Май з джазавай імправізацыяй

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

У абласной бібліятэцы імя Пушкіна адкрыта выстава жывапісу Рышарда Мая, прымеркаваная да 80-годдзя мастака, што будзе доўжыцца два месяцы. Юбілейная выстава — гэта заўсёды справаздача перад самім сабой, калегамі, аматарамі жывапісу.

/i/content/pi/cult/594/13216/15-2.jpgМы знаёмыя без малога паўстагоддзя, з тых часоў, калі я прывёў у студыю да Мая сваіх малалетніх сыноў. Даводзілася бываць на многіх выставах студыйцаў і самога мастака, пісаць пра іх. Але і цяпер кожная сустрэча з ім у студыі ці на выставе, кожная новая экспазіцыя — сапраўднае свята для мяне. Радаснае адчуванне зыходзіць ад гармоніі кожнай працы. Самі сабой напрошваюцца музычныя асацыяцыі: жывапіс падобны да джазавай імправізацыі. І невыпадкова ў назвах работ нярэдкія пераклічкі з музыкай. У 2007 годзе з’явілася нават вялікая серыя “Джаз у жывапісе” — гэтак жа называлася тагачасная выстава.

Кампазітары і многія мастакі ў сваёй творчасці адштурхоўваюцца не ад прадметных аб’ектаў акружэння, а знутры, ад унутранага быцця. Гэта патрабуе ад творцы пільнай увагі да таго, што адбываецца ў яго душы, толькі так можна ўлавіць і перадаць у нотных радках або на палатне нюансы зменлівага паэтычнага стану, прасачыць яго эвалюцыю, развіццё.

Як музыка — гэта водгук унутранага свету кампазітара, так і жывапіс — злепак душы мастака.

Цікава пачытаць назвы прадстаўленых на выстаўцы карцін: “Медытацыя”, “Сузіранне”, “Адлюстраванне”, “Голас колеру”, “Гульня белых”, “Палёт”, “Восеньскі сон”, “Фрэскі”, “Пульсацыя чырвоных”, “Раўнавага”. Як правіла, назвы даюцца не мастаком, а часцяком яго жонкай Аленай, якая працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, і іх сябрамі. Яны спрабуюць знайсці слоўны эквівалент таго, што самі адчуваюць, адгадваюць у каляровай гармоніі карціны. Упэўнены, сам Рышард Май, беручыся за пэндзаль, не ставіць за мэту напісаць “Адлюстраванне” або “Міраж”. Але ва ўважлівых, блізкіх па духу людзей атрымліваецца знайсці патрэбнае, даволі дакладнае слова. Многія затрымліваюцца ля “Мар”, і мне здаецца — невыпадкова: гарманічны феерверк колеру выносіць гледача ў свет фантазіі і радасных мар. У кнізе водгукаў шмат слоў падзякі. Алена Сяргееўна піша: “На вашых палотнах фарбы святла для душы і рэлаксацыі ў цудоўны свет паэзіі творцы”. Яшчэ адзін цікавы запіс: “Нібы трэснула шкарлупіна звыклага свету, бачыш усё па-іншаму”.

Але будаўнік Максім, 35 гадоў, прызнаецца: “Паглядзеў усе працы і нічога не зразумеў. Магчыма, засвоіўшы мову колеру... Але дзе ж яе вывучыць?!” Паспрабую адказаць Максіму, але перш некалькі слоў — успамін пра маю маці. Родам з вялікага сяла Прадгорнае на беразе Іртыша, яна ў юнацтве спявала ў царкоўным хоры і ўсё жыццё была неабыякавай да шматгалоснага спеву. У сталым узросце ўпершыню пачула Брадэнбургскія канцэрты і сюіту 15 Іагана Себасцьяна Баха. Люба-дорага было бачыць бляск у яе вачах і памаладзелы твар! А калі слухала яго арыю ў выкананні Зары Далуханавай, не змагла стрымаць слёз. Простая руская жанчына са шчырым, адкрытым свету сэрцам; чужую бяду, боль яна прымала, як свае.

Максім, каб зразумець музыку, трэба ўважліва яе слухаць. Для разумення каляровых гармоній няма іншага шляху, як прыглядацца i ўслухоўвацца ў жывапіс французскіх імпрэсіяністаў, Васіля Кандзінскага, Паўла Філонава, Анатоля Кузняцова, Рышарда Мая.

Амаль паўжыцця Рышард Май спалучае ўласную творчасць з працай у дзіцячай мастацкай студыі, напэўна, лепшай у Мінску і нават у Беларусі. Было нямала спроб распавесці аб выдатнай педагагічнай дзейнасці Мая, але па-ранейшаму яго студыя ўнікальная ў рэспубліцы. Да кожнага студыйца — індывідуальны падыход. Асаблівая цікавасць у Мая да дзяцей трох-пяці гадоў; яны раскаваныя, гуляюць колерам, нічога не баяцца, нікога не пераймаюць. Кожнае дзіця непаўторнае не толькі тэмбрам голасу, радужкай вачэй, малюнкам скуры на пальчыках, але і адчуваннем каляровай гармоніі. Задача настаўніка — захаваць гэту ўнікальнасць, у саюзе з бацькамі падтрымаць жаданне дзіцяці гуляць колерам, ператварыўшы з часам гульню ў патрэбу працаваць творча. Выхаваць чалавека-творцу — гэта грандыёзная праца.

Здароўя і сіл Вам, дарагі Рышард Антонавіч, на многія гады!

Аляксандр ЗІНОЎЕЎ, журналіст, пісьменнік

Фота Кастуся ДРОБАВА