Гаспадарчыя групы: “прапісаліся” і засталіся?

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Як зладзіць невялікі рамонт установы культуры, выдаткаваўшы грошы, лічы, толькі на матэрыялы? Так, прыцягнуць да працы гаспадарчую групу. Гэтыя арганізацыі колісь стала “прапісаліся” пры аддзелах тады яшчэ культуры райвыканкамаў і годна адпрацавалі не адзін дзясятак гадоў. Але галоўнае пытанне ў тым, наколькі яны канкурэнтаздольныя ў наш час, калі паслугі на рынку прапаноўвае шэраг будаўніча-мантажных кампаній?

/i/content/pi/cult/596/13242/4-22.jpgЯк аказалася, запатрабаванасць відавочная: пра гэта казалі мне начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. А некаторых з іх задумваюцца пра перспектывы дадзеных падраздзяленняў. Напрыклад, як зазначыў “К” начальнік аддзела ІРКСМ Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш, гасгрупа, створаная пры аддзеле культуры без малога гадоў 20 таму, сёння, на ягоны погляд, патрабуе мадэрнізацыі:

— Без гаспадарчай групы я сёння не ўяўляю ні падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону, ні бягучых рамонтаў нашых шматлікіх устаноў культуры, бо тады ўсё гэта для аддзела каштавала б на парадак даражэй, — адзначыў суразмоўца. — У нас у гасгрупе працуе 6 чалавек, заробкі там не такія і вялікія — блізу 250 дэнамінаваных рублёў, — і, канечне, хацелася б, каб у тых, хто там працуе, былі добрая аплата працы, нармальныя інструменты, не зашкодзіў бы і большы штат.

Канкурэнцыі, па словах Канстанціна Панімаша, яны не баяцца. “Справа ў тым, што айчынныя будаўнічыя арганізацыі ўключаюць у кошт сваіх паслуг не толькі рамонтныя работы, але і транспартныя выдаткі, аплату матэрыялаў, падатковыя адлічэнні. Таму наша гаспадарчая група ў гэтым плане, безумоўна, у выйгрышы”.

Але тут ёсць і іншы аспект: падобныя арганізацыі, як вядома, не маюць права рабіць значныя рамонтныя работы, бо для гэтага патрабуецца атрыманне дзяржаўных ліцэнзій. Так што аддзелам ІРКСМ краіны даводзіцца запрашаць да ўдзелу ў рамонце будаўнікоў-прафесіяналаў.

— Мы не маем права выконваць, скажам, работы па рамонце той або іншай тэхнікі, ладзіць вышынныя работы на нашых будынках, — кажа начальнік аддзела ІРКСМ Ушацкага райвыканкама Святлана Азевіч. — Але ўсё адно гаспадарчая група застаецца ў нас запатрабаванай. Праўда, ёсць у яе дзейнасці сёння і пэўныя пытанні. Напрыклад, нашы раённыя ЦБС, ЦКС, музей і дзіцячая школа мастацтваў цяпер маюць статус юрыдычных асоб. Таму, напрыклад, не заўсёды атрымліваецца накіраваць гаспадарчую групу, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, для рамонту той або іншай сельскай бібліятэкі, бо ў гэты час яна можа быць занятая на нейкім клубным аб’екце. Так што, магчыма, мае сэнс перадаць тую ж гасгрупу “пад крыло” аддзела ІРКСМ, як гэта і было раней…

Іншае меркаванне ў калегі Святланы Азевіч — начальніка аддзела ІРКСМ Свіслацкага райвыканкама Гродзенскай вобласці Ірыны Паўлючэні. Яна лічыць, што сёння ў райвыканкаме варта ствараць тэхнічныя аддзелы ці секцыі, якія будуць займацца кантролем рамонтных работ:

— Падобным чынам прадстаўлена структура і ў нашым аблвыканкаме, і, як падаецца, гэта выглядае лагічна, — кажа Ірына Паўлючэня. — Справа ў тым, што тэхнічны аддзел мог бы рабіць усю неабходную дакументацыю, збіраць інфармацыю па ўсіх рамонтах і служыць своеасаблівым органам кантролю і каардынацыі. А ўжо падсобныя рабочыя пры музеі, ЦБС ці ЦКС, згодна з даведзенымі планамі, рабілі б неабходныя работы ва ўстановах культуры.

Што ж, цікавая прапанова. Іншая справа, што згодна з апошнімі тэндэнцыямі, наўрад ці будзе проста павялічыць штат аддзела.

І апошняе. Не мог не задацца і такім пытаннем: калі гаспадарчыя групы ў раёнах дасюль запатрабаваныя, дык, можа, з іх дапамогай трэба і грошы падзарабляць? Напрыклад, дапамагаючы калегам са сферы адукацыі або на нейкіх іншых аб’ектах дзяржаўнай уласнасці?

— Для аказання такіх паслуг гаспадарчым групам патрэбна ліцэнзія, — заўважыла Ірына Паўлючэня. — А хто яе нам прадаставіць, калі ў нас часам працуюць неспецыялісты? Так што, на мой погляд, лепш працаваць на сваёй дзялянцы. Тым больш, вопыту ў гэтай справе ў нас хапае, ды і работы на нашых аб’ектах і так вельмі шмат.

Што ж, меркаванне спецыяліста выглядае даволі слушным. Так што, як вынікае, асноўная задача гасгруп сёння, мабыць, такая ж, як і пяць ці дзесяць гадоў таму: змяншаць выдаткі на рамонты ўстаноў культуры раёна. Чым яны, натуральна, і займаюцца. А дадатковы рубель у скарбонку платных паслуг хай зарабляюць супрацоўнікі мясцовай сферы культуры: пасля рамонту, хай сабе і бягучага ды зробленага сіламі гаспадарчай групы, магчымасцяў для гэтага з’явіцца, што ні кажы, значна больш…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"