След у гісторыі... і перспектыва

№ 28 (1258) 09.07.2016 - 15.07.2016 г

Дыпломнікі-2016
Час ад часу ў грамадзе, у тым сегменце грамадскай думкі, што засяроджаны на праблемах культуры, разгараецца дыскусія пра неабходнасць рэфармавання сістэмы падрыхтоўкі кадраў для згаданай сферы. У асноўным, спрэчкі ідуць вакол навучальнага працэсу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У тым ліку пра тое, што ў свой час істотна розныя факультэты аказаліся пад адным дахам з розных прычын, але сёння для ўмацавання культурнага суверэнітэту нават тры альбо чатыры ВНУ замест адной не пашкодзяць. У акадэміі такога роду развагі, натуральна, успрымаюць як небяспечную авантуру. Наяўная сістэма падрыхтоўкі творчых кадраў, што ні кажы, у асноўных рысах — эфектыўная. Хай, калі ў гэтым ёсць патрэба, утвараюцца новыя ўстановы, але не за кошт аслаблення іншых.

/i/content/pi/cult/594/13210/7-1.jpgГэты доўгі ўступ мне патрэбны, каб звярнуць увагу на адну акалічнасць, якая робіць нашу акадэмію ўнікальнай ВНУ. Незалежна ад таго, якім чынам склалася структура ўстановы, яна дазваляе студэнтам, акрамя набыцця ведаў па абранай прафесіі, мець уяўленне пра ўвесь культурны абшар. Знаёмства з навучальным працэсам дызайнераў ці прыкладнікоў узбагачае студэнтаў мастацкага факультэта — і наадварот. А тым і другім таксама карысна пабачыць, як рыхтуюць спецыялістаў для тэатра і кіно. Да таго ж, адбываецца гэты абмен вопытам нязмушана, сам сабою. Проста таму што будучыя прадстаўнікі розных творчых цэхаў штодня сутыкаюцца ў адных калідорах, ходзяць адзін да аднаго на прагляды.

На сёлетняй абароне ў дызайнераў было відаць, як на дыпломнікаў уплывае блізкае знаёмства з навучальнай практыкай факультэта экранных мастацтваў і мастацкага факультэта — найперш, кафедры графікі. У сваю чаргу, відавочна, што будучыя мастакі-манументалісты скарыстоўваюць тыя ж прынцыпы арганізацыі прасторы, што і студэнты кафедры інтэр’ера. Ну, а мастакі, што спецыялізуюцца на аздобе кніг, робяць фактычна тую ж справу, што і дызайнеры-графікі. Тут мяжа вельмі ўмоўная. Гэты ўзаемаўплыў — адзін з істотных, нават вызначальных чыннікаў навучальнага працэсу ў БДАМ.

Так атрымалася, што мая ўвага на гэтай абароне найбольш засяродзілася на спецыяльнасцях “Дызайн віртуальнага асяроддзя” і “Камунікатыўны дызайн (тэлерэклама)”. “Віртуалы” і “камунікатары” прадстаўляліся анімацыйнымі ролікамі, кароткаметражнымі анімацыйнымі фільмамі, рэкламным трэйлерам, прома-ролікам, сацыяльнай рэкламай і анімацыйным кліпам на песню. Ва ўсіх выпадках быў сюжэтны аповед, праілюстраваны больш ці менш пераканаўчым відэашэрагам. Адным з лепшых падаўся мне ролік Івана Макаркова “У чаканні мора”. Гэта сумны аповед пра Аральскае мора, што знікла праз гаспадарчую дзейнасць пры ігнараванні законаў экалогіі. Аповед страшны сваім зместам і вельмі прыгожы, нават эстэцкі, паводле візуальнага шэрагу. Стылістыку аўтар пазычыў, як падаецца, у японскім мастацтве і пераасэнсаваў у адпаведнасці з творчай задачай. “У чаканні мора” распавядае пра тое, што ў сучасным свеце, як казаў паэт, “чужога гора не бывае”.

Але зварот да замежнай тэматыкі ў кантэксце гэтай абароны ў віртуалаў і камунікатараў — не правіла, а выключэнне з яго. Большая частка дыпломных праектаў прысвечана беларускай гісторыі і можа быць скарыстана ў рэкламных мэтах для ўмацавання турыстычнага патэнцыялу гарадоў і вёсак.

Гэта, у прыватнасці, анімацыйныя фільмы “Легенда Альшанскага замка” Яўгеніі Захаранка, “Як з’явіўся Мінск” Алесі Вайтовіч, “Гісторыя Лідскага замка” Марыі Бялевіч. Асобна згадаю “Гісторыю Мірскага замка” Наталлі Марчанка. У апошнім аўтар здолела за некалькі хвілін у эмацыйна выразнай форме распавесці пра асноўныя падзеі з гісторыі замка, якая налічвае некалькі стагоддзяў. Стылістыка фільма адпавядае характару творчай задачы, вобразны лад зразумелы і дылетанту, і дасведчанаму чалавеку. Работу, мяркую, можна дэманстраваць наведвальнікам Мірскага замка, скарыстоўваць у школьнай праграме для лепшага засваення ведаў па нацыянальнай гісторыі. А ўвогуле, анімацыя ў дапамогу настаўніку — адзін з асноўных кірункаў у падрыхтоўцы дызайнераў згаданых спецыялізацый. Як прыклад згадаю пазнавальны ролік “Ньютан” Ганны Вайцякян, які ў займальнай форме распавядае пра законы, што адкрыў і сфармуляваў славуты навуковец.

У нашай культурнай прасторы дызайн камунікатыўны і віртуальны з’явіліся адносна нядаўна, а выйшлі яны з дызайну графічнага. Той, першасны, абапіраецца на тэхналагічны патэнцыял паліграфіі і фатаграфіі, тым часам як віртуалы/камунікатары засвоілі экран і анімацыю. Але сутнасна ўсе гэтыя кірункі зводзяцца да рэкламы, прапаганды і агітацыі. Дызайнеры-графікі на абароне прадставілі шырокі дыяпазон тэм: ад упакоўкі цукерак да візуальна-інфармацыйных чыннікаў сацыяльных праграм і культурных акцый.

Марыя Кірыльчык звярнулася да тэмы, надзённай у цывілізацыйным аспекце. Гэта “Правы жанчын”. Таксама распаўсюджана, бадай, у кожным развітым соцыуме тэма “Аўтызм і грамадства” (Дар’я Хмялеўская) . Заданні студэнтам на творчае асэнсаванне канфліктаў і супярэчнасцей глабальнага свету для навучальнай практыкі (прынамсі, калі гаворка ідзе пра дызайнераў візуальнай сферы) — справа звыклая і, дадам, карысная. Бо і ўласную краіну лепш разумееш, калі адчуваеш яе ў сусветным кантэксце.

А беларускія рэаліі адлюстраваныя ў дыпломных праектах Хрысціны Царовай (кампанія “Здаровы лад жыцця”), Аляксандры Баліч (рэкламная акцыя “Год беларускай культуры”), Настассі Мазурэнка (серыя турыстычных даведнікаў па Мінску). Пра згаданую размытасць межаў паміж кніжнай графікай (яна тычыцца мастацкага факультэта БДАМ) і дызайнам кнігі (спецыялізацыя “Графічны дызайн”) сведчыць праект Настассі Барысенка “Дызайн кнігі Гіёма Апалінэра “Вяртанне”.

Аб’ёмны дызайн у акадэміі з тых часоў, калі ВНУ была тэатральна-мастацкім інстытутам, арыентавалі на патрэбы беларускай прамысловасці і яе тэхналагічныя магчымасці. Як працяг гэтай традыцыі — дызайн-праект трактара “Беларус” са зменлівай прасторавай структурай (на базе ААТ “Мінскі трактарны завод”) Аляксандра Насыра. Не ведаю, наколькі такая распрацоўка можа зацікавіць МТЗ сёння. Але паколькі штосьці падобнае ў свеце ёсць, трэба быць гатовым да таго, што і нам давядзецца рабіць нешта для нас нязвыклае, але ў свеце запатрабаванае. Проста каб захаваць канкурэнтаздольнасць. А вось праца Мікіты Раеўскага “Дызайн-праект модульнага аўтобуса (на базе ААТ “Мінскі аўтамабільны завод”) можа, на маю думку, спатрэбіцца вытворчасці ўжо ў хуткім часе.

Транспарт, які адпавядае экалагічным нормам, — гэта надзённая патрэба. У рэчышчы гэтай тэмы на абароне прапанаваны праект транспартнага сродку для паляўнічага-аматара. У тэхнічным сэнсе праект, можа, і някепскі, але маральнасці яму, відавочна, бракуе. Даўно кажуць, што арсенал, які сёння мае паляўнічы, пазбаўляе звера хоць якога шанцу. А паводле прапановы дыпломніка цяпер паляўнічы зможа ганяцца па гушчары за здабычай на аўтамабілі. Калі чалавек прыцягвае з сабою ў лес гарадскі камфорт, дык губляецца сэнс палявання як эмацыйнага кантакту з прыродай.

Досыць спрэчным падаўся мне праект мабільнага крэсла для кухні. Па форме гэты транспартны сродак нагадвае велізарную кававарку і разлічаны на тое, каб на ім перасоўвацца ў трохкутніку “лядоўня-пліта-стол”. Гэта якіх памераў трэба мець кухню, каб па ёй не хадзіць, а ездзіць? І другое: для многіх гараджан, што ўвесь рабочы дзень сіднем сядзяць, утаропіўшыся ў камп’ютар, адзіная магчымасць пазбегнуць гіпадынаміі — хоць якая фізічная дамашняя работа. Тую ж вячэру згатаваць… У дадзеным выпадку камфорт — супраць чалавека, што з’яўляецца парушэннем базавых прынцыпаў дызайну.

Я не маю смеласці каментаваць дыпломныя праекты мадэльераў адзення. Адно скажу, што ў іх работах адкрыты свет моцна ўплывае на беларускую эстэтыку. Натуральнае жаданне наблізіцца да сусветных брэндаў, на маю думку, у нас пакуль што не набыло канцэптуальнай асэнсаванасці. Дамінуе рэфлексія.

Гэтыя нататкі можна было б завяршыць сентэнцыяй, што беларускі дызайн папоўніўся немалой групай прафесіяналаў, і што гэта падзея, па сутнасці, радасная. Зрэшты, так… Ведаў і навыкаў, атрыманых маладымі спецыялістамі у акадэміі, хопіць, каб не застацца без працы і заробку. Іншая справа — творчасць. А тут ужо хто каго! Ці яны жыццё зменяць — ці жыццё іх. Пасля абароны дыплома ўсё толькі пачынаецца. А ў гісторыі акадэміі свой след яны ўжо пакінулі.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ


Дызайн інтэр’ераў — справа далікатная. Маю на ўвазе тое, што дызайнер, ён таго хоча ці не, а павінен іншы раз “схаваць” сваё ўласнае “я” і падпарадкавацца тэндэнцыям, густу спажыўца і замоўцы. З аднаго боку, слушна, бо для чаго яшчэ існуе дызайн? З іншага, такое “падпарадкаванне” можа стаць пасткай для прафесіянала.

Якія аб’екты абралі выпускнікі для дыпломных праектаў у 2016-м? Студэнты, у асноўным, арыентаваліся на рэкрэацыйную сферу, якая зараз паспяхова развіваецца і можа прынесці рэальны заробак. Таму яны распрацоўвалі інтэр’еры для гандлёва-забаўляльнага цэнтра, загараднага комплексу (тры чалавекі ўзяліся за тое), для галерэйна-выставачнага комплексу, сядзібы “Багудзенкі” ў вёсцы Паразава, а таксама — памяшканні ў вёсцы гіпермаркетаў. Былі прадстаўлены дыпломныя праекты рэканструкцыі будынкаў былой фабрыкі-кухні па вуліцы Свярдлова пад шматфункцыянальны забаўляльны комплекс, а таксама памяшканняў санаторыя “Свіцязь”. Апошняя работа асабліва спадабалася: Ганна Ахрыменка ў аснову мастацкай канцэпцыі паклала легенду пра паходжанне возера Свіцязь, а галоўнае тое, што дыпломніца зрабіла ўпор на аздабленні памяшкання, і гэта сапраўды магчыма рэалізаваць з цягам часу. Былі прадстаўлены і праекты з распрацаванымі інтэр’ерамі клінічнага медыцынскага цэнтра ў Ждановічах і Рэспубліканскага дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра ў Мінску.

У праектах дыпломнікаў назіралася стаўка на выкарыстанне танных матэрыялаў, але, разам з тым, з акцэнтам на “элітарнасць”. Прапанаваныя інтэр’еры разлічаны на масавага спажыўца, але, як мне падаецца, сталіцы не хапае менавіта ўтульных месцаў. І камфорт павінен быць створаны натуральным чынам, а не на манеру іншых краін (можа атрымацца няўдалая пародыя). Можна адзначыць яшчэ адну рысу дыпломных праектаў — матывы эка. Як мне падалося, гэтага было вельмі багата, што іншым разам не зусім адпавядала мэтам абраных аб’ектаў. Ідэя з раслінамі, якія звісаюць са столі, можа, камусьці і падасца вельмі смелай. Але якім праект атрымаецца пры яго рэалізацыі?..

Здзівіў дыпломны праект інтэр’ера для галерэйна-выставачнага комплексу (аб’ектам для праектавання быў абраны корпус Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кастрычніцкай рэвалюцыі). Ідэя даволі цікавая (часта кажуць пра тое, што за мяжой па галерэі на кожны квартал). І месца, як на маю думку, удалае. Але дзе “плюс”, там і “мінус”. Прапанаваны інтэр’ер перагружаны аб’ектамі, таму ён успрымаецца фрагментарна. Багата ідэй — і ўсё ў адзін праект… Так, у інтэр’еры галерэі дыпломніца прапануе дрэвы. Але ці патрэбны яны там насамрэч? Для карцін жа, як і для іншых твораў мастацтва, таксама патрэбны адпаведныя ўмовы.

На маю думку, для дыпломніка зараз больш перспектыўным напрамкам з’яўляюцца не рэканструкцыйныя работы, а тое, што звязана з аздабленнем інтэр’ера. І на такога “памеру” прапановы могуць адгукнуцца заказчыкі. За праекты дыпломнікаў мо і возьмецца які фундатар (студэнтам Акадэміі хочацца рабіць працу не дзеля “птушачкі”, а на перспектыву), тым больш сфера абслугоўвання, адпачынку ў гэтым сэнсе і ў сучасных умовах падыходзіць для рэалізацыі.

Вольга РОПАТ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст