Якія праблемы ў выцінанкі

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

З 24 па 26 чэрвеня ў Маладзечне прайшоў VI Міжнародны сімпозіум па праблемах выразання з паперы “Мастацкае выразанне: форма і колер”, прысвечаны памяці славутых беларускіх майстроў Вікторыі Чырвонцавай і Вячаслава Дубінкі. Акрамя беларусаў свае даклады прадстаўлялі мастацтвазнаўцы, мастакі і майстры з Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі і Францыі. Прысутнічалі 67 зарэгістраваных дакладчыкаў, больш за сотню проста зацікаўленых — мастакі, настаўнікі, студэнты, школьнікі. “Якія праблемы могуць быць у вас, выцінаншчыкаў?” — жартуюць мае сябры. “Ці вострыя нажніцы і ці хопіць паперы!” — жартую ў адказ. А калі сур’ёзна, то ў нас, выцінаншчыкаў, праблем няма! Затое колькі вострых пытанняў асабістага і сацыяльнага плану дапамагае вырашыць мастацтва выразання з паперы.

/i/content/pi/cult/594/13215/15-1.jpg

Паштоўкі Святланы Яворскай.

Мастацтва і мастацтвазнаўства

Выцінанка як від народнага мастацтва ўнікла ў цяжкія для сялянства часы: напрыканцы ХІХ — на пачатку ХХ стагоддзя, пэўны ўсплёск назіраўся і ў 1940-я — 1950-я. Тады папера была, напэўна, адным з самых даступных матэрыялаў для творчасці, а чалавек заўсёды імкнуўся ўпрыгожыць свой побыт. Акурат тады ў вёсках і мястэчках пачалі выразаць з паперы фіранкі, падзоры, сурвэткі, якія імітавалі дарагія гардзінныя тканіны альбо вышыўку “рышэлье”. Па сёння ў народзе засталося ўяўленне пра выцінанку як адзнаку ліхалецця. Таму, крыху пабагацеўшы, стала сялянская гаспадарка абжывацца тэкстылем і папяровая прыгажосць збольшага апынулася на сметніку ці згарэла ў печцы.

Даволі позна праявілі цікавасць да выцінанкі беларускія этнографы, як сцвярджае прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. Таму аўтэнтычных узораў назапашана няшмат. Затое сучасныя майстры, карыстаючыся гэтай сціплай інфармацыяй, а таксама аналагамі з суседніх краін, не толькі рэканструявалі беларускі стыль, але і развілі яго ў самастойнае мастацтва.

Сусветнае мастацтва выразання з паперы, паводле расійскай мастацтвазнаўцы Святланы Яворскай, мае значна даўжэйшую гісторыю, чым народная выцінанка, бо яму папярэднічала выразанне са скур жывёл, металу і драўніны. Доўгі час выразанне з паперы было мастацтвам сакральным (напрыклад, яўрэйскія выразкі). Дэсакралізацыя адбылася ў сувязі з пачаткам прамысловай вытворчасці і шырокага распаўсюджання таннай паперы ў народзе. Аднак вобразы народных выцінанак нясуць у сабе яшчэ больш старажытны інфармацыйны пласт — знакавыя коды, архетыпы. Тым больш цікава нам, сучасным мастакам, вяртаць чыста дэкаратыўным вырабам духоўнае напаўненне. Многія сучасныя выцінанкі чытаюцца як зашыфраваны тэкст, як казка, як асабістая ці агульначалавечая гісторыя. Але мастак закладае адну інфармацыю ў твор, а глядач “дэшыфруе” выяву праз прызму асабістага досведу. Чым шырэй і ўніверсальней вобраз, чым бліжэй ён да архетыповых, тым больш людзей “рэзануе” з ім.

Беларускі майстар Вольга Бабурына распавяла пра вопыт работы над ілюстрацыямі да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Яна стварыла 30 выцінанак — па колькасці артыкулаў Дэкларацыі. Калекцыя некалькі разоў экспанавалася ў Беларусі, Літве і Польшчы, атрымала станоўчыя водгукі. І паспяхова прадэманстравала, што сучаснае мастацтва выцінанкі перарасло дэкаратыўна-ўжытковыя межы.

Нацыянальны маркер і сацыяльная камунікацыя

Шырокая геаграфія бытавання з’явы абумовіла паралельнае існаванне шматлікай колькасці назваў. Часам узнікае стылістычная блытаніна, калі звыклым тэрмінам “выцінанка” мы пачынаем называць шырэйшыя з’явы. Выцінанка ў Беларусі (як і ў суседніх Польшчы і Украіне — тэрыторыя былога Вялікага Княства Літоўскага) — з’ява сялянскай і местачковай культуры са сваім непаўторным наборам кодаў, семантычнай прасторай, стылістыкай. Свецкае сілуэтнае мастацтва мала на яго ўплывала, бо развівалася ў іншым сацыяльным асяродку. Падобнае можна сцвярджаць і пра яўрэйскія рэзэле — з’яву сакральную, напоўненую містыцызмам іудзейскай веры. Аднак выразанкі, якімі ўпрыгожвалі вокны падчас вялікіх святаў беларускія, украінскія, польскія яўрэі, цалкам маглі паўплываць на ўзнікненне і развіццё народнай выцінанкі. Старажытнай іудзейскай сімволіцы ў папяровых выразках быў прысвечаны даклад Валянціны Слюнчанка з Мінска.

Шматлікую палітру непаўторных ачагоў выцінання захавалі ўкраінцы. Пра гэта распавялі Галіна Дудар, Людміла Бабіч. Ганарыцца сваімі каштоўнасцямі і Беларусь. Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі атрымала навагрудская выцінанка-выбіванка, асаблівы від мастацкага выразання, які выконваецца стамескай і прабойнікам спецыфічнай формы. Захоўвае мастацтва, перанятае ад носьбіта традыцыі Ніны Шурак, дырэктар навагрудскага Раённага цэнтра рамёстваў Наталля Клімко.

У той жа час руская традыцыя народнага выразання мала даследавана, і прадстаўнікі суседняй краіны па каліўцы збіраюць рэгіянальныя адметнасці. Гісторыка-краязнаўчы музей у падмаскоўным Дамадзедаве захоўвае адну з найбагацейшых у свеце калекцый мастацкага выразання “Выразкі народаў свету”, якую калекцыянер Аляксей Петрычэнка збіраў на працягу ўсяго жыцця. Самыя настойлівыя ўдзельнікі прыляцелі з Цюмені (Таццяна Сушкова) і Новасібірска (Іна Шабуніна). Апошняя паспрабавала абагульніць спосабы дэкаравання жытла, вызначыла адметнасці і падабенствы інтэр’ерных выцінанак. Мастацтва выразання з паперы, такім чынам, паказвае сябе як “маркер этнічнай адметнасці”. Так лічыць Эгле Віндашэне з літоўскага Каўнаса. А яшчэ як сродак культурнай камунікацыі суседніх народаў. У рэшце рэшт тэрміналагічная спрэчка на сімпозіуме скончылася канстатацыяй факта, што, нягледзячы на розныя па гучанні назвы, нам усім лёгка зразумець адно аднаго.

Мультымедыя, рэклама, дызайн

Выразанне з паперы мае свой набор выяўленчых сродкаў, які дазваляе яму заняць вартае месца сярод спосабаў візуальнай камунікацыі. Пра гэта распавядала Лаймутэ Федасеева з літоўскай сталіцы, якая выкладае рэкламу ва Універсітэце імя Гедымінаса. Акрамя дэклараваных у назве сімпозіума формы і колера, выразанне валодае яшчэ адным сродкам — аб’ёмам. Згодна з даследаваннямі, чалавечае вока здольнае заўважаць таўшчыню нават самай тонкай паперы ў некалькі мікрон. Такім чынам наш мозг адрознівае плоскую графічную выяву ад выразанай і наклеенай. У адпаведнасці з гэтым адрозніваецца і эмацыйнае ўздзеянне, што, у сваю чаргу, уплывае на ўспрыняцце, напрыклад, рэкламнага прадукта.

Прыгожым прыкладам такога прадукта стала кніга Ювэнты Мудэнене з Каўнаса “Ці будзеш памятаць пра мяне, Вільнюс?”. Сучасныя фотаработы арганічна спалучаюцца тут са старымі фотаздымкамі, стылізаванымі мастачкай пад сілуэтныя выразанкі. Кніга ўнікальная тым, што яна адначасова і турыстычны даведнік, які распавядае пра гісторыю горада, і напоўнены любоўю мастацкі твор.

Прасторавыя ўласцівасці мастацтва выразання атрымліваюць лагічны працяг праз стварэнне шматслойных кампазіцый, “тунэльных” паштовак і, канешне, мультыплікацыі! Шырока вядомая ў Беларусі “выцінанкавая” анімацыя рэжысёра Міхаіла Тумелі.

Педагогіка, псіхалогія

Настаўнікі з розных краін пагаджаліся, што выразанне — універсальны сродак выхавання, бо яно развівае не толькі мастацкае бачанне, але і дробную маторыку, а пасродкам яе інтэлект, памяць, прасторавае мысленне, садзейнічае развіццю ўвагі, здольнасці да канцэнтрацыі, самадысцыпліны і ініцыятыўнасці.

Каштоўным стаў досвед гаспадароў мерапрыемства — выкладчыкаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. Тут ужо больш за 20 год існуе адзіная на Беларусі, а магчыма ў Еўропе ды свеце, маладзечанская школа выцінанкі, якая і прыцягнула ўвагу арганізатараў сімпозіумаў да Беларусі. Стваральніцай яе з’яўляецца цудоўны майстар, педагог Вікторыя Чырвонцава. Зараз гэтага светлага чалавека няма сярод жывых, але справа яе працягваецца. На аддзяленні ДПМ выкладаюць дзве дачкі Вікторыі Мікітаўны — Наталля і Лізавета. Работы іх вучняў былі прадстаўлены на выставе “Пялёсткі памяці” ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

Калісьці матэрыялу па выцінанцы не хапала на больш-менш прыстойную навуковую працу, а цяпер выдаюцца манаграфіі, пішуцца дысертацыі, праводзяцца выставы, конкурсы, сімпозіумы. Выцінанка паспяхова развіваецца, бо сапраўды вырашае шмат праблем.

Наталля СУХАЯ, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, вядучы метадыст Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці