Чаму #ГросНаш спрацавала

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Сёлетні Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Славянскі базар у Віцебску” сапраўды хацелася глядзець. І заўзець за беларускага ўдзельніка Аляксея Гроса. Я, напрыклад, упершыню ў жыцці тры дні глядзеў гэты конкурс менавіта каб скласці ўражанне пра Аляксея, яго канкурэнтаў і агульны ўзровень спаборніцтва. І мой, і, мяркую, многіх іншых інтарэс звязаны з прафесійным падыходам да прасоўвання артыста, элементамі тактыкі якога варта скарыстацца многім падзеяўтваральным установам сферы культуры.

/i/content/pi/cult/596/13243/2-6.jpgКаманда Гроса ахапіла ўсе магчымыя кірункі ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. Да тэлебачання, якое і праз дзённікі падрыхтоўкі да фестывалю, і праз разнастайныя праграмы “правяло” канкурсанта цягам, лічы, месяцаў чатырох, далучыліся радыё, прэса і, галоўнае, інтэрнэт. Адносна радыё разгадка простая: на конкурс, нарэшце, трапіў выканаўца з фарматнага “пула” (і дастаткова вядомы, пазнавальны) для айчыннага FM-эфіру. Дык чаму ж яго не падтрымаць? Прэса сёлета была больш актыўнай, чым у выпадку з папярэднімі гадамі, калі з беларускім канкурсантам рабілі хіба фармальнае інтэрв’ю напярэдадні віцебскага фестывалю. (Галоўнае ж колькасць строяў расійскай зоркі Алы Пугачовай падлічыць ці нешта, скажам, пра такіх “герояў нашага часу”, як Баскаў ці Кіркораў, пару радкоў з фота паставіць, ці не так, калегі?) Што да інтэрнэту, дык гэта ўзор таго, што мае быць у арсенале піяршчыка сучаснага артыста (прывітанне непасрэдна датычнаму да гэтага ўсяго Сяргею Андрыянаву): актыўныя акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках, хэштэг #ГросНаш пад усімі публікацыямі ў іх, падрыхтаваныя загадзя якасныя — з варыянтамі — фотасэты,  шмат беларускай мовы, не самыя затратныя, але паўнавартасныя кліпы. Была і мэтанакіраваная праца з тэмай вышыванкі. Нават за скандальную жаночую (?) кашулю ў кліпе, якую не “затроліў” хіба лянівы, стаўлю плюс. Спрацавала, падавалася б, негатыўная сітуацыя на карысць Гроса, якога падтрымалі менавіта за адданасць нацыянальным сімвалам і прадстаўнікі, скажам так, прасунутай і дасведчанай у тэме моладзі, дастаткова скептычнай да такіх падзей, як “Славянскі базар…”.

А яшчэ адзначу адкрытасць артыста і яго менеджменту да кантактаў. З “Культурай” ён паехаў у “Экспрэс-тур…” у родны Салігорск, іншыя медыя прапаноўвалі Аляксею свае авантурныя ідэі. А быў жа яшчэ выбар песні, да якога мог далучыцца кожны (хаця, на маю думку, гэтаму этапу не хапіла дастатковай раскруткі), генеалагічнае дрэва ўсё той жа Алы Пугачовай, вобраз вялікага князя Міндоўга ў прома-прадукцыі, сустрэча з Валерыем Дайнэка з “Беларускіх песняроў”, першым выканаўцам песні “Ой, дожджык ідзе…” — “нацыянальнага хіта”, вылучанага для конкурсу, з украінкай Ані Лорак, рэспекты іншых музыкантаў. І ўсё тое з фота-, відэаматэрыяламі ў рэжыме рэальнага часу. Той, хто быў падпісаны на яго старонкі, падаецца, адчуваў сябе часткай каманды Гроса.

Усё гэта — падрыхтоўка да спаборніцтва на фестывалі, які мы лічым цэнтральным, асноўным, наймаштабным у нашай культурнай практыцы. І такі падыход, у ідэале, патрэбен маладым артыстам наогул, на якіх робім стаўку ў любым жанры музыкі, мастацтва ў прынцыпе. Калі налета “градус” знізіцца, будзе крыўдна і проста несур'ёзна адносна развіцця самога форуму і вартасці яго.

Я не магу сябе прылічыць да гарачых прыхільнікаў творчасці Аляксея Гроса, не магу сказаць, што ён роўна, на маю думку, выступіў на конкурсе “Віцебск-2016”, не цалкам пагаджаюся і з ягонымі трактоўкамі выкананых рэчаў. Але тое, што #ГросНаш, з гэтай кампаніі я дакладна для сябе ўсвядоміў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах