Вандроўная версія

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

3 ліпеня, калі краіна святкавала 25-я ўгодкі Незалежнасці, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшла прэзентацыя праекта “Мабільная экспазіцыя “Вызваленне Беларусі. Верасень 1943 — ліпень 1944 гадоў”. Ва ўрачыстай імпрэзе бралі ўдзел прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, дыпламаты, партнёры музея, дзякуючы якім праект быў рэалізаваны.

/i/content/pi/cult/594/13221/3-2.jpgПра выключную ролю Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў патрыятычным выхаванні пакаленняў, якія вайны не ведаюць, не аднойчы казалі з высокіх трыбун. Фактычна мы доўжым савецкую традыцыю, але сёння яна адаптаваная да нацыянальнай ідэалогіі суверэннай дзяржавы. Ад людзей, якія ўжо бачылі гэту экспазіцыю ў новым будынку, я чуў меркаванне, што згаданы музей мусіць наведаць кожны грамадзянін Беларусі. Проста для таго, каб ведаць, як дорага каштуе мірнае неба над галавой.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі на прэзентацыі праекта адзначыў, што наш музей — унікальны культурны аб’ект. І ў гэтым сэнсе ён уяўляе каштоўнасць не толькі для беларусаў. Далейшае развіццё музея, у тым ліку і праз рэалізацыю новых маштабных праектаў, адпавядае інтарэсам дзяржавы.

Праект, пра які ідзе гаворка, мае на мэце зрабіць музей даступным жыхарам самых аддаленых ад сталіцы куткоў Беларусі. Мабільная экспазіцыя — гэта аўтамабіль з прычэпам, плошча якога — каля 30 “квадратаў”. Яна падзелена на чатыры раздзелы. Два першыя распавядаюць пра пачатковы этап вызвалення, які ахоплівае час ад верасня 1943 года па люты 1944-га, і пра Беларускую стратэгічную аперацыю “Баграціён”. Яна пачалася 23 чэрвеня 1944 года, Мінск быў вызвалены 3 ліпеня, а 29 жніўня вольнай ад акупантаў стала ўся тэрыторыя рэспублікі.

Трэці раздзел засяроджвае ўвагу на адной з асаблівасцей аперацыі “Баграціён” — узаемадзеянні Чырвонай Арміі і партызанскіх фарміраванняў. Той факт, што партызаны не толькі ладзілі дыверсіі і вялі баі лакальнага значэння, але былі задзейнічаны нават у стратэгічнай аперацыі, сведчыць пра грандыёзны маштаб супраціўлення акупантам на беларускай зямлі.

16 ліпеня ў вызваленай сталіцы Беларусі адбыўся партызанскі парад, які ўвасобіў трыумф народа-пераможцы. Гэта падзея знайшла адлюстраванне ў чацвёртым раздзеле. Канкрэтна для Беларусі яна мае такое ж гістарычнае значэнне, як для ўсяго Савецкага Саюза славуты Парад Перамогі 1945 года.

Акрамя фота, у экспазіцыі прадстаўлены карты, плакаты, газеты, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вызвалення Беларусі. На экранах дэманструецца кінахроніка баёў і серыя гістарычных праграм “Беларусь. Хроніка Перамогі”, створаная Беларускім тэлебачаннем пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Вонкава прычэп аздоблены выявамі, якія выклікаюць асацыяцыі з партызанскім лагерам, а Чырвоную Армію сімвалізуе выява баявога самалёта.

Супрацоўнікі музея не сумняюцца, што мабільная экспазіцыя будзе запатрабаванай у вялікіх і малых гарадах Беларусі, на фестывалях і культурных акцыях самай рознай скіраванасці. Так, у прыватнасці, ёсць ідэя накіраваць гэты музейны транспарт у Віцебск на “Славянскі базар…”. Такая мабільная экспазіцыя будзе вельмі прыдатнай на днях гарадоў, бо такое свята ў Беларусі часта прызначаюць на дату, калі горад у час Вялікай Айчыннай вайны быў вызвалены ад акупантаў.

Трэба браць да ўвагі, што адзін і той жа культурны аб’ект будзе ўспрымацца па-рознаму ў сталіцы і ў невялікім горадзе. У Мінску гэты перасоўны музей не надта кідаецца ў вочы, але ягонае з’яўленне на фэсце ў райцэнтры стане падзеяй, якую будуць доўга памятаць. Мяркую, што ідэя мабільных экспазіцый можа зацікавіць іншыя музеі, якія праз вандроўкі за межы Мінска справакуюць цікавасць да сваіх скарбаў. Праўда, такая раскоша не ўсім па кішэні. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — брэнд, а значыць, ёсць упэўненасць, што ўкладзеныя ў яго грошы вернуцца, бо ў дадзеным выпадку дабрачыннасць працуе на імідж спонсара. Дарэчы, рэалізацыя гэтага праекта стала магчымай, дзякуючы супрацоўніцтву музея з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі і фінансавай падтрымцы кампаніі “Lenovo”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"