Ці здымуць прыбытак з платных паслуг?

№ 16 (834) 19.04.2008 - 25.04.2008 г

У сувязі са зваротамі, якія паступаюць па пытанні падрыхтоўкі настройшчыкаў музычных інструментаў, Міністэрства культуры інфармуе аб наступным.

У дадзены час рамонт і настройку музычных інструментаў здзяйсняе вытворча-рамонтнае унітарнае прадпрыемства “Музрем” Беларускага саюза музычных дзеячаў.
Гэтае прадпрыемства мае добрую вытворчую базу, штат высокакваліфікаваных настройшчыкаў і рэстаўратараў, якія прайшлі навучанне на вядучых фірмах, што выпускаюць музычныя інструменты.
“Музрем” здзяйсняе рамонт і настройку замежных і айчынных музычных інструментаў любога тыпу, згодна з тэхнічнымі ўмовамі заводаў-вытворцаў і стандартамі Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтоўку кадраў ці павышэнне кваліфікацыі гэтае прадпрыемства не здзяйсняе. Ёсць адзінкавыя прыклады навучання (на ўмовах аплаты) рабочых такой прафесіі ў Расіі.
У мэтах рашэння дадзенай праблемы сёння прапрацоўваецца пытанне арганізацыі падрыхтоўкі рабочых такой прафесіі (на ўмовах аплаты) на факультэце павышэння кваліфікацыі ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” з прыцягненнем вядучых работнікаў вытворча-рамонтнага унітарнага прадпрыемства “Музрем” Беларускага саюза музычных дзеячаў і Асацыяцыі настройшчыкаў, што існуе пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў.

Віктар КУРАШ, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь

 


Ці плануецца садзейнічанне ўвядзенню дадатковай колькасці персаналу і забеспячэнню работы Навагрудскага краязнаўчага музея пасля надання яму статуса юрыдычнай асобы?

У адпаведнасці з пунктам 8 Агульных умоў увядзення пасад спецыялістаў і іншага персаналу ва ўстановах клубнага тыпу, навукова-метадычных цэнтрах і іншых культурна-асветных установах Тыпавых штатаў культурна-асветных устаноў, зацверджаных загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 08.01.1996 № 5, зыходзячы з канкрэтных умоў і аб’ёмаў работы, у штаты ўстаноў, з дазволу органаў кіравання, што непасрэдна фінансуюць іх дзейнасць, могуць быць уведзены дадатковыя пасады спецыялістаў і рабочых.

Вольга КАНАНЮК, начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрствакультуры Рэспублікі Беларусь

Васіль ЧЭРНІК, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

 

Ці мяркуецца вызваленне платных паслуг культуры ад падатку на прыбытак?

Міністэрства культуры не ўпаўнаважана на прыняцце рашэнняў па ўстанаўленні льгот па падатках.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лістапада 2005 г. № 520 “Аб удасканаленні прававога рэгулявання асобных адносін у эканамічнай сферы” ільготы па падатках, зборах (пошлінах), іншых плацяжах у бюджэт асобным катэгорыям юрыдычных і фізічных асоб устанаўліваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і (ці) законамі, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства культуры ў 2008 годзе звярнулася ў Міністэрства фінансаў з прапановай аб вызваленні дзяржаўных арганізацый, што аказваюць паслугі культуры, вырабляюць кіна-, відэафільмы, ад выплаты падатку на прыбытак. Сродкі, якія вызваліліся ў сувязі з вызваленнем ад платы падатку на прыбытак, прапануецца накіроўваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтых арганізацый.

Вольга КАНАНЮК, начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь