Акардэон у кустах: патрапіць у “ХранатопЬ”

№ 29 (1259) 16.07.2016 - 22.07.2016 г

У вёсцы на Пастаўшчыне — кінашкола новага фармату
Насамрэч, тое, што прыдумаў рэжысёр Андрэй Кудзіненка, — гэта геніяльна. Пяцідзённая кінашкола “ХранатопЬ. Абнуленне”, якой папярэднічаў трохдзённы арт-фестываль, — бліскучае ноу-хау, карыстацца якім, лічу, трэба кожнай кінаінстытуцыі.

/i/content/pi/cult/595/13230/6-1.jpgКанцэпцыя

Уявіце сабе: апусцелася вёска Каптаруны на мяжы з Літвой, лес, балота і возера... Няма інтэрнэту, мабільнай сувязі — зрэдку “прабіваюць” літоўскія аператары — няма “люксавых” умоў пражывання, звыклых “цывілізацыі” і камфорту… Але ёсць ты і тваё ўяўленне. Яно “прачынаецца”, дзякуючы “генію месца”, праз творчы імпульс, зададзены ўдзельнікамі фестывалю, праз атачэнне і час. “ХранатопЬ” — бездань, у якую падаеш, прымаючы яе за звычайны луг. Гэта сінергія, якая здараецца пры адкрыцці простай ісціны: ты — гэта тое, што ты можаш тут і зараз.

“ХранатопЬ” як кінапраект быў запушчаны два гады таму рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам, аўтарам нашумелых “Акупацыі. Містэрыі”, “Масакры”. Форма — кароткі метр да сямі хвілін. Тэма — актуальная міфалогія, рытуалы сучаснага свету. Удзельнікі — кожны, хто ўмее і не ўмее здымаць кіно. Распачаўшыся як лабараторыя-экперымент, дзе на тэму-лінію здымаюцца-нанізваюцца розныя гісторыі-кінатвітары, праект “прыжыўся” як актуальны метад сутварэння кіно і свету. Тут вам, калі ласка, і амбіцыі неафітаў, нерэалізаваныя памкненні прафесіяналаў, калектыўнае (пад)свядомае і новы аўтар, сучасная і старажытная Беларусь, патэнцыял асобных работ, і кантэкст альманаха, які можна стварыць з пераліку гатовых стужак… Паўтаруся, прыняць удзел у “Хранатопі” проста: пішаш сцэнарый ці прапаноўваеш ідэю, далучаешся да кінапраекта і з дапамогай яго куратараў здымаеш кіно. Механізм дзейнічае, і чым далей, тым больш пацвярджае сваю запатрабаванасць. На “ўра” прайшлі кінаінтэнсівы Андрэя Кудзіненкі ў кінашколе Андрэя Палупанава, падчас якіх з’явіўся другі сезон кінаальманаха. І вось наступны крок — “ХранатопЬ” выязджае на “край свету”.

Так ахрысціў мастак і пісьменнік Артур Клінаў вёску Каптаруны, дзе было вырашана правесці арт-фестываль і кінашколу, развіваючы ідэю кінапраекта. Базай для лагера сталі хутары галоўнага рэдактара часопіса “pARTisan”, пустыя дарэвалюцыйныя дамы, што дажывалі свой век, якія мастак набыў некалькі гадоў таму. Памкненне вядомага беларускага арт-дзеяча зрабіць з Каптарунаў, жыхароў якіх можна пералічыць на пальцах адной рукі, арт-вёску супала з ідэалогіяй кінапраекту. Акурат “ХранатопЬ. Абнуленне” стала “пробным каменем” вёскі як будучага арт-кластара. Адзначу, што тыя дамы спадара Артура, вядома, прайшлі этапы рэмонту і рэнавацыі і, забягаючы наперад, вытрымалі прабыванне ўдзельнікаў і гасцей фестывалю ў колькасці плюс-мінус сорак чалавек з поспехам. Але не забудземся і на намётавы лагер. (Падрабязна пра праект арт-вёскі Каптаруны можна будзе даведацца ў бліжэйшых нумарах “К”.) Падсумоўваючы, зазначу: арт-фестываль і кінашкола сталіся аб’яднаннем высілкаў трох людзей: Андрэя Кудзіненкі, Артура Клінава і Андрэя Палупанава. Сінергія, творчасць і “геній месца” — вось тыя ключы, што адкрываюць браму “Хранатопі”.

Абстаноўка

Калі прыязджаю ў Каптаруны, ідзе трэці дзень кінашколы. Арт-фестываль, які быў напачатку і зарадзіў усіх пэўным запалам ведаў, мінуў, і мне адно застаецца зафіксаваць яго спусцелыя дэкарацыі. Ідэі стужак удзельнікаў кінашколы абмеркаваныя і распрацаваныя, таму я трапляю ўжо на здымачны працэс.

— А дзе адбываюцца здымкі? — пытаюся ў двух хлопцаў.

— Там і там, — адказваюць, паказваючы ў розныя бакі. — І яшчэ там…

Становіцца зразумелым, што праца ідзе паўсюль і адначасова.

Абіраю варыянт “пайсці прама” і трапляю ў закінуты дом у гушчарах, дзе ў сенцах будынка купка людзей здымае нейкую сцэну.

— Не, не так. Трэба зрабіць больш цікава, — аператар Міхаіл Бродскі, які выступаў на арт-фестывалі з лекцыяй пра майстэрства бачыць, дае практычны майстар-клас. — Гэта па ролі твая жонка? У вас добрыя стасункі? Тады так: вазьмі яе за ручку, за пальчыкі, і кажы.

Міхаіл сам паказвае “малюнак” мізансцэны і Павел Лукашэвіч, акцёр, яго паўтарае. Па ходзе справы даведваюся, што Павел таксама і рэжысёр стужкі пад рабочай назвай “Лекар”. Сюжэт у фільме, здаецца, такі: муж п’е, з’яўляецца лекар, які мусіць вылечыць героя, але метады ў таго лекара нейкія незвычайныя… Фабулу просяць не выдаваць, але група прызнаецца, што ў карціны будзе два фіналы. Адзін з іх — акурат зараз і ўвасабляецца.

— Жонка! — кліча Павел сваю “сужэнку”, і калі тая з’яўляецца ў дзвярах, глядзіць ёй у вочы, бярэ за руку і дыхае на пальчыкі.

У рамках кінаінтэнсіва ў Каптарунах склалася шэсць здымачных груп, а значыць, шэсць фільмаў, ідэі якіх прайшлі папярэдняе галасаванне і абмеркаванне, мусяць стаць “абоймай” трэцяга сезона “Хранатопі”. “Лекар”, “Вянок”, “Адамаў яблык”, “Пачвара”, “На Івана Купалу”, “Вырашай сам” — кожны з удзельнікаў кінашколы працуе ў сваёй камандзе. Частка здымак ужо адбылася, а хтосьці яшчэ толькі распачынае працу. У творчы працэс уцягнуты, здаецца, усе, хто прыехаў ці жыве ў вёсцы. Нават куратар праекта Андрэй Кудзіненка вымушаны працаваць акцёрам — ён задзейнічаны ў дзвюх стужках навучэнцаў.

— Гэту ролю мусіць іграць Дэпардзье, — рэжысёр усхвалявана паказвае на сцэнарый стужкі “Вянок”. Да Андрэя звярнуліся з задачай увасобіць змрочнага гаспадара-хутараніна, які ў парыве рэўнасці душыць сваю маладую жонку. — Гэта ж складаная роля! — абураецца ён. — Кажу, знайдзіце якога дзеда! А яны мне: “Усе два чалавекі — адмовіліся, засталіся толькі вы”.

Што да другой акцёрскай работы, у стужцы “Пачвара” рэжысёру разам з выдаўцом Ігарам Логвінавым давялося іграць п’яніц-інтэлігентаў.

— Трэці дубль атрымаўся самы лепшы, — прызнаецца Андрэй. — Я задаволены.

— Зараз будзе сцэна ў возеры, — бяжыць кудысьці група “Пачвары”. — А вуды ў вас ёсць? — пытаюць патрэбны рэквізіт у Артура Клінава.

Здаецца, вудаў няма, але праз дзесяць хвілін ідзе пагалоска, што прылады знайшлі, усе на возеры, здымаюць апошнюю сцэну — інтрыга зацягвае, і ўжо таксама нясешся на новую лакацыю. Прызнацца, калі праз дзве гадзіны заўважаю, што трымаю святло ў рабочай сцэне новай здымачнай групы, — тое падаецца нармальным.

Людзі

— Я, увогуле, у Каптаруны патрапіў за кампанію, — распавядае мне Яўген Булава з Гомеля. — Але мой сябра быў вымушаны з’ехаць, а я застаўся, хоць і не планаваў першапачаткова. У выніку, зараз з Ганнай Палупанавай здымаю свой фільм. Задзейнічаны ў галоўнай ролі ў другой стужцы. Ці маю я дачыненне да кіно? Аніякага. Я, увогуле, вэб-дызайнер. Але зараз у мяне такое адчуванне, што знаходжуся абсалютна на сваім месцы. Сярод тых людзей, якія блізкія мне па духу.

Вось гэта дзіўная невыпадковая выпадковасць: злучэнне тых асоб, што дабраліся “на край зямлі”, каб зняць кіно, — яшчэ адна прыкмета “Хранатопі”. Актрыса Жэня з Наваполацка, вэб-дызайнер Яўген з Гомеля, праграміст Анатоль з Мінска, сувязіст Зміцер з Бабруйска, філолаг Яніна з Мінска… Калі пачынаеш знаёміцца, гэта заканамернасць “кідаецца ў вочы”: тут не проста здымаюць кіно, тут сябе выпрабоўваюць, знаходзяць, адкрываюць, выяўляюць.

— Ды проста цікава паглядзець, што яшчэ ёсць у жыцці, акрамя камп’ютара, — кажа праграміст Анатоль, які дазнаўся пра арт-фестываль і кінашколу праз краўдфандынгавую платформу Ulej.by, на якой праект збіраў сродкі на сваё ажыццяўленне.  — Я апошнім часам прыходжу да думкі, што толькі ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі можа дазволіць нам вырашыць уласныя праблемы. Сам-насам мы не ў стане справіцца. Я тут за гэтым — вучыцца кантактаваць, дапамагаць, выяўляць сябе праз кіно. Экалогія стасункаў — вось тое, што мяне цікавіць. Як кіно раскрывае наш камандны дух — для мяне гэта вельмі важна.

— Я сюды патрапіў як валанцёр, — дзеліцца сваёй гісторыяй Зміцер Казлоў з Бабруйска. — Сябра прапанаваў. Але вось зараз здымаюся ў галоўнай ролі ў “Адамавым яблыку”. “Хранатопь” — проста іншая прастора, зусім не падобная да нашага прамалінейнага жыцця. Тут прачынаецца фантазія, а гэта сувязь з уяўленнем вельмі важная. На жаль, яна губляецца ў паўсядзённасці. “Хранатопь” дазваляе мне рэалізаваць свае сакральныя пазывы, калі можна так сказаць, разняволіцца.

— Я скончыла філфак БДУ, працавала ў кінашколе Андрэя Палупанава, — знаёмлюся з рэжысёрам стужкі “На Івана Купалу” Янінай Рашчынскай. — Досвед кінапрацы маецца. Ёсць ужо шэсць работ. Але, шчыра кажучы, была здзіўлена, што мая ідэя фільма атрымала падтрымку. Не памятаю, калі так плённа праводзіла час, — усё вельмі насычана! Паспаць не атрымоўваецца нават. Мяне асабіста цікавіць момант выяўлення жаночай сакральнасці ў кіно. Лічу, што ў сучасным кінематографе занадта “мужчынскіх” фільмаў.

Кожны з удзельнікаў — і найцікавая гісторыя. Асабістая прага. Да кіно. Да жыцця. Да прафесіі. Як, напрыклад, у актрысы і педагога-арганізатара Яўгеніі Букоцінай-Ісупавай з Наваполацка, якая штогод ездзіць на кастынгі ў Мінск. Яна адмыслова ўзяла адпачынак і прыехала на “ХранатопЬ”, каб здымацца. “І я вельмі рада, што спецыяльна для мяне ўдзельнікі адаптавалі сваю гісторыю”, — распавядае яна пра ролю ў “Лекары”.

Па ходзе справы, прынамсі, у стужцы з’яўляецца яшчэ адна канцоўка, дзе акурат Жэня мусіць іграць на акардэоне. Адкуль можна дастаць музычны інструмент у амаль пустой вёсцы — для мяне тое загадка. Аднак акардэон аднекуль з’яўляецца. Жэня, адмыслова зрабіўшы пару рэпетыцый, потым выдае разам з Пашам трэцюю версію фінала “Лекара”. Кода.

Спірыт

“Вянок” стаўся апошняй работай, якую здымалі. Актрыса Алёна Чарняўская адмыслова для сваёй гераіні адшукала неверагодную сукенку ў гардэробе закінутага дома. Адзенне памылі, высушылі і апранулі Алёну. Андрэй Кудзіненка, дзякуючы намаганням Артура Клінава, пераўвасобіўся ў вяскоўца-мізантропа.

— Увага! Усе незадзейнічаныя пакідаем пляцоўку! — камандуе рэжысёр “Вянка” Павел Нядзьведзь. Здымкі ў стужцы ідуць ад асобы яшчэ аднаго персанажа, блогера-замежніка, якога, дарэчы, іграе вэб-дызайнер Жэня: яго герой уваходзіць з камерай у цёмны пакой хаты, і фіксуе тое, што там адбываецца. Праход Жэні па вуліцы і ўваход у дом разам з групай даводзіцца назіраць у кустах.

Навокал — уражвальныя краявіды. Паабапал дарогі і хат праз метраў сто на гарызонце выступае шэры “плот” сухіх дрэваў. Балоты, шэры сухастой робіць гэту вёску адметнай. Прастора, якая мае гэты трывожны край, унутрана хвалюе і падаецца яшчэ больш нерэальнай. Углядваючыся ў далягляд, лаўлю сябе на думцы, што таксама правальваюся ў “хранатопь”, бо час тут дакладна спыняецца, і адчувальным становіцца зусім іншае — плыні энергій.

“Гэта месца неверагоднае, яно падштурхоўвае людзей, — адгукаючыся на маю рэакцыю, кажа мастак кіно Наталля Навоенка-Рута. — Татальнае пагружэнне, у якое ўцягваюцца ўсе прысутныя. Аніякай сувязі са светам. Толькі тое, што зараз”.

Я гляджу навокал: усе, хто прысутнічаюць, сядзяць у траве, каб не замінаць працэсу.

Мінск — Каптаруны — Мінск

Фота аўтара і прадастаўленыя камандай імпрэзы

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"