Музей будучыні ўжо амаль... побач

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Рэпліка ў адказ: што можа стаць працягам кніг нобелеўскага лаўрэата?
На нядаўняй сустрэчы са сталічнай грамадскасцю вядомы музеёлаг Аляксандр КАЛБАСКА правёў "музейную" ж паралель паміж Нобелеўскімі лаўрэатамі ў галіне літаратуры — беларускай Святланай Алексіевіч і пісьменнікам з Турцыі Арханам Памукам, чый раман “Музей цнатлівасці” ўжо атрымаў працяг у выглядзе… музея. Фактычна выступленне стала разгорнутай “рэплікай у адказ” пра ціхую рэвалюцыю ў сусветнай музейнай супольнасці, якая адбываецца цяпер.

/i/content/pi/cult/596/13241/15-2.jpg

Архан Памук у створаным ім Музеі цнатлівасці ў Стабмуле. / Фота з сайта музея

/i/content/pi/cult/596/13241/4-1.jpgВеданне сітуацыі ў нашай краіне знутры (больш за 10 гадоў Аляксандр Мікалаевіч быў дырэктарам заслаўскага музея-запаведніка), а таксама магчымасць бачыць яе звонку (20 гадоў выкладання дысцыплін музеялогіі, з якіх 12 гадоў — за мяжой) даюць яму як эксперту магчымасць аб’ёмнага бачання і параўнальнай аналітыкі. І ўсё ж інтэрпрэтацыя ідэй Архана Памука на беларускай глебе ад Аляксандра Калбаскі — вельмі суб’ектыўная рэпліка. Урэшце, суб’ектыўнасць і аўтарства інтэрпрэтацый — тое, чаго востра не стае айчыннай музейнай сферы.

“Надакучылі музеі, якія спрабуюць распавесці гісторыю якой-небудзь супольнасці, арганізацыі, каманды, абшчыны, нацыі, дзяржавы, народа, фірмы альбо якога-небудзь прадмета, аб’екта. Мы стаміліся ад іх. І мы ўсе ўсведамляем, што гісторыі звычайных людзей будуць нашмат багацейшыя і важнейшыя, падораць нам больш радасці, чым гісторыя ўсіх народаў, разам узятых”, — так сфармуляваў пачуцці многіх, узрушыўшы прафесійную супольнасць сваім музейным маніфестам ХХІ стагоддзя Архан Памук, сусветна вядомы раманіст, інтэлектуал, лаўрэат Нобелеўскай прэміі. Маніфест нядаўні, апублікаваны ў каталогу “Цнатлівасць прадметаў” у тым жа 2012 годзе, калі быў адкрыты музей, прысвечаны выдуманым героям і адначасова апісаны ў рамане. Вельмі дзёрзкі праект для кансерватыўнай па вызначэнні музейнай сферы. У сваёй “Рэпліцы ў адказ” Аляксандр Калбаска сказаў: “Не ўсе ўсвядомілі пакуль, 

Аляксандр Калбаска ў вобразе дзядзькі Антося вядзе
экскурсію па Вільнюсе паводле раздзела "Дзядзька ў
Вільні" паэмы Якуба Коласа "Новая зямля". / 
Фота прадастаўлена героем артыкула 

што ідэі і практычныя дзеянні Архана Памука — гэта бомба. Таму, што яна запакавана ў вельмі прыстойную, вельмі прафесійна сканструяваную абалонку-музей, які пабудаваны на рэальных прадметах з выдуманай легендай”.

Музей цнатлівасці быў адкрыты ў Стамбуле, родным горадзе лаўрэата. А ўжо праз два гады гэты прыватны музей, створаны пісьменнікам (а зусім не дыпламаваным спецыялістам-музейшчыкам!), атрымаў дыплом “Лепшы еўрапейскі музей 2014 года”. Дык чаму гісторыя кахання прыватных асобаў, 35-гадовага Кемаля і 18-гадовай Фюсун, апісаная ў рамане, імгненна стала звышпапулярным месцам музейнага паломніцтва, у тым ліку міжнароднага? Не героі і не зоркі, не вучні школы Хогвартс і нават не “катастрофы чалавечага цела”, а тыя самыя “звычайныя людзі”, галасы якіх зрабіла чутнымі ў сваіх кнігах і Святлана Алексіевіч — вось да каго павінны быць звернутыя і пра каго павінны распавядаць музеі XXI стагоддзя.

— Аляксандр Мікалаевіч, сярод фармальных нагодаў прамовіць "рэпліку" цяпер — і ваша 60-годдзе, што адзначылі ў ліпені. Як сведчыць гісторыя музейнай справы, гэта век росквіту музейнага работніка ў прафесійным плане. І ўсё ж: чаму агучылі пазіцыю менавіта цяпер, і ў чым “бомба” Памука?

— Каталізатарам “Рэплікі ў адказ” паслужыла велізарная падзея: Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, Беларусь “прагучала” па ўсім свеце. І для мяне паралель стала завершанай. “Бомба” Архана Памука не толькі ў тым, што ён абыходзіцца з сапраўднымі музейнымі прадметамі як цыркач: гуляе з імі так, што любыя класічныя нормы ўліку і захавання фондаў перастаюць дзейнічаць, страчваюць сэнс. Магчыма, многія супрацоўнікі фондавых аддзелаў музеяў цяпер задаюць пытанне: як пасля гэтага працаваць? Але сапраўдна “бомбавае” ў ягоных грандыёзных мастацкіх акцыях — пытанне Пілата: што ёсць праўда — што ёсць сапраўднасць прадмета? Што ёсць насамрэч каштоўнае ў гісторыі? І ягоны адказ радыкальны: толькі Каханне. І развагі пра тое, як яго зберагчы. Астатняе сімулякр, муляж. Па сутнасці, пра тое ж сведчаць героі кніг Алексіевіч, і “балючыя” тэмы — толькі сродак, які дазваляе раскрыць праўду.

— Як вы ўяўляеце магчымы музей паводле яе твораў?

— Я паспрабаваў паглядзець на кнігі Святланы Аляксандраўны вачыма ўмоўнага “галоўнага захавальніка” як на ўмоўны музей з вялікай колькасцю апісаных экспанатаў — успамінаў-дакументаў. Так, фармальна гэта пакуль толькі кнігі. Але яны сапраўды ўжо з’яўляюцца сховішчам, хай і віртуальным, шмат якіх рэчаў. Працягам кніг Святланы Алексіевіч мог бы з’явіцца музей “Чырвонага чалавека”, як наступны натуральны крок. Ён мог бы стаць не запаведнікам монстраў, як парк савецкай скульптуры ў Літве, а рэальным музеем простых рэчаў, сведак цэлай цывілізацыі, апошнія сляды якой імкліва знікаюць цяпер на нашых вачах. На партале Tut.by ёсць праект “Савецкая Атлантыда”, і гэта паказальна, як адна са спробаў захавання. Гэтую ж ідэю захавання дэкларуе фільм Памука “Цнатлівасць памяці” на прыкладзе герояў рамана-музея ды спадчыны Стамбула і завяршае чатырохчасткавую манументальную акцыю (раман + музей + каталог + фільм).

Трэба разумець, што нават тыя, хто нарадзіўся ў перыяд незалежнасці Беларусі, звязаныя з сыходзячай цывілізацыяй — праз сваіх бацькоў, праз бабуль і дзядуляў, праз іх траўмы і іх каштоўнасці. Нават калі яны самі гэта адмаўляюць і саромеюцца. Ці проста выкідаюць рэчы-ўспаміны. Пры тым, што найскладаная праблема для музеяў — адлюстраванне сучаснасці.

— Музей “Чырвонага чалавека” — гэта, напэўна, дорага, калі па-сапраўднаму. Фінансавы бок стамбульскага праекта: Архан Памук выдаткаваў большую частку Нобелеўскай прэміі на тое, каб стварыць Музей цнатлівасці…

— Пытанне істотнае, але другаснае. Галоўнае і першаснае — усведамленне, што гэта сапраўды важна. Цяпер масава знікаюць рэчы той эпохі. Людзі пераязджаюць у новабудоўлі ці прадаюць дамы і кватэры сваіх бацькоў і дзядоў разам са “старызнаю”. Між тым, “будучыня музеяў — у нашых дамах”, як сцвярджае Архан Памук, і я з ім згодны. Менавіта цяпер можна было б паспрабаваць сабраць фонды музея “Чырвонага чалавека”.

— Лічыце, што стварэнне такога музея актуальнае для краіны?

— Развітацца з мінулым можна толькі праз яго асэнсаванне. У тым ліку і дзеля гэтага існуюць музеі. Архан Памук, калі ўжо мы гаворым пра яго (а ён культурны герой нашага часу!), у індывідуальным парадку папрасіў прабачэння ў армянскага народа за генацыд з боку Турцыі. Ён закрануў болевыя кропкі цэлых нацый. Святлана Алексіевіч кожнай старонкай закранае болевыя кропкі былога савецкага народа, правакуе на рэакцыю. Дзеля таго, каб той былы боль не застаўся бессэнсоўным і марным. Наіўна думаць, што можна проста сцерці з памяці нешта. Калі так адбываецца, то пустэча на сцёртым месцы пачынае працаваць вельмі дэструктыўна. Музеі ў постсавецкіх краінах адлюстроўваюць гэты працэс. Так што справа не толькі ў сродках, справа — у свядомасці.

— Вы і раней выказвалі смелыя ідэі, што апераджалі магчымасці канкрэтнага гістарычнага моманту. Пры вашым дырэктарстве ў 1990-х заслаўскі музей-запаведнік атрымаў сучасныя абрысы, але некаторыя інавацыі апынуліся занадта смелымі і не спрацавалі адразу...

— Сапраўды, чвэрць стагоддзя таму некаторыя ідэі крыху нецярпліва забягалі наперад. Цягам 1990-х шмат што было зроблена ў Заслаўі, але некалькі перспектыўных ініцыятыў так і не атрымалася ажыццявіць. Гэта, у прыватнасці, вынас нафтабазы з тэрыторыі запаведніка, стварэнне пры запаведніку туркампаніі, выпяканне хлеба з намолатага на млыне збожжа, аднаўленне сядзібаў ганчара і краўца, адкрыццё шынка з нацыянальнымі стравамі… Добра, што гэта лічыцца зусім не арыгінальнымі ідэямі сёння, а дзе-нідзе яны нават і рэалізуюцца, хай сабе і на прыватнай глебе.

— Калі сур’ёзныя ідэі прамаўляюцца ўслых, свет не можа, не павінен заставацца ранейшым. Каб рухацца далей, варта ўсвядоміць новае і даць свой адказ. Інакш — рэгрэс. Чамусьці ў тэхнічных плынях гэта зразумела, а ў гуманітарных не заўсёды. Абвостраная рэакцыя на новае — ваша зласцівасць: 20 гадоў таму вы сталі адным з ініцыятараў стварэння Беларускага камітэта Міжнароднай рады музеяў ICOM. Да таго моманту ў Заслаўскім музеі-запаведніку (з часу яго заснавання ў 2016-м спаўняецца 30 гадоў) пад вашым кіраўніцтвам ужо адбыліся ключавыя для развіцця музея падзеі: стварэнне найбуйнейшай (у свеце!) калекцыі дываноў Алены Кіш, фарміраванне калекцыі беларускіх музычных інструментаў… Як ацэньваеце вынікі тагачасных ініцыятыў?

— Што тычыцца заслаўскага эксперыменту канца 1980-х і “ліхіх” 1990-х, то гэта было цяжка, бедна… І — крута! Ап’яняльная атмасфера свабоды, вяртанне ды гістарычных каранёў, пэўная разгубленасць навокал дазвалялі праяўляць ініцыятыву, крэатыўнасць і вынаходлівасць, рабіць з апантанымі аднадумцамі цікавыя справы. Да гонару калектыву заслаўцаў, на першае месца я паставіў бы нават не збор згаданых выбітных калекцый, а першую паспяховую спробу ўкаранення на беларускай зямлі ідэяў новай музеялогіі, стварэння “жывых музеяў”. Паспелі зрабіць добрыя справы: адбылося вяртанне абодвух храмаў вернікам, ажыўленне млына і хаты завозніка. Дарэчы, Архан Памук сваёй гульнёй з “сапраўднымі музейнымі прадметамі” закладае тую ж самую “бомбу” пад ідэі як традыцыйнай, так і новай музеялогіі. Але гэта выклік ужо XXI стагоддзя, і трэба думаць, як адказаць на яго.

Сумна, калі асобныя ініцыятывы доўга не жывуць. Радасна, калі жыццё іх не пакідае. Перад стварэннем беларускага ІСОМ была ініцыятыва стварэння Беларускай асацыяцыі музеяў, якая так і не стала на ногі. Хаваю ва ўласным “асабістым музеі” пячатку гэтай няздзейсненай асацыяцыі. Крыху больш шчаслівы лёс напаткаў Лабараторыю музейнага праектавання і “Музейныя сшыткі”. А музеялагічная школа ў Беларускім інстытуце праблем культуры (цяпер Інстытут культуры Беларусі), хоць і ў іншай форме, але жыве дагэтуль. Як і адукацыйная праграма, прысвечаная падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне аховы і інтэрпрэтацыі культурнай спадчыны, а таксама ў звязаным з гэтай галіной турызме. Карацей, даты, юбілеі — гэта добра, але ідэі павінны нараджацца ўвесь час, інакш адбываецца застой.

— Алексіевіч публічна абвесціла аб намеры стварыць у Галерэі Tut.by інтэлектуальны клуб, пачынаючы з верасня 2016 года. Спадзяюся, у фармаце клуба можна будзе абмеркаваць ідэю музея паводле кніг нашага нобелеўскага лаўрэата.

— Скарыстаюся сітуацыяй і дазволю сабе выказать спадзяванне, што адным з гасцей стане і нобелеўскі лаўрэат Архан Памук.

Таццяна БЕМБЕЛЬ, мастацтвазнаўца, сябра Беларускага камiтэта ICOM, куратар Галерэi Tut.by