Чаканка, чаканшчык і не толькі

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Колькі разоў павінен ударыць па чакану малаток, каб на металічнай пласціне з адваротнага боку ўтварылася метка? Адзін, пяць, сямнаццаць? Залежыць ад майстэрства і дасведчанасці чаканшчыка. Лёгка не будзе. І хутка не будзе. Прыгожа атрымаецца, калі за справу возьмецца талент. А не абы-які талент гамяльчаніна Іосіфа Мілейшы быў бачны, як кажуць, няўзброеным вокам.

/i/content/pi/cult/594/13212/13-1.jpgЧаканка як сувенірны прадукт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва была шырока распаўсюджаная ў Беларусі ў 1970-х. Сетка пругкіх ліній на гладкай паверхні меднага або часцей латуннага ліста ўяўляе з сябе найпростую графіку. Але крый божа, калі пры распрацоўцы эскіза мастак не змог выказаць некалькімі лініямі асноўную ідэю! У далейшым кожная рыска, кропка, ямка на метале будуць працаваць на цэласнасць і яснасць твора ці наадварот, унясуць сумятню. Затым чаканамі рознай формы выціскаюцца фактурныя палі, якія надаюць вырабу амаль ювелірную агранку. Пасля гэтага адбываецца траўленне, паліроўка і канчатковае пераўтварэнне паўфабрыката ў гатовы прадукт з гафтачкай “на карку” для мацавання на сцяне. Вуаля! Мастацтва, прызначанае для народа, гатова да ўжывання! І народ з задавальненнем набываў чаканкі не ў салонах, а ў звычайных універмагах.

Мастак Іосіф Мілейша, або “пан Юзаф”, “Барада” для блізкага кола, пачынаў чыгуначным майстрам у дэпо, а стаў сапраўдным прафесіяналам, якому падпарадкоўваліся і алей, і графіка, і афармляльніцкае мастацтва. Зварот “пан Юзаф” сведчыць пра заходнебеларускія карані гэтай выдатнай асобы. Мілейша стаў прымаць удзел у абласных і рэспубліканскіх выставах. Адметнай рысай у параўнанні з іншымі мастакамі стала прафесія чаканшчыка. У ёй асабліва выразна выявілася імкненне творцы да лаканізму малюнка, цнатліва суцэльнага і чыстага. Нездарма адным з улюбёных яго мастакоў быў літоўскі графік Стасіс Красаўскас. Асноўнымі ж матывамі чаканак былі кампазіцыі з соўкамі на раскідзістых дрэвах і сімвалам Беларусі — зубрам, а таксама паляўнічы з лукам і ягуар, якія супернічаюць у гнуткасці…

У нашай свядомасці здаўна замацаваўся вобраз выхадца з краін Балтыі з прыроджанымі працавітасцю і мастацкім густам, а таксама крышачку большым вальнадумствам, чым гэта было прынята сярод беларускіх мастакоў. Усё гэта сапраўды было ўласціва Іосіфу Мілейшу, хоць ён і адбыўся як мастак у Гомелі, дзе амаль усе калегі пісалі пейзажы “роднага краю” або фіксавалі “будаўніцтва камунізму” зацверджаным зверху спосабам. Давялося і Мілейшу, каб паспяхова далучыцца да гомельскага творчага асяроддзя, даволі доўга плыць у адным кірунку з паплечнікамі па мастацтве…

У 2015 годзе ў палацы Румянцавых і Паскевічаў цалкам прыстойна і, на жаль, малапрыкметна (зрэшты, як амаль усе сучасныя вернісажы жывапісу) прайшла выстава “Рэтраспекцыя жыцця і творчасці гомельскага мастака Іосіфа Мілейшы. Над небам блакітным...“ Яна была прысвечана дзесяцігоддзю сыходу з жыцця нашага героя. Тут адбіліся асноўныя моманты творчасці Іосіфа Іванавіча: праца з натуры і прынцыпы сацыялістычнага рэалізму, савецкая рамантыка 1960 — 1970-х і пранізлівая лебядзіная песня мастака — экспрэсіўна-яскравы, акрэслены драматычна-чорнымі колерамі жывапіс. Праз сваю нечакана дэкаратыўную вобразную мову ён стаў мастком, перакінутым з паўднёвай ускраіны Беларусі да берагоў выяўленчага мастацтва Літвы, Латвіі, Эстоніі — покліч крыві!

“Времена не выбирают. В них живут и умирают…” — слушна заўважыў паэт 1960-х Генадзь Шпалікаў. Неяк непрыкметна сышла з нашага побыту чаканка. Адно стагоддзе змянілася іншым. “Рамантыкі” XX стагоддзя, якія жывуць і працуюць сёння, каб не выглядаць анахранізмам, трымаюць свае творы пры сабе ў “калысках”-майстэрнях. Менавіта там зараз і можна палюбавацца, духоўна насыціцца сапраўды добрымі працамі сапраўдных майстроў.

Нягледзячы на выразна адчувальную мастацкую каштоўнасць гэтага пласта мастацтва, калекцыянеры і мецэнаты не спяшаюцца развітвацца з грашыма для набыцця такіх твораў. Марудзяць музеі. У дамах беларусаў увогуле рэдка можна ўбачыць добры жывапіс (пра графіку або скульптуру нават казаць не выпадае). І справа тут не толькі ў адсутнасці ў людзей сродкаў.

А са сцен салонаў крыўляецца і падміргвае “новае” мастацтва — дзецішча XXI стагоддзя...

Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік  Музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля