаў ураўнаважыць, а яшчэ лепей — перакрыць уласцівы савецкаму чалавеку комплекс негатыўных пачуццяў, які ён меў, параўноўваючы свой дабрабыт з дабрабытам таго ж рабочага чалавека на Захадзе.

Сёння ў Беларусі іншая рэчаіснасць — з самаходамі-“інамаркамі” ў прыватным гаражы, з кватэрамі павышанай камфортнасці і катэджамі, адпачынкам на экзатычных выспах. Зразумела, гэта не ва ўсіх, але ж колькасць такіх людзей павялічваецца. Тым больш, менавіта яны, іх лад жыцця ўспрымаецца грамадствам як эталон. А гэта значыць, што беларус больш не камплексуе перад замежнікам, і няма яму патрэбы для самасцвярджэння нагадваць таму пра чырвоны сцяг над Рэйхстагам.

Ды з гэтай вайны беларусы выйшлі годнай, паўнавартаснай нацыяй, і сёння памяць пра Вялікую Айчынную — стрыжань нашай нацыянальнай ідэі. Памятаеце, у славутым фільме “Беларускі вакзал” адзін з герояў скардзіцца, што не мае сёння ў жыцці ясных арыенціраў і сумуе па ваеннай маладосці, калі ўсё было зразумела — “мы ў акопах, перад намі вораг, і наша справа правая”. Сёння ў такім стане не асобныя прадстаўнікі канкрэтнага пакалення, а краіны і народы. Памятаю са свайго дзяцінства (гэта 1960-я) выслоўе “Даўно вайны не было!” Гэтымі словамі людзі з пакалення франтавікоў характарызавалі занадта, на іх думку, разняволеныя паводзіны моладзі (да якой належаў і я), якая пораху не нюхала, а фанабэрыю мае. А сёння ўжо я думаю, як у варунках мірнай разняволенасці не згубіць заваяванае крывёй на вайне пачуццё гордасці за краіну, павагу да пакалення папярэднікаў. Захаваць часам бывае цяжэй, чым здабыць…

P. S.

Аўтар папрасіў праілюстраваць нататкі менавіта гэтай карцінай, што друкавалася летась на нашых старонках з нагоды выставы, прысвечанай юбілею Перамогі. Ён лічыць, што вобразным ладам яна адпавядае ўспамінам ягонай маці пра тое, як 3 ліпеня Мінск сустракаў вызваліцеляў, як сама яна несла кветкі чырвоармейцам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"