“Пра падумаць” і пра пер’е

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Попыт, “-ізмы” ды легіёны скапіраваных
У Мінск на пару дзён завітваў генеральны дырэктар “Рускага радыё ва Украіне”, вядучы ўкраінскага ж “Радыё “Рокс” Сяргей КУЗІН, вядомы і ў Беларусі як шматгадовы лідар айчыннага FM-эфіру. “К” пацікавілася ў суразмоўцы яго бачаннем шэрагу паралеляў у культурах і шоу-бізнесе нашай дзяржавы і суседняй.

/i/content/pi/cult/596/13239/14-1.jpgВышыванка і патрыятызм

— Для мяне патрыятызм — не першакрыніца, не генератар, а вынік комплексу дзеянняў. Адпаведна, калі ёсць культура, то з яе можа ўзрасці (ці не ўзрасці) патрыятызм. Упэўнены, што можа быць падтрыманы дзяржавай патрыятызм як вынікова, так і з адваротным эфектам. Скажам, ваш Дзень вышыванкі не можа не радаваць. Найперш таму, што ўкраінскі досвед сведчыць: вышыванка — не ізаляцыя, а спроба самаідэнтыфікацыі праз адзенне. А такія ментальныя рэчы, пачынаючы ад мовы, ад арнаментаў, неабходна захоўваць, бы галубка маленькага. Цудоўна, калі вартыя ініцыятывы дзяржаўныя структуры рэалізоўваюць і ўпоравень з плынямі грамадскай цікавасці.

Крайнасці

— Я прыехаў з той краіны, дзе патрыятызм ды іншыя “-ізмы” падлягаюць сёння дыскусіям. Напрыклад, патрыятызм напускны, паказны. Мне смешна, да прыкладу, глядзець на ўкраінскіх дэпутатаў, што апранаюць пад гарнітур ад Брыёні вышыванку. А вось пад драныя палінялыя джынсы і сам з задавальненнем апранаю яе. Наогул жа, па названай тэме праз усё жыццё для мяне спрацоўваюць старыя фразы, што патрыятызм — гэта любоў да сваёй краіны, а нацыяналізм — нянавісць да чужой; колькі моваў (культураў) ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек. Вось украінскую і вывучыў пакрысе: доўга не размаўляў, але ўсведамляў, што, жывучы ў краіне, нельга не ведаць яе мовы. Цяпер пры патрэбе па-ўкраінску магу кантактаваць (хаця аб працы гаворка не вядзецца), чаго ў Беларусі ў мяне так і не склалася…

Трэнд на сваё

— Ва Украіне вядзецца гаворка пра квоты ў 33 % для ўкраінскамоўнай музыкі ў радыёэфіры (для вузкафарматных станцый — 15 — 20 %). Адразу скажу: я не прыхільнік квотаў у любых вымярэннях (хаця прымаў удзел у іх распрацоўцы), і слова тое мне не даспадобы. Мяркую, і для артыста не асаблівая радасць быць у нейкай квоце. Але аб'ектыўна матэрыялу для гэткага кроку дастаткова. Працуючы на “Рускім радыё Украіна” мы паспяхова абыходзімся без часткі расійскага кантэнту, замяшчаючы яго аб'ём уласным, украінскім. Урэшце, маем істотную перавагу: мясцовая поп-музыка якасна вышэйшая за аналагічны напрамак расійскай. І на ўласны прадукт ёсць попыт. Скажам, цяпер па ўкраінскім тэлебачанні актыўна транслююцца оўпэн-эйр-фэсты (на маю думку — найлепшая форма спажывання музыкі) з удзелам сваіх артыстаў — ад рокавых і джазавых да поп-кірунку. Калі гэта глядзяць і ў эфіры, і ўжывую, значыць, попыт — не надуманы. (Толькі мой гурт грае 4 канцэрты на такіх фэстах цягам аднаго толькі ліпеня, прычым адзін з фестываляў (у Кіеве) чакае 130 тысяч гледачоў!) А камерцыйная станцыя ці тэлеканал не ствараюць выклікі, а адказваюць на іх.

Асцярожна і шырока

— Разам з тым, неабходна быць вельмі асцярожнымі ў такіх далікатных пытаннях. Аўстралія ўпершыню ўвяла практыку квот для радыёэфіраў: і вось з 1946-га да нашага часу працэнт паступова давялі толькі да 26 (прычым мова краіны — англійская). А франкафонны праект праз 20 гадоў дзейнасці ледзь не да пратэстаў летась прывёў… Я так разумею (бо не сачу за працэсам стала), што і дагэтуль у 75 % беларускай музыкі ў радыёэфірах няма дастатковай колькасці якасна адпаведнага фарматам матэрыялу ад беларускіх жа выканаўцаў. Адсюль і Свірыдава, і Антонаў, і “Бі-2”, што праходзяць па катэгорыі айчынных спевакоў другі дзясятак гадоў. Дык мо варта пашырыць вугал зроку самім станцыям? Фармат, вядома, патрэбны: у краме з джынсамі вы разлічваеце знайсці там менавіта джынсы, а не шаравары, так? Але ж ва Украіне няма патрэбы штучна “прыпісваць” да сваіх артыстаў, што пачыналі ці “адзначыліся” тут (Алеграву, Крутога, Брэйтбурга, Меладзэ…). Чаму? Бо дастаткова матэрыялу, і апошнія некалькі гадоў — высокі трэнд альтэрнатыўных і рок-праектаў (“Onuka”, “Harskiss”, “Monatik”, Іван Дорн…), прычым яны ў эфірах. Гэтак жа і кірунак на фольк не першае дзесяцігоддзе застаецца для Украіны надзённым: днямі “Даха-Браха” — індзі-гурт з моцным фольк-замесам — выступіў на брытанскім фестывалі “Гластанбэры”. Узровень!

Пра рэчышча эфіру

— З поп-музыкі, датычнай Беларусі, ва Украіне запатрабаваны пасля перамогі ў тэлеконкурсе Жэня Літвінковіч. І, бадай, усё. Адсюль пытанне: ці паўплывалі ўведзеныя працэнты ў Беларусі на стан згаданага сегменту музыкі? Адмыслова не сачыў. Хіба ўвосень 2015-га гадзіны паўтары праехаў па Мінску ў машыне з уключаным радыё. Не спрабуючы раздаць сястрыцам па завушніцам, сцісла пачутае акрэслю так: “Спакойненька”. Гэта і пра музычнае рэчышча эфіру, і пра яго размоўную частку. Урэшце, мо тое — ментальныя рэчы. (Вось у Скандынавіі на радыё мала гавораць, імкнучыся не замінаць набору суперцяжкіх тамтэйшых гуртоў, а ў краінах Міжземнамор’я — наадварот.) Але, мяркую, пакуль гаворка не зойдзе пра пэўны працэнт беларускамоўных твораў, якаснага ўсплёску чакаць не варта. Такі падыход, думаецца, і ад другаснасці абароніць.

Аднолькава? Не...

— Пакуль галоўнае, што паказалі працэнты ў Беларусі, — нельга пры адсутнасці грошай у адным месцы і наяўнасці ў іншым рабіць аднолькава папулярную музыку. Ну які сэнс гнацца за пер’ем у кліпах Кіркорава, калі грошай на тое пер’е ў дзясяткі разоў менш? Вось у беларускім року ёсць самадастатковасць. Гэта “пра падумаць”. З таго, што мне дасылаюць сябры, я адносна больш сачу не за фарматам, а за рок-музыкай. Падабаюцца “The Toobes”, “Yellow Brick Road”, крайнія альбомы “J:Mopc” і Вольскага.

Ці спяшацца ў легіён?

— І яшчэ раз пра другаснасць. Выканаўцаў з песнямі кшталту рэчы Сяргея Лазарава на “Еўрабачанні” на Захадзе легіён. І ва Украіне падобных мноства. Іншая справа, што ў нас вялікія “нафтавыя” грошы, што ўкладаліся ў шэраг праектаў, выдавілі самабытнасць. Шмат з’явілася празападнага, але слепа скапіраванага. І такія выканаўцы аказваюцца не запатрабаванымі на тым рынку, куды марылі прабіцца. Гэх, найвялікшая трагедыя сучаснасці, як у анекдоце, здарылася ў год, калі не стала Курта Кабэйна і нарадзіўся Джасцін Бібер…

“Еўрабачанне” і Джамала

— Займаўся я гэтым конкурсам не аднойчы, пачынаючы з 1999 года. І маё стаўленне даўно вызначана: ніякіх адносінаў да рэальнай сітуацыі ў поп-музыцы любой з краін-удзельніц ён не мае. Ну, няхай Вялікабрытанія не выйграе ў “Еўрабачанні”, але ці выпадае параўноўваць музычны рынак гэтай дзяржавы з рынкамі ў іншых кутках кантынента? Ды і каманда шведаў, што робіць шоу па пэўных стандартах, даўно вядомая, а конкурс, канешне, палітызаваны, суседзі адзін за другога галасуюць…

З іншага боку, сёлета ставала моцных нумароў на згаданым спаборніцтве наогул. Але, прызнаючы наяўнасць самых розных аргументаў на карысць таго ж Сяргея Лазарава, мае сімпатыі, вядома ж, на баку Джамалы. І той, хто хоць гаму можа сыграць, песні і выкананне гэтых артыстаў поруч не паставіць. Пра тое, урэшце, расійскі крытык Артур Гаспаран усе кропкі над “і” расставіў пасля першай жа рэпетыцыі. А кантракт Джамалы з лэйблам “Universal” доказам. Урэшце, так сталася, што сёлета ставала варыянтаў, каго выпраўляць ад Украіны на конкурс: Джамала, “Hardkiss”, “Sun Say” ды многія іншыя — уражальныя сучасныя нумары. Многае — наогул hi-end-клас для постсавецкай прасторы. І гэта не эстрада, не жудасная “папса”. (Прынамсі, тое не праблема: калі ёсць “Lordi” альбо Канчыта Вюрст, на гэтым конкурсе няма абмежаванняў з фарматамі.) Разам з тым, у Ісландыі самая эстрадная спявачка Б’ёрк: рабіце высновы…

Рок-зорка

— Ды якая я рок-зорка? Скапленне газаў, не больш! З таго часу, калі пачаў працаваць на радыё, стараўся рабіць тое, што хочацца: скажам, прадзюсіраваў “Фабрыкі зорак” і пры гэтым захоўваў адданасць рок-н-ролу як ладу жыцця. А спробы дрыгацца на сцэне выраслі з патрабаванняў партнёркі па эфіры Соні Сотнік, якая сама піша песні і спявае, ды і ў мяне 150 кілаграмаў ідэй назапасілася. Знайшліся музыканты, што мяне падтрымалі (дарэчы, адзін з іх, Віталь Перапяліца, працуе ў мінскім аркестры). У выніку, першы канцэрт сабраў тысячу гледачоў, а хобі набыло абрысы выказвання, якое аказалася нават на мяжы рэнтабельнасці: 5 — 7 канцэртаў у клубах ці оўпэн-эйраў (для многіх беларускіх артыстаў, ведаю, тое недасяжная колькасць выступаў). Прычым няма ніводнага “мінуса” маіх песень: альбо зведзены “плюс” для радыё, альбо ўвесь гурт трэба выводзіць на сцэну. Праўда, праз тое кіславата з тэлеэфірамі, дзе мусіш стаяць і адкрываць рот пад “фанеру”.

Ідэя

— Пакуль мой гурт не запрашалі ў Беларусь з канцэртамі. Мо я надта дарагі для вашых пракатчыкаў? (Смяецца.) І яшчэ. Калі ў чытачоў газеты знойдзецца ўласны верш ці яны могуць падказаць чыесьці радкі на беларускай мове, сапраўды мужчынскія, іранічныя, можа, сацыяльна-іранічныя, я з задавальненнем зрабіў бы такую песню.

Фота аўтара

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах