Аўдыя-відэа-28

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

Чэрвеньскія аўдыя/вiдэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць дырэктар студыі гуказапісу “Осмас” Павел ЮРЦЭВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/595/13234/9-1.jpgАўдыя

Ян Жанчак, міні-альбом “Музыка супраць вайны”

А.: З гэтым рэлізам усё неяк для мяне складана... Мяне заўсёды злавала сітуацыя, калі людзі з відавочным талентам вымушаны займацца не тым, чым павінны, а больш дакладна займацца ўсім запар. І вось у дадзеным выпадку на выхадзе маецца такі дзіўны прадукт. І сэнс работы быццам бы правільны — вядома, музыканты супраць вайны, і сэнс гэты вельмі своечасовы. Аднак! Аранжыроўкі вытлумачальныя, не супярэчлівыя, правільныя. Вакал — добры. Але чаму ж гэта ўсё так другасна?! Падобную музыку я чуў у 1990-х. Зусім трывіяльна. Але і гэта не самае страшнае! Пафас міні-альбома проста зашкальвае, чым забівае канчаткова той пазітыў, што ў ім быў. Мала выбраць форму, трэба было б напоўніць яе зместам.

В.: Беларуска-, руска- і англамоўныя версіі дзвюх песень плюс яшчэ два трэкі ад аднаго з вядучых айчынных поп-рокераў. Які ў дадзеным мiн’ёне мяркуе, што мастацтва здольнае змяніць свет. У лепшы бок, зразумелая справа. Інакш кажучы, “паліць” музыкант дзесьці побач з князем Мышкіным. І наогул, у сваёй творчасці выканаўца рухаецца, на мой погляд, кіруючыся прынцыпамі канкрэтна светлымі, якiя ў сутыкненні з цынічным і жорсткім асяроддзем глядзяцца вельмі наіўна.

Гурт “True Litwin Beat”, альбом “Непатрэбная праўда пра беларусаў”

A.: А вось Сяргей Пукст заўсёды знаходзіцца ў пошуку новых форм для свайго зместу. Мы ведаем яго ў розных вобразах, і вось новы! “Непатрэбная праўда пра беларусаў” хоць і планаваўся на пачатковым этапе як новы альбом Георгія Дабро, у выніку ён вырас у асобны, самастойны праект. Сяргей тут працягвае спробы камерцыялізацыі сябе ды сваёй творчасці, але атрымліваецца ў яго, як у старым анекдоце пра дворніка, падобнага на Карла Маркса: “Бараду ды валасы я збрыю, але ж розум куды падзену?” Так і ў Пукста не выходзіць быць Стасам Міхайлавым, і, трэба сказаць, на шчасце.

А з музыкай якраз атрымалася дасягнуць поспехаў цалкам камерцыйнай якасці. Яўгена Бялова (другі ўдзельнік праекта, аўтар музыкі), так бы мовіць, панесла, і ён выдаў на гара выдатны саўнд, які слухаецца свежа ды актуальна. І пры гэтым абсалютна гарманічна ўпісваецца ў вобразы, якія разгортвае Пукст.

У адрозненне ад сольных альбомаў або альбомаў “Pukst Band”, у гэтым праекце ўсе словы простыя, сэнсы не загадкавыя і прачытваюцца без дваякасці. З іншага боку, у адрозненне ад Георгія Дабро Пукст не заігрывае з нейкай адной аўдыторыяй, тут усё можа быць зразумела прадстаўніком любога сацыяльнага пласта. Гэтыя трэкі сапраўды пра беларусаў, пра ўсіх нас. І гэта якраз праўда. І яна насамрэч нікому не патрэбная... Вядома ж, мы не вельмі хочам што-небудзь ведаць пра іншых, нават пра сябе, не хочам ведаць праўду. Мы жывем па выдуманых, зручных паданнях пра ўсё і пра сябе, пражываем выдуманае, зручнае жыццё. Бачыце, як мяне раскідала па філасофскіх матэрыях?..

B.: Суперпраект Яўгена Бялова (“Чырвоныя зоркі”) і Сяргея Пукста, у творчасці якіх і без гэтай эпахальнай сустрэчы было навалам сярмяжнай праўды пра жыццё наогул і яго прыватнасці, а тут яны агалілі свае вярбальныя мячы і давай секчы ўсё і ўсіх запар у капусту. І нашынкавалi цэлыя ночвы: дасталося і грамадству, і грамадствам, і дзяржаве, і дзяржавам, і, натуральна, чалавеку, і “чалавекам”. “Памылi” ды ўскакалi на белых конях у далёкую даль, дзе ні гэтых асоб, ні гэтага кантэнту, каб і надалей сеяць разумнае, добрае, вечнае, маю на ўвазе — з дапамогай антонімаў гэтых паняццяў удзеўбваць у галовы прапісныя ісціны. Вось толькі, як мне песімістычна здалёк бачыцца, слухае “васька” ўсю гэтую ляніва музычна-паэтычную істэрыку ў апошняй інстанцыі, хавае вочы пухнатым хвастом, згодна ківае пысай і па-ранейшаму не-не ды чэрпае поўнай лыжкай тое, што, на думку аўтараў рэлізу, дрэнна. Бо тыя і самі чэрпаюць: сэ ля ві, фрэнды.

Гурт “Рутвіца”, альбом “Ляцелі галачкі”

A.: Ну што ж, дарагія сябры, мы сталі сведкамі даволі рэдкай з’явы для нашых шырот: фальклорны калектыў “Рутвіца” выпусціў альбом “Ляцелі галачкі”. Унікальнасць яго складаецца ў тым, што, па словах музыкантаў, прадстаўлены на ім матэрыял з’яўляецца сапраўднай аўтэнтыкай. Не перапрацаванай на сучасны лад, не прапушчаным скрозь прызму выканаўцы фальклорным матэрыялам, а сапраўды народнай песняй. Менавіта гэтыя песні і менавіта так спявалі нашы прапрапрабабулi і дзвесце, і трыста гадоў таму. Уласна, гэта і складае каштоўнасць пласцінкі. На фоне рознай ступені ўдалых, але модных работ па пераасэнсаванні народнай песеннай творчасці, цікава дакрануцца да каранёў. Работа ўяўляе цікавасць, хутчэй, навуковую, дыдактычную, але, вядома, будзе цікавая і аматарам жанру. Гэтак жа кружэлка стане добрым падарункам для людзей, якія жывуць далёка ад нашай краіны.

B.: Акапэльны альбом беларускіх абрадавых песень. Прыгожа ўсё, вядома, душэўна, кранае. Аднак, зразумейце мяне правільна, наступная “прэтэнзія” не адносіцца менавіта да гэтага калектыву, але мне здаецца, калі ўжо нашаму чалавеку што ў галаву надзьме, то дойдзе ён да канца — не важна, пераможцам той будзе ці не. Тое ж самае тычыцца і музыкі. Ёсць устойлівае адчуванне, што колькасць ансамбляў, праектаў, сольных артыстаў, якія абралі для сваёй рэалізацыі беларускія фольк ды этна, расце ў краіне з геаметрычнай прагрэсіяй. Асабіста я ўжо перастаю адрозніваць якаснае і выпакутаванае ад імгненнай кан’юнктуры. Перастаю адрозніваць адзiн гурт у вышыванках ад іншага. А таму ўжо, напэўна, прыспела пара зладзіць конкурс на лепшае выкананне, напрыклад, “Святога вечара”... Антытэза папсы гэта, вядома, добра, але дрэнна, калі перабор. А калі і надалей усё пойдзе такімі тэмпамі, то хутка ў нас істотны пласт музыкі будзе ўяўляць з сябе спевы, у рознай ступені набліжаныя да аўтэнтычных: галоўнае, каб песні архаічныя не перавяліся...

Відэа

Лявон Вольскі, кліп на песню “А хто там ідзе?”

А.: Яшчэ адзін герой нашага часу — Лявон Вольскі. Фігура шматгранная ды таленавітая. У апошнія гады, зведаўшы пэўныя турбацыi (як творчая адзінка), ён рухаецца ў кірунку ладу народнага песняра, зразумела, на сучасны лад. Вось і ў песні “А хто там ідзе?” утрымліваецца прамая адсылка да іншага песняра Беларусі — Янкі Купалы. Кліп, як і музыка, зробленыя проста, але якасна. Пасыл просты — быць беларусам. Не магу сказаць, што мне падабаецца гэты вобраз Вольскага, але яму лепш відаць, пра што спяваць, а робіць ён гэта добра.

В.: Немудрагелісты кліп прамога ўздзеяння, як і сам баявы ды люты трэк, пад які можна штурмаваць барыкады або выкрочваць стройнымі ды згуртаванымі шэрагамі. Па-добраму плакатны, агітацыйны ролік. Быццам бы і нічога асаблівага ў мінімалістычным, бессюжэтным малюнку няма, але ўглядаешся, стараешся не прапусціць нейкае, магчыма, важнае імгненне. Чапляе, карацей кажучы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"