Версіі вакол Скарыны

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г


/i/content/pi/cult/595/13235/14-1.jpgСветачы і люстэркі

Аўтэнтычнасць нашых інтэрпрэтацый усіх дэталяў прыжыццёвага адлюстравання Францыска Скарыны неаднаразова пацвярджалася прыкладамі на матэрыяле сусветна вядомых шэдэўраў мастацтва.

Напрыклад, выява гірлянды дубовай лістоты (грэка-лац. “stemma” — гірлянда, упрыгожванне выяваў продкаў, радавод, генеалагічнае дрэва; а лацінскі амонім “frons” — лістота, лік, твар), жолуд якой амаль датыкаецца да бярэта Скарыны, інтэрпрэтуецца намі ў якасці сімвала абстрактнага Творцы (так званы “Вялікі Твар” рэнесансавых неаплатонікаў-пантэістаў) і сакральнасці паходжання розуму.

Дэкор вядомага эрмітажнага сярэднявечнага так званага Фрэйбургскага крыжа красамоўна сведчыць аб тым, што дубовая лістота сімвалізавала старазапаветнага Бога, а вінаградная — Хрыста.

Дубовая лістота на капелюшы босхаўскага “ката” (лонданскае “Каранаванне цернем”), які абсцярожна падтрымлівае Хрыста, указвае на нябачную прысутнасць Бога-Айца, які падтрымлівае Сына-Агнца перад раз’юшанасцю ваўкоў у абліччы людзей. Толькі ў такім кантэксце зразумелы смуткуючы выраз твару “ката” (аўтапартрэт Ераніма Босха) і выява на яго шыі шыпаванага ашыйніка пастырскіх ваўкадаваў. На роднасць “ката” з Агнцам Божым указвае і авечае футра на яго капялюшы. Паколькі светапогляд Мікеланжэла сфармаваўся пад моцным уплывам фларэнтыйскіх неаплатонікаў-пантэістаў, то на яго славутай сікстынскай фрэсцы “сапраўдны” невядомы абстрактны Творца Сусвету адлюстраваны ў выглядзе дубовай лістоты з гіганцкімі жалудамі. Нават выявы дубовых лістоў на пфенігах ФРГ і сучасных еўрацэнтах узыходзяць да тэзы славутага нямецкага філосафа: “Дзяржава — ёсць рух Бога праз Гісторыю”, якая вельмі імпанавала Ота Бісмарку (“З намі Бог!”).

Падобна таму, як уважлівы агляд арыгінала фларэнтыйскай карціны Альбрэхта Дзюрэра “Пакланенне вешчуноў” дазволіў нам канчаткова ўпэўніцца ў тым, што на славутай гравюры “Меланхолія” адлюстраваны выцягнутыя цвікі-кастыльцы (прыгадваюцца ў слоўнікавым гняздзе “костыль” слоўніка Уладзіміра Даля), якія сімвалізуюць адхіленасць філосафа ад органаў пачуццяў у момант яго інсайту, непасрэднае знаёмства з лонданскай карцінай Яна ван Эйка “Пара Арнальфіні” дазволіла нам яшчэ раз упэўніцца ў аўтэнтычнасці нашай інтэрпрэтацыі выявы светача-рэфлектара (сімвал вядомай дактрыны францысканцаў аб люстэркавым падабенстве зямнога і нябеснага жыцця) на партрэце Скарыны і памылковасці іншых трактовак выяў светача і люстэрка, змешчаных на гэтай славутай загадкавай карціне.

Падобна “алагічнасці” выявы згарэлага светача-рэфлектара на “падлозе кабінета Скарыны”, незвычайнасць выявы адзінага з некалькіх светачаў люстры пакою “Пары Арнальфіні”, запаленага пры ясным сонечным асвятленні, звярнула нашу ўвагу, як і выява дзесяці маленькіх люстэрачкаў вакол вялікага сферычнага люстэрка. Верагодна, люстэрачкі сімвалізуюць дэканы так званай юдыцыярнай (лёсавызначальнай) астралогіі. Паколькі вядома, што партрэт пары Арнальфіні ствараўся пасля смерці маладой жонкі ў час родаў, то замежныя мастацтвазнаўцы інтэрпрэтуюць светач у якасці намёка на адзіноту ўдаўца. Між тым, ён сімвалізуе зараджэнне новага, яшчэ нябачнага, святла жыцця ў лоне цяжарнай жанчыны, будучыня якой, постфактум, увасоблена ў нязвыкласці поціску рук мужа і жонкі, што “дэманструе” так званую рысу лёсу на яе далоні. “Прачытваецца” яна з дапамогай выяваў пладоў праз лацінскі амонім “malum” (плод, зло, бяда, няшчасце, пакуты, пакаранне, хвароба). На чысціню і праведнасць зямнога шляху нябожчыцы ўказвае змяшчэнне выявы правай жаночай пантофлі на прыгожым дыване (прыгадаем словы Ісуса Сіраха: “І хадзіла нага мая шляхам правым”, адлюстраваныя на партрэце Скарыны).

Наша шматгадовае даследаванне жыватворнай спадчыны Скарыны паспрыяла магчымасці значнага ўнёску беларускай гуманітарнай навукі ў самую эўрыстычную галіну сусветнага мастацтвазнаўства. Напрыклад, беспрэцэдэнтнае цытаванне ў прадмове Скарыны да “Плачу Іераміі” эзатэрычнай сімволікі “Кнігі Літар” абумовіла магчымасць публікацыі самай кароткай і пераканаўчай інтэрпрэтацыі славутай загадкавай гравюры Дзюрэра “Меланхолія” ў кантэксце тагачаснай актуальнасці платонаўскай эпістэмалогіі, неадрыўнай ад яго вучэння аб узыходзе Неўміручай усёведаючай Душы філосафа па прыступках Розуму ў працэсе “прыгадвання” яе ранейшага іншабытнага ведання.

Выява герба alma mater у “Бібліі рускай”

Рэнесансавыя гуманісты лічылі адукаванасць доблесцю (“virtus”), якая традыцыйна атаесамлялася з рыцарствам. Менавіта таму Дзюрэр на гравюры “Рыцар, Смерць і д’ябал” адлюстраваў Эразма Ратэрдамскага. Гэта гравюра з’яўляецца рэнесансавай маніфестацыяй перавагі Духа над брутальнай мускульнай сілай. У кантэксце папулярных этымалогій і псеўдаэтымалогій святога Ісідара Севільскага, выява яшчаркі (lacerta) пад капытам каня “рыцара” ўказвае на слова “lacertus” (мускул пляча, моц). На тытульным аркушы скарынаўскага выдання кнігі “Лічбы” змешчаны дрэварыт. Ён адлюстроўвае марш карэ старажытных яўрэйскіх вайскоўцаў, якія абараняюць Скінію. Сцягі авангарда гэтага карэ ўпрыгожаны сыгнетам “сонейка-маладзіковае” і выдавецкім знакам Скарыны “дэльта-таў”. Выявы двух элементаў (кароны і перакрыжавання жэзлаў) герба Ягелонскага ўніверсітэта змешчаны на двух палотнішчах. Мяркуем таму, што тэхніка ксілаграфіі не дазваляла якасна адлюстраваць яго цалкам на адным малым фармаце. Таму выява галоўнай часткі герба нагадвае “Трохкутнік дэльты” знака Скарыны, сімвалізуе так званую Браму Святла. Згодна ж з кірылічным імясловам, літара “Т” (“цвёрда”) — сімвал Творцы і вянца Яго тварэння. Крыж святога Антонія (Т) таксама сімвалізуе мікракосм (чалавека). Полісімвалічнае “сонейка-маладзіковае” мае мноства значэнняў і сэнсаў, якія не супярэчаць адно другому. Напрыклад, дактрыну і дысцыпліну, Стары і Новы запаветы, так званыя аўрамістычныя рэлігіі. Месяц — сімвал Гісторыі, даследавання, ведаў і святла ісціны, якую “магчыма ўбачыць” толькі як частковыя недасканалыя адлюстраванні ва ўсіх рэчах.

“Прэвентыўна” раскрыем і сімволіку выяў плечавых касцей (“humerus” — таксама і горны схіл), якія, напрыклад, прысутнічаюць на афіцыйным лагатыпе Нобелеўскага камітэта ў выглядзе літары “N”, чые вертыкальныя элементы спарадычна адлюстроўваюцца ў выглядзе касцей. Апошнія з’яўляюцца эзатэрычным сімвалам нятленнай духоўнай сутнасці чалавека (кабалістычны “адвечны подых касцей”).

Скарына ў Скандынавіі?

Згодна з матрыкуляцыйнай звесткай, працытаванай першым складальнікам пераліку ўсіх дактароў падуанскай Акадэміі, Францыск Скарына нейкі час служыў сакратаром правіцеля (“regis”) нейкай Дакіі, якую безвынікова шукалі сярод тагачасных дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі аднайменнай правінцыі Старажытнай Рымскай імперыі. Між тым, “Dacia” — назва сярэднявечнай правінцыі ордэна францысканцаў, якая ахоплівала тэрыторыі чатырох скандзінаўскіх краін, і адна са старажытных назваў Нарвегіі.

Была спроба Уладзіміра Агіевіча аспрэчыць аўтэнтычнасць прачытання матрыкуляцыйнага запісу падуанскімі складальнікамі пераліку дактароў падуанскай Акадэміі. Але слова “regis” пачынаецца з маленькай літары менавіта таму, што мова ішла не пра караля, а пра францынсканскага правінцыяла. Нельга лічыць словазлучэнне “сакратар правіцеля” словазлучэннем “рэгістрацыя сакратаром” нейкага ўнёску суіскальніка навуковай ступені, накшталт гербавых збораў. У гэтым выпадку такую інфармацыю не сталі б цытаваць складальнікі спіса, да ўсяго, персаналіі “Докторатуума” падуанскага Універсітэта не маглі працаўладкоўвацца у адным месцы. Безвыніковасць працяглых пошукаў сярэднявечнай Дакіі была абумоўлена адсутнасцю ў БССР навуковай школы медыявістыкі, у комплексным разуменні гэтай дысцыпліны. Аўтар жа выпадкова “знайшоў” яе ў манаграфіі вядомага савецкага медыявіста Гурэвіча, прысвечанай т. зв. “exempla”. У сваю чаргу апошні спаслаўся на старадаўняе лацінамоўнае выданне ўніверсітэта шатландскага Абердзіна.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель