Свята ў трэндзе

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Дзень вышыванкі ладзіцца ў Беларусі на афіцыйным узроўні ўпершыню. Не выпадкова для гэтага свята і дату абралі — 2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці.

/i/content/pi/cult/594/13218/1-2.jpgТак, да 2 ліпеня 2016-га, лічы, і не існавала адмысловага свята, прысвечанага нацыянальнай вопратцы. Так, былі лакальныя фестывалі традыцыйнага і сучаснага адзення ды моды, але ж гаворка ў выпадку з гэтым святам нават пра нешта большае за ўласна культурную праяву, хутчэй пра спробу весці гутарку на новым узроўні — узроўні нацыянальнай ідэнтычнасці.

Урэшце, з аднаго боку, адразу згадваецца ўкраінскі досвед. У суседзяў папулярызацыя такога ж кшталту адзення ў шырокім маштабе і сучасным прачытанні стартавала з 2006 года, паступова набіраючы абароты і прыцягваючы да сябе ўсё больш зацікаўленай моладзі. У выніку, быў абвешчаны ўкраінцамі і сусветны дзень вышыванкі, праўда, за гучнай назвай усё ж стаяла ініцыятыва нацыянальнага маштабу, якая вырасла з прапановы студэнткі Чарнавіцкага нацыянальнага ўніверсітэта. З іншага ж боку, вышыванку, відаць, немагчыма лічыць скарбам толькі ўкраінцаў. У старажытнасці арнаментам упрыгожвалі сваю вопратку многія народы. Урэшце, ва ўзорах падчас мінскага Дня вышыванкі суіснавалі побач не толькі беларускія матывы, але і ўкраінскія, рускія...

Не можа не радаваць, што ў нашай краіне шлях ад грамадскай ініцыятывы да нацыянальнага трэнда вышыванка прайшла за больш сціслы тэрмін, чым ва Украіне, атрымаўшы пазнавальнасць і запатрабаванасць (напрыклад, пра выкарыстанне яе ў рэкламных кампаніях беларускіх вытворцаў чытайце на старонцы 14 гэтага нумара “К”. — Рэд.). Вынікам — Дзень вышыванкі ў цэнтры сталіцы, ініцыяваны ў Год культуры Міністэрствам культуры рэспублікі, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Мінгарвыканкамам. Паўтаруся, напярэдадні Дня Незалежнасці. І афіцыйная частка пачыналася з прывітальнага слова міністра культуры Барыса Святлова пра пераемнасць традыцый, натхненне і свежыя ідэі, што можа генераваць таленавітая моладзь, у тым ліку на аснове аўтэнтыкі. Урэшце, свята можна было назваць і ўзаемапранікненнем ідэй моладзі ў кірунку да майстроў, прадстаўнікоў дамоў рамёстваў з рэгіёнаў краіны, што прапануюць творы аўтэнтычныя ці з элементамі аўтэнтыкі або стылізацыі, уласцівыя іх краю, і наадварот — ад спецыялістаў, што захоўваюць і падтрымліваюць элементы культурнай спадчыны, да тых, каму яе праява ў выглядзе вышыванкі — чарговая мода.

Яшчэ задоўга да пачатку свята ў цэнтры Мінска можна было сустрэць моладзь у вышымайках — трэндавых рэчах, створаных калісьці якраз намаганнямі грамадскасці, у прыватнасці ініцыятывай “Арт-сядзіба”. З таго часу сярод маладых людзей (кажу як чалавек вельмі малады) літаральна культ нацыянальнага арнаменту, які з’яўляўся часткай жыцця нашых продкаў і пачаў адраджацца. Сканцэнтравана пазнаёміцца з беларускім нацыянальным адзеннем можна было як на арт-парадзе, так і ў спецыялізаваных палатках. Майстры па вышыўцы былі гатовыя не толькі распавесці пра кожны сімвал, але і паказаць тэхніку яго пераносу на тканіну. І на многія імправізаваныя майстар-класы, зазначым, нягледзячы на спякоту, нават утвараліся ладныя чэргі.

— А што сёння за свята, чаму ўсе такія прыгожыя? Мы нават не ўтрымаліся і зрабілі дзяўчынкам кампліменты! — дзівяцца на маіх вачах дзве турысткі з Расіі. — Дзень вышыванкі, кажаце?! Гэтая традыцыя абавязкова павінна замацавацца — прыгожа, класна і незвычайна.

А вось меркаванні беларусаў, з якімі давялося пагутарыць, падзяліліся: моладзь радуецца святу і прагназуе зараджэнне традыцыі, а людзі старэйшага веку, у тым ліку і тыя, чыё жыццё непасрэдна звязана з народным рамяством, звяртаюць увагу, што беларускі нацыянальны арнамент — не проста прыгожы ўзор на вопратцы, а перш за ўсё — гісторыя, што вядзе ў далёкае мінулае. Таму, каб пачаць насіць вышыванку асэнсавана, трэба, у ідэале, ведаць не толькі колер ці рытм пажаданага арнаменту, але і яго паходжанне, значэнне…

Мне ж падумалася так: чым больш моладзь паглыбляецца ў гісторыю, тым больш шанцаў, што на мінуўшчыну не забудуцца. Ды нельга не пагадзіцца: слепа прытрымлівацца новага трэнду, бяздумна насіць навамодную рэч, не ведаючы, што за “мэсідж” зашыфраваны ў тым самым арнаменце, — вось што дакладна не прывядзе да станоўчага выніку. Але ж галоўнымі мэтамі Дня вышыванкі, пра якія арганізатары мерапрыемства і хацелі распавесці праз прызму сучаснага свету, з’яўляюцца і аднаўленне традыцый, і спроба нагадаць жыхарам краіны, што ў іх ёсць свая гісторыя. Слушна! Дадамо хіба, што варта было трымацца акурат такой лініі ў спалучэнні мінулага і сучаснасці па ўсіх кірунках. Бо выступленне фальклорнага калектыву “старой закалкі” на сцэне перад афіцыйным пачаткам зусім не выглядала арыентаваным на моладзь, што дамінавала на тэрыторыі святкавання. Гэтак жа не на гэту сацыяльную групу быў сфакусаваны і рэпертуар многіх з выступоўцаў у канцэртнай праграме. Проста выканаць песню на роднай мове? Малавата для такой маштабнай падзеі. А тая ж песня “Полька беларуская”, якую спявалі недзе ў пачатку, як ні круці, нарадзілася раней за тых маладзёнаў, каму давялося пад сонцам і без галаўных убораў, са сцягамі атачаць прастору ля сцэны. (Тут арганізатарам з боку БРСМ, што запрасілі столькі дзяцей і моладзі, варта было калі не паклапаціцца пра галаўныя ўборы, дык хаця б папярэдзіць, што яны абавязковыя: прагноз надвор’я ўсе вядалі загадзя). Урэшце, усё гэта кампенсавала вечаровая дыскатэка.

Станоўча заўважанай была лейтматыўная лінія пра замкі, Скарыну, Сапегу ў пачатку шэрагу выступленняў, пачынаючы ад арт-групы “Беларусы” і заслужанай артысткі краіны Іны Афанасьевай.

Да стомленых пад спапяляльным сонцам рамеснікаў і супрацоўнікаў РДР не асабліва карцела падыходзіць (хіба каб прапанаваць ім шклянку вады), у адрозненне ад дынамічных маладзёжных пляцовак, зробленых па прынцыпе “чым багатыя”. Адсюль яшчэ адно пажаданне, калі кажам пра рэспубліканскае мерапрыемства, — не змешваць усё, што ёсць у “актыве” і “ў супрацы” ў прадстаўнікоў абласных і раённых структур БРСМ, у адзін кактэйль: адроджаныя строі, стылізаваныя і вышымайкі; спартсмены, рыцары і джамперы; рэтра-аўтамабілі і музей-бус. Прынамсі, у парадзе абласцей тое не-не, ды адводзіла ад цэнтральнай ідэі Дня вышыванкі, ператвараючыся ў агляд дасягненняў моладзі краіны. Установы ж культуры, прадстаўленыя падчас свята, якраз выглядалі аптымальна. Адзінае, што камерцыйна ім тое мерапрыемства, як і майстрам, наўрад ці сыграла на карысць. Мэтавая аўдыторыя падзеі — моладзь — на нятанныя вышываныя кашулі альбо партманэ з арнаментам грошай не мае. А больш сталага веку публіка не заўжды разумела, што многія вырабы прадаюцца.

Падавалася б, адраджаючы традыцыі, не варта забывацца і на родную мову. Аднак моладзь на свяце ставілася да пытанняў гэтак: “Такое мерапрыемства, як Дзень вышыванкі, будзе нагодай яе, прынамсі, не забываць". Мне ж падаецца, што нацыянальны арнамент разам з мовай спрацоўваюць у звязцы яшчэ больш магутна. І дазваляюць пазбегнуць шаблоннасці. На шчасце, цяпер ёй вольна карыстаюцца не толькі артысты ці тыя ж майстры, але і маладыя музыканты, з’яўляецца больш беларускамоўнай рэкламы.

Урэшце, і Дзень вышыванкі стаў такой праявай як па форме падачы абвестак пра яго, так і па канцэптуальнасці падзеі.

Дарэчы

Дырэктар дэпартамента па маркетынгу і камунікацыях Беларускай федэрацыі футболу Уладзімір Беражкоў адносна стварэння новага брэнду зборнай Беларусі па футболе: “Будзем абапірацца на знакі продкаў, шанаванне і вечную памяць… Пастанавілі, што на форме будзе вышыванка. Сам лагатып будзе вышыванкай, у аснове якой — адзін з элементаў азбукі беларускага арнаменту”.

Ганна ШАРКО, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ