25-ты кадр

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Юбілейны Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — гэта вам не жартачкі. Здаецца, літаральна ўчора святкавалі яго 20-годдзе, і вось “фестываль фестываляў” пройдзе ўжо ў 25-ы раз.

/i/content/pi/cult/594/13217/1-1.jpgПраграма, у параўнанні з некалькімі мінулымі “…Базарамі”, насычаная. Беларусь прадстаўлена, мяркуючы па імёнах-найменнях, — вельмі годна. А галоўнае, сярод той разнастайнасці ёсць на што звярнуць увагу не толькі шырокай публіцы, але і крытыкам, бо на гэтым фестывалі такое здараецца нячаста.

Адрадзіліся кінапаказы — з нашым фільмам “Белыя росы. Вяртанне”. Хаця, калі ўжо дэманстраваць дасягненні, дык трэба было звярнуцца да беларускай анімацыі. Да таго ж, сярод нядаўніх прэм’ер быў і цудоўны мультфільм “Марк Шагал. Пачатак”. Дзе, як не на радзіме мастака, яго паказваць? Тым больш, што “Славянскі базар…” у свой час зрабіў нямала для ўкаранення ў сусветнай свядомасці віцебскага паходжання творцы, бо аўра горада напоена вобразамі ягоных карцін. А на сёлетнім фестывалі шмат імпрэз, прысвечаных яго жыццю і творчасці. Сярод як ніколі багатай выставачнай праграмы ў мастацкім музеі разгорнецца выстава ягоных работ са збораў Пскоўскага дзяржаўнага аб’яднанага гісторыка-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка. У праекце “Лялечны квартал” Маскоўскі тэатр “Адлюстраванне” пакажа “Дзіўны цырк Марка Шагала”. Традыцыйны праект “Фестываль без межаў” узбагаціцца праграмай “Прысвячэнне Шагалу” ізраільскага Тэатра балета Валерыя Панова, ураджэнца Віцебска. Дык мо стужку “пракруцяць” у рамках выставы ці перад спектаклямі?

Але ж, паўтару, радуе, што ў выставачнай праграме — як ніколі шырокі паказ нацыянальнай культуры. У мастацкім музеі пройдуць выставы Хруцкага, Пэна, творчай сям'і Рудэнкаў (“Анёлы над Віцебскам”), прэзентацыя фотаальбома і выставы аўтарскай фатаграфіі “Спадчына Беларусі”. У краязнаўчым — “Сярэднявечнае ўпрыгожванне. Таямнічы пояс эпохі Вітаўта Вялікага”, а таксама “З любоўю да Беларусі”, “Зачараванне” Ірэны Гудзіеўскай (усё — сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем). У фае філармоніі — “Пейзажы і партрэты Беларусі і Кітая”, дзе нашу краіну прадставіць Марына Эльяшэвіч з Гродна. У Коласаўскім тэатры — “Агароднінны кірмаш” фатографа Аліка Замосціна, былога мінчаніна, які жыве ў Ізраілі.

Немагчыма будзе абмінуць і згаданы “Лялечны квартал” — ўдалы праект Беларускага тэатра “Лялька”. Гаспадары пакажуць нядаўні спектакль “Умка”, а таксама “Горад клоўна Піка”, вылучаны на Нацыянальную тэатральную прэмію. Сярод гасцявых спектакляў ёсць “Вішнёвы сад” расійскага тэатра “Огниво”, пастаўлены беларускай камандай: рэжысёр — Алег Жугжда, мастак — Валерый Рачкоўскі, які два гады таму пайшоў з жыцця.

75-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна будзе адзначана на фестывалі дзвюма падзеямі беларускай “вытворчасці”. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага пакажа свой мюзікл “Пясняр”. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Казінца прадставіць рок-оперу “Песня пра долю”, а таксама лепшыя песні з рэпертуару “Песняроў” — аўтарскі канцэрт Мулявіна “…Не рвуся я к славе”.

Самыя адказныя гала-канцэрты адкрыцця, закрыцця, а таксама праграма зорак беларускай і расійскай эстрады “Віцебск збірае сяброў”. Будзем спадзявацца, гэтым разам, у гонар юбілею, расійскія трансляцыі гэтых вечароў абыдуцца без “нажніц”. Дарэчы, адметнасцю юбілейнага “Славянскага...” стане шырокі паказ яго конкурсных дасягненняў. У праграме “25 імгненняў лета” на сцэне Летняга амфітэатра збяруцца ўладальнікі Гран-пры і лаўрэаты Міжнароднага конкурса выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”. Самае вялікае прадстаўніцтва — беларускіх спевакоў. Гонар нашай краіны на гэтым спаборніцтве “лепшых з самых лепшых” абароняць Ірына Дарафеева, Максім Сапацькоў, цяпер больш вядомы пад творчым псеўданімам Макс Лорэнс, Пётр Ялфімаў, Алёна Ланская, Паліна Смолава, Дзмітрый Качароўскі, Валерыя Грыбусава. І, вядома, на сваім найвышэйшым узроўні будзе калектыў, без якога немагчыма ўявіць ні конкурс, ні ўвогуле “Славянскі базар...”, — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны Міхаілам Фінбергам.

Дарэчы, не забудзьцеся сціснуць кулачкі за нашых сёлетніх канкурсантаў: на такім зорным фоне ім дый усім іх супернікам будзе няпроста. А яшчэ больш складана — журы. Беларусь у складзе “суддзяў” дарослага спаборніцтва прадставіць народны артыст краіны Аляксандр Ціхановіч. А журы дзіцячага конкурсу ўзначаліць заслужаны артыст краіны, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Віктар Бабарыкін. Што ж, запамінайце імёны (і, зразумела, самі выступленні) магчымых будучых зорак. У дарослым конкурсе выступіць ужо добра вядомы ў нас Аляксей Грос. У дзіцячым — 10-гадовая мінчанка Настасся Жабко.

Надзея БУНЦЭВІЧ

Фестывальныя імпрэзы “Славянскага базара ў Віцебску” стартуюць ужо 12 ліпеня. Акрамя звыклых поп-зорак беларускай і небеларускай эстрады ў праграме шмат цікавостак.

Радуе, што імя Марка Шагала часта фігуруе ў праграме. Наведаўшы нядаўна адкрытую вуліцу творцы і яго музей, можна скласці сабе адмысловы маршрут. Фестываль, зрэшты, спрабуе прывабіць наведвальнікаў не толькі расійскімі поп-зоркамі, але шукае беларускія брэнды, пакуль гістарычныя. Пытанне, канешне, фестывальныя гэта пошукі ці тэндэнцыя культурнай палітыкі. Напрыклад, яшчэ год таму яўрэйская абшчына Віцебска зладзіла тэатралізаванае святкаванне стагоддзя вяселля Шагалаў, што прывабіла ў музей мастака ды іншыя ўстановы культуры па ўсім горадзе шмат турыстаў і прэсы. Віцебская бібліятэка імя Янкі Купалы (знаходзіцца непадалёк ад музея Шагала) у гэты дзень падтрымала скарбніцу, упрыгожыўшы фасад выявамі Марка і Бэлы, а з вокнаў чулася яўрэйская музыка.

Тэатралізацыя такіх вяселляў — не новая ідэя: такія імпрэзы праходзяць у Польшчы і Украіне. Але віцебскае ўсё ж унікальнае, бо “жанілася” тут знакамітасць. Мне здаецца, на “Славянскім базары” можна было б развіць і падкрэсліць тэму і надалей. Напрыклад, у Музеі яўрэяў у Парыжы выстаўлены работы Шагала з выявамі сцэнак штодзённага і святочнага побыту. Чаму б не паспрабаваць наладзіць з тым музеем супрацоўніцтва? Здаецца, статус фестывалю дазваляе. Уяўляеце, экспанаванне карцін “Бацька” і “Смерць” з фондаў парыжскага музея на “Славянскім…”? Карысць ад супрацоўніцтва, думаецца, аказалася б узаемнай. У Заходняй Еўропе па-ранейшаму мала ведаюць пра Беларусь. Напрыклад, увосень 2014 года адпаведна шыльдам згаданага французскага музея нашы Гродна, Кобрын ды Зэльва “прапісаліся” ў… Літве.

Можна было б запрасіць на “Славянскі...” клезмерскія капэлы з Беларусі і ўсяго свету, зладзіць сярод іх конкурс. Урэшце, тэму яўрэйскай спадчыны даўно ў добрым сэнсе слова “эксплуатуюць” у суседніх краінах, асабліва ў Польшчы. На пытанне “Навошта?” там звычайна адказваюць: “Бо гэта частка шматнацыянальнай польскай спадчыны”. Бадай у кожным беларускім мястэчку ёсць закінутыя яўрэйскія могілкі (калі на іх месцы не паспелі нешта пабудаваць). Можна шукаць падтрымкі ў Ізраіля і Еўрасаюза на іх добраўпарадкаванне, ладзіць валанцёрскія летнікі…

Але вернемся ў Віцебск. Дом кіно ў фестывальныя дні прапануе кінапраграму з фільмаў славянскіх краін. Ужо пасля афіцыйнага закрыцця фестывалю, 20 ліпеня, адбудзецца канцэрт гурта “Ночные снайперы”. Дзіяна Арбеніна, яўна не поп-спявачка, выбіваецца з шэрагу расійскіх зорак, на якіх у асноўным ідзе публіка “Славянскага базару”. Дык можа наспеў час зладзіць у межах фестывалю і канцэрт беларускіх рок-гуртоў?

Кажуць, цікавыя выступы можна пабачыць у фестывальным Віцебску проста на вуліцы. Урэшце, на тое ён і фестываль, каб быць разнастайным і задавальняць густы самай рознай публікі. Тут і музыкі, і перформеры, і танцоры… Хваляць таксама “Горад майстроў”...

Імпрэзы на вуліцы — спантанныя праявы культуры, што праходзяць паралельна канцэртам у Амфітэатры. Шмат турыстаў едуць у Віцебск падчас “Славянскага базара” проста пагуляць, адчуць святочную атмасферу, нават не цікавяцца афіцыйнай праграмай. Білеты на кацэрты ў летнім амфітэатры могуць каштаваць 20 новых рублёў, а могуць і 200. Але падчас фестывалю можна цікава адпачыць задарма ці за ўмоўны кошт квітка ў музей ці тэатр.

Віцебск падчас “Славянскага базару…” становіцца суцэльным горадам-фестывалем, як і Гродна падчас Фестывалю нацыянальных культур. Здаецца, ёсць такі патэнцыял і ў Акцябрскага падчас “Берагіні”: некаторыя гурты спантанна пачынаюць граць і танцаваць у парку ці на плошчы, да іх далучаюцца іншыя, адбываецца такое мастацкае ўзаемадзеянне, джэм-сэйшн, карыстаючыся музычнай тэрміналогіяй. Але некаторыя артысты глядзяць на актыўнасць па-за сцэнай падазрона, не кажучы пра жыхароў Акцябрскага. Адыдзі на некалькі соцень метраў ад сцэны “Берагіні” ў парку — і можаш нават не зразумець, што ў горадзе праходзіць фестываль амаль на тысячу ўдзельнікаў, калі выпадкова не пабачыш афішу.

Хочацца, каб кожны беларускі фестываль, як і “Славянскі базар у Віцебску”, праходзіў не толькі на сцэне, але і на гарадскіх вуліцах. Каб можна было самавыявіцца мясцовым андэграўндным суполкам рознага кірунку творчасці, каб не “ганялі” вулічных музыкаў ды мастакоў не толькі ў фестывальныя, а і ў буднія дні. Спантанная творчасць і стварае дух горада, мястэчка, робіць населены пункт жывым і непадобным да іншых.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"